Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(90)/2019
Юбілеі

«QUIS UT DEUS»

НЯХАЙ АДБУДЗЕЦЦА ВЯРТАННЕ

У ПІНСКУ ЎНЕБАЎЗЯТЫМ
У святле Бібліі
Культура
Прэзентацыя

«АД РЭНЕСАНСУ ДА БАРОКА»
На кніжнай паліцы

ДУХ ХРЫСТА І ДУХ АНТЫХРЫСТА
Падзея

У БОГА НЯМА ВЫПАДКОВАСЦЯЎ

УЗАЕМНАСЦЬ
Культура

КУДЫ ВЯДЗЕ РАДАВОД?
Асобы
Музыказнаўства
Паэзія

ВЕРШЫ

ПАВОДЛЕ...
Пераклады

ДЗЯЎЧЫНА З РОДАСА
Прэзентацыя

«АЛЬБОМ ДЛЯ ЦЁТКІ МАРЫЛІ»
Спадчына

«СА МНОЮ, БОЖА, БУДЗЬ...»

ПАННА Р*
Нашы святыні

Лідзія КАМІНСКАЯ

«АД РЭНЕСАНСУ ДА БАРОКА»

Кніга-даследаванне Аляксандра Ярашэвіча «Ад рэнесансу да барока» (Мінск, выд. «Беларусь», 2019) з’явілася ў нашай рэдакцыі ў дзень нараджэння яе аўтара, былога сябра нашай рэдкалегіі, якога ўжо чатыры гады няма разам з намі. Выпадкова (ці не) наш мастацка-тэхнічны рэдактар Алег Глекаў у гэты дзень зайшоў у Музей старажытнабеларускай культуры і Мікола Мельнікаў (даўні супрацоўнік музея) падараваў яму гэтае выданне. Пэўна ж, Аляксандр Адамавіч быў бы рады сваёй новай кніжцы, выдадзенай гэтак, як яму падабалася: грунтоўна, змястоўна, багата ілюстравана, з добраю вокладкаю і разам з тым стрымана-сціпла, што цалкам адпавядае сціпласці яе аўтара, якога нам вельмі не хапае гэтыя гады і як аўтара, і як чалавека, сябра, з якім было цікава, лёгка, проста і міла кантактаваць...

Кніга Аляксандра Ярашэвіча прысвечана мемарыяльнай і алтарнай пластыцы Беларусі XVII–XVIII стагоддзяў, і гэта пазначана ў яе падзагалоўку. Выданне складаецца з чатырох раздзелаў: «Перыяд станаўлення новага стылю», дзе апавядаецца пра гістарычныя перадумовы з’яўлення стылю барока ў Беларусі і скульптурныя надгробкі 1-й паловы XVII ст.; «Разьбяныя алтары 1-й паловы XVII ст.»; «Ляпная пластыка 2-й паловы XVII ст.» і «Архітэктурна-скульптурныя ансамблі 1-й паловы XVIIІ ст.». У цэлым кніга была падрыхтаваная да публікацыі аддзелам старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь на чале з Аленаю Карпенка, але асноўную працу па падрыхтоўцы рукапісаў Аляксандра Ярашэвіча да друку і падборцы ілюстрацый выканаў Юрый Піскун з дапамогаю ў ілюстраванні навуковых супрацоўнікаў Музея старажытнабеларускай культуры, фотамастакоў Міколы Мельнікава і Уладзіміра Карэліна (між іншым, кандыдата фізіка-матэматычных навук). У кнізе захавана аўтарскае размяшчэнне спасылак на архіўныя і літаратурныя крыніцы, да якіх Аляксандр Ярашэвіч ставіўся з вялікаю ўвагаю і адказнасцю ў выкарыстанні. Не магу не адзначыць і беражлівае рэдагаванне кнігі (рэд. Ю. Аверчанка), у рускім тэксце якой добра пазнаецца, адчуваецца стыль Аляксандра Ярашэвіча. У кнізе ўпершыню ў беларускім мастацтвазнаўстве комплексна разглядаецца развіццё барока ў беларускай сакральнай скульптуры і пластыцы. «Навуковая пазіцыя А. А. Ярашэвіча, — піша Ю. Піскун ва ўступе да кнігі, — вызначалася неангажаванасцю, прынцыпамі экуменізму. Для яго было аднолькава каштоўным і цікавым і мастацтва, створанае ў рэчышчы беларускай праваслаўнай традыцыі, і мастацтва Уніяцкай Царквы, і Каталіцкага Касцёла. Ён добра разумеў і мог вызначыць асаблівы шлях развіцця старажытнабеларускага мастацтва, які аб’яднаў у адзінае цэлае поствізантыйскую традыцыю Усходняй Царквы з уплывам каталіцкага мастацтва Рыма, Германіі, Польшчы».

... Гартаючы гэтую кнігу, яшчэ раз падумала пра тое, што, на шчасце, у творчай духоўнай прасторы здараюцца такія выпадкі, калі сакральнае мастацтва як бы само выбірае таго, хто павінен ім займацца (глядзець, бачыць, захапляцца, шукаць, даследаваць, папулярызаваць), і менавіта гэтак здарылася з фізікам-атамшчыкам Аляксандрам Ярашэвічам, які, адпрацаваўшы ў Інстытуце ядзернай энергетыкі Акадэміі навук БССР, галоўнаю справаю свайго жыцця абраў таямнічую прыгажосць іканапісу. І было гэта ў 70-я гады. І тут я яшчэ раз працытую словы Юрыя Піскуна з яго ўступу да кнігі: «У 1970-я гады, калі ў краіне панавала атэістычная ідэалогія, даследаванне храмаў, вывучэнне і збіранне царкоўных старажытнасцяў было свайго роду актам апазіцыі, грамадзянскага супраціўлення. У той час, калі зачыняліся і разбураліся храмы, менавіта дзякуючы экспедыцыйным паездкам Дзяржаўнага мастацкага музея БССР на чале з Н. Ф. Высоцкай і экспедыцыям Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору пад кіраўніцтвам В. Церашчатавай удалося выратаваць ад знішчэння і сабраць з паўразбураных, патрабуючых тэрміновай рэстаўрацыі прадметаў царкоўнай даўніны ўнікальныя калекцыі твораў старажытнабеларускага іканапісу, скульптуры, дэкаратыўнага мастацтва, старадрукаваных кніг»...

І да гэтага выратавання ўжо назаўсёды далучыўся Аляксандр Ярашэвіч...

Кніга адрасаваная шырокаму колу неабыякавых да беларускай культуры чытачоў, а набыць яе можна ў мінскіх кнігарнях.

Лідзія Камінская


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY