Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(90)/2019
Юбілеі

«QUIS UT DEUS»

НЯХАЙ АДБУДЗЕЦЦА ВЯРТАННЕ

У ПІНСКУ ЎНЕБАЎЗЯТЫМ
У святле Бібліі
Культура
Прэзентацыя

«АД РЭНЕСАНСУ ДА БАРОКА»
На кніжнай паліцы

ДУХ ХРЫСТА І ДУХ АНТЫХРЫСТА
Падзея

У БОГА НЯМА ВЫПАДКОВАСЦЯЎ

УЗАЕМНАСЦЬ
Культура

КУДЫ ВЯДЗЕ РАДАВОД?
Асобы
Музыказнаўства
Паэзія

ВЕРШЫ

ПАВОДЛЕ...
Пераклады

ДЗЯЎЧЫНА З РОДАСА
Прэзентацыя

«АЛЬБОМ ДЛЯ ЦЁТКІ МАРЫЛІ»
Спадчына

«СА МНОЮ, БОЖА, БУДЗЬ...»

ПАННА Р*
Нашы святыні

Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ

У БОГА НЯМА ВЫПАДКОВАСЦЯЎ


22 лістапада ў віленскай катэдральнай базыліцы святога Станіслава і святога Уладзіслава адбылася святая Імша пры трунах з парэшткамі Кастуся Каліноўскага і іншых удзельнікаў вызваленчага паўстання 1863–1864 гг., пасля чаго са словам да ўдзельнікаў цырымоніі перапахавання звярнуўся Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
 
Глыбокапаважаныя спадары Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа і Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, Ваша Эксцэленцыя арцыбіскуп Гінтарас Грушас, Мітрапаліт Віленскі, шаноўныя Эксцэленцыі, паважаныя кіраўнікі афіцыйных дэлегацый Беларусі, Латвіі і Украіны, прадстаўнікі дзяржаўных уладаў, духоўныя асобы, вернікі, умілаваныя браты і сёстры, у тым ліку пілігрымы з Беларусі!

Божы Провід дазваляе нам браць удзел у перапахаванні парэшткаў удзельнікаў паўстання 1863–1864 гадоў. Гара Гедыміна — сімвал Вільні — два гады таму адкрыла нам сваю таямніцу. Нарэшце скрытыя на працягу паўтараста гадоў парэшткі герояў паўстання былі адшуканыя і сёння з пашанай пераносяцца на месца вечнага спачынку на могілкі Роса ў Вільні.

У Бога няма выпадковасцяў. Магчыма, так трэба было, каб мы зноў узгадалі пра тых, хто аддаў сваё жыццё ў трагічных абставінах, імкнучыся здабыць волю.

Паўстанцы былі прадстаўнікамі розных народаў і веравызнанняў, але ўсе яны змагаліся з царызмам за свабоду сваіх народаў і за іх агульную свабоду — змагаліся «за нашу і вашу свабоду».

Сярод іх Кастусь Каліноўскі, сын беларускага народа, лідар нацыянальнага вызваленчага руху, публіцыст і паэт, высакародны чалавек, які вызначаўся надзвычайнаю сілаю духу і быў адным з кіраўнікоў паўстання. Таму сённяшняя падзея мае вялікае значэнне таксама і для Беларусі.

Кастусь Каліноўскі належыць нашай гісторыі як той, хто заклаў аснову самасвядомасці беларусаў як асобнай еўрапейскай нацыі, што мае права на самавызначэнне. У ім і яго паплечніках мы бачым узор альтруізму, самаахвярнасці, усведамлення ўласнае годнасці.

Хоць у жыцці і барацьбе паўстанцаў былі разнастайныя аспекты, якія цяжка ахапіць некалькімі сказамі, і хоць само паўстанне не прынесла жаданага плёну, тым не менш яно пакінула свой след у гісторыі.

Узгадваючы тыя далёкія гістарычныя падзеі, мы не імкнемся раздзіраць загоеныя раны і пасыпаць іх соллю. Наадварот, мы хочам яшчэ раз асэнсаваць, да чаго можа прывесці адсутнасць любові да бліжняга і павагі да яго правоў, якія ён атрымаў ад Бога, каб падобнае больш ніколі не паўтарылася.

Мы таксама жадаем маліцца за паўстанцаў-мучанікаў, магілы якіх яшчэ зусім нядаўна не былі вядомыя, і аднавіць братэрскія адносіны з суседнімі народамі і вернікамі розных веравызнанняў. Нішто так не аб’ядноўвае, як пралітая за агульныя ідэалы кроў.

Сімвалічна, што перапахаванне парэшткаў паўстанцаў адбываецца ў Вільні — горадзе Божай Міласэрнасці. Cваімі малітвамі мы спадарожнічаем загінулым паўстанцам і даручаем іх душы міласэрнаму Богу.

Вечны адпачынак дай ім, Пане, а святло вечнае няхай ім свеціць. Няхай адпачываюць у супакоі. Амэн.

Фота кс. Дзмітрыя Пухальскага.

Гл. таксама:
ІРЫНА БАГДАНОВІЧ :: УЗАЕМНАСЦЬ ::
ВАЛЕРЫ БУЙВАЛ :: НЕЗАБЫЎНЫ ДЗЕНЬ, СВЯТЫЯ ВОБРАЗЫ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY