Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(90)/2019
Юбілеі

«QUIS UT DEUS»

НЯХАЙ АДБУДЗЕЦЦА ВЯРТАННЕ

У ПІНСКУ ЎНЕБАЎЗЯТЫМ
У святле Бібліі
Культура
Прэзентацыя

«АД РЭНЕСАНСУ ДА БАРОКА»
На кніжнай паліцы

ДУХ ХРЫСТА І ДУХ АНТЫХРЫСТА
Падзея

У БОГА НЯМА ВЫПАДКОВАСЦЯЎ

УЗАЕМНАСЦЬ
Культура

КУДЫ ВЯДЗЕ РАДАВОД?
Асобы
Музыказнаўства
Паэзія

ВЕРШЫ

ПАВОДЛЕ...
Пераклады

ДЗЯЎЧЫНА З РОДАСА
Прэзентацыя

«АЛЬБОМ ДЛЯ ЦЁТКІ МАРЫЛІ»
Спадчына

«СА МНОЮ, БОЖА, БУДЗЬ...»

ПАННА Р*
Нашы святыні

Ксёндз Тадэвуш КРЫШТОПІК

ДУХ ХРЫСТА І ДУХ АНТЫХРЫСТА

Урывак з кнігі «Распазнаць дух антыхрыста»1

Чаму цяжка адрозніць дух антыхрыста ад Духа Хрыста? Па-першае, як сатана, падобна малпе, імітуе Бога, так антыхрыст імітуе Хрыста. Св. Іпаліт Рымскі піша, што антыхрыст будзе спрабаваць увесці ў зман, імітуючы падабенства да Хрыста: «Ашуканец ва ўсім хоча прыпадобніцца да Божага Сына. Хрыстус па сваёй каралеўскай годнасці і славе быў прадказаны як леў, падобна антыхрыст у Святым Пісанні паказаны як леў па сваёй тыраніі і насіллі; Хрыстус — Кароль, а антыхрыст — кароль зямны; Збаўца аб’явіў сябе як ягня, таксама і антыхрыст паказвае сябе як ягня, але ўнутры застаецца ваўком. Хрыстус паслаў апосталаў да ўсіх народаў, антыхрыст жа пашле ілжэапосталаў. Збаўца сабраў рассеяных авечак, ён таксама збярэ рассеяны народ. Хрыстус даў пячатку тым, хто ў Яго верыць, падобна зробіць і антыхрыст. Пан аб’явіў сябе як чалавек, таксама і антыхрыст прыйдзе ў вобразе чалавека. Хрыстус змёртвыхпаўстаў і аб’явіў сваё цела як святыню, антыхрыст жа адбудуе мураваную святыню ў Ерузалеме. Як Збаўца нарадзіўся з пакалення Юды, так антыхрыст народзіцца з пакалення Дана, што пацвярджаюць словы Якуба: Дан станецца змяёю на дарозе, гадзінай на сцежцы, што кусае ногі каня, каб коннік яго падаў назад (гл. Быц 49, 17)», (св. Іпаліт Рымскі «Слова пра Хрыста і антыхрыста», VI, XIV).

Па-другое, антыхрыст спакушае тым, што для чалавека больш прыемнае і лёгкае, таму ў яго большыя шанцы на поспех. Калі чалавек выбірае тавар на рынку, ён заўсёды схіляецца да таго, што больш таннае. Хрыстус не ўтойвае мэту і сродкі сваёй збавеннай місіі: мэта — гэта збаўленне, сродкі — нясенне свайго крыжа і супрацоўніцтва з Божай ласкай. Затое антыхрыст утойвае сваю мэту — уцягненне ў бунт сатаны і вечнае прабыванне ў нянавісці, таму ён імкнецца прывабіць лёгкімі сродкамі для дасягнення зямнога шчасця.

У Апакаліпсісе ад св. Яна чытаем словы Хрыста да пастыраў, якім Ён наказвае паўстрымаць дзеянне антыхрыстаў у іх супольнасцях. Калі б святы Ян пісаў Апакаліпсіс сёння, то наколькі доўгім быў бы спіс вострых перасцярогаў і пагрозаў, скіраваных да пастыраў! А наколькі ж доўгім быў бы спіс «антыхрыстаў-спакуснікаў» і пералік схаваных памылак і адкрытых блюзнерстваў, якія яны беспакарана сеюць і якія пастыры павінны перамагаць словам праўды! Насамрэч немагчыма пералічыць усе праявы дзейнасці антыхрыста ў сучасным Касцёле і свеце!

Св. Павел называе плады Духа Хрыста і плады грэшных схільнасцяў чалавека. Да гэтага спісу Апостала можна дадаць спіс пладоў духа антыхрыста.

Плады Духа Хрыста — гэта «любоў, радасць, спакой, доўгацярплівасць, лагоднасць, дабрыня, вернасць, далікатнасць, стрыманасць» (Гал 5, 22–23).

Плады грэшных схільнасцяў — гэта «распуста, нячыстасць, разбэшчанасць, ідалапаклонства, чарадзейства, варожасць, спрэчкі, зайздрасць, гнеў, сварлівасць, звады, ерасі, нянавісць, п’янства, непрыстойнасць і падобнае да гэтага» (Гал 5, 19–21).

Плады духа антыхрыста — гэта педафілія і спакушэнне дзяцей, гендарная ідэалогія і гомасексуалізм, кантрацэпцыя, аборты і эўтаназія, масавыя разводы і самагубствы, нечуваныя блюзнерствы і адыход ад веры, адкрыты сатанізм...

У гэтых разважаннях я хачу звярнуць увагу на некаторыя скрытыя і на першы погляд «нявінныя» дзеянні антыхрыста, якія непрыкметна вядуць да згубы веры і маральнага ўбоства, калі чалавек становіцца няздольным супрацівіцца злу. Пад уплывам духа антыхрыста людзі, як прадказаў св. Павел, «будуць мець выгляд пабожнасці, аднак адкінуць яе моц» (2 Цім 3, 5) і давядуць сябе да такой роспачы, што ў цярпеннях будуць праклінаць і жыццё, і сябе, і Бога. Людзі, як чытаем у Апакаліпсісе ад св. Яна, «ад болю грызлі свае языкі. Яны пачалі блюзнерыць супраць Бога неба за свой боль і за свае язвы, і не адвярнуліся ад сваіх учынкаў» (Ап 16, 10–11).

Гуманізм — аснова ідэалогіі антыхрыста

Чалавек займае асаблівае месца ў створаным Богам свеце: «І стварыў Бог чалавека паводле свайго вобразу, паводле Божага вобразу стварыў яго» (Быц 1, 27). Бог усё стварыў для чалавека, аднак сам чалавек быў створаны для таго, каб служыць Богу, любіць Яго, а таксама прыносіць Яму ў ахвяру ўсё стварэнне. Чалавек — гэта адзінае стварэнне на зямлі, якое Бог пажадаў дзеля яго самога. Чалавек атрымаў заданне напаўняць зямлю, валодаць ёю і панаваць над жывымі істотамі (гл. Быц 1, 28).

Бог любіць жыццё і чалавека. «Але Ты ўсё шкадуеш, бо яно Тваё, о Пане, які любіш жыццё» (Мдр 11, 26), — чытаем у Кнізе Мудрасці. Бог жадае сапраўднага развіцця і шчасця чалавека, які дасягае поўні сваёй чалавечнасці дзякуючы любові Бога і еднасці з Ім. Пасля першароднага граху чалавек носіць у сабе вялікую раздвоенасць — годнасць Божага дзіцяці і прыніжальную схільнасць да зла, таму яму абавязкова патрэбны Збаўца. Сваім уцелаўленнем Хрыстус узвысіў годнасць чалавечай натуры, а праз сваю муку і змёртвыхпаўстанне заслужыў для нас ласку, якая робіць нас удзельнікамі Божай натуры. Праз веру і хрост мы сталі Божымі дзецьмі, годнымі канчатковага ўзвышэння ў вечнасці, — еднасці з Богам, дзякуючы якой мы будзем з Ім адно.

Св. Ян Павел ІІ сказаў: «Немагчыма цалкам зразумець чалавека без Хрыста. Нават сам чалавек не можа зразумець сябе без Хрыста. Чалавек не можа зразумець, кім ён з’яўляецца, якая яго сапраўдная годнасць, якое яго пакліканне і канчатковае прызначэнне» (Варшава, 1979). Чалавек не з’яўляецца сам для сябе «богам», яму патрэбна святло і бацькоўская рука Нябеснага Айца.

Гуманізм жа адкідвае хрысціянскае бачанне чалавека і сцвярджае, што чалавек найбольшая каштоўнасць сам па сабе і крыніца ўсіх іншых каштоўнасцяў. Ён ставіць чалавека і яго патрэбы ў цэнтр існавання. Робячы сябе мерай усіх рэчаў, чалавек займае месца Бога і пакланяецца сабе замест Бога.

Ідэі гуманізму — гэта галоўная прылада ў руках антыхрыста. Ён укладвае ў вушы сучасных людзей тыя самыя словы, якія біблійны змей (д’ябал) уклаў у вушы Евы: «Адкрыюцца вочы вашы і будзеце, як багі, ведаць дабро і зло» (гл. Быц 3, 5). Ён выкарыстоўвае годнасць чалавека, каб пабудзіць яго да бунту супраць Стварыцеля, які адарыў чалавека гэтай годнасцю. Уся гуманістычная ідэалогія антыхрыста збудаваная на тым, што ён падштурхоўвае чалавека да ілюзорнай велічы, якая заключаецца ў тым, каб адкідваць аўтарытэт Бога і самому вырашаць, што дабро, а што зло.

Антыхрыст робіць выгляд, нібы клапоціцца пра патрэбы чалавека і выступае як «настаўнік усмешкі», які насуперак Езусу запэўнівае чалавека, што прасторная дарога вядзе да збаўлення. Аднак Езус выразна сказаў: «Уваходзьце праз вузкую браму, бо шырокая брама і прасторная дарога вядуць да згубы, і многія ўваходзяць праз яе! А вузкая брама і вузкая дарога вядуць у жыццё, але нямногія знаходзяць яе» (Мц 7, 13–14). Як «месія талерантнасці» антыхрыст нібыта «шкадуе і любіць людзей» і таму дазваляе маральныя злачынствы і паблажліва заплюшчвае вочы на цяжкія грахі. Ён апранаецца ў шаты «добрага Езуса», не вымагае працы над сабою і вельмі лёгка прабачае нават тым, хто не пастанаўляе выправіцца.

Нельга выпускаць з-пад увагі хрысціянскае бачанне чалавека, каб не згубіць веру і любоў, замяніўшы іх гуманізмам і філантропіяй антыхрыста. Маці Тэрэза была супраць, каб яе кангрэгацыю прылічвалі да дабрачынных арганізацый, якія апякуюцца хворымі і беднымі, каб яна не страціла свой хрысціянскі характар. Маці Тэрэза гаварыла: «Мы не сацыяльная служба. Мы стараемся весці кантэмпляцыйнае жыццё. Мы сузіраем Езуса ў Эўхарыстыі і бедным чалавеку, якога ўсе пакінулі ».

Біскуп Фултан Шын (1895–1979) у сваім казанні на радыё «Знакі антыхрыста» (Signs of the Anti-Christ) у 1947 годзе гаварыў, што антыхрыст пакажа сябе як вялікі гуманіст. Ён будзе гаварыць пра супакой, дабрабыт і міласэрнасць, але будзе накіроўваць людзей не да Бога, але да сябе. Ён прывядзе да таго, што тыя, хто будуць жадаць верыць згодна з Евангеллем, будуць адчуваць сорам перад тымі, хто будзе асуджаць іх, што яны не адкрытыя і не ліберальныя. Антыхрыст зраўняе дабро і зло і прывядзе да таго, што талерантнасць і абыякавасць стануць адным і тым жа. Ён будзе садзейнічаць разводам, аргументуючы гэта тым, што чарговы партнёр — гэта істотнае дабро.

Антыхрыст будзе гаварыць пра Хрыста і пацвярджаць, што Ён быў найвялікшым чалавекам, які калі-небудзь жыў на зямлі. Аднак ён створыць сваю рэлігію, якая будзе брацтвам людзей без Божага бацькоўства. Яго вусны будуць напоўненыя благаслаўленнямі, а сваімі прамовамі ён павядзе за сабою найбольш здольных людзей Касцёла. Антыхрыст будзе нястомна паўтараць: «Рэформа, рэформа, рэформа!». Адначасова ён створыць свой «касцёл», які будзе імітацыяй Касцёла Хрыста, бо д’ябал захоча прыкідвацца Богам. Знешне ўсё будзе выглядаць як Касцёл, але гэты «касцёл» будзе містычным целам антыхрыста.

Дыктатура рэлятывізму

Праўда мае для чалавека вялікае значэнне: кожны чалавек хоча ведаць праўду і не пераносіць хлусню. Касцёл дае вернікам «праўды веры», якія не супярэчаць розуму: «Хоць вера пераўзыходзіць розум, аднак ніколі не павінна быць нязгоды паміж вераю і розумам, таму што той самы Бог, які аб’яўляе таямніцы і адорвае верай, уклаў у дух чалавека святло розуму і не можа супярэчыць сам сабе, як і праўда не можа супярэчыць праўдзе» (І Ватыканскі Сабор, DS 3017).

Св. Ян гаворыць: «ласка і праўда сталіся праз Езуса Хрыста» (Ян 1, 17). Хрыстус кажа пра сябе: «Я — дарога, і праўда, і жыццё» (Ян 14, 6). Ён запэўнівае сваіх вучняў: «пазнаеце праўду, а праўда вызваліць вас» (Ян 8, 32), і просіць за іх Айца: «Асвяці іх у праўдзе. Слова Тваё — гэта праўда» (Ян 17, 17). Хрысціянін упэўнены, што тое, у што ён верыць, з’яўляецца праўдаю. Рэлятывізм жа сцвярджае, што абсалютнай ісціны няма, таму кожнае выказванне адноснае. Рэлігійны рэлятывізм дазваляе кожнаму мець сваё ўяўленне пра Бога і маральнасць. Сучасную моду на такі спосаб мыслення Бэнэдыкт XVI назваў «дыктатурай рэлятывізму»: «Яснае веравызнанне, адпаведнае „Credo“ Касцёла, часта называюць фундаменталізмам, аднак рэлятывізм — захапленне кожным ветрам вучэння (гл. Эф 4, 14) — прызнаецца сёння адзінай пазіцыяй, годнай сучаснай эпохі. Ствараецца своеасаблівая дыктатура рэлятывізму, якая не прызнае ніякай ісціны і адзінай мераю ўсіх рэчаў робіць уласнае „я“ і яго жаданні». Гэта вельмі дакладнае апісанне дзеяння сённяшняга антыхрыста.

Калі ў галовах людзей сціраюцца межы паміж праўдай і хлуснёй, дабром і злом, людзі губляюць веру. Слуга Божы Дзіва Барсоцці (1914–2006) адзначае, што ў прамовах некаторых сучасных прапаведнікаў, якія называюць сябе католікамі, Езус Хрыстус — толькі зачэпка, каб гаварыць пра штосьці іншае.

Біскуп Фултан Шын папярэджвае, што кампраміс з духам гэтага свету вельмі небяспечны: «Бог дапускае крызіс, каб знішчыць сённяшнюю ідэнтыфікацыю паміж светам і Хрыстовым Касцёлам. Наш Пан жадае, каб Яго паслядоўнікі адрозніваліся ў духу ад тых, хто не верыць у Яго. Лінія, якая аддзяляла вучняў Хрыста ад свету, сёння зацерлася. Замест белага і чорнага — мутнае. Пасрэднасць і кампрамісы характэрныя для жыцця многіх хрысціянаў. Яны чытаюць тое самае, што чытаюць язычнікі, выхоўваюць сваіх дзяцей без Бога, дазваляюць разводы і паўторныя сужэнствы. Сёння ўжо няма канфлікту апазіцыі, якая даўней была характэрная для хрысціянаў. Сёння не мы ўплываем на свет, а свет уплывае на нас. Паміж Духам Хрыста і духам свету не можа быць партнёрства. Езус паслаў нас у свет, каб аздаравіць свет, а мы заразіліся хваробаю гэтага свету і згубілі моц, каб аздараўляць» («Signs of the Anti-Christ», 1947).

«Канчатковая бітва паміж Богам і каралеўствам сатаны адбудзецца ў пытаннях сужэнства і сям’і», — сказала Маці Божая сястры Люцыі. Сёння на нашых вачах гэтая бітва дасягае свайго апагею. Здаецца, што ў хуткім часе мяжа, якая аддзяляе «людзей Бога» і «людзей антыхрыста», будзе праходзіць у плоскасці перадачы і абароны жыцця. Той, хто будзе на баку чысціні, сям’і і жыцця, будзе на баку Хрыста, той, хто будзе на баку гендара, кантрацэпцыі, «свабодных адносінаў», гомасексуалізму, абортаў, эўтаназіі, будзе на баку антыхрыста. У думках мы кожны раз вяртаемся да пераліку пладоў духа антыхрыста, бо сёння змаганне вернікаў з антыхрыстамі ў Касцёле сапраўды сканцэнтравана на гэтых праблемах, а антыхрыст забараняе нам голасна гаварыць пра гэта і называць усё сваімі імёнамі.

Нялюдская талерантнасць да зла

Сапраўдная талерантнасць да другога чалавека — гэта хрысціянская любоў да ворагаў, якой нас вучыць Езус: «Калі хто ўдарыць цябе па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую. Калі хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе кашулю, аддай яму і плашч. <...> А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых і маліцеся за тых, хто пераследуе вас» (Мц 5, 39–40, 44). Сапраўдныя хрысціяне заўсёды добразычлівыя і цярплівыя ў адносінах да іншага чалавека. Адначасова Касцёл гаворыць пра т.зв. «чужыя грахі» — абавязак сведчыць пра Бога і выкрываць грэшнікаў.

Антыхрыст жа сёння прымушае хрысціянаў да фальшывай талерантнасці, да талерантнасці ў адносінах да памылак, грахоў і сексуальных скажэнняў коштам скрыўлення свайго сумлення. Універсальная маральная ідэалогія як новая атэістычная рэлігія антыхрыста змушае згаджацца з грахамі і ненармальнасцямі і прымаць іх як норму жыцця. Сёння асуджаюць перакананне ў праўдзівасці Евангелля, якое называюць «фундаменталізмам», «радыкалізмам», «рэлігійным экстрэмізмам» і «нецярпімасцю».

Варта звярнуць увагу на тое, што талерантнасць антыхрыста аберагае грэшнікаў, аднак не шануе права на свабоду сумлення справядлівых людзей. Напрыклад, веруючы ўрач, які не жадае забіваць дзіця ва ўлонні маці, змушаны зламаць сваё сумленне і зрабіць аборт у імя права на свабоду жанчыны, якая хоча гэта зрабіць.

Калі б першыя хрысціяне прытрымліваліся талерантнасці антыхрыста, то сёння не было б святых сведкаў веры, а Касцёл знікнуў бы з паверхні зямлі. Калі б св. Моніка прытрымлівалася сённяшняй «талерантнасці», не было б св. Аўгустына, а калі б св. Антоній Падуанскі быў талерантны ў сённяшнім разуменні, ён не ўчыніў бы ніводнага цуду.

Кардынал Джакома Біффі (1928–2015) сцвярджаў, што антыхрыст будзе выдатным філантропам з «цудоўнымі асабістымі якасцямі», які будзе прапагандаваць ідэі правоў чалавека, экуменізму, вегетарыянства, пацыфізму і экалогіі. Ён будзе шукаць узаемапаразумення паміж усімі рэлігіямі, каб у выніку стварыць сваю ўласную. Антыхрыст пакіне біблійныя праўды, каб накіраваць усіх на шлях «невыразных і модных духоўных каштоўнасцяў». Ён будзе старацца звесці хрысціянства на ўзровень ідэалогіі замест асабістай сустрэчы са Збаўцам. Калі хрысціяне будуць адкрывацца на свет і з усімі дыскутаваць, не будуць абвяшчаць смерць і ўваскрасенне Хрыста, яны пяройдуць на бок антыхрыста.

Свабода, роўнасць і братэрства насуперак Богу

Хрыстус прынёс на зямлю сапраўдную свабоду, роўнасць і братэрства людзей: «Калі вы будзеце трываць у слове Маім, то сапраўды будзеце вучнямі Маімі і пазнаеце праўду, а праўда вызваліць вас» (Ян 8, 31–32). Св. Павел піша: «Пан ёсць Духам, а дзе Дух Пана, там свабода» (2 Кар 3, 17), «дзеля свабоды вызваліў вас Хрыстус» (Гал 5, 1). Божая свабода заключаецца ў дабравольным выбары дабра і любові да Бога і людзей.

Хрост, дзякуючы якому мы сталі Божымі дзецьмі, з’яўляецца знакам роўнасці людзей усіх расаў і народаў. «Няма ўжо ні юдэя, ні грэка; няма ні раба, ні свабоднага; няма ні мужчыны, ні жанчыны, бо ўсе вы адно ў Хрысце Езусе» (Гал 3, 28), — навучае апостал Павел. Паняцце братэрства знаходзім у Бібліі: «Няхай трывае братняя любоў» (Гбр 13, 1), «любіце адзін аднаго братняю любоўю, апярэджвайце адзін аднаго ў ветлівасці» (Рым 12, 9–10).

«Свабода, роўнасць, братэрства!» — лозунг, які часта ўжывае антыхрыст. Ён, як малпа, імітуе Хрыста, але ўжывае гэтыя словы ў зусім іншым значэнні. Свабода антыхрыста — гэта свабода ад Божых запаведзяў, свабода для граху, разводаў і свабодных адносінаў, празмерны фемінізм, які знішчае годнасць жанчыны, нявечанне сваіх полавых органаў у працэсе змены полу. Свабода антыхрыста — гэта знішчэнне ўсялякіх аўтарытэтаў, аднак ён не кранае аўтарытэт лібералаў, якія абвяшчаюць маральны рэлятывізм і ствараюць выгляд салідарнасці з натоўпам.

Св. Хільдэгарда Бінгенская (XI–XII стст.), кажучы пра антыхрыста, падкрэслівала, што ён зменіць рэлігію такім чынам, каб яна спрыяла камфорту чалавека: вызваліць людзей ад абавязку захавання запаведзяў, пакаяння і посту. Ён дазволіць патураць інстынктам, разарве сямейныя повязі і абвесціць «свабоднае каханне». Ён заключыць саюз з моцнымі гэтага свету і будзе адмаўляць Боскасць Хрыста, асудзіць пакору і, сам будучы пыхлівым, будзе ўсхваляць пыху.

Братэрства антыхрыста — гэта братэрства людзей, якія будуюць сучасную бабілёнскую вежу, цывілізацыю, якая кідае выклік Стварыцелю; гэта братэрства жыхароў Садома і Гаморы, салідарнасць у граху.

Благаслаўлёны Джон Генры Ньюман (1801–1890) перасцерагаў: «Калі з нашых вачэй спадзе заслона, мы выразна ўбачым, якім чынам секулярызуецца гэты свет, як скажаецца ўся структура грамадства і губляе ўсё святое. Тады мы зразумеем, якім чынам гэты працэс касмічнай перверсіі рыхтуе свет да прыйсця антыхрыста, які хутка здабудзе абсалютную ўладу і зойме месца Бога. З упэўненасцю можна сказаць, што сёння існуе саюз сілаў зла, у які ўваходзяць члены з усіх бакоў свету. Гэты саюз, які мае ўласныя структуры, актыўна дзейнічае, абвівае Каталіцкі Касцёл сваімі сеткамі, а таксама рыхтуе шлях да паўсюднага адыходу ад Хрыста».

Уладзімір Салаўёў (1853–1900), аўтар некалькіх працаў пра антыхрыста, бедаваў над т.зв. «адкрытасцю» хрысціянаў і маніяй «дыялогу» любой цаной, у якім, «здаецца, ужо няшмат засталося ад ні з кім не параўнальнай асобы Божага Сына, які быў за нас укрыжваны, уваскрос і жыве сёння».


  1. Кнігу можна набыць у кнігарні «Духоўная кніга» ў Мінску на вул. Багдановіча, 25.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY