Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(90)/2019
Юбілеі

«QUIS UT DEUS»

НЯХАЙ АДБУДЗЕЦЦА ВЯРТАННЕ

У ПІНСКУ ЎНЕБАЎЗЯТЫМ
У святле Бібліі
Культура
Прэзентацыя

«АД РЭНЕСАНСУ ДА БАРОКА»
На кніжнай паліцы

ДУХ ХРЫСТА І ДУХ АНТЫХРЫСТА
Падзея

У БОГА НЯМА ВЫПАДКОВАСЦЯЎ

УЗАЕМНАСЦЬ
Культура

КУДЫ ВЯДЗЕ РАДАВОД?
Асобы
Музыказнаўства
Паэзія

ВЕРШЫ

ПАВОДЛЕ...
Пераклады

ДЗЯЎЧЫНА З РОДАСА
Прэзентацыя

«АЛЬБОМ ДЛЯ ЦЁТКІ МАРЫЛІ»
Спадчына

«СА МНОЮ, БОЖА, БУДЗЬ...»

ПАННА Р*
Нашы святыні

Кс. Вальдэмар ХРАСТОЎСКІ

РЭЦЭНЗІЯ НА ВЫДАННЕ НОВАГА ЗАПАВЕТУ НА БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ1

Новы Запавет. Пераклад з арыгінальнай мовы
Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных
дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу
і Дысцыпліны Сакрамэнтаў
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі,
Выдавецтва «Про Хрысто», Мінск, 2017, сс. 687.

Традыцыя біблійнага перакладу на беларускую мову сягае ў часы Францішка Скарыны (1486–1551) і налічвае ўжо палову тысячагоддзя. На працягу гэтага часу з’явіліся розныя пераклады, у асноўным фрагментарныя, пераважна Новага Запавету і Псальмаў, але таксама і іншых біблійных кніг (В. Храстоўскі, Сучасныя біблійныя пераклады на беларускую мову, у: М. Краеўска, Я. Кульвіцка-Каміньска, А. Шульц (рэд.), Святыя кнігі юдаізму, хрысціянства і ісламу ў славянскім культурным асяроддзі. Працы, прысвечаныя прафесару Чэславу Лапічу, Т. 3: Славянскія хрысціяне Усходу і Захаду. Мова – Дыялект – Пісьменства, Навуковае выдавецтва Універсітэта Мікалая Каперніка, Торунь, 2016, с. 147–166; М. Пашук, Беларускія пераклады Святога Пісання ў 1926–2013 гг. Гісторыка-параўнаўчае даследаванне, «Про Хрысто», Мінск, 2017). У новых грамадска-палітычных умовах, калі Беларусь стала незалежнай, а Каталіцкі Касцёл атрымаў нязнаныя дагэтуль магчымасці для сваёй дзейнасці і развіцця, узнікла вялікая неабходнасць у новым, поўным перакладзе святых кніг. Гэта стала магчымым дзякуючы адпаведным кадрам добра падрыхтаваных біблістаў і тэолагаў, якія кампетэнтна і плённа маглі справіцца з гэтым заданнем. У гэтай групе асаблівае месца займае аўтар вышэйзгаданай манаграфіі д-р Марына Пашук, якая атрымала адукацыю ў Польшчы і на працягу многіх гадоў плённа працуе ў сталіцы Беларусі.

Пераклад Новага Запавету з’явіўся дзякуючы намаганням Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла, якая існуе ў складзе Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Таму гэта не прыватная ініцыятыва вузкага кола, але праца, упаўнаважаная Касцёлам, прызначаная для выкарыстання ў літургіі і катэхезе. Кніга, выдадзеная накладам 2 тыс. асобнікаў, трапляе ва ўсе каталіцкія парафіі і катэхетычныя цэнтры, як да святароў і кансэкраваных асобаў, так і да свецкіх людзей. Пераклад другой часткі хрысціянскай Бібліі з арыгінальнай грэцкай мовы быў падрыхтаваны паводле 27-га (1993) і 28-га (2012) выдання Новага Запавету, называнага Нэстле-Аланд.

Старанна выдадзены тэкст адкрывае Прадмова (с. 5–6), якую напісаў арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Ён падкрэслівае, што гэта першае афіцыйнае выданне Новага Запавету на сучаснай беларускай мове, зробленае Рыма-каталіцкім Касцёлам. Нагадвае, што яно з’явілася ў 500-годдзе першых перакладчыцкіх ініцыятываў Францішка Скарыны, які зразумеў і ацаніў значэнне друкаванага Божага слова ў справе евангелізацыі беларускага народа і развіцця беларускай мовы. Гэты новы пераклад старшыня ККББ лічыць выразным сведчаннем «знакаў часу», карысным для выхавання беларусаў на хрысціянскіх каштоўнасцях.

Ва Уступным слове (с. 7–8) Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла таксама згадваецца пра дзейнасць Францішка Скарыны. З Уступнага слова мы даведваемся, што праца над перакладам распачалася ў 2002 г., у хуткім часе пасля святкавання Вялікага Юбілею 2000 Году. Каталіцкі Касцёл у Беларусі меў патрэбу ва ўласных літургічных кнігах, у першую чаргу быў неабходны Імшал на беларускай мове. Праз дзесяць гадоў Секцыя, якой Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў даручыла гэтае заданне, прадставіла таксама гатовы пераклад чатырох кананічных Евангелляў. За год да гэтага, у 2011 г., была распачата праца над перакладам іншых кніг Новага Запавету, якія па чарзе змяшчаліся на афіцыйным партале Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, каб улічваць заўвагі і меркаванні з мэтаю паляпшэння перакладу і ўнясення магчымых зменаў і правак. Трэба сказаць, што гэта сапраўды наватарская ідэя, дзякуючы якой новы пераклад узнікаў не толькі ў вузкім коле біблістаў і тэолагаў, але перад тым як з’явіцца ў друку, быў прадстаўлены для шырокага абмеркавання. Перакладчыкі кажуць пра сваё імкненне зрабіць дакладны пераклад святых кніг на сучасную і камунікатыўную беларускую мову, згодна з прынятай у мясцовым Касцёле тэалагічнай тэрміналогіяй. Уступнае слова пералічвае ўсіх, як тэолагаў, так і філолагаў, хто адказвае за гэтую незвычайную справу, зазначаючы, што кансультацыю пры перакладзе самых цяжкіх месцаў давала д-р габілітаваная Анна Кусьмірэк, прафесар Універсітэта кардынала Стэфана Вышынскага ў Варшаве.

Затым ідзе агульны ўступ да Новага Запавету (с. 9–12), які змяшчае асноўную ўводную інфармацыю, а пасля яго – тэкст кананічных Евангелляў з кароткімі ўводзінамі да гэтых кніг (с. 15–17). Перад кожнай чарговай кнігай Новага Запавету пададзены аналагічныя ўводзіны, падобна тым, якія ведаем з Бібліі Тысячагоддзя. Перад пасланнямі св. Паўла (с. 343–346) і Каталіцкімі пасланнямі (с. 539–540) таксама змешчаны асобныя ўступы. У тэксце перакладу кожнай са святых кніг ёсць загалоўкі, пададзеныя загалоўнымі літарамі, і падзагалоўкі, пададзеныя тлустым шрыфтам. Знізу справа і злева на палях пададзена інфармацыя, у якой канкрэтна ўказаны межы тэксту, які знаходзіцца на дадзенай старонцы. Аднак няма – як, напрыклад, у Бібліі Тысячагоддзя і ў іншых каталіцкіх перакладах Святога Пісання на польскую мову – ніякіх філалагічных, гістарычных ці тэалагічных тлумачэнняў, а таксама спасылак на паралельныя месцы, нават у сінаптычных Евангеллях. Тэкст надрукаваны вялікім і лёгкім для чытання шрыфтам, што робіць яго прыдатным для выкарыстання ў літургіі.

Значнае месца (с. 627–685) займае Дадатак, у які ўваходзяць вельмі карысны Біблійны слоўнік (с. 629–661), Спіс скарачэнняў (с. 662–663), Храналагічная табліца (с. 664–667), а таксама каляровыя карты, схемы і планы (с. 668–685).

Не бяруся, зразумела, дэталёва ацэньваць дадзены пераклад. Выглядае, што, з аднаго боку, ён верны грэцкаму арыгіналу, а з другога – мадэрнізаваны згодна з актуальнымі прынцыпамі і практыкай выкарыстання беларускай мовы. Перакананы, што група перакладчыкаў была старанна падабраная, а ўдзел у працы д-ра Марыны Пашук з’яўляецца дастатковай гарантыяй высокага прафесійнага ўзроўню, як моўнага, так і тэалагічнага.

Выданне перакладу прыгожае, а скурападобная вокладка надае годны выгляд для таго, каб гэтае выданне магло выкарыстоўвацца ў літургіі. Напэўна, перакладчыкі ў бліжэйшай ці далейшай перспектыве зробяць некаторыя праўкі і змены. Лёс Бібліі Тысячагоддзя, якая мае дагэтуль пяць чарговых папраўленых выданняў, а шостае рыхтуецца, сведчыць, што гэта цалкам натуральная з’ява.

Каталіцкі Касцёл у Беларусі годна ўшанаваў памяць Францішка Скарыны, які лічыцца «айцом беларускай мовы», і адкрыў таксама новы раздзел у сваёй гісторыі, даючы вернікам, нашым усходнім суседзям, спажытак Божага слова на іх роднай мове.

Гл. таксама:
МАРЫНА ПАШУК :: СЛОВА, ЯКОЕ ГУЧЫЦЬ ВЕЧНА ::


  1. Рэцэнзія апублікавана ў квартальніку тэалагічнага агляду «Collectanea Theologica», 89(2019), № 1.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY