Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(90)/2019
Юбілеі

«QUIS UT DEUS»

НЯХАЙ АДБУДЗЕЦЦА ВЯРТАННЕ

У ПІНСКУ ЎНЕБАЎЗЯТЫМ
У святле Бібліі
Культура
Прэзентацыя

«АД РЭНЕСАНСУ ДА БАРОКА»
На кніжнай паліцы

ДУХ ХРЫСТА І ДУХ АНТЫХРЫСТА
Падзея

У БОГА НЯМА ВЫПАДКОВАСЦЯЎ

УЗАЕМНАСЦЬ
Культура

КУДЫ ВЯДЗЕ РАДАВОД?
Асобы
Музыказнаўства
Паэзія

ВЕРШЫ

ПАВОДЛЕ...
Пераклады

ДЗЯЎЧЫНА З РОДАСА
Прэзентацыя

«АЛЬБОМ ДЛЯ ЦЁТКІ МАРЫЛІ»
Спадчына

«СА МНОЮ, БОЖА, БУДЗЬ...»

ПАННА Р*
Нашы святыні

Эла ДЗВІНСКАЯ

БЕРАСЦЕЙСКАЯ БІБЛІЯ — СВЕДЧАННЕ ВЕРЫ НАШЫХ ПРОДКАЎ І ВЕЛІЧЫ БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ

Факсімільнае ўзнаўленне самай дарагой, каштоўнай і загадкавай кнігі ХVI cтагоддзя — Берасцейскай Бібліі — было ажыццёўлена ў 2019 годзе Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі сумесна з выдавецкім домам «Сегмент» пры падтрымцы акцыянернага таварыства «Белнафтастрах». На аснове асобніка з Торуньскага ўніверсітэта з абсалютнай дакладнасцю былі адноўлены памер, фармат, рукапісныя надпісы і іншыя асаблівасці выдання, а пераплёт быў выкананы ўручную.

Выхад факсімільнага ўзнаўлення Берасцейскай Бібліі быў ацэнены як падзея нацыянальнага маштабу і суправаджаўся шэрагам культурных мерапрыемстваў. Першая шырокая прэзентацыя факсімільнага ўзнаўлення адбылася ў Брэсце ў пачатку верасня ў час правядзення міжнароднага мерапрыемства па наданні Брэсту статуса культурнай сталіцы СНД. Частка накладу была падорана бібліятэкам горада. Кніга дэманстравалася на Днях беларускага пісьменства ў Слоніме.

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў верасні-лістападзе гэтага года прайшлі лекцыі экспертаў і навуковы Круглы стол, выстава ў Музеі кнігі і майстар-класы, музейныя заняткі для дзяцей і тэатралізаваная пастаноўка. У фармаце адкрытага дотыку да кнігі змаглі дакрануцца на працягу месяца сотні чытачоў бібліятэкі. Іх уражваў аб’ём кнігі — у 1,5 тысячы старонак, яе вага — 15 кілаграмаў, прыцягваў салідны скураны пераплёт.

4–6 кастрычніка факсімільнае ўзнаўленне Берасцейскай Бібліі было прадстаўлена на IV Нацыянальным форуме «Музеі Беларусі» для музейнай супольнасці. Заняткі для дзяцей з дэманстраваннем старажытнага кніжнага помніка прайшлі ў Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага і ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі. У канцы кастрычніка каштоўнае выданне было прадстаўлена на Франкфурцкім міжнародным кніжным кірмашы.

Праводзячы культурна-асветніцкія мерапрыемствы, ініцыятар факсімільнага ўзнаўлення, аўтар даследавання «Асэнсаванне шэдэўра», кандыдат культуралогіі Аляксандр Суша выступіў з лекцыяй пра гісторыю стварэння Берасцейскай Бібліі. «Выданне з’яўляецца пераканаўчым сведчаннем высокай духоўнасці нашых продкаў, іх рэлігійнасці і набожнасці, — падкрэсліў А. Суша. — Кніга рэпрэзентуе вельмі яркую эпоху ў развіцці нашай культуры — эпоху Адраджэння. Берасцейская Біблія з’яўляецца цудоўным творам гэтага перыяду. Яна раскрывае ўсё багацце перыяду Рэфармацыі ў Беларусі, складаных міжканфесійных дыскусій, пошукаў уласнай ідэнтычнасці».

Берасцейская Біблія з’яўляецца сімвалам ахвярніцтва і мецэнацтва. Яна захоўвае непасрэдную сувязь з вядомымі дзеячамі, волатамі эпохі Адраджэння — тытанамі культуры (такімі, як М. Радзівіл, Ж. Кальвін, Я.Ласкі і іншымі). Кніга з’яўляецца шэдэўрам паліграфічнага мастацтва, адным з найлепшых помнікаў мастацтва кнігі за ўсю гісторыю беларускай кніжнасці. Яна мае непераўзыдзеныя па мастацкім вырашэнні тытульныя аркушы, тэматычныя гравюры ўнутры тэксту, маляўнічыя застаўкі, ініцыялы, тэксты прыгожага гатычнага абрысу, цікавую вёрстку і кампаноўку матэрыялаў. Выданне стала сапраўды значнай з’явай у беларускай бібліістыцы, паспрыяла развіццю прафесійнай багаслоўскай крытыкі. Яно з’яўляецца сведчаннем высокага ўзроўню развіцця мовазнаўства ў Беларусі, Літве і Польшчы ў ХVI cтагоддзі. Берасцейская Біблія ўводзіць айчынную культуру праз найважнейшыя біблейскія выданні іншых краінаў у агульнаеўрапейскі інтэлектуальны працэс.

Кніга пабачыла свет 4 верасня 1563 года. Яна выходзіла па загадзе і на сродкі берасцейскага старосты, канцлера ВКЛ Мікалая Радзівіла Чорнага. Верагоднымі рэдактарамі яе былі Ц. Базылік і С. Мурмэліус. Упершыню яе падрабязна апісаў вядомы беларускі і польскі рэфармацыйны дзеяч Сымон Будны. Гэта найбольш вядомае выданне самай першай друкарні на землях Беларусі.

На тэкст кнігі абапіраліся многія багасловы, гісторыкі і філолагі, якія грунтавалі на ёй свае развагі. Наступныя спробы навуковага аналізу былі звязаныя з працамі айчынных гісторыкаў і бібліёграфаў — Юзафа Ярашэвіча, Яўхіма Лялевеля, Адама Кіркора, Уладзіслава Сыракомлі і іншых. У савецкі час Берасцейская Біблія вельмі рэдка ўзгадвалася ў айчынных публікацыях, і толькі ў 80-я гады мінулага стагоддзя даследчыкі пачалі паступова разглядаць яе ў асобных аспектах. Сярод гэтых даследчыкаў трэба назваць Віктара Шматава, Людмілу Іванову, Івана Саверчанку, Анатоля Грыцкевіча, Андруся Унучака...

Значна больш шырока дзейнасць Берасцейскай друкарні вывучалі польскія даследчыкі: яны апублікавалі многія крыніцы, датычныя друкарні і Берасцейскай Бібліі. Значная роля ў разуменні гэтага выдання належыць расійскім, літоўскім і ўкраінскім кнігазнаўцам: Льву Уладзіміраву, Юрыю Лабынцаву, Міколу Нікалаеву, Ірыне Цікуновай, Дайве Нарбуцене і іншым. Відавочную значнасць помніка здолелі абгрунтаваць мастацтвазнаўцы, бібліёграфы, літаратуразнаўцы і мовазнаўцы, тэолагі і рэлігіязнаўцы.

Па сучасных падліках сёння ў свеце вядома больш за 130 асобнікаў Берасцейскай Бібліі ў дзяржаўных і прыватных зборах Беларусі, Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Латвіі, Літвы, Расіі, Украіны, Францыі, Чэхіі і Швецыі. Наспеў час для шматаспектнай ацэнкі Берасцейскай Бібліі ў кантэкце нацыянальнай і агульначалавечай культуры як помніка сусветнай значнасці. У 2019 годзе, у год 1000-годдзя Берасця, склаліся найбольш спрыяльныя ўмовы для глыбокага аналізу такой важнай у гісторыі горада з’явы, як Берасцейская Біблія.

Папярэдне, у 2013 годзе, да 450-годдзя выдання кнігі, у Берасці прайшоў Міжнародны Круглы стол і была зладжана кніжная выстава. Брэсцкія даследчыкі стварылі цудоўны брэнд «Берасцейская Біблія. Берасцейскія кнігазборы». Яны запрасілі вядомых польскіх, расійскіх, украінскіх, літоўскіх спецыялістаў. У Брэст на канферэнцыі прыязджалі Мікола Нікалаеў з Санкт-Пецярбурга, Вацлаў Валецкі з Кракава і многія іншыя навукоўцы. Сёння ў Беларусі дзякуючы такім канферэнцыям існуе школа берасцейскай кніжнасці. Перад абласной бібліятэкай у Брэсце пастаўлены помнік Берасцейскай Бібліі.

Мікалай Кузьміч зрабіў медаль у гонар Берасцейскай Бібліі, з’явіліся статуэткі з яе выявай, сувенірныя магніты. Берасцейская Біблія становіцца брэндам горада. У 2015–20 гадах у Тэатры беларускай драматургіі ў Мінску і ў Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы паспяхова прайшла пастаноўка спектакля Паўла Харланчука па п’есе Андруся Унучака «Біблія князя Радзівіла».

«Наша задача сёння — захаваць спадчыну продкаў і зрабіць яе даступнай і вядомай, — падкрэсліў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па навуковай і выдавецкай дзейнасці А. Суша. — Веды пра такія помнікі выхоўваюць пачуццё гонару за дасягненні нацыянальнай культуры, а таксама спрыяюць узрастанню павагі з боку прадстаўнікоў замежных краінаў. Гледзячы на Берасцейскую Біблію, нельга не думаць пра веліч і багацце беларускай культуры».

Беларускіх калегаў павіншаваў з выданнем факсімільнага ўзнаўлення Берасцейскай Бібліі вядомы навуковец з ЗША, кіраўнік «Групы даследавання рукапісаў», доктар філасофіі, біблііст Скотт Кэрал, які прыбыў у Мінск 12 кастрычніка, каб узяць удзел у навуковых мерапрыемствах, якія суправаджалі выхад факсімільнага ўзнаўлення. Даследчык старажытных рукапісаў выступіў з лекцыямі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, у БДУ і Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце.

14 лістапада адбыўся навуковы Круглы стол, прысвечаны вывучэнню Берасцейскай Бібліі. Ён быў надзвычай змястоўным, бо аб’яднаў экспертаў з Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН імя Я. Коласа, БДУКіМ, БДУ, Нацыянальнага гістарычнага архіва, Нацыянальнага мастацкага музея. У падзеі ўзялі ўдзел Людміла Іванова, Ігар Клімаў, Аляксандр Сцефановіч, Жанна Некрашэвіч-Кароткая, Юры Лаўрык, Ларыса Доўнар, Аляксандр Суша. У выступленнях навукоўцаў прагучалі цікавыя факты з гісторыі стварэння берасцейскіх друкарняў ХVI cтагоддзя, з гісторыі перакладу Бібліі на польскую мову, інфармацыя пра асобнікі, якія захаваліся да нашага часу.

Адноўлены помнік паліграфічнага мастацтва ХVI стагоддзя паслужыць духоўным, адукацыйным і выхаваўчым мэтам.

Эла Дзвінская


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY