У Пінску не зруйнавана віленскае барока!
На Пінскім канале і ў Піне,
ва ўсёй занядбанай Краіне…
Самота. Маўчанне Бога.
Мы там вершы свае чыталі
рыбакам і на полі камбайнам.
Людміла Паўлікава і я —
такі літаратурны «дэсант».
На званіцы Анёл з крышталю
францішканскі вартуе сад.
Вершы — не містыфікацыя,
не перашкода ў працы.
Палеская Божая Маці
слухае нас на пляцы.
Ксёндз Казімір Свёнтэк у сваім садочку
падстрыгае ружы для Маці Божай —
у прыпол сутаны з балота
збірае срэбра і пазалоту
зорак, што ў балоце выкошвае.
У самотных гадзінах Духу
прачынаецца ноччу да Сонца.
Цудадзейная слодыч кадзіла
цудадзейных рухаў…
Святое прозвішча Свёнтэк
з генетычна святога роду —
з Духам Святым атрымаў
асалоду
збаўлення Божага люду.
Крылы анёлаў і ружы
святлом запаўняюць душы,
Пінск засланяюць ад бруду!
Пурпуровы нястомны вецер
варушыць плашчык і веер
Маці Божае Унебаўзяцця —
у алтары цудоўны абраз!
Найкаштоўнейшае багацце!
Няволя духу не зруйнавала.
Стаў біскупам і кардыналам…
Сам усё аднавіць паспеў —
людзей, касцёлы, амбоны.
У Будславе, Гудагаі і Гродне
сваімі рукамі ўсклаў кароны
на цудоўныя скроні Мадонны…
Паклікаў хлопцаў спакойных
па навуку ў Еўропу рушыць,
ратаваць занядбаныя душы…
Залатыя вырошчваць ружы…
Эмінэнцыя, Ты вызваляў
і на Дзвіне, як на Піне,
ва ўсёй постсавецкай Краіне
заскарузлыя душы з руінаў…
Як абраны Рымам святы іерарх,
узвышаў іерархіі гмах.
Як Пасланец спрадвечнага Рыму —
Святым Духам свянціў Краіну.
Як Пакутнік, з вялікай любоўю,
з камеры смерці выносіў
Хрыстова цела жывое,
так ад стацыі і да стацыі
па запыленай гэтай Сармацыі
ўзвышаў за Езусам Крыж,
ствараў малітоўную ціш.
Тут, дзе свае між сабой не разбяруцца ніяк,
Яго Эмінэнцыю шчэ папракалі,
што ад племені-роду — паляк…
Тут, дзе ваююць за грошы ўсякі з усякім…
(Чамусьці ў Расіі паэта Твардоўскага
за польскае прозвішча не папракалі палякам.)
…Калі дубы зелянеюць пабожна,
калі, як балотнай кані,
з малітвай захочацца піць,
асцярожна памарыць можна —
узняцца на прыпяцкай хвалі
на вежу Анёла з крышталю,
пурпуровага, на п’едэстале…
Душой даляцець яшчэ раз
да Сцяны, якая ахоўвае Вас…
У пілігрымку ва ўнебаўзяты Пінск!
8 красавіка 2019 г.,
у дзень 80-годдзя святарскага пасвячэння
святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка.
|