|
|
№
4(90)/2019
Юбілеі
У святле Бібліі
Культура
Прэзентацыя
На кніжнай паліцы
Падзея
Культура
Асобы
Музыказнаўства
Антоні МІЛЕР
КАРОТКІ НАРЫС ПРА ЗАНЯПАД КАСЦЁЛЬНАЙ МУЗЫКІ Ў ЗАХОДНІХ ГУБЕРНЯХ ІМПЕРЫІ Ў ХІХ СТАГОДДЗІ Паэзія
Пераклады
Прэзентацыя
Спадчына
Нашы святыні
|
Хрысціянскі культ скіраваны на Бога, Адзінага ў Тройцы. Літургія навучае нас ушаноўваць Айца праз Хрыста ў Духу1, а Другая эўхарыстычная малітва напамінае нам, што Бог — крыніца ўсялякай святасці. Калі хрысціянін аддае пашану Маці Божай альбо святым, праз гэта ён сузірае самога Бога, дзякуючы якому святыя сталі годнымі наследавання: «гэты культ слушна, хоць цалкам па-іншаму, пашыраецца перадусім і асаблівым чынам на Маці Збаўцы, а пасля на святых, Mysterium Paschale якіх абвяшчае Касцёл, таму што яны цярпелі з Хрыстом і з Ім атрымалі хвалу»2. Касцёл, аднак, не ўшаноўвае Маці Божую нароўні з Богам, але дзеля Бога, які ў асаблівы спосаб Яе выбраў. Катэхізіс навучае, што «каталіцкая вера ў адносінах да Марыі абапіраецца на веру ў Хрыста, а тое, чаму яна навучае пра Марыю, вынікае з веры ў Хрыста»3. Сузіранне Марыі прыводзіць хрысціяніна да пазнання Адзінага ў Трох Асобах Бога, які бясспрэчна даў сябе пазнаць у Маці Божай. Адносіны, якія лучаць веруючага чалавека з Найсвяцейшай Паннай, могуць дапамагаць на шляху да еднасці з Богам. Гэты артыкул — спроба прааналізаваць духоўнасць і пабожнасць кардынала Казіміра Свёнтка, каб паказаць каштоўнасць Марыйнага вымярэння хрысціянскага жыцця.
Дзяцінства і юнацтва Казіміра Свёнтка як школа Марыйнай духоўнасці Кардынал Казімір Свёнтэк нарадзіўся 21 кастрычніка 1914 года ў глыбока веруючай каталіцкай сям’і з моцнымі рэлігійнымі традыцыямі. На жаль, бацька будучага кардынала Беларусі, Ян Свёнтэк, загінуў падчас бітвы за Вільню ў 1919 годзе. Выхаваннем малога Казіка з вялікай ахвярнасцю займалася яго маці, Вераніка з роду Крамплеўскіх, якая паходзіла з Браслаўшчыны і якую Казімір Свёнтэк з удзячнасцю і пяшчотаю ўспамінаў да канца свайго жыцця. Першая сусветная вайна і пасляваенныя гады — гэта час асаблівых выпрабаванняў для народаў Еўропы. Сям’я Свёнткаў была вымушана пакінуць свой родны горад і пасяліцца ў Сібіры. З пісьмовых успамінаў католікаў таго часу вядома, што сям’я забірала з сабою самыя неабходныя рэчы, сярод якіх заўсёды быў абраз Маці Божай. Хутчэй за ўсё, пані Вераніка ўзяла абраз Маці Божай з сабою ў далёкі шлях і павесіла яго на бачным месцы на сцяне. Маці кардынала вучыла сваіх дзяцей рабіць знак крыжа, гаварыць пацеры і іншыя малітвы, а таксама ў духу глыбокай веры прывіла ім Марыйную пабожнасць, дзякуючы чаму сфармавала адпаведную духоўнасць будучага святара і князя Каталіцкага Касцёла. Сям’я Свёнткаў, як і шматлікія іншыя хрысціянскія сем’і даўней і сёння, была не толькі першым букваром, але перадусім чытаным катэхізісам для сваіх дзяцей. Дзяцінства і маладосць Казіміра Свёнтка былі звязаныя з Баранавічамі, дзе пасля вяртання з Сібіры жыла яго сям’я. У гэтай парафіі з вялікай пабожнасцю захоўвалі Марыйны культ: дзейнічалі шматлікія ружанцовыя колы, Марыйнае таварыства, а традыцыйныя набажэнствы на ўшанаванне Маці Божай у маі і кастрычніку збіралі шматлікія натоўпы вернікаў у касцёле, каля прыдарожных крыжоў і капліцаў. Гімназія імя Тадэвуша Рэйтана, у якой вучыўся будучы кардынал, таксама клапацілася пра ўсебаковае развіццё сваіх вучняў, у тым ліку пра духоўную і маральную фармацыю выхаванцаў, якой асаблівым чынам займаўся святар, што выконваў у школе ролю духоўнага апекуна (прэфекта). Вядома, што супольнасць сям’і, парафіі, а таксама адпаведнае асяроддзе — гэта месцы ўзрастання і фармацыі маладога чалавека. Ад іх дзейнасці, маральнага і духоўнага ўзроўню, а таксама вызнаваных і культываваных каштоўнасцяў і ідэалаў залежыць не толькі будучыня канкрэтнай асобы, але ўсяго народа, Бацькаўшчыны, Касцёла, а ў шырокім разуменні — свету.
Традыцыйная Марыйная пабожнасць Святое Пісанне і Традыцыя Касцёла больш зразумела тлумачаць месца і ролю Найсвяцейшай Панны ў гісторыі збаўлення4. Маці Божая сёння застаецца не толькі прадметам тэалагічных даследаванняў, але перадусім прысутнічае сярод людзей і «дзякуючы сваёй мацярынскай любові Яна апякуецца братамі свайго Сына, якія яшчэ пілігрымуюць, сярод працы і небяспекі, пакуль не будуць прыведзены да шчаслівай айчыны»5. Такім чынам, Марыя з’яўляецца нашай Заступніцай, Апякункай, Памочніцай, Пасрэдніцай і Настаўніцай. Углядаючыся ў Яе жыццё, учынкі, словы, маўчанне, у Яе паводзіны, мы можам зразумець, што азначае любіць Бога ўсім сэрцам сваім і ўсёй душой сваёй, і ўсім розумам сваім (гл. Мц 22, 37). Любоў Найсвяцейшай Панны Марыі праявілася ў тым, што кожны Яе ўчынак і кожнае слова былі выкананнем Божай волі. Менавіта ў «школе Марыі» кардынал Казімір Свёнтэк навучыўся, што любоў да Бога — гэта не пачуцці, але жыццё, згоднае з Яго запаведзямі, і выкананне Яго волі. У 1932 годзе малады Казімір, выпускнік Баранавіцкай гімназіі, жадаючы выконваць Божую волю, адказвае на пакліканне Бога і паступае ў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Пінску, апякункай якой з’яўляецца Маці Божая. Эмінэнцыя ўспамінаў, што менавіта ў Пінску каля магілы слугі Божага Зыгмунта Лазінскага, які пахаваны ў катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, ён маліўся і прасіў, каб заўсёды быць верным Богу і Маці Божай. У той час ён яшчэ не ведаў, што за гэтую вернасць ён заплаціць шматлікімі цярпеннямі і выпрабаваннямі, вытрываць у якіх яму дапаможа апека і заступніцтва Марыі. Зерне Марыйнай пабожнасці, вынесенай з бацькоўскага дому і ўзмоцненай у парафіяльнай, а пазней семінарыйнай супольнасцях, пасля шматлікіх гадоў прынясе свой плён у выглядзе клопату пра культ Маці Збаўцы ў душпастырстве арцыбіскупа, а пазней кардынала Казіміра Свёнтка. Адной з першых святыняў, якую ён кансэкраваў, быў касцёл Маці Божай Фацімскай у Баранавічах. Падчас урачыстасці кансэкрацыі Яго Эмінэнцыя ўпэўнена і ўзрушана сказаў: «Маці Божая Фацімская, мы адчуваем абавязак дзякаваць Табе і любіць Цябе, абяцаць Табе — недастаткова абяцаць! Даваць зарок — недастаткова! Прысягаць Табе — недастаткова! Даем Табе, Маці Божая Фацімская, клятву, што, маючы святыню ў Твой гонар, пад Тваёй абаронай мы будзем заўсёды верныя Богу і верныя Твайму Сыну! Не пакінем ні Бога, ні Касцёл! Будзем берагчы гэтую святыню як зрэнку вока! І мы не дапусцім, каб калі-небудзь яна была апаганена альбо трапіла ў бязбожныя рукі! Яна павінна існаваць! Мы гатовыя праліць кроў, аддаць жыццё, але святыня заўсёды будзе Божым домам, Маці Божая Фацімская! Яна будзе Тваёй святыняй і святыняй Бога!»6. Sodalis marialis — сябар Марыі Казімір Свёнтэк як малады святар спазнаў шмат знявагаў, прыкрасці, быў у вязніцы, а так- сама амаль 11 гадоў правёў у ссылцы ў Сібіры. Калі ён успамінаў падзеі з гітлераўскай вязніцы, НКВД і Гулагу, гаварыў, што перажыў усё гэта дзякуючы моцнай непахіснай веры. У духоўнасці Марыі мы можам вылучыць два элементы: Fiat i Magnificat. Першы элемент — гэта згода з Божай воляй, прыстасаванне свайго жыцця да Яго плану, а другі — праслаўленне Бога за Яго веліч, дабрыню і любоў. Абодва гэтыя элементы кардынал Казімір Свёнтэк рэалізаваў у сваім жыцці. Яго заклік «Божа, які ж Ты добры!» быў не чым іншым, як праслаўленнем Бога, якому калісьці, падобна Марыі, сказаў: «Няхай мне станецца паводле твайго слова» (Лк 1, 38). Найсвяцейшая Панна праслаўляла Бога за вялікія справы, якія Ён учыніў. Навучаны ад Яе кардынал Свёнтэк праслаўляў Бога за ўсё, што спазнаў у сваім доўгім жыцці. Гэта можа здавацца дзіўным, але яго падзяка ахоплівала не толькі хвіліны шчасця, але і ўсё тое, што па-чалавечы было вельмі цяжкім і нават нялюдскім. Падчас вайны, у камеры смерці і сталінскім лагеры ўмацавалася яго вера. Менавіта ў тых умовах Казімір Свёнтэк спазнаў моц Божай правіцы, узвышэнне пакорных і вялікую міласэрнасць. Можа таму, пасля шматлікіх гадоў з вялікім даверам, як дзіця да сваёй маці, ён звяртаўся да Марыі: «Узмоцненыя Тваёй дабрынёю і ласкавасцю з дзіцячым даверам звяртаемся да Цябе, Маці Божая Фацімская, з пакорнымі просьбамі аб Тваёй мацярынскай апецы і дапамозе для ўсяго Каталіцкага Касцёла Беларусі. <...> Маці Божая Фацімская! У сваёй фігуры, якая назаўсёды прыбыла ў Беларусь, застанься назаўсёды як Маці з намі, Тваімі дзецьмі, каб дзякуючы жыццёвай вандроўцы з Табою на зямлі мы атрымалі права прабывання з Табою ў небе»7.
Кардынал Казімір Свёнтэк звяртаў вялікую ўвагу на сімвалы і знакі, якія паказвалі на глыбіню Божай рэчаіснасці. У сваім біскупскім гербе ён змясціў ажно тры Марыйныя элементы: абраз Маці Божай Вастрабрамскай, словы «Mater Misericordiae» (Маці Міласэрнасці) і абрэвіятуру «SM» (Sodalis Marianus), якая з лацінскай мовы азначае «сябар Марыі». Пра гэты значок Эмінэнцыя распавядаў наступнае: «Ён заўсёды быў са мною. На жаль, пасля арышту гэты значок застаўся дома, а калі я вярнуўся з лагера, Мама перадала мне мой значок, і гэтым вельмі мяне ўсцешыла. З таго часу я заўсёды нашу яго з сабою і спадзяюся, што буду насіць аж да смерці»8. І сапраўды, на каўнеры свайго пінжака Эмінэнцыя заўсёды насіў значок прыналежнасці да Марыйнага таварыства, у якое ўступіў 13 лістапада 1929 года. Духоўнасць і маральныя паводзіны маладога Казіміра асаблівым чынам фармавала малітва прысвячэння сябе Маці Божай, якою маліліся члены таварыства: «Найсвяцейшая Панна і Багародзіца Марыя, я, ..., хоць і нягодны быць Тваім слугою, аднак, ахоплены Тваёй цудоўнай дабрынёю, прагну служыць Табе і выбіраю Цябе сёння ў прысутнасці майго Анёла Ахоўніка і ўсяго Нябеснага двору сабе за Панну, Заступніцу і Маці і цвёрда пастанаўляю надалей заўсёды быць Тваім слугою і, па магчымасці, старацца, каб усе верна Табе служылі. Прашу Цябе і ўсклікаю, найлепшая Маці, каб праз кроў Езуса Хрыста, пралітую за мяне, Ты прыняла мяне як свайго сына і вернага слугу. Дапамагай мне ў кожнай патрэбе і маёй справе і выпрасі для мяне ласку, каб я ніколі думкаю, словам і ўчынкам не пакрыўдзіў вачэй Тваіх і Твайго Сына. Памятай пра мяне і не пакінь мяне ў хвіліну смерці. Амэн»9. Марыя — Маці Міласэрнасці і настаўніца прабачэння Капліца Маці Божай Вастрабрамскай у катэдральнай базыліцы ў Пінску нагадвае пра глыбокую духоўнасць і Марыйную пабожнасць кардынала Казіміра Свёнтка. Гэта не толькі месца пашаны Найсвяцейшай Панны Марыі, але знак удзячнасці Яго Эмінэнцыі Богу і Маці Божай за дар ацалення сябе і сваіх сяброў з вязніцаў НКВД і сталінскіх лагераў. Гэта таксама ўспамін усіх тых, хто не вярнуўся дадому. Надпіс над брамай капліцы «Тваёй абароне аддаёмся» таксама сведчыць пра яго веру ў моц поўнай дзіцячага даверу малітвы да Маці Божай. Сімвалічны выбар менавіта Маці Божай Вастрабрамскай, якую мы называем Маці Міласэрнасці. Словы песні да Маці Божай Вастрабрамскай, якую і сёння спяваюць у Яе капліцы ў Пінску, перадаюць дзіцячы давер Яе апецы і дапамозе: «Марыя, Маці Міласэрнасці, Твой трон у Вострай Браме, да Цябе мы спяшаемся ў кожны час, а Ты будзеш да нас міласэрнаю...». Міласэрнасць змяшчае ў сабе таксама і прабачэнне. Калі ў 2000 годзе ў Іркуцку адбываліся Марыялагічны кангрэс і кансэкрацыя новапабудаванай катэдры, прысутны на ўрачыстасці кардынал Казімір Свёнтэк асвяціў, у пэўным значэнні, сімвал для ўсёй Сібіры — Капліцу паяднання і супакою. У асобных урнах з назвамі розных мясцовасцяў кардынал, былы вязень Варкуты, змясціў зямлю з месцаў катаргі, з лагераў і вязніцаў, просячы Бога аб прабачэнні злачынцам. Над урнамі з зямлёй змешчана фігура Уваскрослага Хрыста, якая напамінае пра поўную надзеі праўду: «Я — уваскрасенне і жыццё» (Ян 11, 25). Пераканаўча гучалі словы кардынала Казіміра Свёнтка: «Мы ўспамінаем мучанікаў не таму, што яны спазналі бязлітасную і страшэнную смерць, але таму што яны прайшлі праз яе як людзі прабачэння, свабодныя ад нянавісці. Прабачаць і любіць — гэтаму нас навучае Евангелле. Менавіта ў гэтай перспектыве мы ўспамінаем усіх мучаннікаў Сібіры, якія былі замучаныя і забітыя ў розных месцах»10. Пробашч катэдральнай парафіі ў Іркуцку ўспамінае, як пасля ўрачыстасці асвячэння капліцы кардынал Свёнтэк са слязьмі на вачах прызнаўся яму, што ў той дзень сапраўды прабачыў усім, хто яго пераследаваў, і маліўся за іх11. Можам здагадвацца, што ў гэтым няпростым акце прабачэння кардыналу Казіміру Свёнтку дапамагла духоўнасць, сфармаваная дзякуючы разважанню над жыццём і таямніцамі Маці Божай, асаблівым чынам балесных момантаў Яе жыцця. Маці Божая Фацімская — Апякунка і выхавацелька семінарыстаў Святой памяці кардынал Казімір Свёнтэк вызначаўся асаблівым набажэнствам да Маці Божай Фацімскай. Прыкладам можа быць прысвячэнне Ёй аднаго з першых збудаваных касцёлаў на тэрыторыі Пінскай дыяцэзіі на пачатку 90-х гадоў, пра які мы ўзгадвалі вышэй, перэгрынацыя копіі фігуры з Фацімы па парафіях Беларусі, арганізацыя пілігрымкі ў Фаціму, сустрэча з візіянеркай с. Люцыяй — манашкай Кангрэгацыі Сясцёр Кармэлітак ад Дзіцятка Езуса, а таксама змяшчэнне іншай копіі фігуры Маці Божай Фацімскай у семінарыі ў Пінску. У сваім казанні на распачацце перэгрынацыі фігуры Маці Божай Фацімскай Эмінэнцыя, адданы сын Марыі, сказаў: «Ідзі, Маці Божая Фацімская, у доўгі, амаль двухгадовы шлях! Будзь з намі, застанься з намі назаўсёды! Са свайго боку мы абяцаем Табе, што ў кожнай парафіі мы будзем сардэчна вітаць Цябе і ў вызначаны нам дзень мы будзем урачыста Цябе ўшаноўваць і аддаваць Табе належную пашану»12. Гэта адбывалася ў 1997 годзе, у хуткім часе пасля пераменаў, якія прадказала Маці Божая ў Фаціме для Савецкага Саюза і Усходняй Еўропы. Менавіта таму сустрэча з Маці Божай была для вернікаў вялікім святам, а душы людзей былі ўзрушаныя і напоўненыя верай, надзеяй, любоўю, а сэрцы — слязьмі радасці. Ксёндз кардынал прывёз копію партугальскай фігуры Маці Божай Фацімскай таксама ў Вышэйшую духоўную семінарыю імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску, для якой ён быў не толькі аднавіцелем і біскупам, але і першым яе рэктарам. Падчас сустрэчаў з алюмнамі, кіраўніцтвам семінарыі і выхавацелямі Эмінэнцыя неаднаразова ўказваў на Марыю як Маці святароў і клерыкаў, прыклад для наследавання, а таксама заступніцу ва ўсіх жыццёвых сітуацыях. Падчас адной са сваіх гамілій у семінарыі кардынал распавёў гамелетычны прыклад пра святара, які, едучы ў цягніку, чытаў Літургію гадзінаў, у якой ляжаў абразок Маці Божай: «Калі сусед у цягніку запытаўся святара, хто на выяве, святар без вагання адказаў, што гэта яго Маці. Тады сусед паглядзеў на святара і са здзіўленнем запытаўся: «Чаму ты да яе не падобны?» Таму наша заданне на ўсё жыццё — заўсёды прыпадабняцца да нашай нябеснай Маці». У першыя дні пасля аднаўлення семінарыі ў 2001 годзе кардынал прывёз са сваёй пілігрымкі ў Рым фігуркі Маці Божай Фацімскай і падарыў семінарыйным выхаваўцам са словамі пажадання, каб Маці Божая была іх Апякункай і дапамагала ў выхаванні будучых святароў. Я асабіста памятаю парады першага рэктара адноўленай семінарыі вучыць клерыкаў здаровай Марыйнай пабожнасці, чэрпаючы са скарбніцы традыцыі: маёвыя і ружанцовыя набажэнствы ў кастрычніку, Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі альбо штодзённая Ружанцовая малітва. Гэта не была толькі навука, але асабістая практыка кардынала, які «вельмі любіў Ружанцовую малітву. У яго быў ружанец ад с. Люцыі (адна з трох пастушкоў, якім аб’явілася Маці Божая Фацімская). Маліўся на ім заўсёды. Пасля літургіі ён любіў застацца ў касцёле, каб памаліцца ў цішыні. На гэта было прыемна глядзець»13.
Totus Tuus — Fidei testis У памяці католікаў і жыхароў Беларусі Яго Эмінэнцыя кардынал Казімір Свёнтэк застанецца нязломным сведкам веры, якому 27 лістапада 2004 года папа Ян Павел ІІ асабіста ўручыў узнагароду «Fidei testis». Святы Айцец, адданы Найсвяцейшай Панне ў сваім вядомым «Totus Tuus» («Увесь Твой»), звяртаючыся да нашага кардынала і ўспамінаючы яго жыццёвы шлях і дасягненні, сказаў: «Усяго гэтага ксёндз кардынал дасягнуў з дапамогай Найсвяцейшай Панны, Mater Misericordiae, пра што сведчыць таксама біскупскі дэвіз ксяндза кардынала. Ад усяго сэрца даручаю цябе, шаноўны брат, Найсвяцейшай Панне Марыі і з радасцю ўручаю табе ўзнагароду «Fidei testis»14. У словах падзякі Яго Эмінэнцыя як верны вучань пакорнай Маці Збаўцы падкрэсліў: «Я сапраўды адчуваю вялікі гонар за гэту ўзнагароду, але я хацеў бы вызнаць, што прымаю яе з рук Святога Айца не толькі як ушанаванне маёй асобы, але перадусім як узнагароду для ўсіх католікаў Беларусі, якія на працягу 70-ці гадоў перажывалі страшэнны пераслед з боку камуністычна-атэістычнай сістэмы і якія захавалі веру ў Бога, прыналежнасць да Каталіцкага Касцёла і сталі сапраўднымі fidei testis — сведкамі веры»15. Кардынал Казімір Свёнтэк часта ўзрушана і глыбока перажываў некаторыя падзеі, пра што сведчылі яго эмоцыі. Слёзы перажывання і радасці шмат разоў былі на вачах кардынала: падчас рэкансэкрацыі мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, у дзень яго нараджэння 21 кастрычніка 1997 года, з нагоды розных гістарычных урачыстасцяў і кожны раз, калі ён каранаваў абразы Маці Божай у Будславе, Гродне, Тракелях, Брэсце, Гудагаі, Мінску і ў сваім любімым Лагішыне. Менавіта ў Лагішыне ён вучыў нас з вялікай прастатою, як сапраўдны айцец, як мы павінны адказваць на вялікія Божыя дары: «Трэба прасіць Маці Божую Каралеву, каб мы заўсёды на першае месца ставілі Бога, Касцёл, сваё сумленне і сваю душу. Папросім жа Бога, каб нам заўсёды хапала сілы для адважнага, моцнага і непахіснага вызнавання веры ў Бога! Каб мы ніколі не здрадзілі Богу, не пакінулі Касцёл і заўсёды аберагалі як зрэнку вока сваю душу і веру ў Бога! Каб мы заўсёды бераглі гэтую святыню, шанавалі Маці Божую ўкаранаваную, нашу Каралеву — гэта наш святы абавязак! Мы слабыя і няздарныя, таму тым больш сёння занясём нашыя просьбы да гэтай нашай Матулі і адначасова да нашай Каралевы, каб Яна дапамагала нам быць сапраўднымі вызнаўцамі Бога і членамі святога Каталіцкага Касцёла!»16. На заканчэнне згадаем словы, якія Яго Эмінэнцыя прамовіў з нагоды юбілею 70-ці гадоў святарства і 95-ці гадоў жыцця: «З гэтых маіх 70-ці і 95-ці гадоў ёсць ясная і канкрэтная выснова — трэба верыць у Бога, трэба давяраць Яго Провіду, нястомна, як дзеці да сваёй маці, туліцца да Маці Божай і даручаць сябе Яе мацярынскай апецы!»17. Кардынал Казімір Свёнтэк у сваім штодзённым жыцці пацвярджаў веру Касцёла ў тое, што Благаслаўлёная Дзева — Заступніца, Апякунка, Памочніца, Пасрэдніца — па волі Божай дапамагае хрысціяніну ў такім сэнсе, што ад годнасці і эфектыўнасці дзеяння Хрыста, адзінага Пасрэдніка, нічога не адымаецца і не дадаецца18. Такім чынам, варта часта ўсклікаць разам з нашым кардыналам: «Тваёй абароне аддаёмся, Святая Багародзіца...». Аркадзь Куляха OCD
Гл. таксама:
|
|
|