Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(90)/2019
Юбілеі

«QUIS UT DEUS»

НЯХАЙ АДБУДЗЕЦЦА ВЯРТАННЕ

У ПІНСКУ ЎНЕБАЎЗЯТЫМ
У святле Бібліі
Культура
Прэзентацыя

«АД РЭНЕСАНСУ ДА БАРОКА»
На кніжнай паліцы

ДУХ ХРЫСТА І ДУХ АНТЫХРЫСТА
Падзея

У БОГА НЯМА ВЫПАДКОВАСЦЯЎ

УЗАЕМНАСЦЬ
Культура

КУДЫ ВЯДЗЕ РАДАВОД?
Асобы
Музыказнаўства
Паэзія

ВЕРШЫ

ПАВОДЛЕ...
Пераклады

ДЗЯЎЧЫНА З РОДАСА
Прэзентацыя

«АЛЬБОМ ДЛЯ ЦЁТКІ МАРЫЛІ»
Спадчына

«СА МНОЮ, БОЖА, БУДЗЬ...»

ПАННА Р*
Нашы святыні

Ірына БАГДАНОВІЧ

«СА МНОЮ, БОЖА, БУДЗЬ...»

Замест прадмовы ад перакладчыка да публікацыі
новых апавяданняў Габрыэлі Пузыні

Габрыэля Пузыня. Парыжскае фота з архіва Ежы Паровіча.
1857 г. (?)

У часопісе «Наша вера» ўжо неаднойчы на працягу мінулых гадоў друкаваліся вершы і апавяданні Габрыэлі Пузыні (1815–1869) у перакладзе на беларускую мову, а ў мінулым, 2018 годзе, выдавецтва «Про Хрысто» ў Мінску выпусціла ў свет першую за паўтара стагоддзя на беларускіх і польскіх абшарах кніжку яе выбраных вершаў «Струмень любові. Strumień miłości» ў арыгінальнай і ў перакладной версіях. Выдатная пісьменніца нашага краю, асвечаная талентам з ласкі Пана Бога, Габрыэля Пузыня, трэцяя, малодшая, дачка графа Адама Гюнтэра і Аляксандры з Тызенгаўзаў, пакінула нам прыгожую літаратурную спадчыну, вартую таго, каб быць вернутай у нашу сучаснасць, бо яе творы даюць прыклад не толькі высокага прафесійнага майстэрства, але такога мастацтва слова, якое ў самой істоце сваёй прасякнута духам любові да Бога і бліжняга. Яе можна з поўным правам лічыць хрысціянскай пісьменніцай нашага краю тых часоў. Сведчыць аб тым ужо першы зборнік яе вершаў, выдадзены ў Вільні ў 1843 г., які называецца сімвалічна — «W Imię Boże» і складаецца з вершаў рэлігійнай тэматыкі, а сама Габрыэля стварыла сабе на яго грунце сталы псеўданім — Аўтарка ў Імя Божае. Гэты псеўданім, якім яна пачала падпісваць усе свае наступныя выданні, робіць яе постаць заўсёды пазнавальнай у шматаблічнай літаратурнай панараме ХІХ стагоддзя. Хрысціянскай пісьменніцай мы называем яе і таму, што не толькі першы зборнік, але ўсё яе далейшае жыццё і творчасць былі праўдзівым сведчаннем веры, якое яна сфармулявала ў чатырохрадкоўі «Да Бога»:

Мне добра ўсё,
              калі Ты мной кіруеш,
Мне сумна ўсё,
              калі сама паную.
Ты за мяне і думаеш, і чуеш,
Са мною, Божа,
              будзь, — і не ўпаду я.

Менавіта гэтыя радкі, як эпіграф да ўсяго яе жыцця, былі адбітыя на памятнай дошцы ў гонар Габрыэлі Пузыні, прымеркаванай да ўшанавання 150-х угодкаў яе адыходу ў вечнасць. Урачыстае адкрыццё і асвячэнне мемарыяльнай дошкі адбылося 26 кастрычніка гэтага года ў парафіяльным касцёле Божага Цела ў Беразінскім (Гарадзілаве) Маладзечанскага раёна дзякуючы ініцыятыве і старанням пробашча гэтага касцёла ксяндза каноніка Сяргея Бараўнёва, які шчыра парупіўся пра ўшанаванне памяці нашай славутай пісьменніцы хрысціянкі, бо яна ў свой час жыла менавіта ў Гарадзілаве, што належыць да сучаснай беразінскай парафіі.

Як вядома, графіня Габрыэля з Гюнтэраў Пузыня нарадзілася ў Вільні, сваё юнацтва і раннюю сталасць правяла ў бацькоўскім маёнтку Дабраўляны былога Свянцянскага павету. Яе выхаванне і ўзгадаванне адбывалася ў атмасферы шчырай хрысціянскай каталіцкай пабожнасці і ў асяродку культурнай інтэлігенцыі нашага краю: мастакоў, музыкаў, літаратараў, якіх шчодра запрашаў у свой гасцінны дабраўлянскі палац граф Адам Гюнтэр. У Дабраўлянах адкрыўся літаратурны талент Габрыэлі, да развіцця якога паненку Гюнтэроўну заахвочваў сябра дому, ужо сталы і вядомы на той час пісьменнік Ігнат Ходзька. З 1851 г., выйшаўшы замуж за князя Тадэвуша Пузыню, Габрыэля жыла ў ягоным маёнтку Гарадзілава. Тут яна плённа працягвала сваю літаратурную дзейнасць — працавала ў жанрах паэзіі, прозы, драматургіі, мемуарыстыкі, дасылаючы свае творы пераважна ў віленскія перыядычныя выданні і рыхтуючы іх асобнымі кнігамі. Апрача гэтага, графіня Габрыэля была арганізатаркай пастаянных культурных імпрэзаў (салонаў) у Гарадзілаве на ўзор таго, як гэта рабілася раней у бацькавых Дабраўлянах. Збіралі яе салоны такіх выдатных дзеячаў культуры нашага краю, як Станіслаў Манюшка, Тамаш Зан, Ігнат Ходзька, Антоні Эдвард Адынец, Уладзіслаў Сыракомля ды многіх іншых мастакоў, кампазітараў, літаратараў, артыстаў, асобаў духоўнага і свецкага станаў, мясцовую моладзь. Ніколі не перапынялася таксама хрысціянская дабрачынная дзейнасць пісьменніцы, якая ў кожным церпячым бачыла брата і старалася дапамагчы. У Гарадзілаве, пабожна развітаўшыся з усімі хатнімі і прытуліўшыся да пляча каханага мужа, Габрыэля адышла ў вечнасць 16 жніўня 1869 года, акурат 150 гадоў таму назад. Яна была пахаваная, паводле звестак некаторых мемуарыстаў, у сямейным склепе на мясцовых парафіяльных могілках, якія не захаваліся да нашага часу.

Адкрыццё мемарыяльнай дошкі, як і публікацыя твораў Габрыэлі Пузыні, сведчыць пра годнае аднаўленне памяці пра пісьменніцу — памяці, якая дапамагае будаваць культурны падмурак сённяшняга нашага грамадства, спрыяць выхаванню ў ім высокай духоўнасці, замацоўваць традыцыйныя агульначалавечыя і нацыянальныя каштоўнасці, якія захоўваюць свет ад разбурэння і напаўняюць яго любоўю.

Пасля ўрачыстага адкрыцця і асвячэння мемарыяльнай дошкі, малітвы «Анёл Панскі» адбылася Імша-рэквіем у інтэнцыі пісьменніцы, якую цэлебравалі пробашч беразінскай парафіі Божага Цела ксёндз канонік Сяргей Бараўнёў і ксёндз Павел Эйсмант, куратар 1-га курса Духоўнай семінарыі ў Мінску. Цэлебрацыю суправаджалі літургічныя спевы і музыка Станіслава Манюшкі ў выкананні хору Чырвонага касцёла св. Сымона і св. Алены ў Мінску «Cantus Cordis», мастацкі кіраўнік Яніна Хвалько, і арганіста касцёла Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы ў Мінску Віктара Кісценя. У часе Імшы быў таксама асвечаны мемарыяльны знак у гонар 105-й гадавіны з дня нараджэння мужнага Сведкі веры кардынала Казіміра Свёнтка, умураваны справа ад алтара ў сцяне касцёла.

Да ўрачыстасці адкрыцця мемарыяльнай дошкі была таксама прымеркавана літаратурна-музычная імпрэза «Салон Габрыэлі Пузыні», падрыхтаваная пры падтрымцы грамадскага аб’яднання «Міжнародная асацыяцыя беларусістаў», у якой узялі ўдзел прадстаўнікі навуковай і творчай інтэлігенцыі з Мінска: літаратары, мовазнаўцы, гісторыкі, архівісты, мастакі, музыкі, журналісты, музейныя супрацоўнікі. Літаратуразнавец, дацэнт кафедры гісторыі беларускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Ігар Запрудскі ў сваім выступленні звязаў творчасць Габрыэлі Пузыні з асаблівасцямі літаратурнага працэсу на Беларусі ў ХІХ стагоддзі і спецыфікай той польскай («віленскай») мовы, якой карысталіся ў побыце аўтары, што паходзілі з земляў гістарычнай Літвы-Беларусі. Мастак Алесь Пушкін, ён жа і аўтар насценных роспісаў у адноўленым касцёле Божага Цела ў Беразінскім, прэзентаваў напісаны ва ўзнёсла-рамантычнай стылістыцы спецыяльна для гэтай імпрэзы партрэт «Старыя ліпы. Габрыэля Пузыня», а таксама выкананую ім копію абраза Маці Божай Бялыніцкай, што было сугучна чытанню верша Габрыэлі Пузыні «Касцёл у Бялынічах». Мастацкай дэкламацыяй гэтага верша, а таксама апавядання «Помста літвінкі» літаральна зачараваў прысутных артыст і рэжысёр Беларускага радыё і тэлебачання Алег Вінярскі. Вершы Габрыэлі Пузыні «Старыя ліпы», «Да Адама Міцкевіча» і «Анёл-ахоўнік» (у арыгінале і ў беларускіх перакладах) з вялікім натхненнем прачытала маладая паэтэса і мастачка, рэдактар аддзела паэзіі часопіса «Маладосць» Аксана Ючкавіч.

У памяць аб тым, што ў свой час госцем салона Габрыэлі Пузыні бываў выбітны кампазітар нашага краю Станіслаў Манюшка, 200-годдзе з дня нараджэння якога ўрачыста адзначалася сёлета, прагучалі духоўныя арганныя творы кампазітара і п’есы іншых музыкаў ХІХ стагоддзя ў выкананні арганіста касцёла Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы ў Мінску Віктара Кісценя. Музычную частку імправізаванага «Салона Габрыэлі Пузыні» працягнуў непаўторны ў сваёй шчыра-спавядальнай манеры выканання бард Алесь Камоцкі. Некалькі спеваў уласнага сачынення на вершы вядомых беларускіх паэтаў выканаў кампазітар Аляксандр Віслаўскі ў дуэце з жонкай Аленай, тораваўшай яму на скрыпцы.

Свае вершы, якія годна працягваюць традыцыю хрысціянскай паэзіі ў сучаснасці, прачыталі пісьменніца, галоўны рэдактар часопісаў «Наша вера» і «Ave Maria» Хрысціна Лялько, а таксама паэтэса, кандыдат філалагічных навук, сталы аўтар «Нашай веры» Аксана Данільчык. Даследчыца культуры шляхецкіх сядзібаў і роду Агінскіх, музеязнаўца са Смаргоні Таццяна Кляшчонак прэзентавала буклет, прысвечаны Габрыэлі Пузыні, з новымі краязнаўчымі і радаводнымі матэрыяламі, якія ўзнаўляюць генеалагічныя сувязі Пузыняў і Швыкоўскіх — колішніх уладальнікаў не далёкага ад Гарадзілава маёнтка Беніцы. На заканчэнне хор Чырвонага касцёла св. Сымона і св. Алены «Cantus Cordis» пад мастацкім кіраўніцтвам Яніны Хвалько разам з прысутнымі ў касцёле праспяваў беларускі духоўны гімн «Магутны Божа».

Абраз Маці Божай Бялыніцкай і партрэт Габрыэлі Пузыні
мастака Алеся Пушкіна.

Цяпер кожны ў прыгожым дворыку касцёла Божага Цела ў Беразінскім (Гарадзілаве) на сцяне справа ад уваходу ў касцёл можа пабачыць новы мемарыяльны знак — яшчэ адзін сімвал нашай нацыянальнай памяці — зробленую з эстэтычным густам памятную дошку з выявай натхнёнай маладосцю і талентам Аўтаркі ў Імя Божае і словамі пра яе асобу.

Ушаноўваем таксама памяць пра нашу непаўторную ў сваёй сціпласці і боганатхнёнасці пісьменніцу публікацыяй новых перакладаў яе апавяданняў, якія, спадзяемся, знойдуць прыхільны водгук у сэрцах чытачоў «Нашай веры» не толькі праз распавяданыя ў іх кранальныя гісторыі жыцця герояў, але і праз зграбнасць мастацкай формы, натуральнасць і нязмушанасць дыялогаў, трапны дасціпны гумар, увагу да лёсу простых людзей, да якіх вытанчаная графіня ставілася з праўдзіваю евангелічнаю любоўю і павагаю.

Пераклады апавяданняў зроблены паводле наступных выданняў:

[Puzynina G.] Małe a prawdziwe opowiadania. Przez autorkę W Imię Boże. — Wilno, 1857 (Panna Р*).

[Puzynina G.] Proza i wiersze. Przez autorkę W Imię Boże. Tom II. — Wilno, 1857 («Cokolwiek o chłopkach»).

Выказваем асаблівую ўдзячнасць спадару Ежы Паровічу ў Варшаве — нашчадку даўніх уладальнікаў маёнтка Беніцы Швыкоўскіх, з архіву якога паходзіць парыжскае фота Габрыэлі Пузыні, за дазвол на яго выкарыстанне, а таксама спадару Пятру Карвэцкаму і спадарыні Таццяне Кляшчонак, праз якіх фотаздымак быў перададзены ўладальнікам у Беларусь, што зрабіла магчымым яго выкарыстанне ў гэтай публікацыі.

Ірына Багдановіч

Гл. таксама:
ГАБРЫЭЛЯ ПУЗЫНЯ :: ПАННА Р* ::
ГАБРЫЭЛЯ ПУЗЫНЯ :: КРЫХУ АБ СЯЛЯНАХ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY