|
|
№
4(90)/2019
Юбілеі
У святле Бібліі
Культура
Прэзентацыя
На кніжнай паліцы
Падзея
Культура
Асобы
Музыказнаўства
Антоні МІЛЕР
КАРОТКІ НАРЫС ПРА ЗАНЯПАД КАСЦЁЛЬНАЙ МУЗЫКІ Ў ЗАХОДНІХ ГУБЕРНЯХ ІМПЕРЫІ Ў ХІХ СТАГОДДЗІ Паэзія
Пераклады
Прэзентацыя
Спадчына
Нашы святыні
|
24 верасня гэтага года за пятнаццаць кіламетраў ад былой першай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага была ўрачыста асвечана адноўленая каталіцкая капліца даўняга роду Карповічаў — годны прыклад таго, як гісторыя пераплятаецца паміж прозвішчамі тытанаў беларуска-польскай культуры. Сямейная капліца роду Карповічаў знаходзіцца ў Наваградскім раёне. Менавіта некалі тут паміж вёскамі Валеўка і Радагошча мясцілася сядзіба Чамброў (Чамбрóва, Чóмбраў). Першымі вядомымі яе ўладальнікамі былі Трызны, Куханоўскія і Курчы герба «Радван». У ХVІІІ стагоддзі гэты маёнтак належаў роду Узлоўскіх, але апошні ўладальнік маёнтка павінен быў па суду аддаць Эляўтару Семірадзкаму (Eleutery Siemiradzki) тры вёскі — Нязнанава, Радагошча i Плахаў, якія існуюць і сёння. Аднак, не маючы ахвоты развітвацца са сваёй маёмасцю, Узлоўскі ўзбройвае сваіх сялянаў і дае адпор Семірадзкаму ды расейскім салдатам з Наваградскага гарнізону. Безумоўна, такі выбрык супраціву, пры тым адразу пасля паўстання 1830–1831 гадоў, быў бы асуджаны на дзесяццігоддзе сібірскай катаргі. Таму Казімір прадае Чомбраў, разлічваючыся грашыма, і па выніку яму прысуджаюць усяго некалькі гадоў у Баранавіцкай бастыліі, а спрэчны маёнтак набывае наваградскі адвакат Казімір Карповіч герба «Кораб». Менавіта ў часы валодання Чомбравам гэтым родам, а дакладней у 1896 годзе, і была пабудавана капліца. Род Карповічаў упершыню згадваецца ў 1503 годзе, калі першаму з вядомых продкаў, імя якому было Карп, кіеўскім князем была дадзена зямля. З кіеўскай зямлі Карповічы пераехалі ў Асоў, што пад Пінскам. Пра паходжанне роду можна смела гаварыць як пра шляхту з Русі (старажытная назва земляў Украіны). Безумоўна, напачатку род быў праваслаўны. Менавіта з гэтага роду паходзіць вядомы праваслаўны тэолаг пачатку ХVІІ стагоддзя Лявонці Карповіч — святы беларускай Праваслаўнай Царквы, у жыцці якога адбіліся рэлігійныя супярэчнасці таго часу; у ХVІІ стагоддзі ён узначальваў антыўніяцкае супрацьстаянне ў ВКЛ, а ў пачатку ХVІІІ стагоддзя Карповічы ўзвялі каталіцкую капліцу на могілках у Асове. Крыху пазней, у другой палове ХVІІІ стагоддзя, яны прыбылі ў Наваградак. У ХІХ стагоддзі яны лічыліся літоўцамі (у сэнсе жыхарамі Вялікага Княства), а ўжо ў ХХ стагоддзі яны вызначалі сябе палякамі.
Шмат звестак пра Чамброва, яго дом і парк змешчана ў кнізе Яна Булгака «Край дзіцячых гадоў», але мала каму вядома апісанне дома ў міжваенны час, зробленае стрыечным братам фатографа Яраславам Булгакам 23 верасня 1974 года. ...Перад намі паўстае панарама двара, да якога можна было заехаць праз алею з боку Валоўкі, з левага боку пакідаючы маленькі драўляны касцёл, збудаваны каля 1930 года дзякуючы старанням Марыі Карповіч. Дарога ішла па няроўнай мясцовасці. Сам фальварак стаяў на пагорку. Перад домам знаходзіўся традыцыйны стары газон, па баках — бярозы, кусты язміну, таполі. Гасцей па некалькіх прыступках перад уваходам у дом сустракалі чатыры калоны. Левы бок ганка парос дзікім вінаградам. Дом быў збудаваны на падмурку каля 1852 года з лістоўніцы. У сенцах на столі можна было пабачыць голуба — сімвал Святога Духа — драўлянага, узятага з касцёла дамініканаў, які быў аддадзены праваслаўнай царве ў Валоўках. У вугле знаходзілася печ з блакітна-зялёнай кафлі, старая шафа, буфет, куфры. Зварочваючы направа, госці траплялі ў сталовую: над старой канапай з чырвонага дрэва віселі два невялікія партрэты, падобныя да шлюбнага партрэта Курчаў, даўніх уладальнікаў Чамброва. Партрэты Казіміра і Бэнэдыкты Карповічаў былі папраўлены невядомым патрыётам 1863 года, які надаў ім акцэнт жалобы.... У пакоі знаходзілася печ з блакітна-зялёнай кафлі, шляхетнасць падкрэслівалі магутныя рогі лося. На сцяне бачны гадзіннік пачатку ХХ стагоддзя, а таксама некалькі партрэтных фатаграфій. Два акны атачаліся прыгожай формай васьмі шыбаў. Вокны такога малюнку былі ва ўсім доме... За сталовай знаходзіўся вуглавы пакой, гэта была спальня, адно акно якой выходзіла на газон, а другое на агарод, а значыць на поўнач. Другі вуглавы пакой быў з выхадам на ганак, акно там было большае, чым усюды... За сталовай знаходзілася маленькая зала ў зялёных колерах з двума вокнамі... На сцяне вісела копія вядомага абраза — святы Юры, зробленая Юльянам Карповічам, які закончыў мастацкія курсы ў Пецярбургу... Насупраць сенцаў знаходзілася вялікая зала, дзе насупраць увахода паміж вокнамі на сцяне вісеў вялікі жывапісны твор, намаляваны таксама Юльянам Карповічам. Стары жывапісны партрэт Міцкевіча... Яраслаў памятаў і нават першыя выданні твораў Міцкевіча...
Таксама ў зале знаходзіўся стары дыван, які вышываўся крыжыкам каля 10-ці гадоў прабабкай Паплаўскай. Цікава, што пасля паўстання 1863 года той дыван называлі «Аповесцю Семіраміды»: на ім былі некалькі постацяў у поўны рост ва ўсходніх строях. ... Наступны пакой быў кабінетам з пабеленай печчу, дзе знаходзілася калекцыя матылёў і жукоў. Калекцыя была адной з найбольшых у Польшчы, створаная Каралем Карповічам, які быў прыродаведам па адукацыі. Злева ад сенцаў знаходзіліся два покоі. Калідор вёў да прыбудоўкі — кухні і гаспадарчага пакоя. Таксама з калідора вяла лесвіца на другі паверх з двума пакоямі. Направа ад дома знаходзілася стылізаваная калонамі стайня. З левага боку была сушыльня сыроў. Безумоўна, можна ўявіць, як усё гэта атачаў сад з рознымі кветкамі: ірысамі і півонямі, кусты агрэсту і парэчак, бярозы і кусты язміну. На вялікі жаль, шмат чаго збурыў ураган 1927 года, асабліва было шкада 80 старых ліпаў... Паводле вядомых апісанняў, маёнтак да драбніцаў нагадваў слынны дом у самай знакамітай паэме ХІХ стагоддзя... Яшчэ да Карповічаў адміністратарам Язэпа Узлоўскага быў Матэвуш Маеўскі, а яго дачка Барбара Маеўская пазней змяніла прозвішча на Міцкевіч — яна была маці паэта Адама Міцкевіча. Жонка ж, Анэля з Вярэйскіх, была хроснаю маці Адама Міцкевіча. Сам Адам Міцкевіч лічыў Чамброў сваім другім домам і часта тут бываў. У кнізе «Спадчынніцы Сапліцова» (Dziedziczki soplicowa) нашчадак роду Карповічаў Югася (Joanna) Пухальская апісала гісторыю Чамброва і яго чарговых уладальнікаў. Выкарыстоўваючы сямейныя дакументы і адпаведнасць тапаграфіі рэльефу, яна даказала, што Чамброва — гэта прататып Сапліцова ў паэме «Пан Тадэвуш». Нават у 1928 годзе тут праходзілі здымкі фільма паводле знакамітай паэмы. У фільме невялікую ролю госця Суддзі сыграў Караль Карповіч, у сцэне, дзе Суддзя размаўляе з Рабакам на ганку, а Тадэвуш збіраецца па грыбы, сыграла ўнучка Караля, чатырохгадовая Зося.
Апошнімі ўладальнікамі Чамброва былі Караль Карповіч і ягоная жонка Марыля Паплаўшчынка (Паплаўская). У 1940 годзе Караль быў арыштаваны і асуджаны на восем гадоў катаргі як сацыяльна небяспечны элемент. Ён быў дастаўлены ў канцлагер Карабас пад Омскам. У жніўні 1941 года яго выпусцілі з лагера, і дасюль невядома, што з ім адбылося: ён бясследна знік, як і яшчэ адзін прадстаўнік роду. На ўрачыстасць асвячэння родавай капліцы прыехаў Ігнат Карповіч, унук Караля Карповіча, сын старэйшага сына Юзафа, які таксама быў арыштаваны НКВД, асуджаны, дэпартаваны і не вярнуўся. Пакалечаныя лёсы сем’яў пасля аб’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі 17 верасня 1939 года — гэта асобная частка беларускай трагедыі, якая да сённяшняга часу глыбока засыпаная попелам невядомасці і недагаворанасці. У 1945 годзе Марыя Паплаўская пакідае маёнтак (ужо спалены партызанамі 16 траўня 1943 года) і накіроўваецца ў Варшаву, дзе жыве ў доме сына Януша і нявесткі Марыі (дзядоў Югасі Пухальскай). Пасля пажару ад сядзібы засталіся толькі мураваныя склепы і высокія каменныя падмуркі.
Родавая капліца ў Чамброве ўзнікла значна пазней пасля Міцкевіча, але гэта адзіная захаваная частка маёнтка. Яна была ўзведзена ў 1896 годзе спадарыняй Каралінай з сям’і Булгакаў (цётка фатографа Яна Булгака), якая была жонкай Юльяна Карповіча, па заўчаснай смерці іх дзяцей — Казіміра і Казіміры. Архітэктурнае вырашэнне капліцы выканана на ўзор былой капліцы з фігурай Хрыста, які нясе свой крыж, каля мосту паміж вуліцамі Кальварыйскай і Велькамейскай у Вільні. Першым пахаваннем на прыдворных могілках, называных у той час мясцовасцю Гаік, стала пахаванне Канстанцыі, дачкі Казіміра, першай спадчынніцы з сям’і Карповічаў. Яна памерла 14 жніўня 1855 года. Вядома, што пры капліцы пахавана як мінімум 16 чалавек: Казімір Карповіч (уладальнік Чамброва), 1793–1864 (альбо пач. 1865). Бэнэдыкта Карповіч з Гаціскіх (жонка Казіміра), пам. 19.03.1858. Канстанцыя Карповіч (дачка Казіміра), 1837–14.08.1855. Алаіза фон Клюгэн з Карповічаў (дачка Казіміра), 1833–1861. Юльян Карповіч (сын Казіміра), 1831–1911. Караліна Карповіч з Булгакаў (жонка Юльяна), 1846–1905. Казімір Карповіч (сын Юльяна), памёр у дзяцінстве. Казіміра Карповіч (дачка Юльяна), памерла ў маладосці. Паўліна Карповіч з Вішнеўскіх (швагерка-браціха Казіміра; памерла 02.04.1899). Зоф’я Пятроўская з Карповічаў (дачка Паўліны), памерла 22.03.1911. Аляксандр Гаціскі (муж Юліі з Карповічаў), забіты бальшавікамі ў Міры ў 1919 годзе. Мар’ян Браноўскі (муж Марыі з Карповічаў), забіты бальшавікамі ў Міры ў 1919 годзе. Баляслаў Тарвід (настаўнік Юльяна Карповіча). Два савецкія салдаты, у 1944 ці 1945 гг. Адно дзіця з вёскі, пахаванае пасля вайны. На вялікі жаль, на сённяшні дзень засталіся толькі дзве пліты: адна — Караліны (фундатаркі капліцы), і (на дваіх) Паўліны Карповіч з Вішнеўскіх і Зоф’і Пятроўскай з Карповічаў. Вайна забірала ў людзей не толькі саміх людзей, але часам і іх душы, іх чалавечнасць. Некаторыя пліты былі скрадзеныя якраз пасля Другой сусветнай вайны, магілы раскапаныя, а косці скінутыя зверху. Менавіта дзядзька Югасі Пухальскай, Ігнацы, знайшоў могілкі ў такім стане заняпаду і раскрадання, калі прыязджаў сюды ў 1988 і 1989 гадах. Ён прывёў могілкі ў парадак, пахаваў косці, закапаў ямы. Сама капліца захавалася ў разбураным стане — ад яе засталася толькі частка былога архітэктурнага ансамбля.
Аднаўленне архітэктурнага аб’екта стала магчымым дзякуючы падтрымцы Рэспублікі Польшча і польскаму культурнаму фонду. Стварыць праект з гістарычнай дакладнасцю дапамаглі архіўныя матэрыялы і працы фатографа Яна Булгака. Сёння ў гэтым месцы можна ўбачыць рэшткі ліпавай алеі і невялікую каплічку, якая ў будучыні, бясспрэчна, будзе прыцягваць пілігрымаў па турыстычным маршруце «Шляхам Адама Міцкевіча». На ўрачыстасці аднаўлення сямейнай капліцы прысутнічалі прадстаўнікі ўладаў з абодвух бакоў: з Гародні прыехаў Генеральны консул Рэспублікі Польшча Яраслаў Ксёнжэк, асвячэнне капліцы здзейсніў ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Аляксандр Кашкевіч, які і ўзначаліў святую Імшу. Калі ў сённяшняга беларуса запытаць пра яго прадзедаў, то, хутчэй за ўсё, гісторыя будзе распавядана не далей як да трэцяга калена. Сям’я Карповічаў моцна трымаецца за сваё мінулае і ведае свой радавод на некалькі стагоддзяў углыб. На ўрачыстасці, акрамя Ігната Карповіча (які сёлета ў кастрычніку адзначыў сваё 90-годдзе) і яго родных, прысутнічаў таксама Богдан Булгак, які акамулюе культурную спадчыну свайго дзеда, «Нестара фатографіі» Яна Булгака, разам з кузынкай Югасяй Пухальскай, аўтаркай мноства артыкулаў і кніг, якая даследуе свой магутны шляхецкі род. Таксама трэба назваць імя Марыюша Карповіча, унука Караля, які нарадзіўся ў Чомбраве 19 ліпеня 1933 года і памёр у 2015 годзе. Марыюш Карповіч быў правадзейным сябрам Варшаўскага навуковага таварыства, акадэмікам Акадэміі Кліменціна і Акадэміі Міцкевічыяна ў Балоньі, ганаровым акадэмікам Інстытута мастацтва Ламбардыі ў Мілане. З захапленнем назіраючы, як нашчадкі роду Карповічаў рупяцца пра памяць сваіх продкаў на роднай Наваградчыне, думаеш пра тое, што трэба наведаць, вось проста адразу, не адкладаючы на лепшы вольны час, старэйшых прадстаўнікоў свайго роду і яшчэ раз распытаць пра ўласныя карані, пра сваіх далёкіх продкаў, лёсы якіх шмат у каго былі трагічна зламаныя, сямейныя сувязі абарваліся, і ўжо «ня ведаюць ўнукі, хто такія іх дзяды» (Якуб Колас), дзе мясціліся і як жылі нашыя прадзеды ў родавых гнёздах на нашай зямлі.
Фотаздымкі з сямейнага
|
|
|