Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(90)/2019
Юбілеі

«QUIS UT DEUS»

НЯХАЙ АДБУДЗЕЦЦА ВЯРТАННЕ

У ПІНСКУ ЎНЕБАЎЗЯТЫМ
У святле Бібліі
Культура
Прэзентацыя

«АД РЭНЕСАНСУ ДА БАРОКА»
На кніжнай паліцы

ДУХ ХРЫСТА І ДУХ АНТЫХРЫСТА
Падзея

У БОГА НЯМА ВЫПАДКОВАСЦЯЎ

УЗАЕМНАСЦЬ
Культура

КУДЫ ВЯДЗЕ РАДАВОД?
Асобы
Музыказнаўства
Паэзія

ВЕРШЫ

ПАВОДЛЕ...
Пераклады

ДЗЯЎЧЫНА З РОДАСА
Прэзентацыя

«АЛЬБОМ ДЛЯ ЦЁТКІ МАРЫЛІ»
Спадчына

«СА МНОЮ, БОЖА, БУДЗЬ...»

ПАННА Р*
Нашы святыні

Валеры БУЙВАЛ

НЕЗАБЫЎНЫ ДЗЕНЬ, СВЯТЫЯ ВОБРАЗЫ




Галерэя - дадатак да артыкула

У Вільню мы прыехалі 21 лістапада, напярэдадні развітальных падзеяў. Паспелі нават убачыць рэпетыцыю ўрачыстай цырымоніі войскаў Літвы і Польшчы на плошчы перад катэдрай. Горад жыў сваім звыклым вечаровым жыццём... Нас не пакідала трывожная думка: як усё будзе, ці прыедуць беларусы, колькі іх будзе? З гэтай думкай на наступны дзень раніцою мы ішлі да катэдры. Перад фасадам катэдры ўжо сшыхтаваліся двума шэрагамі ўдзельнікі польскіх гістарычных клубаў у вобразах касінераў Паўстання. Беларусы невялічкай купкай туліліся за вежай-званіцай катэдры. Больш нікога не было. Мы туліцца не сталі, а пачалі пасярод плошчы разгортваць бел-чырвона-белыя сцягі. Тут аркестр зайграў марш і на пустую плошчу выйшлі вялікія шыхты ганаровай варты з прымкнутымі штыкамі. Беларусы адразу ажывіліся і шыхтом пад нацыянальнымі сцягамі сталі насупраць.

Жаўнеры пачалі выносіць з Ніжняга замка (ён прымыкае да катэдры) труны з парэшткамі герояў. Святых пакутнікаў сустрэлі беларусы пад бел-чырвона-белымі сцягамі. Калі жаўнеры з трунамі абышлі плошчу і пачалі накіроўвацца ў катэдру паміж двума шэрагамі касінераў, беларусы перайшлі туды і сталі за касінерамі, узняўшы сцягі. Мы з Язэпам Янушкевічам, нашым славутым літаратуразнаўцам, трымалі вялікі Сцяг над гэтай Via Dolorosa. Калі першая труна — Кастуся Каліноўскага — наблізілася да нас, раптам у плечы ўсім нам ударыў вецер. Сцягі залапаталі, а наш з Язэпам сарваўся, як жывая птушка, узляцеў у вышыню, а потым апусціўся на брук проста перад труной Каліноўскага. Мы збянтэжыліся, але людзі падхапілі Сцяг з бруку і аддалі яго мне. І тут мы зразумелі, што сталіся сведкамі Божага цуду. З вачэй пакаціліся слёзы, сэрцы сціснуліся…

А гэта быў толькі пачатак вялікага дня беларускага трыумфу. Калі жаўнеры паставілі труны перад алтаром, быў адкрыты доступ у храм для развітання з палеглымі героямі. Людзей перад катэдрай усё яшчэ было зусім няшмат. Мы ўвайшлі ў бочную наву сярод першых пілігрымаў, прайшлі перад шыхтом трунаў, пакланіліся ім. Я зноў вярнуўся ў катэдру і сеў на лаву пад мурамі бочнай навы, адкрытай для праходу людзей да алтара і трунаў. І раптам нава імкліва напоўнілася пілігрымамі, многія неслі бел-чырвона-белыя сцягі, ішлі з дзецьмі, цэлымі сем’ямі, было шмат моладзі. Стала зразумела, што з Беларусі пачынаюць прыбываць аўтобусы і цягнікі. На працягу дзвюх з паловай гадзінаў маўклівай плынню беларусы ішлі развітацца са сваімі героямі. Час ад часу я пытаў людзей, адкуль яны. Прыехала амаль уся беларуская Беларусь. Каля 12:00 развітанне скончылася і ў катэдру запрасілі дзяржаўных асобаў, прадстаўнікоў грамадства на жалобную Імшу.

Скарыстаўшы перапынак у цырымоніі, мы пайшлі па праспекце Гедыміна. Працоўны дзень, мясцовых жыхароў на вуліцах — мінімум. Паўсюль — беларусы, паўсюль — нашы сцягі, нават у кавярнях, дзе абслуга ахвотна пераходзіла на беларускую мову. Адбываліся цікавыя, нечаканыя сустрэчы. Я пазнаёміўся з беластоцкай пісьменніцай і журналісткай «Нівы» Ганнай Кандрацюк. Паразмаўлялі, падзяліліся ўражаннямі, я нават заслужыў падарунак — апошнюю кнігу Ганны «Па Прыпяці па Нобэль» з аўтарскай дэдыкацыяй, а для маёй Стэфкі тут жа за сталом аформілі падпіску на «Ніву».

Калі мы вярнуліся на плошчу, там людзі ўжо сабраліся каля вялікага экрана, на якім дэманстраваліся выступленні літоўцаў, палякаў і беларусаў. Людзі вельмі прыязна ўспрынялі пастырскае слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які прамаўляў як сапраўдны прадстаўнік беларускага народа.

Юрась Беленькі, які быў на цырымоніі, распавядаў потым, што дзякуючы цудоўнай акустыцы ў прасторы катэдры ўсім было вельмі выразна чуваць, як рэагуюць за мурамі беларусы, як яны выгукваюць «Жыве Беларусь!».

Я раз-пораз углядаўся ў неба, чакаючы снегу ад шэрага вэлюма хмараў. І вось зноў расчыніліся масіўныя дзверы катэдры, пачаўся наступны этап жалобнай цырымоніі. Як толькі жаўнеры пачалі выносіць з катэдры труну Каліноўскага, я зноў зірнуў у неба. У гэтае імгненне сонца разарвала хмары і заліло Вільню залатым святлом… Гэта быў другі Божы знак у той дзень. Яго заўважылі людзі, з якімі я размаўляў потым. Адна за адной труны з парэшткамі герояў выплывалі з храма на плячах жаўнераў. Сонца іскрамі зіхацела на штыках ганаровай варты. Сухім рытмічным гукам азваліся барабаны. Званы катэдры загулі аглушальнымі галасамі… Беларускае мора на плошчы хвалямі бел-чырвона-белых сцягоў рушыла ўслед за трунамі і шыхтамі літоўскага і польскага войскаў, ператвараючыся ў магутную плынь на бруку вуліц старой Вільні...

У той дзень мяне ўразіла высокая палітычная культура, сапраўдная салідарнасць, нацыянальная і чалавечая, якую праявілі больш за 10 тысяч нашых суайчыннікаў. Сцяг Езуса Хрыста запанаваў над Вільняй. Тысячы беларусаў адчувалі сябе вялікай згуртаванай сям’ёй, Народам. Незнаёмыя людзі прыязна размаўлялі між сабой, дапамагалі адзін адному. Уразіла сур’ёзнасць дзяцей, малых удзельнікаў шэсця. Беларусы з павагай ставіліся да палякаў і літоўцаў, што крочылі разам з намі, а тыя глядзелі неяк здзіўлена — мабыць, не чакалі такога нацыянальнага ўздыму ад беларусаў.

Перад Вострай Брамай шэсце спынілася на кароткую малітву. Праз шырокую шыбу надбрамнай капліцы быў бачны абраз Маці Божай Вастрабрамскай. Мы пачулі беларускія рэлігійныя гімны (з Менску прыехаў касцёльны хор). Убачыць маштабы шэсця стала магчыма толькі тады, калі мы выйшлі на шырокую дарогу, якая вядзе на могілкі Росы. Шэсце пад бел-чырвона-белымі сцягамі расцягнулася больш чым на кіламетр.

Людзі цярпліва стаялі перад брамай Росаў і на вялізным экране бачылі цырымонію адпявання і пахавання герояў. Урачыстасць суправаджалася прыгожымі грыгарыянскімі спевамі літоўскага хору. Усе адчувалі вялікую ўдзячнасць кіраўніцтву Літвы, якое выдатна арганізавала жалобныя мерапрыемствы, усім, хто спрычыніўся да клопату аб парадку і бяспецы, жаўнерам і афіцэрам войскаў Літвы і Польшчы.

Зразумела, беларусам яшчэ трэба будзе навучыцца маліцца разам, спяваць свае песні і гімны так, як гэта ўмеюць рабіць суседнія народы, але святыя душы нашых герояў у гэты дзень злучылі нас усіх і натхнілі на далейшае змаганне за Беларусь — змаганне да перамогі. Упэўнены, што патрыёты будуць з гонарам распавядаць і праз многія гады: «Я быў на развітанні з Кастусём Каліноўскім і героямі Паўстання. Я ішоў пад бел-чырвона-белымі сцягамі. Я чуў магутны покліч над Вільняй — «Жыве Беларусь!».

...У той дзень у Вільні многія людзі гаварылі пра неверагоднасць падзеі, у якой яны бяруць удзел. Паўстанне, Каліноўскі, героі — усё гэта здавалася такім далёкім, для некаторых — даўно прачытанай старонкай нашага нацыянальнага летапісу. І вось містычным чынам мы — праз 155 гадоў (!) — усёй людской масай уступілі на сцэну гісторыі і сталі побач з беларускімі пакутнікамі, якія выйшлі з магілы. Ды не з магілы — з жахлівай катавай ямы, куды лютыя ворагі кінулі іхнія целы з упэўненасцю, што цяпер ужо закіданы магільнай зямлёй беларускі дух. Але з Божай ласкі сталася інакш: Дух несмяротны, і беларуская Паходня Свабоды не згасла, яе прынялі новыя пакаленні.

...Вяртаючыся да пачаткаў свайго жыцця, я намагаўся згадаць, калі ўпершыню пачуў імя Кастуся Каліноўскага, якую першую яго выяву ўбачыў, калі даведаўся пра Паўстанне 1863–1864 гадоў. Імя героя і тэма Паўстання не былі забароненымі ў савецкі перыяд. Шмат у чым тут дапамагло знаёмства нашага рэвалюцыйнага лідара з расейскім дэмакратам М. Чарнышэўскім (абодва яны пісалі пра «сякеру народнай вайны»). Пэўным чынам тагачасныя «гаспадары Беларусі» спрабавалі ўключыць Каліноўскага ў сваю ідэалагічную схему і нават намякнуць, што з’яўляюцца ягонымі паслядоўнікамі. У нас, ва Усходняй Беларусі, на Гомельшчыне, па аб’ектыўных прычынах не было жывой народнай памяці пра Паўстанне. У народаў, дзе жыве памяць пра змаганне, перамогі, нацыянальныя драмы і герояў, пра гэта спяваюць маці над калыскамі, дзяды распавядаюць дзецям — нават таемна. Упершыню пра Каліноўскага нам распавялі настаўнікі ў рускамоўнай школе, паказалі на старонцы падручніка знакаміты фотаздымак Кастуся, выкананы ў 1862 годзе ў скампанаваным інтэр’еры віленскай фотастудыі. Як напісаў пра гэтыя фотапартрэты паўстанцаў Язэп Янушкевіч: «Амаль усе абліччы на фотаздымках перадаюць настрой карцін „сармацкага партрэту“ і стылю рамантызму»1. Тады, зразумела, мы, дзеці, не маглі ўсвядоміць усёй значнасці гэтага фота і постаці гэтага героя ў гісторыі народа. Ніхто нам гэта і не тлумачыў.

Місію сапраўднага настаўніка ўзяло на сябе наша нацыянальнае мастацтва. Для мяне ідэальным увасабленнем вобраза Кастуся Каліноўскага з’яўляецца лінарыт Міколы Купавы 1976 года. Гэта той выпадак, калі графічны твор камерных памераў набывае значэнне манумента, асабліва ў нашых варунках, пры амаль поўнай адсутнасці помнікаў правадыру і героям Паўстання на нашай зямлі. Угледзьцеся ў гэты аркуш. Якая моц і энергія духу сканцэнтраваныя ў ім! Я ведаю, як майстры працуюць над лінарытам, але тут не магу і не хачу пазбавіцца ад нештодзённага адчування: фігура Кастуся нібы высечаная з граніту. Кожны штрых — як удар разца скульптара. З цяжкай цемры магія белага штрыха матэрыялізуе постаць героя. Глухую чарнату гоніць прэч святло — тое святло Божай хвалы, якое мы ўбачылі ў Вільні, калі пасля Імшы з катэдры выносілі труны нашых пакутнікаў. Калі б несправядлівасцю лёсу з творчай спадчыны Міколы Купавы застаўся толькі адзін гэты лінарыт (як адзіны верш Паўлюка Багрыма), то і тады імя мастака засталося б у аналах мастацкай беларускай класікі. Але мастак ніколі не пакідаў тэму Паўстання. У 1977 годзе ён стварыў лінарыт «Кастусь Каліноўскі. На пачатку». З папярэднім творам атрымаўся б выдатны графічны дыптых. Мастак некалькі разоў выстаўляў гэтыя работы разам, дадаючы да іх яшчэ кампазіцыю 1977 года, выкананую ў колеры. На мой погляд, трэба было захаваць манахромію дыптыха, якая найбольш выяўляе непаўторную прыроду мастацтва графікі. Распавядаючы пра пачатак, станаўленне асобы рэвалюцыянера, мастак карыстаецца лапідарнымі сродкамі, ягоная графічная мова строгая па стылі. Мастаком паказана крыніца святла — лямпа са свечкай з яе геаметрычна зладжаным арэолам, сатканым з праменняў. Рашучы паварот галавы Кастуся, энергічна сціснутая правая рука і левая, што трымае аркуш, — усё гэта перадае момант прыняцця важнага рашэння. Правадыр народа перайшоў беларускі Рубікон, і шляху назад быць не можа. Старонка «Мужыцкай праўды» набывае ў кампазіцыі лінарыта сакральны сэнс выявы кнігі і скрутку ў хрысціянскім мастацтве — сімвал Слова.

І зноў «Мужыцкая праўда» — своеасаблівы катэхізіс нашага нацыянальнага адраджэння. Выдатны майстар беларускага мастацтва плаката Уладзімір Крукоўскі ва ўмовах савецкага таталітарызму, у 1982 годзе, нагадаў грамадству пра ўгодкі рэвалюцыйнага выдання. Плакат «1862. 120 гадоў „Мужыцкай праўдзе“» — адзін з шэдэўраў нашай мастацкай культуры. Тэкст звароту Каліноўскага да народа, выдадзены ў 1980-я гады на рускай мове (як здзек ці што?) выкладзены ў арыгінале — лацінкай — на чырвоным фоне, у якім адлюстроўваецца драма Паўстання, афарбаваная полымем і крывёю. Мастак узбагачае кампазіцыю сілуэтнай выявай Кастуся Каліноўскага (з ягонага вядомага фотапартрэта), і твор набывае закончаную гармонію і вобразную сілу...

Настане час, і серыі плакатаў Уладзіміра Крукоўскага, лінарыты Міколы Купавы і іншыя таленавітыя творы на тэму Паўстання будуць упрыгожваць залы дзяржаўных будынкаў і навучальных установаў, вісець у дамах грамадзянаў. Гэтыя творы стануць часткай беларускага жыцця, а ў прасторы нашых гарадоў і мястэчак скажуць сваё слова скульптары. Пакуль што больш за 60 гадоў адзіным помнікам Кастусю Каліноўскаму ў нашай краіне застаецца бюст у Свіслачы работы Заіра Азгура (1958). Вядома, што савецкі класік ляпіў усё запар: і леніных-сталіных, і дзяржынскіх з калгаснікамі, але ёсць у ягонай творчасці некалькі работ, дзе яму ўдалося раскрыць беларускую душу. Сярод іх вядомы ў некалькіх варыянтах бюст Каліноўскага, у якім створаны рамантычны, узнёслы вобраз юнака, будучага нацыянальнага лідара Паўстання.

Асэнсаванне таго, чаму мы сталіся сведкамі і ўдзельнікамі ў Вільні, прыходзіць не адразу. Для творцаў, патрыётаў, для мільёнаў беларусаў настае новы этап нашай гісторыі.

Валеры Буйвал

Гл. таксама:
АРЦЫБІСКУП ТАДЭВУШ КАНДРУСЕВІЧ :: У БОГА НЯМА ВЫПАДКОВАСЦЯЎ ::
ІРЫНА БАГДАНОВІЧ :: УЗАЕМНАСЦЬ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY