Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(90)/2019
Юбілеі

«QUIS UT DEUS»

НЯХАЙ АДБУДЗЕЦЦА ВЯРТАННЕ

У ПІНСКУ ЎНЕБАЎЗЯТЫМ
У святле Бібліі
Культура
Прэзентацыя

«АД РЭНЕСАНСУ ДА БАРОКА»
На кніжнай паліцы

ДУХ ХРЫСТА І ДУХ АНТЫХРЫСТА
Падзея

У БОГА НЯМА ВЫПАДКОВАСЦЯЎ

УЗАЕМНАСЦЬ
Культура

КУДЫ ВЯДЗЕ РАДАВОД?
Асобы
Музыказнаўства
Паэзія

ВЕРШЫ

ПАВОДЛЕ...
Пераклады

ДЗЯЎЧЫНА З РОДАСА
Прэзентацыя

«АЛЬБОМ ДЛЯ ЦЁТКІ МАРЫЛІ»
Спадчына

«СА МНОЮ, БОЖА, БУДЗЬ...»

ПАННА Р*
Нашы святыні

Зося БАРАНОЎСКАЯ

«АЛЬБОМ ДЛЯ ЦЁТКІ МАРЫЛІ»

Пра кнігу выбраных твораў Марыі Вайцяшонак (Мінск, выд. «Логвінаў», 2019)

Фармат гэтай кнігі спачатку збянтэжыў, але, узяўшы яе ў рукі, прачытаўшы на вокладцы слова «альбом», я імгненна падумала пра яго як пра ўдалую знаходку аўтаркі: так, старыя класічныя фотаальбомы, у якія са стараннаю любоўю збіраліся самыя розныя фотаздымкі з усяго жыцця, маюць менавіта такі фармат, і аўтарка кнігі з уласцівым ёй густам у афармленні і ўвагаю да зместу і гэтым фарматам, і афармленнем кнігі, і яе зместам падкрэсліла, што ў «Альбоме...» сабранае яе творчае жыццё, яе няспынны роздум пра яго і пра тых, каго сам Бог расставіў на яе шляхах і сцежках — пра родных, крэўных, як цётка Марыля, якой прысвечана кніга, і пра тых, хто стаў духоўна роднымі, замяніўшы ёй сям’ю і нават зрабіўшы яе вялікаю. Роздум увасоблены ў самой вокладцы кнігі, дзе змешчаны чорна-белы фотаздымак аўтаркі: яна, маладая і ўжо такая сталая і мудрая, схіліўшы ў пакоры галаву, сядзіць на парозе хаты, у якую прыадчыненыя дзверы — уваходзьце, зазірніце, падумайце разам: нашы жы2цці ў савецкай і постсавецкай прасторы ў многім падобныя, і ўсе ж такі нямногім (магчыма, абраным, якіх можна сапраўды выпрабоўваць) сам Божы Провід складаў адметную біяграфію, фармуючы адметнасць асобы і творчасці. Пра тое, як складвалася яе біяграфія, Марыя Вайцяшонак расказвае сама ва ўступе да кнігі, які яна назвала гісторыяй аднаго маленства — свайго маленства. «От нашего поместья... От нашего дома остались одни камни. Но я слышу их тепло...» Пэўна ж, менавіта гэтае «тепло», якое людзі пакідаюць на каменнях, і трымала яе ў жыцці і ў творчасці — сагравала, давала сілы, вучыла цярплівасці. «Если Бог дал, то он знал, кому давать. Страдание меня вырастило... Это моё творчество... Моя молитва», — шчыра прызнаецца пісьменніца. «Мне больно, но это — моё. <...> Взять страдание в свои руки, обладать им полностью и выйти из него, что-то оттуда вынести. Это такая победа, только в этом есть смысл». Думаю, што чытачам каталіцкага часопіса дастаткова гэтага цытавання, каб зразумець хрысціянскую пазіцыю аўтаркі, яе цвёрдае перакананне ў тым, што трэба ісці ўслед за Хрыстом, узяўшы ў рукі сваю пакуту, каб зрабіць з яе перамогу — найперш над сабою, не шкадуючы «сваёй шкуркі», як гаворыць адна мая прыяцелька, не крыўдуючы на сваю біяграфію. І, напэўна таму, гэтая кніга так светла ўкладзеная, і можна сказаць, што гэта яшчэ і кніга падзяка — Богу і людзям, і пачынаецца яна раздзелам празаічных твораў, аб’яднаных светлаю назваю — «Сад нявіннасці», і сад у Марыі Вайцяшонак — таксама частка чалавечага цяпла, частка дому, радзімы, а ў слове «нявіннасць» закладзена хрысціянскае жаданне не мець правінаў перад людзьмі і дароўваць усім, хто пажыццёва дзеліцца з табою сваім неацэнным цяплом. І ўся кніга ўкладзеная гэтак, як укладаецца наша жыццё: проза і паэзія, але проза пісьменніцы далёка не заземленая, хоць і населеная зямнымі людзьмі, — усё ў гэтай прозе і ў яе героях цесна і шчыльна, прыгожа і ўсяляк пераплятаецца, як усё пераплятаецца ў садзе, і таму другі раздзел кнігі названы аўтаркаю сімвалічным і шматзначным словам «Кола», і ёсць там шчымліва-шчырае апавяданне «Мы з аднаго поля», назва якога такая ж змястоўная, значная, як і сам аповед, бо яна, назва, тычыцца не толькі вяскоўцаў, якія памятаюць цябе малою і праз гады пазнаюць дарослаю, але і ўсіх нас — адзінай Божай тканкі. Марыі Вайцяшонак увогуле ўласціва праз простыя рэчы ўзнімацца да важных агульначалавечых абагульненняў. Дом, сад, поле, вёска — здаецца, вось тое кола, у якім замкнёнае жыццё, але ў ім, па-над ім ёсць галоўнае, укладзенае у простыя радкі: «Божа, мой Божа, // дзе Цябе болей, // як не ў гэтым полі. // Ці ў маім садзе». Хрысціянства Марыі Вайцяшонак натуральнае, не святочна-паказное, бо найскладанейшая запаведзь любові да бліжняга (у тым ліку да «братоў нашых меншых») фармавалася яе горкім дзяцінствам, якое само вучыла спачуванню, спагадзе, любові, дараванню, прыманню. Беднасць яна называе святою і найперш спяшаецца да галодных жабракоў — і ў жыцці, і ў вершах: «Іду да жабракоў // ля царквы прычашчацца, // каб не забыцца, // як падораная луста хлеба наскрозь свеціцца, //як пахне начлег саламяны ў хлеве, // да старой жабрачкі, бы да Святой Дзевы, // іду прычашчацца. // Спяшаюся, каб не застацца без мінулага, // якое мне даражэй за будучае». Яе вершы ў гэтай кнізе, укладзеныя са зборнікаў «Серпень», «Асадніца», «Сонцаварот», «Гняздо агню», «Тварам да зімы», — нібы працяг яе прозы, бо ў іх жывуць тыя ж вобразы (зямля, сад, гасцінец, вёска, поле) і пануюць тыя ж стыхіі (дождж, гром, навальніца, агонь, сонца, лясныя травы, птушкі), «і след босы на снезе // побач з сабачым, птушыным», вядома ж, яе... А яшчэ ў яе вершах ёсць анёл, для якога яна ноччу побач са сваім ложкам ставіць пустое крэсла — «мы абое з ім заснём // на начной варце»...

Як і належыць жанру альбома, кніга напоўненая вершамі-прысвячэннямі: цётцы Марыльцы, Уладзіміру Арлову, Валянціне Аксак, Леаніду Галубовічу, Алесю Разанаву, Хрысціне Лялько, Вользе Бабковай, Наталцы Бабінай — вядомым у культурнай прасторы Беларусі, духоўна блізкім. Біяграфічны маналог да кнігі быў змешчаны ў кнізе Святланы Алексіевіч «Время Second Hand», а пасляслоўе напісаў даўні сябра Марыі Вайцяшонак, вядомы паэт, таленавіты літаратурны крытык Леанід Галубовіч, які вычарпальна-поўна, шчодра і цёпла піша пра яе творчасць у апошнія гады. «Кожны паэтычны зборнік М. Вайцяшонак, — гаворыць Л. Галубовіч, — узводзіцца як зруб, і паступова ўладжваецца, як дом. Безумоўна, у ім ёсць шараговыя рэчы, але, дзіўным чынам, яны не выпадаюць з агульнай будовы, больш за тое, іх нельга назваць неабавязковымі, паколькі яны закладзены ў фундамент кніжкі, у яе сцены, перакрыцці, кроквы, ашалёўку, комін, дымаход... Няхай нават замест гожага ганка ў ім просты парог — палявы альбо лясны, вялікі, пашчэрблены і нацёрты нагамі камень... Бо толькі паэт ведае, што

маўчанне
каменя
побач з намі
змястоўней
нашае
размовы».

Варта сказаць і пра фотаздымкі ў «Альбоме для цёткі Марылі». Ні пад адным з іх няма даты, але па іх лёгка і сумна распазнаецца час, у якім жыла краіна і яе цярплівыя людзі — у іх твары з адбіткам часу. У іх адзенні, жэстах, паставах, пакорліва складзеных руках захаваная годнасць, вера, надзея, любоў. Усе яны жылі «тварам да зімы» — больш гатовыя да цяжкіх выпрабаванняў, чым да раптоўнага шчасця. І тут я адзначыла вартую павагі яшчэ адну ўласцівасць аўтаркі «Альбома...»: яна можа ў нечым памыляцца, сумнявацца, спрачацца, сварыцца, але яна, па-мойму, ніколі не хлусіць. Ні ў чым. Вось і фотаздымкі, сабраныя ёю для кнігі, непрыхарошаныя, неадрэтушаваныя, не апрацаваныя мастацкімі і тэхнічнымі рэдактарамі — шэра-белыя, з пераважна жорсткаю прозаю, праўдаю жыцця (труна, пахаванне) і жаданнем ва ўсіх яго варунках заставацца людзьмі (проста апрануць лепшае для сямейнага фота і быць самімі сабою перад фотааб’ектывам)...

Вядома, кожны зборнік выбраных твораў — гэта пэўнае падсумаванне, у якім збіраюцца і сума творчасці і... сум. Пажадаем жа аўтарцы, якая не баіцца жыць «тварам да зімы», доўгага вячэрняга святла і новых твораў.

Зося Бараноўская


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY