Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(90)/2019
Юбілеі

«QUIS UT DEUS»

НЯХАЙ АДБУДЗЕЦЦА ВЯРТАННЕ

У ПІНСКУ ЎНЕБАЎЗЯТЫМ
У святле Бібліі
Культура
Прэзентацыя

«АД РЭНЕСАНСУ ДА БАРОКА»
На кніжнай паліцы

ДУХ ХРЫСТА І ДУХ АНТЫХРЫСТА
Падзея

У БОГА НЯМА ВЫПАДКОВАСЦЯЎ

УЗАЕМНАСЦЬ
Культура

КУДЫ ВЯДЗЕ РАДАВОД?
Асобы
Музыказнаўства
Паэзія

ВЕРШЫ

ПАВОДЛЕ...
Пераклады

ДЗЯЎЧЫНА З РОДАСА
Прэзентацыя

«АЛЬБОМ ДЛЯ ЦЁТКІ МАРЫЛІ»
Спадчына

«СА МНОЮ, БОЖА, БУДЗЬ...»

ПАННА Р*
Нашы святыні

Ала КЛЕМЯНОК

ПАВОДЛЕ...

***

Місія мая на гэтым свеце —
звязам быць у ланцужку жыцця,
і служу я не высокай мэце,
я — вышыняў сціплае дзіця.
Я — зямное пераўвасабленне
мар, памылак і надзей Тварца,
ёсць інтрыга ў маім з’яўленні,
у маіх пакутах без канца,
у настойлівым супрацьстаянні
сквапнасці і хцівасці зямной.
Божа, дай мне сіл на пакаянне,
задаволь любоўю Ты сваёй.

***

Шукайце Ісціну, а не яе праекцыю,
адлюстраваную праз недакладны зрок,
зашмальцаваную лухтой пустой патэтыкі.
Шукайце Ісціну — яна жыцця выток!
У шлях няходжаны хай паспрыяе выйсці вам,
каб на адлегласці пабачыць грані ўсе,
бо праўда нечая — яна яшчэ не Ісціна,
і крыўда нечая — яна не ўсіх гняце.
Ды ёсць агульнае, што ўсім нам Богам дадзена:
жыццё шматграннае, любоў і прага быць.
Шукайце Ісціну, яна ў душы закладзена,
не дайце ворагу святло душы згасіць.

Стаў

Артуру Цяжкаму

На цвінтары касцёла Божай Маці
гармонія, якую ты шукаў,
над дрэвамі, нібыта поўсць ягняці,
плывуць аблокі ў небе,
што як стаў;
ставок маленькі з цёплаю вадою,
дзе так прыемна ногі памачыць
і піць туману водар сырадойны,
і сэрца набалелае лячыць.

Але нябесны стаў такі халодны,
як шыбы мутных гарадскіх вітрын.
Што адчуваецца душы свабоднай,
тваёй душы,
ты ж — хутаранскі сын?
Ідылію лугоў, бароў, разораў,
гаворкі простай ў хаце за сталом,
на даматканых посцілках узоры —
пад новым небам ці знайшоў свой дом?

Перакуліўся свет, перамяніўся,
дзічэюць вёскі, вымірае люд.
Ты не прарок,
але прароцтвам збыўся
аповедаў тваіх сухі прысуд.
А што нам засталося? Водар мяты,
блакіт дажджоў ды прыдарожны крыж,
і томік твой зачытаны, памяты,
і памяць, што заўжды прыходзіць звыш.

***

Не спяшайся, дворнік, вычышчаць
пацалункі восені з асфальта,
дыванком няхай гараць страката,
развітальнай пекнатой крычаць.
Хай таму, хто нас не дакахаў,
бо шукаў сабе прасцейшай долі,
стане неўрадлівым тое поле,
на якім дарэмна ён араў.
А для нас і шэранькі асфальт
расквітнее золатам лістоты,
тратуараў шэрая самота,
магістраляў бэжавы базальт
зазіхцяць шматколернай ракой,
Млечным Шляхам у свячэнні зорным.
Не спяшайся, дворнік. Дай пакорным
маляўнічы восеньскі спакой.

Душа

Цела — толькі кокан для душы,
дзе яна памалу выспявае:
мітусіцца, плача ці спявае,
ахвяруе, моліцца, грашыць.
Не душа — прыгожы твар ці стаць,
не душа — ні грацыя, ні погляд.
Ёй патрэбны вельмі пільны догляд,
каб умела верыць і лятаць.
Не імкніся ў шчылінах вачэй
адшукаць душы няспелай блікі,
хоць у ёй увесь Сусвет вялікі
замаўляў адбітак свой ярчэй,
разнастайней, чым галактык свет.
Але не паспееш міргнуць вокам,
выспеўшы, душа пакіне кокан,
і раскошу забярэ Сусвет.

***

Як геніяльна закруціў сюжэт
жыцця зямнога неўміручы Творца,
дзесяціпунктны даўшы запавет,
у сэрцы кожным запаліўшы сонца!
І кожны сам сабе тут гаспадар,
і нават мае выбар з варыянтаў.
Чаму ж глядзіць з дакорам Уладар
на лёсаў бесталанных фаліянты?

Чаму ж замест сцяжынак ці дарог
мы выбіраем толькі бураломы?
Нам розум даў усёмагутны Бог,
а мы знайсці не можам шлях дадому.

Імкнемся быць багамі на зямлі,
а ў неба шлях грахамі замялі…

Мова

Маёй душы магутныя вібрацыі
за краты залатыя з мудрых слоў
загоняць стылістычныя навацыі,
а мова нашая ствараецца наноў…
Не прымітыўная, не простая — тутэйшая,
з русізмаў, з паланізмаў, нібы слэнг
каржакаватая,
а для мяне — найлепшая,
нібы з крышталікаў калядны снег.

***

Я ствару ў вялікім свеце
свой маленькі свет справядлівы,
там шчаслівымі будуць дзеці
і не будзе месца зласлівым.
Там не будзе месца хваробам,
здрадам, хцівасці, войнам, болю.
Наталю я паветра Богам,
каб адчула душа смак волі.
Свой утульны свет я аздоблю
дыяментамі зорак вясновых
і раздам натхненне па кроплі
для радкоў вершаваных новых.
Захіну я мой свет любоўю —
наймацнейшым шыхтом ад згубы,
каб пад сонейкам і пад поўняй
гімн жыццю гралі медныя трубы.

***

Малюся моўчкі,
думкамі малюся,
і не таму, што крыўдамі даўлюся,
і не таму, што слёзы засцяць вочы,
малюся, плачу і смяюся моўчкі…
Я супраць
фанатычнага экстазу,
я супраць істэрычнага паказу.
Мяне пачуе, Хто па-над усімі,
мяне пабачыць Яго позірк сіні.
Яго далоні да мяне прасцяты,
душа мая Яго святлом працята.
Калядным снегам сыплецца ў сутонні
нябёсаў ласка мудрасцю на скроні.
Ніхто маёй малітвы не пачуе,
апроч Таго, Хто лёс мой апякуе.
Няхай крычаць заўзятыя клікушы…
Малітвам трэба неба, а не вушы.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY