Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(90)/2019
Юбілеі

«QUIS UT DEUS»

НЯХАЙ АДБУДЗЕЦЦА ВЯРТАННЕ

У ПІНСКУ ЎНЕБАЎЗЯТЫМ
У святле Бібліі
Культура
Прэзентацыя

«АД РЭНЕСАНСУ ДА БАРОКА»
На кніжнай паліцы

ДУХ ХРЫСТА І ДУХ АНТЫХРЫСТА
Падзея

У БОГА НЯМА ВЫПАДКОВАСЦЯЎ

УЗАЕМНАСЦЬ
Культура

КУДЫ ВЯДЗЕ РАДАВОД?
Асобы
Музыказнаўства
Паэзія

ВЕРШЫ

ПАВОДЛЕ...
Пераклады

ДЗЯЎЧЫНА З РОДАСА
Прэзентацыя

«АЛЬБОМ ДЛЯ ЦЁТКІ МАРЫЛІ»
Спадчына

«СА МНОЮ, БОЖА, БУДЗЬ...»

ПАННА Р*
Нашы святыні

Мяне папрасілі ўладкаваць бедную паненку ў прыстойны і недарагі пансіён у Вільні, і я адправілася да панны Р*, якую мне рэкамендавалі як сумленную і дасведчаную ў гэтай справе асобу. Гэта быў час летніх вакацый, і я здзівілася, пабачыўшы мноства вучаніц, што бавіліся ў салоне. Праз хвіліну ўвайшла панна Р*; убачыўшы яе, я аслупянела, адчула сябе дзіцёнкам, вакол мяне гучалі галасы дарагіх мне людзей, якіх сёння, на жаль, ужо не было сярод жывых! Панна Р* стаяла перада мною, нібы ўвасабленне мінуўшчыны. Яна выглядала так, быццам ніколі не была маладой, быццам была захаваная ў спірытусе, не змяніўшыся ні на адну рысу з таго часу, калі я бачыла яе настаўніцай адзінай дачушкі ў багатай сям’і ўжо гадоў таму … страх сказаць, шмат ужо гадоў таму! Досыць, што тая адзіная дачушка, на той час маладая, ладная, мэта старанняў усіх літоўскіх і падольскіх кавалераў, сёння была не толькі замужняй, але мела ўнукаў.

— Што прывяло пані да мяне? — ветліва, але суха спытала мяне панна Р*.

— Просьба, каб пані была ласкавая прыняць да сябе ў лік сваіх вучаніц адну вельмі бедную паненку.

— Не такая яна бедная, калі ёсць нехта, хто ёю апякуецца; пані мае намер за яе плаціць?

— Само сабой зразумела, — здзіўлена адказала я, — хто ж бы пасмеў чыніць пані клопат, не маючы на тое права? Асоба, ад імя якой я прыйшла, ахвяруецца плаціць за навукі і ўтрыманне сваёй падапечнай.

— Дык чаму ж абавязкова ў мяне, — усклікнула панна Р*, — з такой пратэкцыяй паненка, аб якой гаворка, будзе прынятая і ў іншым пансіёне. У мяне гэта немагчыма.

— Што, усе месцы занятыя? — спытала я.

— Гэта найменшае, — адказала яна, — але…, але... — І, здавалася, яна шукае словы, якія вытлумачылі б яе дзіўнае нежаданне, або, хутчэй, збірае ўсю сваю адвагу, каб зрабіць прызнанне, якое ёй вельмі дорага каштавала.

Яе хацела выручыць адна са старэйшых вучаніц, набліжаючыся да нас, але містрыня спыніла яе суровым позіркам.

— Як бы там ні было, — суха адказала мне, — падапечнай пані прыняць не магу. — І, робячы рэверанс, дала зразумець, што аўдыенцыя скончана.

Як ачмураная, выйшла я, напоўненая дзіўным пачуццём. Я здагадвалася, што пад гэтай суровай знешнасцю хаваюцца цноты і заслугі, але палюбіць яе адразу не магла. Чаму ж найчасцей так здараецца, што сапраўдная цнота рэдка бывае лагоднай і ўдзячнай, нібы хоча выпрабаваць сваіх добрасумленных знаўцаў і аматараў, прыбіраючыся ў выгляд чэрствы і сухі, падобны да ракавіны, якая родзіць перлы, альбо да горкай шкарлупіны салодкага арэха?..

Так я сабе думала, сыходзячы па стромкіх прыступках, якія мне падаліся надзвычай нязручнымі, бо не прывялі мяне да мэты маіх старанняў. Я была крыху злая на панну Р*, бо яе адмова змушала мяне да новых пошукаў.

Калі ў той самы вечар апавядала я пра маё fiasko некалькім асобам, адна з іх стала на абарону панны Р*.

— Гэта мужная жанчына! — сказала пані А. — Яна прысвяціла сябе выхаванню бедных паненак, якія не маюць ніякіх сродкаў для жыцця і ніякай апекі, яе служэнне поўнае любові і не мае межаў. На гэтую мэту яна ахвяравала не толькі ўсю спадчыну па сваіх бацьках, не толькі тое, што назбірала за некалькі гадоў пры той багатай пані В., але больш за тое – свой уласны спакой, свае ўжо страчаныя сілы, сваю старасць і сваю незалежнасць. Адзінай яе забавай і адпачынкам пасля доўгага дня працы — пайсці вечарам у знаёмы дом, каб згуляць партыю мар’яжа са сваёй равесніцай, шаноўнай маршалковай М. Такі пансіён ёсць дабрадзействам для бедных паненак, дзе яны атрымліваюць разам з навукай і маральнае выхаванне. Некалькі з іх ужо выйшлі ў свет, сталі настаўніцамі, а калі якая застанецца без месца, бярэ яе панна Р* зноў да сябе, бо яе апека не заканчваецца разам з выхаваннем, але па-мацярынску доўжыцца праз усё жыццё вучаніцы.

— Як жа гэта ўсё павучальна і кранальна! — усклікнула я, узрушаная і прысаромленая адначасова, бо сама да гэтага не дадумалася, а наадварот, была настроеная супраць яе з-за сваёй няўдачы.

* * *

Прамінуў год. Зноў прыйшлі вакацыі, і тая ж самая імянінная нагода прывяла мяне зноў у тое самае кола, у якім я пачула пра панну Р* і яе гожае жыццё. І зноў пра яе гаварылі, але са смуткам, бо здароўе, якога яна не хацела шанаваць, было цалкам падарванае.

— Кепска з нашай паннай Р*, — гаварыла пані А. — А яшчэ горш, што яна сама не звяртае ўвагі на свой стан. Наадварот, здаецца, разлічвае на доўгую будучыню, увесь час займаецца навуковымі планамі, замаўляе настаўнікаў, закупляе запасы на ўсю зіму, а калі сястра і брат пераконваюць яе, каб адпачыла і падумала аб здароўі, яна суха і холадна, як звычайна, адпрэчвае ўсялякія парады, кажучы, што заўсёды думала сваёй галавой і да канца без чужога розуму абыдзецца.

Бедныя вучаніцы з жахам глядзяць на жудасны гарачкавы стан сваёй апякункі, якая не сёння заўтра іх асіроціць!

Доўга размаўлялі ў салоне пані А. пра слаўную панну Р*, здзіўляючыся, як гэтая разумная жанчына магла да такой ступені здзяцінець… О, якімі ж памылковымі бываюць людскія меркаванні! Як жа іх хібнасць давяла неўзабаве панна Р*, якая, наадварот, асвечаная Божаю ласкаю, ведала пра свой стан і адчувала, што набліжаецца канец жыцця, мэтай якога было радаснае чаканне гэтай хвіліны! За некалькі дзён перад скананнем панна Р* паклікала да сябе сваіх вучаніц і сказала:

— Дзеці! Бог хоча, каб я вас пакінула… кліча мяне на адпачынак, а вас заклікае да працы. Цяпер вы самі павінны думаць пра сябе… але на тое маеце цэлых паўгода часу, перш чым знойдзеце іншую апеку. Не бойцеся! Усё пакіну пасля сябе гэтак, як бы сярод вас жыла… Памяшканне аплочана наперад… спіжарня поўная… сукенкі на экзамен спраўленыя… настаўнікі аплочаныя… слугі таксама. Паміраю спакойная, што на працягу паўгода ні ў чым не будзе ў вас нястачы! А як далей… вы ж ведаеце, што Бог тых, хто давярае Яго міласэрнасці, ніколі не пакіне?! — Змоўкла, а праз хвіліну, бачачы, што яны плачуць, падвысіўшы голас, каб схаваць уласную ўзрушанасць, запавядала ім працу, узаемную любоў і яшчэ раз давер Богу. Пасля гэтага пацалавала і паблагаславіла кожную і з таго моманту ўжо цалкам аддалася думкам аб вечнасці, дзеля якой усё жыццё працавала. Памерла, як жаўнер на полі бітвы ў часе змагання, а не спачыла, як у труне!!!

У пакінутых паннай Р* пісьмовых распараджэннях было і тое, каб пахаванне адбылося сціпла, і яна спецыяльна не пакінула на гэта лішніх грошай, прызначаючы увесь свой капітал на забеспячэнне сваіх сіротаў. Чатыры дзяды неслі простую і лёгкую труну (бо пры сваім жыцці с.п. панна Р* была хадзячым шкілетам і толькі з жывою душою). Паклалі яе цела ў найбліжэйшым касцёле. Усім картэжам, усім парадам, усёю раскошаю гэтага пахавання быў строй вучаніц, удвая сіротаў, што плакалі, як сапраўдныя дзеці! Ішлі яны за труною, молячыся з глыбокаю вераю, але таксама і з глыбокім жалем! І доўга, вельмі доўга кленчылі вакол убогага катафалка ў касцёле. Між імі стаяла, як бачны анёл, сястра міласэрнасці, і яна малілася і плакала, бо гэта была родная сястра памерлай! Жывы доказ, што любоў да бліжняга і вырачэнне свету былі радаводнымі цнотамі слаўнай сям’і Р*.

Адна з вучаніц так чулліва і гучна разводзіла свой жаль, пералічваючы ўсё, што была вінная сваёй дабрадзейцы, усё, што страціла з ёю разам, што, пачуўшы яе скаргі, падарожны, які выпадкова завітаў у касцёл, падышоў да гэтай роспачнай паненкі:

— Не плач, — кажа ёй, — я буду тваім бацькам, калі ты матку страціла!

Той пан быў заможны гаспадар, жанаты і пачцівы чалавек. Бог яго паслаў у важную хвіліну, каб каля труны той слаўнай жанчыны споўнілася праўда, якую кожны павінен абраць за правіла жыцця, а менавіта, што нашыя ўчынкі перажывуць нас саміх!

О вы, каму Бог адмовіў быць жонкаю і маткаю, успомніце пра жыццё і пахаванне слаўнай панны Р*, а калі яе любоў і вас агорне, жыццё ваша не будзе самотнае, а труну вашу аточыць шчыры жаль! А вы, маткі, якія асірочваеце сваім сконам шматлікія сем’і, па якіх слушна плывуць слёзы дзіцячай любові, дазвольце, каб стала побач з вамі тая, хто, прысвяціўшы сваё жыццё сіротам, можа, на вашых дзецях споўніла абавязкі маткі! (*)

Напісана ў 1856 г.
у Гарадзілаве.

(*) Сціплаць, якая суправаджае жыццё дабрадзейных, становіцца іх німбам па смерці; так прынамсі тлумачым сабе тую павагу, якую выклікае ў нас памяць пра такіх асобаў, як панна Р*, прозвішча якой не асмельваемся поўнасцю напісаць; нягледзячы на тое, што некралог, змешчаны ў Кур’еры Віленскім у 1854 г., ужо пазнаёміў публіку з узорным жыццём с.п. панны Марыяны Раттаўт.

Пераклад з польскай мовы
Ірыны Багдановіч

Гл. таксама:
ІРЫНА БАГДАНОВІЧ :: «СА МНОЮ, БОЖА, БУДЗЬ...» ::
ГАБРЫЭЛЯ ПУЗЫНЯ :: КРЫХУ АБ СЯЛЯНАХ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY