|
|
№
4(90)/2019
Юбілеі
У святле Бібліі
Культура
Прэзентацыя
На кніжнай паліцы
Падзея
Культура
Асобы
Музыказнаўства
Антоні МІЛЕР
КАРОТКІ НАРЫС ПРА ЗАНЯПАД КАСЦЁЛЬНАЙ МУЗЫКІ Ў ЗАХОДНІХ ГУБЕРНЯХ ІМПЕРЫІ Ў ХІХ СТАГОДДЗІ Паэзія
Пераклады
Прэзентацыя
Спадчына
Нашы святыні
|
Адна мая знаёмая, вялікая філантропка, першы раз у сваім жыцці праводзячы лета на вёсцы і прысутнічаючы на сялянскіх пасяджэннях, дзе яе брат быў старшынёю, здзіўлялася, што такая займальная і поўная таямніцаў кніга — Люд вясковы — дагэтуль так мала была чытаная. О праўда! Доўга ляжала гэтая кніга ў занядбанні. Не так даўно, праўда, была яна ўзятая пад увагу, але паколькі першыя, хто ў яе зазірнуў, былі паэты, заўважылі яны некалькі сентыментальных песняў, некалькі цікавых паданняў і, перапісаўшы некалькі старонак, далі спакой цэлай кнізе. Не магу вызначыць адразу, што ўва мне абуджае выгляд вясковага люду: шмат можна было б казаць пра яго па-філантропску ці па-філасофску, але найпрасцей і найлепей, як для кабеты, будзе па-хрысціянску. Ці таму нешчаслівы той люд вясковы, што няма асветы, асветы нашай свецкай? Гэтага не скажу, бо не заўсёды навука рабіла чалавека шчаслівейшым ці лепшым; патрэбныя вякі на фармаванне пакаленняў. Раптоўная асвета, як раптоўнае вяртанне зроку, дадае новай невылечнай слепаты! Меў бы толькі люд вясковы чыстую веру, без забабонаў, і будзе ён мудрэйшы за многіх разумнікаў гэтага свету. Той жа Абрагам жыў у шатры са сваёю чалядкаю, а Сара сама мыла ногі падарожным; і таму, можа, падарожныя тых часоў былі анёламі!1 І да нашага Пяста Каладзея анёлы завіталі з каронаю зямною2. Благаслаўлёныя хаткі, у якіх жывуць багабоязныя! Не, іншага святла, апрача святла веры, не патрэбна вясковаму люду. Але ж кажуць, што гэта люд просты! Просты? Што ж тут кепскага? О, які ж прысуд сабе выносім, калі крывімся на гэтае азначэнне — просты! Просты чалавек? Прастадушны. Простая мова? Неаблудная. Простае адзенне? Без раскошы, самаробнае. Просты спосаб мыслення? Найбяспечнейшы! Здаровая разважлівасць, моцнае здароўе, чыстае сумленне — вось тыя вартасці, вось усё багацце добрага багабоязнага селяніна. Згаданая тут напачатку мая філантропка з вышыні свайго становішча прыглядаецца да вясковага люду; яна не шкадуе яго, не спачувае яму з прычыны, што той жыве ў нястачы і ў працы, бо ў штодзённай працы пачцівага люду яна бачыць назапашаныя заслугі перад Богам, а скіроўваючы вочы на самую сябе, адчувае сорам, што, не працуючы, не зведала ні ў чым нястачы, і так піша далей: «Яны яшчэ на гэтым свеце атрымліваюць узнагароджанне сваіх трудоў, таму што становішча, у якім трываюць, шчыльней звязвае іх з Творцам, а звыш гэтага яны яшчэ ўнутры сябе чуюцца перакананымі, што кожны з іх з’яўляецца істотаю карыснаю і нават вельмі патрэбнаю свету, што ён важная частка ў супольнасці. Не відаць паміж імі тых нешчаслівых, пустых істотаў, якія не здатныя зразумець сваёй місіі ў свеце; тых салонных нулёў у белых пальчатачках. Няма нулёў паміж сялянамі, бо кожны чалавек ёсць кімсьці, і гэтае ўнутранае перакананне ўзвышае яго над многімі людзьмі з вышэйшых колаў». На фоне падобных адчуванняў якой жа прыгожаю выглядае хатка з усім рухам гаспадарчых заняткаў у ёй: усё там напаверхні, усё навідавоку, бо што хаваць, што ўтойваць, калі ўсё пачціва? І сёння тое самае, што было ўчора, што будзе заўтра і праз год; як было пры дзеду, так будзе і пры ўнуку, і заўсёды без змены. Больш даступнасці з боку паноў-дзедзічаў, больш чалавечнасці з боку ўпраўляючых, больш добрых навукаў па парафіях, Каляды з катэхезаю — вось усё тое, з чаго належыць пачынаць, жадаючы цывілізаваць вясковы люд. Але, гавораць некаторыя, «простыя людзі не маюць найвышэйшых паняццяў, не здольныя на глыбокія пачуцці? Усё ў іх зводзіцца да матэрыяльнага быту?» Праўда, не маюць яны часу на іншую, апроч паншчыны, дзейнасць, на іншую думку, апроч боязі голаду; і таму, калі жэніцца селянін, то не з прычыны, што такую, а не іншую ўпадабаў, але таму, што ў хаце няма каму жаць; калі ж не жэніцца, то таму, што няма чым вяселля адбыць, ды нават і запоінаў і да т. п. Але зазірнем у хату, дзе ёсць троху дастатку, выгодаў, дзе запасік у спіжарні, у гумне і нават мяшэчак гатоўкі; такія маюць час на найвышэйшыя далікатныя пачуцці і, можа, не аднаго пана-дзедзіча сваёю бескарыслівасцю прысаромяць. Маю права так пісаць, бо ведаю некалькі падобных шляхетных простых людзей, учынкі якіх бачыла. Пра аднаго з іх дазвольце мне нават распавесці падрабязна; тым больш па ім ужо толькі крыж застаўся як след ягонай бытнасці на зямлі! Крыж стаіць пры дарозе, зводдаль ад хаты, дзе ён жыў, абуджаючы ў таго, хто праходзіць міма, жаль і малітву за пачцівага Францішка.
Францішак Туміліч быў сабе простым селянінам на кавалку сваёй зямлі, сынам пачцівых гаспадароў, якія плацілі двару. Будучы яшчэ маладым (бо не меў трыццаці гадоў), здолеў выклікаць да сябе такі давер у сваіх і нават у старосты, што яму даверылі агульную касу Ружанцовага Брацтва, дбайным і прыкладным братчыкам якога ён быў. Не раз яго таксама выклікалі ў двор альбо пасылалі з якою-небудзь важнаю справаю, бо ўсе давяралі разважліваму і добрасумленнаму Францішку. Адведваючы хату Тумілічаў, прынятыя там шчырым сэрцам і частаваныя ўсім тым, на што літоўскі селянін можа здабыцца: смятанаю, мёдам, грушкамі з саду, пададзенымі чыста на фаянсе, любілі мы зазірнуць і ў пакойчык Францішка, дзе ўсё яго жыццё было як на далоні. У цесным да немагчымасці куточку стаяў яго ложак, чыста пасцелены, з абразамі святых над галавою; стол з шуфлядкаю, у ёй — кравецкія прылады (бо любіў і гэтым займацца). На сценах — розныя палічкі і шафачкі, абклееныя з густам і абдумана, а таксама кніжкі — рэлігійныя і свецкія. Была там тоўстая кніга «Жыццё Езуса Хрыста», якую перапісаў Францішак уласнаю рукою, калі меў дванаццаць гадоў, і рабіў гэта ў гадзіны, вольныя ад працы, у нядзелі і святы. Усяго было ўдосталь у хаце Туміліча, аднаго, найважнейшага, яму не ставала — гаспадыні. Бацька ўдавец, сёстры павыходзілі замуж, а Францішак быў нежанаты; многія матулі спагадна паглядалі на маладога гаспадара, таемна жадаючы мець яго зяцем; што ж, калі ён не думаў ні пра адну? А калі на яго з усіх бакоў пачалі настойліва ціснуць (бо сям’я паклікала на дапамогу двор), даверыўся, нарэшце, пробашчу, што ягоны бацька задумаў паўторна ажаніцца, а таму не выпадае, каб ён перашкаджаў бацьку, прывёўшы ў дом другую гаспадыню; так казаў пачцівы, добры сын, але, калі пробашч стараўся адвесці тыя згрызоты сумлення, Францішак асмеліўся сказаць і больш: «Здараюцца хвіліны, — гаварыў ён, — калі наш бацька бывае крыху запальчывым (так далікатна не згадаў, што, відавочна, гэта была даўняя дурная звычка старога); нам, ягоным дзецям, прынамсі не прыкра дагадзіць бацьку нават у падобныя хвіліны, але я не хацеў бы, каб мая маладая жонка мусіла штосьці такое цярпець». А ў канцы дадаў са шляхетнай годнасцю: «Не хацеў бы, каб далей разнеслася непрыемная для бацькі вестка». Такія годныя і далікатныя пачуцці зусім пакарылі асвячонага пробашча, які, жадаючы паспрыяць усім, паразмаўляў са старым Тумілічам і яны ўдвух, урэшце, здолелі схіліць Францішка да шукання спадарожніцы. Той больш не бараніўся, а звярнуў вочы на дачку аднаго з найпачцівейшых і пры гэтым заможных гаспадароў, што належаў да таго самага двара; меўся ўжо высылаць да яе на запоіны, калі, на няшчасце, адзін з братоў ружанцовых просіць яго паехаць разам з ім у сваты да той самай дзяўчыны! Францішак не вагаецца ані хвіліны і ўжо не для сябе, але для прыяцеля, не як жаніх, але як сват просіць рукі прыгледжанай для сябе дзяўчыны; бацькі яе ведалі здаўна Францішка, можа, яго нават тайна прагнулі бачыць сваім зяцем; яны раўнадушна прымаюць прапанову новапрыбылага, даючы зразумець спачатку намёкам, а потым адкрыта даводзячы Францішку, што таго, за каго ён просіць, не жадаюць, і, калі б ён сам папрасіў рукі, ахвяруюцца таму, іншаму, вярнуць запоіны. Але Туміліч быў няўмольны: ён сябра, ён брата ружанцовага не падвядзе, не зробіць яму падступнасці і адкрыта, рашуча выракаецца сваіх ранейшых намераў. Дарэмна бацька, сёстры, двор і пробашч умяшаліся ў тыя справы, сілячыся пераканаць Францішка, што ні ў чым не парушыць правоў пачцівасці і сяброўства, паступаючы згодна з воляю бацькоў і самой дзяўчыны; Францішак быў нязломны ў сваім рашэнні, бо ягонае сумленне не прымала ніякіх адгаворак. Што ж было рабіць? Нарачоная пайшла за таго, каго ёй засватаў Францішак, бо і той жыў у дастатку і быў пачцівым чалавекам. Але не спяшайцеся, прашу, з вынясеннем прысуду беднай дзяўчыне або, хутчэй, яе сялянскаму народу, і нічога не кажыце пра тое, што нібыта ў тым становішчы кабеты не маглі мець пачуццяў. Бедная Ануся сапраўды згадзілася аддаць руку некаханаму жаніху, але, калі прыйшоў дзень вяселля, на свой шлюбны строй, сатканы з рознакаляровых стужак, накінула чорную хустку, нібы на знак жалобы сэрца, і не зняла яе нават падчас прысягі, якую праз слёзы, заікаючыся, прамармытала. А столькі непасрэднасці было ў яе жалі, што распавядала адной са сваіх дружак, як, ідучы да касцёла за некалькі дзён да шлюбу, спаткала Францішка, які прывітаў яе пахвалёнкай (*). «Але я на тое, — у смутку казала Ануся, — не мела сілы і сэрца яму адказаць». Быў гэта апошні крык яе дзявочага сэрца; з таго часу Ануля патрапіла быць добраю жонкаю, гаспадыняю і чулаю маці для дзетак, якімі Бог яе саюз, хоць недабравольны, асвяціў і паблагаславіў. А Францішак?.. Францішак памёр у хуткім часе ад тыфу! Жаль, які выклікала ягоная страта, быў шчыры, агульны. Плакала па ім яго сям’я, знаёмыя, ружанцовыя браты, плакала ўся вёска, і двор плакаў, бо як жа не шкадаваць пачцівага чалавека.
* * * Калі тое, што я напісала, нікога не зацікавіць, мая ў тым віна, што не здолела простай вясковай аповесці надаць такога шарму, якім ззяе найменшы падобны твор, хоць выдуманы, пад здольным пяром моднага пісьменніка; але я расказала праўду, магчыма, хтосьці яе пазнае. Тым часам прашу аб малітве «Вітай Марыя...» за душу пачцівага Францішка, хату якога, пакойчык, перапісаную ім кніжку і крыж пры дарозе рада была б калі-небудзь вам паказаць.
Дабраўляны, (*) Гэтак адным словам нашы сяляне звычайна называюць распаўсюджанае прывітанне: «Няхай будзе пахвалёны Езус Хрыстус».
Пераклад з польскай мовы
Гл. таксама:
|
|
|