|
|
№
4(90)/2019
Юбілеі
У святле Бібліі
Культура
Прэзентацыя
На кніжнай паліцы
Падзея
Культура
Асобы
Музыказнаўства
Антоні МІЛЕР
КАРОТКІ НАРЫС ПРА ЗАНЯПАД КАСЦЁЛЬНАЙ МУЗЫКІ Ў ЗАХОДНІХ ГУБЕРНЯХ ІМПЕРЫІ Ў ХІХ СТАГОДДЗІ Паэзія
Пераклады
Прэзентацыя
Спадчына
Нашы святыні
|
Ён не быў рупліўцам на ніве Касцёла, а Бацькаўшчынай для яго была паўночна-заходняя ўскраіна Расійскай імперыі. І што за цікавасць у беларускага каталіцкага часопіса да гэтага апантанага прыхільніка асаблівай місіі Расіі? Ёсць адна акалічнасць: гвардыі ротмістр Юлій Ялец удзельнічаў у паходзе рускіх войскаў у Кітай у 1900 г. падчас паўстання іхэтуаняў (ці баксёраў). Падзеі, калі сцісла, зводзіліся да наступнага: ізаляваная ад усяго Свету Імперыя Цын у 2-й пал. ХІХ ст. пад ціскам знешніх абставінаў пачала паступова станавіцца на шлях мадэрнізацыі на тле наступу сусветных дзяржаваў, якія былі не супраць мець сваю карысць ад пранікнення на неабсяжныя рынкі. Чаканы прагрэс, ці то тэлеграф, ці то чыгунка, цягнулі за сабой разбурэнне традыцыйнага жыццёвага і эканамічнага ладу (што ў той жа Японіі, якая паспяхова ішла па гэтым шляху, выклікала паўстанне Сайго Такаморы). Незадаволенасць вылівалася ў стварэнне сеткі таямнічых арганізацый, мэтай якіх была барацьба супраць мадэрнізацыі і вяртанне да традыцыйнага ладу шляхам знішчэння іншаземных новаўвядзенняў і іх носьбітаў. Асаблівую нянавісць выклікалі хрысціяне як увасабленне ўсяго чужога. Члены гэтых таварыстваў, у якіх фігуравала назва «кулак» — «Кулак справядлівасці і гармоніі» (И-хэ-цюань), «Таварыства вялікага кулака» (Да-цюань-хуй) і г.д., атрымалі назву «іхэтуані», ці еўрапеізаванае «баксёры». Баксёрамі яны былі не толькі па назве, але сапраўднымі майстрамі адзінаборстваў, паслядоўнікамі шматлікіх школаў, дзе практыка рукапашнага бою была густа перамешаная з містычнымі вераваннямі. У сваёй барацьбе іхэтуані дэманстравалі фанатычную ўпэўненасць у тым, што іншаземным кулям і снарадам паспяхова супрацьпаставяць уласныя целы, падмацаваныя халоднай зброяй. Глыбокай восенню 1899 г. паўночны ўсход Кітая афарбаваўся ў крывавыя колеры. Іхэтуані знішчалі на сваім шляху ўсё, што сведчыла аб іншаземнай прысутнасці, — чыгункі, вакзалы, станцыі, майстэрні, тэлеграфныя слупы, масты і г.д. Адбываліся масавыя забойствы еўрапейцаў, амерыканцаў і японцаў. У чэрвені 1900 г. у Пекіне іхэтуані забілі японскага дыпламата і германскага пасла, палілі будынкі іншаземных місій і хрысціянскія храмы, грамілі крамы і фірмы, пасля чаго ўзялі ў аблогу пасольскі квартал. Урад імператрыцы Цы Сі лавіраваў паміж раз’юшаным натоўпам і ўсім Светам. Сярод шматлікіх жудасных сведчанняў дастаткова прывесці толькі адно — рускага дыпламата Барыса Еўраінава пра пагром каталіцкай парафіі Нань-Тан ля Усходняй брамы Пекіна: «Цэлыя чаны былі поўныя крыві, паўсюль валяліся знявечаныя трупы старых, жанчын і дзяцей; большасць з іх памерла пасля страшэнных пакутаў, мяркуючы па застылых у жудасных курчах трупах. Былі маленькія дзеці з ускрытымі вантробамі, з выкалатымі вачыма, з раздробленымі чэрапамі… У адным куце было знойдзена вогнішча з 40 дзяўчынамі, відаць, спаленымі жывымі». У сваім першабытным невуцтве іхэтуані часта расчлянялі трупы хрысціянаў, паколькі былі ўпэўненыя, што іх ахвяры валодалі здольнасцю ўваскрасаць на трэці дзень.
Вядучыя дзяржавы Свету адрэагавалі імгненна і накіравалі ў Кітай вайсковыя кантынгенты. Можна разважаць аб тым, што не выратаванне хрысціянаў было на першым месцы, а абарона эканамічных інтарэсаў, але калі працягнуць паралель у нашы дні на Блізкі Усход, то пра абарону хрысціянаў увогуле не чутно. Хаця кулак іхэтуаняў быў бяссільны супраць агняпальнай зброі, іх лютасць не ведала межаў. У дадатак да паўстанцаў далучылася частка кітайскай арміі, узброеная па еўрапейскім узоры. Палонных не бралі з абодвух бакоў. Напрыканцы верасня 1900 г. гвардыі ротмістр Ялец на чале двух стралковых ротаў і ўзводу казакаў — жменькі людзей адчайнай храбрасці — паглыбіўся ў правінцыю Чжылі. Ён вызваліў горад Юнпінфу, дзе пакінуў роту стралкоў і 10 казакаў. 14 кастрычніка ў атрадзе Яльца заставалася 100 чалавек, калі ён быў накіраваны ўзяць горад Цзіньчжоўфу і вызваліць за 40 вёрстаў ад яго абложаную іхэтуанямі і атрадамі кітайскай рэгулярнай арміі каталіцкую місію ў Суншуціцзы, дзе зачыніліся больш за тры тысячы кітайцаў-хрысціянаў, 23 місіянеры, сярод якіх былі манахі з Францыі, Бельгіі і Галандыі, і нарэшце, біскуп Усходняй Манголіі Абэльс. Атрад прабіўся ў кляштар, адкуль зрабіў вылазку, і, калі пачаў адыходзіць да кляштара, у тыле і на флангах з’явілася да 6 тыс. непрыяцеля. У санкт-пецярбургскім часопісе «Разведчик» за 1902 г. аўтар Б.Ушакоў паведамляў, што кітайскія хрысціяне, якія былі пры атрадзе ў якасці санітараў, кінулі цяжкапараненага падпаручніка Буніна і ўцякалі да кляштара. Пры Буніну заставаліся харунжы Шыльнікаў і двойчы паранены гвардыі ротмістр Ялец. На кліч апошніх падляцелі казакі і дапамаглі пасадзіць Буніна ў сядло. Вораг знаходзіўся ўжо за 20 крокаў і вёў шчыльны агонь. Ялец, які трымаў Буніна за каўнер, атрымаў тады трэцяе раненне (кантузію ў правае плячо). На працягу шасці дзён атрад Яльца бараніў кляштар да падыходу дапамогі генерал-лейтэнанта Цярпіцкага, што каштавала жыццяў 1/3 атраду, прычым забітыя ці параненыя былі ўсе афіцэры. Горыч стратаў змякчалася пачуццём выкананага доўгу і тысячаў выратаваных жыццяў, што адзначыў папа Леў XIII, узнагародзіўшы камандзіра гераічнага атраду ордэнам св. Сільвестра.
Кароткая біяграфічная даведка Юлій (Юліян) Люцыянавіч (Лук’янавіч) Ялец, гвардыі палкоўнік, ваенны гісторык, ваенны карэспандэнт, пісьменнік, паэт. Нарадзіўся 24 чэрвеня (6 ліпеня) 1862 г. З дваранаў Гарадзенскай губерні герба «Леліва змененая». 1880 г. — скончыў 2-ю Санкт-Пецярбургскую ваенную гімназію. 1882 г. — скончыў Мікалаеўскае кавалерыйскае вучылішча. 1888 г. — скончыў Мікалаеўскую акадэмію Генеральнага штаба. Службу праходзіў у лейб-гвардыі Гродзенскім гусарскім палку, яго першы гістарыёграф — аўтар кнігі «История лейб-гвардии Гродненского гусарского полка 1824–1896» ў 2 тамах (Спб., 1890–1897). З 1899 г. у адстаўцы ў званні гвардыі ротмістра. У снежні 1899 г. выехаў у Трансвааль, дзе да ліпеня наступнага года змагаўся добраахвотнікам на баку бураў у англа-бурскай вайне (1899–1902). Пасля вяртання з Афрыкі ў 1900 г. прызваны ў войска і прызначаны штаб-афіцэрам для даручэнняў пры камандуючым войскамі Квантунскай вобласці (паўднёвая Манчжурыя). У лютым 1901 г. выключаны са службы і з запасу за вострасатырычныя вершы ў адрас некаторых расійскіх генералаў — удзельнікаў Кітайскага паходу. У 1903 г. адноўлены ў правах і залічаны ў запас гвардзейскай кавалерыі. Добраахвотнік падчас руска-японскай вайны (1904–1905) у якасці ваеннага карэспандэнта газеты «Новое время». Удзельнік абароны Порт-Артура. У дзеючай арміі ў Манчжурыі. З 1908 г. у адстаўцы ў званні гвардыі палкоўніка. Падчас Першай сусветнай вайны — ваенны цэнзар, а потым — загадчык бюро па апытанні інвалідаў і збегшых з палону рускіх салдат і афіцэраў. Пасля кастрычніка 1917 г. эмігрыраваў. У 1920-я гг. пражываў у Сафіі і Парыжы. Памёр 20 траўня 1932 г. у Дылбеку (каля Брусэля), Бельгія. Узнагароджаны залатой зброяй з надпісам «За храбрость» (за справу пры Суншуціцзы) і сярэбраным медалём «За спасение погибавших», а таксама шматлікімі ордэнамі еўрапейскіх краінаў за мужнасць і адвагу пры выратаванні хрысціянаў у Кітаі падчас баксёрскага паўстання.
Літаратура
|
|
|