|
|
№
4(90)/2019
Юбілеі
У святле Бібліі
Культура
Прэзентацыя
На кніжнай паліцы
Падзея
Культура
Асобы
Музыказнаўства
Антоні МІЛЕР
КАРОТКІ НАРЫС ПРА ЗАНЯПАД КАСЦЁЛЬНАЙ МУЗЫКІ Ў ЗАХОДНІХ ГУБЕРНЯХ ІМПЕРЫІ Ў ХІХ СТАГОДДЗІ Паэзія
Пераклады
Прэзентацыя
Спадчына
Нашы святыні
|
На першы погляд, пытанне «Куды вядзе радавод?» гучыць даволі дзіўна, бо здаецца, што больш лагічна пытацца, адкуль ідзе радавод, тым больш што існуе і грунтоўная гістарычная дысцыпліна (генеалогія), якая досыць бурна развіваецца, намагаючыся даць чалавеку адказ менавіта на пытанне «адкуль». Сёння да пошукаў гэтага адказу актыўна падключаная і генетыка з яе фантастычнымі магчымасцямі і найноўшымі тэхналогіямі. І вось, нарэшце, чалавек мае магчымасць нешта даведацца пра тых, хто жыў да яго. Але навошта? І як увогуле распараджацца гэтай інфармацыяй? Ну, вядома ж, па-рознаму: — можна проста выкарыстаць для параўнання, каб пераканацца, што «я нечага варты», і проста цешыць сваё самалюбства; — можна паспрабаваць палепшыць свой імідж, паказаўшы «найцудоўнейшую карціну» свайго паходжання, і гэтым самым вылучыцца сярод іншых; — у саслоўных і каставых грамадствах свой радавод можна «матэрыялізаваць» у выглядзе пэўных прывілеяў. Менавіта гэтак, выключна ўтылітарна і эгаістычна, можна глядзець на радаводную чалавека, але кожны ўтылітарны праект раней ці пазней вычэрпвае сябе і далей проста забываецца як не патрэбны. Так вельмі часта адбываецца і з радаводам чалавека, аднак, калі ты забыўся пра свае карані, дык і цябе самога ў хуткім часе таксама непазбежна забудуць. Няўжо забыццё — гэта і ёсць адказ на пытанне, куды вядзе радавод? Ці ўсё ж такі нешта павінна застацца і нават дзейнічаць? Цікавыя факты, назіранні і своеасаблівую гісторыю ў пытанні «Куды?» дае радаводная шляхетнага роду Пятровічаў (Piotrowicz) герба «Леліва» («Leliwa») Мінскага ваяводства Рэчы Паспалітай.
Наперад да зорак — дэвіз высакародных Малады ўзыходзячы месяц і шасціканцовая зорка ў залатым колеры на фоне сіняга небасхілу на гербе «Леліва» аптымальна адлюстроўваюць змест старажытнага лацінскага дэвізу: «Tendinte in astra rini!» («Высакародныя імкнуцца да зорак!»). Вось, здаецца, і ёсць годны адказ на пытанне: «Куды вядзе радавод?». «Імкнемся да зорак!» — надта ж «сціплы» адказ. Добра мець такі выразны герб і такі гучны дэвіз! Таму герб «Леліва» быў вельмі распаўсюджаным сярод шляхты Рэчы Паспалітай. Праўда, дэвіз да герба маглі ў наступным змяняць, але ўсё ў той жа высакародна-ўзвышанай манеры. Але як рэальна атрымлівалася ў жыцці? Каб не толькі называцца, але і быць! Даследуючы ў архіве радаводнае дрэва Пятровічаў герба «Леліва», я ўбачыў вельмі нязвыклую для сучаснага разумення, амаль дэтэктыўную карціну барацьбы (у літаральным сэнсе) сваіх продкаў за ўласныя правы з «бюракратычнаю машынаю» Расійскай імперыі.
Драматычныя падзеі па знішчэнні шляхты адбыліся практычна адразу пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай і атрымалі ў гісторыі назву «разбор шляхты». Для шляхетнага роду Пятровічаў барацьба за адстойванне сваіх правоў у Расійскай імперыі была доўгаю і знясільваючай на працягу жыцця трох пакаленняў. На апошнім этапе гэтай «сагі» клопат аб адстойванні годнасці роду выпаў маладому губернскаму чыноўніку «ў спадчыну»: перададзены ў канцы жыцця яго бацькі Юзафа (Іосіфа) 1783 г. нар., старэйшага з чатырох сыноў паручніка Войскаў Польскіх, Казіміра Андрэевіча Пятровіча. Канчатковай перамогі і прывілеяў, перш за ўсё для сябе, удалося дамагчыся толькі прадстаўніку сям’і, які паступіў на чыноўніцкую службу ў Імперыі і таму ведаў «повадки противника» знутры. У выніку род быў зацверджаны як шляхетны (дваранскі) чыноўнікамі Сенату ў Санкт-Пецярбургу 29 лістапада 1856 года (па старым стылі), але з выняткам часткі яго прадстаўнікоў. У «вынятых» апынуліся найбліжэйшыя родныя чыноўніка-пераможцы — двое з трох яго родных дзядзькоў з іх сем’ямі: Тадэвуш Казіміравіч (1785 г. нар.) з сынамі Адамам (1814 г. нар.) і Казімірам (1821 г. нар.) і Міхаіл Казіміравіч (1799 г. нар.) з сынамі Юзафам (1825 г. нар.) і Бэрнардам (1833 г. нар.). У рускамоўнай версіі за прадстаўнікамі прозвішча Piotrowicz з трох варыянтаў перакладу (Пётрович, Пиотрович, Петрович) канчаткова замацаваліся два апошнія. Але перамога, якой змог дамагчыся чыноўнік з Пятровічаў, адразу дала добрыя вынікі ў яго кар’еры. «Вынятыя» сваякі з роду Пятровічаў захоўвалі сваё членства ў дваранскім дэпутацкім сходзе Мінскай губерні і магчымасць дамагацца далучэння да шляхетнага роду, але толькі пры абавязковай і найважнейшай умове — станоўчым заключэнні ад паліцыі аб іх палітычнай надзейнасці. Такі «статус-кво» пратрымаўся ажно да антыкаланіяльнага паўстання 1863–1864 гадоў на землях Рэчы Паспалітай. Пасля «паспяховага» задушэння «Высочайшим повелением» ад 23 верасня 1864 года асобы былой польскай шляхты былі пераведзеныя «в подушный оклад» — канчаткова пазбаўленыя прывілеяў і статуса шляхты. Як бачым, расійскі імператар зусім «не абыходзіў увагаю» шляхту былой Рэчы Паспалітай: толькі ў асноўным спісе «Высочайшего повеления» разам з сем’ямі двух родных дзядзькоў чыноўніка-пераможцы з Пятровічаў лічацца прадстаўнікі 1866-ці шляхетных родаў, пераважна з Мінскай губерні. Але вось настаў 1917 год. Скончылася эпоха самадзяржаўя і саслоўнасці Імперыі. Усе былыя прывілеі шляхты сышлі ў нябыт, і памяць пра перамогу, здабытую ў барацьбе за правы роду адным з Пятровічаў, знікла, як і ён сам. Ніхто з нашчадкаў самога пераможцы і прадстаўнікоў шматлікага роду Пятровічаў не цікавіўся гэтай гісторыяй аж да сённяшніх дзён, і фармуляры да архіўных дакументаў роду заставаліся пустымі. Міжволі згадваюцца трагічныя словы, сказаныя 10 сакавіка 1864 года чалавекам на эшафоце, перад пакараннем, якое было наладжана для застрашэння непакорнага Краю. Гэтыя апошнія словы ў імгненне перавярнулі ўсё, стаўшы судом і прысудам для саміх карнікаў. Словы былі простыя, звернутыя да народу. У адказ на прысуд «... дворянина Калиновского приговорить...» 26-гадовы Вікенцій-Канстанцін Каліноўскі сказаў: «У нас няма дваранаў, у нас усе роўныя». Летуценнік — магчыма, скажа хтосьці. Вось і заплаціў жыццём за нязбыўнае! Няма роўнасці на зямлі! Але «Яська-гаспадар з-пад Вільні» не быў летуценнікам: ён меў на ўвазе роўнасць магчымасцяў кожнага чалавека, пра якую гаворыцца ў евангельскай прыпавесці аб талентах (Мц 14, 30), і ўменне распарадзіцца імі. Хто як распарадзіўся, той тое і атрымаў. Але што ж у выніку пакінула пасля сябе былая шляхта Рэчы Паспалітай? Няўжо, як у песні, «от героев былых времён не осталось порой имён»? Няўжо не захавалася ніякай жывой памяці, а толькі пыльныя справы ў архівах? Высветлілася, што не! Дзіўным чынам са, здавалася б, нябыту самі сабою пачалі выяўляцца імёны з роду Пятровічаў. Напрыклад, імёны з падзеяў паўстання 1863–1864 гадоў. Прычым не сярод тых, хто «перамог», як падавалася многім сучаснікам гэтых падзеяў, а сярод «разгромленых» паўстанцаў. Менавіта сярод іх апынуўся родны дзядзька чыноўніка-пераможцы, які адстойваў прывілеі Пятровічаў, — адзін з трох зацверджаных у дваранстве: Марцін Казіміравіч Пятровіч. Стары шляхціц ва ўзросце 68-мі гадоў быў кінуты ў мінскі астрожны замак за «укрывательство бунтовщиков и снабжение оных продовольствием». Што ж гэта за сіла такая, што дастае са, здавалася б, небыцця імёны гэтых «прайграўшых»? Ды і, пэўна ж, не такімі ўжо і бясстрашнымі яны былі, аднак дастаткова было, як высветлілася, быць проста непадкупнымі і вернымі сынамі сваёй зямлі… А як жа зусім забытая перамога чыноўніка з роду Пятровічаў? Гэта ж менавіта ён адваяваў правы роду ў няроўнай барацьбе з махінаю бюракратычнай Імперыі! Што ж пакінуў пасля сябе калежскі асэсар Густаў-Бэрнард-Ігнацій-Юзаф Піятровіч? Справа ў тым, што ён быў архітэктарам і пакінуў пасля сябе трох сыноў — Мечыслава, Уладзіслава і Альгерда — таксама архітэктараў, якія стваралі прастору Масквы і Падмаскоўя ў канцы ХІХ–пачатку ХХ стагоддзя: больш за сотню дамоў ад Арбата да іншых вуліцаў і завулкаў старой Масквы пабудавана паводле праектаў архітэктараў Піятровічаў, і яны, гэтыя дамы, сталі знакавымі, памятнымі не толькі для сталіцы, але і для ўсёй Расіі. Напрыклад, у адным з іх, на Паварской, 26, у шасціпавярховым даходным доме Баксакава, створаным у 1914 г. архітэктарам Альгердам Піятровічам, вялікі рускі пісьменнік Іван Бунін напісаў свае «Окаянные дни»…
Католікі архітэктары Піятровічы ўзвялі і нямала праваслаўных храмаў у Маскве і Падмаскоўі — усе іх архітэктурныя задумы, гарманічныя, нестандартныя, удала фармавалі прасторавае аблічча Масквы і Падмаскоўя. Напрыклад, стараабрадчая царква Пакрова Багародзіцы ў Забор’і (г. Серпухаў), створаная Мечыславам Піятровічам у 1908–1910 гады. Відавочна, што сцвярджэнне ў дваранстве, якога гэтак упарта дамагаўся чыноўнік Густаў-Бэрнард-Ігнацій-Юзаф, дало пэўныя сацыяльныя перавагі і магчымасці Густаву і яго сям’і, але яшчэ больш відавочна, што рэзалюцыі сталічных чыноўнікоў і нават самога «помазанника» імператара не вызначалі талентаў чалавека і якасцяў яго асобы. Сапраўды: «тлен не спадкуе тлену» (гл. 1 Кар 15, 50). Не саслоўныя прывілеі, а вернасць веры і дэвізу свайго роду — вось тое галоўнае, што здолеў перадаць Густаў-Бэрнард-Ігнацій-Юзаф Піятровіч сваім дзецям. Вернасць высакароднаму пакліканню імкнуцца да зорак дапамагла архітэктарам з роду Пятровічаў раскрыць і прымножыць свае таленты — дары Божыя. «Добра, слуга добры і верны, у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю. Увайдзі ў радасць гаспадара твайго» (Мц 25, 21) — гэтак гаворыць Пан Бог таму, хто не закопвае і не разменьвае сваіх талентаў.
Пераклад з рускай мовы
Літаратура
|
|
|