Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(90)/2019
Юбілеі

«QUIS UT DEUS»

НЯХАЙ АДБУДЗЕЦЦА ВЯРТАННЕ

У ПІНСКУ ЎНЕБАЎЗЯТЫМ
У святле Бібліі
Культура
Прэзентацыя

«АД РЭНЕСАНСУ ДА БАРОКА»
На кніжнай паліцы

ДУХ ХРЫСТА І ДУХ АНТЫХРЫСТА
Падзея

У БОГА НЯМА ВЫПАДКОВАСЦЯЎ

УЗАЕМНАСЦЬ
Культура

КУДЫ ВЯДЗЕ РАДАВОД?
Асобы
Музыказнаўства
Паэзія

ВЕРШЫ

ПАВОДЛЕ...
Пераклады

ДЗЯЎЧЫНА З РОДАСА
Прэзентацыя

«АЛЬБОМ ДЛЯ ЦЁТКІ МАРЫЛІ»
Спадчына

«СА МНОЮ, БОЖА, БУДЗЬ...»

ПАННА Р*
Нашы святыні

Стэн Стэнсэн БЛІХЭР

ДЗЯЎЧЫНА З РОДАСА

(сапраўдны выпадак)

Стэн Стэнсэн Бліхэр (1782–1848) — дацкі паэт і празаік, пратэстанцкі святар. Адзін з заснавальнікаў новай дацкай літаратуры.
 

У порце Марселя як ніколі віравала жыццё: на прычале было поўна народу; усе караблі ўзнялі сцягі; усе гарматы грукаталі. У мора выходзіў адзін з галіёнаў родаскіх рыцараў1, выдатна ўзброены і з моцнай камандай. Але што найбольш выклікала цікаўнасць і захапленне натоўпу, дык гэта бліскучы шыхт французскіх юнакоў, якія толькі нядаўна прынялі знак крыжа, а цяпер выпраўляліся ў паход, каб выпрабаваць мячы Багародзіцы на турэцкіх цюрбанах. Ніхто з маладых рыцараў не прывабліваў столькі жаночых вачэй, колькі Франсуа дэ Сэн Прэвіль. Ягоны юны твар аж свяціўся здароўем і мужнасцю, быў звернуты (як і ва ўсіх ягоных высакародных таварышаў па зброі) да любай Айчыны і яе прыгожых дачок. А карабель нёс яго ў бурнае мора, ён адчуваў крылы паўночнага ветру, які даносіў енкі і развітальныя крыкі і халадзіў яго гарачыя шчокі.

Побач з ім стаяў ягоны стрыечны брат і таварыш па дзіцячых гульнях Амарал — ва ўсіх адносінах супрацьлегласць адкрытаму, таварыскаму, сумленнаму і ў любым становішчы заўсёды ўпэўненаму ў сабе Сэн Прэвілю. Амарал быў пыхлівы, замкнёны, а часам асцярожны да крайнасці; апантаны жарсцямі, няўрымслівы ў жаданнях, якія ён імкнуўся задаволіць любым коштам, кіруючыся спачатку простай прыхамаццю, а потым — ганарлівасцю. Ён быў высокі, ладны і прыгожы — можа, прыгажэйшы за Сэн Прэвіля, які быў сярэдняга росту, але мацнейшы і элегантнейшы. Аднак мужчынскую прыгажосць Амарала псаваў адбітак пыхі і фанабэрыі, які магла засціць адно пажадлівасць — не каханне. Маючы толькі дваццаць гадоў, ён ужо быў вопытным бабахотам. Па ім не адна ўздыхала цяпер: «Бывай, прыгожы падманшчык!». А з Сэн Прэвілем мілыя вусны, што дарэмна чакалі пяшчотаў, развітваліся гэтак: «Бывай, прыгожы і бязлітасны! Бывай, ты — як прыўкрасная статуя!».

Бераг Праванса знік за хвалямі; набліжалася Корсіка. Тут яны заўважылі ветразнік, які, здаецца, адчаліў ад берага і цяпер кіраваўся на поўдзень. Галіён пайшоў наўздагон, узняўшы ўсе ветразі. Праз тры гадзіны пагоні ваяўнічыя родасцы наблізіліся настолькі, што ясна маглі разгледзець вялікі турэцкі ваенны карабель. Ганарлівыя мусульмане самі дазволілі сябе дагнаць. Яны выкарыстоўвалі толькі меншыя ветразі, часам ішлі зігзагамі, нібыта чакаючы ворага і высмейваючы яго маруднасць.

Рыцары пачалі рыхтаваць карабель і самі рыхтаваліся да сур’ёзнай сутычкі. Яны ўжо добра ведалі, што Турак меў мацнейшую каманду і ягонай крывой шабляй кіравала моцная рука. Старэйшыя, даўно загартаваныя ў бітвах ветэраны спрабавалі паўстрымаць імпэтны похап маладых, астуджваючы іх патрабаваннем асцярожнасці, абяцаючы, што калі справа дойдзе да абардажу, то яны пойдуць першымі.

Бітва распачалася. Глухі грукат гарматаў, здавалася, быў толькі шумам, бо ядры або не даляталі да караблёў, або пераляталі цераз іх. Пакуль не дайшло да крывавай работы, ваяры віталі адны адных фанабэрыстым гуканнем, падскокваючы і тупаючы. Турак страляў кепска, але манеўрыраваў лепш і хутка наблізіўся, каб уступіць у бой і адпомсціць за панесеныя страты. Капітан галіёну, які таксама імкнуўся да абардажу і не хацеў напалохаць ворага, дэманструючы ўсе свае сілы, схаваў палову ваяроў да вырашальнага моманту. Момант настаў: караблі сутыкнуліся бартамі. Хрысціяне і туркі падрыхтаваліся да скачку, як раптам грамавы камандны покліч загадаў апошнім адысці назад. Першы тузін кінуўся на іх, і ў тое ж імгненне туркі сякерамі абсеклі бусакі рыцараў, а сваімі бусакамі адштурхнулі галіён. Тут сэнс гэтага манеўра стаў зразумелы і родасцам: два ветразнікі пад сцягамі з крыжам спяшаліся ім на дапамогу. Турэцкі капітан, заўважыўшы іх першым, адразу ж вырашыў ратавацца ўцёкамі, спадзеючыся на большую хуткаснасць свайго карабля. Галіён рабіў усё, каб зноў наблізіцца да яго, але дарэмна: ён мог пераследаваць ворага толькі ядрамі, а той страляў у адказ з кармавых гарматаў. Карабель аддаляўся ўсё больш і больш. Ужо праз гадзіну ён схаваўся за даляглядам, а праз дзве гадзіны начная цемра схавала яго з вачэй хрысціянскіх рыцараў, якія прагнулі помсты.

Тыя, што пераскочылі да турак, вялі адчайны і крывавы бой. Не могучы дапамагчы ім, таварышы на палубе былі гледачамі гэтай няроўнай бітвы і бачылі, як адзін за адным іхнія шлемы знікалі сярод цюрбанаў. Хутка застаўся толькі адзін — шлем Сэн Прэвіля. Стоячы спінаю да дзвярэй каюты, ён трымаўся па-рыцарску. Бліскучае лязо мяча пазначала кожнага, хто надта набліжаўся да яго. «Прыбіць яго бусаком да сцяны!» — гукнуў нечы голас, і ўжо некалькі бусакоў натапырыліся супраць яго. Але намеснік капітана паўстрымаў нападаючых і ў захапленні непараўнальнай мужнасцю і смеласцю юнага рыцара прапанаваў яму пардон. Бусакі ўзняліся, шаблі апусціліся, і паўкола нападаючых застыла, чакаючы ягонага адказу. «Колькі гэта будзе каштаваць?» — спытаў Сэн Прэвіль. «Пяць тысяч цэхінаў, — прагучала ў адказ. — І свабода ўключана ў суму». «Нешта дорага!» — крыкнуў Сэн Прэвіль. — Але я пашукаю грошы». «Добра! — сказаў турак. — Давай мне меч! Калі заплаціш выкуп, атрымаеш яго назад, бо дужа добра валодаеш ім». Капітан, які дагэтуль быў пры гарматах, што адказвалі на стрэлы пагоні, падышоў таксама. Ён злаваўся, таму што абардажны бой задоўжыўся, і яшчэ больш таму, што перамога каштавала так дорага, бо на палубе сярод загінуўшых рыцараў ляжала ў тры разы больш пабітых турак. Яго непакоіла, што падначалены падарыў маладому хрысціяніну жыццё, і можа толькі пяць тысяч цэхінаў паўстрымалі яго ад парушэння мірнага пагаднення.

Сэн Прэвіля адвялі пад палубу і замкнулі ў малым кубрыку, дзе ён сам мусіў перавязаць свае лёгкія раны. Ежы яму далі дастаткова.

Караблі ордэну бяруць у палон турэцкі карабель.

Ноч цягнулася ў сумных разважаннях. Першы ж крок на шляху гонару прывёў яго да няўдачы. Ён быў адлучаны ад сяброў і адзінаверцаў — многія з іх загінулі побач з ім. Ён быў у палоне ў зацятых ворагаў Крыжа, і да тае пары, пакуль ягоныя родзічы будуць збіраць цяжкі выкуп, ягоным лёсам будзе рабства ў дзікіх варвараў. Аднак пяшчотныя прамяні надзеі, што прабіваліся ў самы цьмяны закуток, знаходзілі дарогу і да мужнага сэрца маладога франка! Ён спакойна прымаў цяжар лёсу і з дзіцячай даверлівасцю сустракаў Божую волю.

Пад раніцу — у згодзе з самім сабою, паглыблены ў думкі аб зменлівасці лёсу — ён хацеў ужо аддацца сну і салодкаму забыццю аб усіх бедах. Склаў рукі ў шчырай малітве, пацалаваў крыж на сваіх грудзях і лёг на саламяны тапчан, глыбока і шчымліва ўздыхнуўшы. Раптам ён пачуў, як нехта, зусім побач з ім, уздыхнуў у адказ. Юнак ускочыў і, не стрымаўшыся, крыкнуў: «Хто гэта?» «Франсуа, гэта ты?» — прагучаў голас. «Божа мой, Амарал! — прашаптаў Сэн Прэвіль. — Дзе ты?» «Ды вось іду на корм да сялёдак, — адказаў Амарал. — Трымаюся за руль, але больш не маю сілы. А ты дзе?» «У цёмным лёху!» — адказаў Сэн Прэвіль. — Пад пільнай аховай ды з надзеяй быць выкупленым». «Калі ўрэшце вернешся дадому, — уздыхнуў Амарал, — то павітай ад мяне правансальскіх дзяўчат ды скажы, што я ляжу на дне марскім». «Кінь ты, дружа! — адказаў палонны рыцар. — Паспрабую выратаваць цябе. Тут ёсць дзірка для пэўных патрэбаў. Яна надта малая, каб пралезці, але калі ты маеш кінжал, я паспрабую пашырыць яе». Ён падняў накрыўку, узяў у Амарала кінжал і пачаў асцярожна пашыраць адтуліну. Палічыўшы, што яна дастаткова прасторная, ён папрасіў сябра зняць даспехі і ціхенька, частка за часткаю, апусціць у ваду. Зрабіўшы гэта, Амарал ухапіўся за руку Сэн Прэвіля і, хаця не без намаганняў, улез да яго. Тут ён расказаў, як ацалеў у крывавай лазні: на самым пачатку бітвы ён атрымаў аглушальны ўдар па галаве і беспрытомны ўпаў на палубу. Ачуняў толькі тады, калі разам з мёртвымі быў выкінуты за борт. Халодная купель вярнула яму прытомнасць, і ён здолеў праплыць пад карму, дзе ухапіўся за руль. Зрэшты ён не быў паранены, нішто не балела, адно было няўтульна і холадна. Тады ён зняў мокрую вопратку, а верны сябра падзяліўся з ім сваёю сухою адзежаю. Сэн Прэвіль высакародна прапанаваў раздзяліць з ім ежу і пітво, а калі прыбудуць у турэцкі порт, з усіх сіл спрыяць ягонаму вызваленню. Каб не быць спайманым, Амарал мусіў штораз, калі выдавалі ежу, хавацца пад саламяны тапчан, які служыў пасцеллю палоннаму.

Ледзь яны дамовіліся аб усім, як гучныя галасы зусім побач з імі паслужылі знакам паводзіць сябе як мага цішэй. На самай справе толькі тонкая сценка аддзяляла іх ад каюты турэцкага капітана, а праз шчыліну яны маглі бачыць частку яе прасторы. Гэта было адкрыццё, якое праз некалькі дзён паслужыла іх вызваленню і дазволіла самім вызначаць кошт сваёй свабоды.

Аднойчы раніцай на караблі пачаўся рух, загучалі гарматы. Яны адказвалі на слабыя аддаленыя стрэлы. І нашы палонныя не мелі сумневу, што паміж Туркам і нейкім хрысціянскім суднам ідзе бой. Праз паўгадзіны гарматы змоўклі і зазвінелі мячы — пачаўся абардаж, але яны не маглі бачыць яго. Аднак хутка рыцары пераканаліся, што перамога была на баку іхніх ворагаў. Пад страшныя крыкі ў славу Алаха ішоў рубон, чуліся жаласныя енкі гвалтаваных жанчын. Сэрцы рыцараў палалі, целы ламіла ад гневу і бездапаможнага адчаю.

Прайшло няшмат часу, і расчыніліся дзверы капітанскай каюты. Сэн Прэвіль прыпаў да шчыліны і ўбачыў, як турак цягне за сабой маладзіцу ў грэчаскім строі. Той зачыніў дзверы. «Цяпер, мая міртавая кветка! — пачаў ён. — Мы тут, і табе ўжо не трэба саромецца або прыкідвацца. У гэтае імгненне ты адзіная султанша на ўвесь мой гарэм. І таму…» Тут ён спыніў сваю варварска-галантную прамову, спрабуючы абняць яе. Але дзяўчына так моцна дала яму рукой у грудзі, што ён адхіснуўся на два крокі і апусціў рукі. Турак нахмурыў лоб, пагладзіў бараду, удаючы раззлаванасць, каб працягнуць любоўную атаку пагрозамі. Але яна апярэдзіла яго такімі словамі: «Турак! Варвар, я — хрысціянка! Я — грачанка, а не шлюха. Маё жыццё ў тваіх руках, але не мой гонар…» «Што яшчэ за гонар, мая ж ты маладзічка! — спыніў яе турак. — Давай па добрай волі, што магу ўзяць сілай!» Ён ізноў наблізіўся да яе з растапыранымі рукамі, але дзяўчо імгненна і спрытна выхапіла з похвы ягоны кінжал, крутанулася, прыціснулася спінаю да сцяны і выставіла кінжал перад сабою. Раней Сэн Прэвіль мог толькі ззаду бачыць яе высокую, стройную постаць; цяпер яна павярнулася да яго тварам, высакародная прыгажосць якога адразу ж выклікала ў ім узнёслае захапленне і глыбокае спачуванне. «Цяпер ты ў маёй уладзе! — закрычала яна. — Толькі паспрабуй наблізіцца, і гэты кінжал будзе сядзець у тваіх грудзях!». Амарал, які з хваляваннем слухаў усё гэта, прашаптаў сябру: «З такою і пекла пройдзеш… дай і мне паглядзець на гэтую амазонку!» Сэн Прэвіль адсунуў галаву і ўпершыню за ўвесь час глыбока ўздыхнуў. Праз імгненне турак зноў пачаў завабліваць яе, а калі гэта не дапамагло, пагражаў. Ён пераконваў адважную грачанку, што ёй не выкруціцца ад яго, што будзе горш, калі ён пакліча сваіх людзей. І калі яна змусіць яго да гвалту, то станецца здабычай усёй каманды. «Ну давай! — адказала яна. — Хадзі! Вядзі сюды сваіх халопаў! Але будзь пэўны, што твой кінжал вызваліць мяне ад вас усіх». У Сэн Прэвіля зашчыміла ў грудзях, ён прашаптаў: «Я больш не магу цярпець… мы мусім яе выратаваць!» «Выратаваць яе? — сказаў Амарал. — Якім чынам? Цудам?» «Што робіць турак?» — спытаўся са страхам Сэн Прэвіль. «Бярэ падушкі сафы», — адказаў Амарал. «Ён збіраецца выкарыстаць іх як шчыт для нападу, — сказаў Прэвіль. — Нельга губляць час! Сценкі тонкія і гнілыя, праломім іх і…» «І што?» — саркастычна спытаў Амарал. «І заб’ем турка, вызвалім яе!» — сказаў Сэн Прэвіль ды так громка, што пачуў турак. «Дык ты падслухоўваеш, хрысціянскі сабака!» — закрычаў ён. «Давай!» — сказаў Сэн Прэвіль і кінуўся на сценку з усяе сілы. Сценка разляцелася, і ён уварваўся ў каюту, а за ім Амарал з кінжалам у руцэ. Напалоханы капітан вытрашчыўся на іх, а Сэн Прэвілю хапіла гэтай секунды, каб выхапіць кінжал з рукі грачанкі і ўсадзіць яго ў сэрца варвара. Той асеў на падлогу без адзінага гуку.

Настала ціша, жывыя застылі без словаў разам з мёртвым. Міра — так звалі гэтую дзяўчыну — першая парушыла маўчанне: «Я ўдзячная вам, мае высакародныя выратавальнікі! — сказала яна. — Само неба паслала вас, каб вызваліць мяне ад гэтай пачвары. Але толькі яно і мае сілу назаўсёды вызваліць нас, бо як на моц чалавека, то небяспека застаецца такой жа вялікай для ўсіх нас».

Сэн Прэвіль адказаў толькі паглядам, бо было ясна, што не страх валодаў ягонай душой. Здавалася, ён страціў уяўленне аб тым, што адбылося, ды і аб тым, што магло стацца. Больш спрытны Амарал лепш разумеў сітуацыю. «Святы Ян! — сказаў ён. — Прыгожая пані мае рацыю: мы выйгралі роўна на столькі, каб цяпер памерці разам; трошкі ўзнялі кошт нашага жыцця на пару турэцкіх галоваў, а яны скора спахопяцца, дзе падзеўся іхні камандзір. Але тым часам трэба прыкрыць тыл! Дапамажы мне, Франсуа!» З гэтымі словамі ён пачаў ставіць на месца выламаныя дошкі. Зрабіўшы гэта, прыпёр да сценкі абедзве сафы, а на іх паставіў вялізны куфар. «А з ім што рабіць?» — спытаўся Сэн Прэвіль, паказваючы на мёртвага капітана. «Калі дажывем да вечара, адправім яго тым шляхам, якім я трапіў сюды». «Ага, вось як...» — прамармытаў Сэн Прэвіль, з трывогаю зірнуўшы на грачанку. «Але, — ён утаропіўся ў падлогу, — здаецца, ёсць яшчэ адзін спосаб: падчас бітвы я пачуў, як яны патрабавалі прынесці ім адсюль зарады; іхні парахавы склад павінен быць недзе тут». Ён ухапіўся за кольца ў падлозе і тузануў: накрыўка паднялася, за ёю была яшчэ адна. І, на дзіва, за ёю сапраўды было ўмацаванае памяшканне, больш чым на палову напоўненае парахавымі зарадамі. «Хвала нябёсам! — закрычаў ён. — Цяпер філістымляне ва ўладзе Самсона. Дастаткова адной іскры, і мы можам узарваць іх усіх …» «…Разам з намі!» — падхапіў Амарал. «А хто ведае, — працягнуў Сэн Прэвіль, — чаго мы можам дамагчыся ў ворагаў гэтаю пагрозаю? У шафе, я бачу, ёсць фіцілі і агніва… Прыгожая пані! — звярнуўся ён да грачанкі. — Мы былі сведкамі вашай мужнасці і самавалодання; я не магу сумнявацца, што вы з ахвотаю прымеце і наш план. Вы і мой сябра застанецеся тут, а я тым часам падымуся на палубу і прапаную туркам дзве ўмовы: або яны даставяць нас у хрысціянскі порт, і ў гэтым выпадку мы даем ім гарантыю, што яны адплывуць адтуль без аніякай перашкоды, або мы ўзрываем карабель». «Ваш план, высакародны рыцар, — сказала Міра, — не можа здацца мне больш страшным за тое, да чаго я ўжо была гатова! У горшым выпадку мы захаваем найкаштоўнейшае, што маем, — наш гонар». «Было б разумным, — усклікнуў Амарал, — каб мы захавалі нешта большае. Давайце я пайду да іх на перамовы! Мне дазарэзу патрэбна вопратка, а яму ўжо не — дапамажы, Франсуа!» З гэтымі словамі ён пачаў распранаць труп. Міра адвярнулася. Хутка замест родасца ў каюце стаяў турэцкі баса.

Ён нацягнуў цюрбан на лоб і заткнуў акрываўлены кінжал за пас. «Цікава, — сказаў ён з усмешкаю, — што каманда скажа свайму новаму капітану. З’явіцца нехта зусім чужы ў знаёмым строі іхняга начальніка, нібыта прама з нябёсаў або з магілы, вось напалохаюцца. А вы, мая дарагая! — звярнуўся ён да Міры з далікатнасцю, уласцівай французам, — думаеце, я не здолею быць такім страшным, як ранейшы гаспадар гэтага строю?» «Рабэр! — сказаў паважна Сэн Прэвіль, які ўжо стаяў з запаленым фіцілём у руцэ. — Няма часу на цырымоніі: можа, праз колькі хвілін мы будзем вымушаны зрабіць важны крок…» «Скачок, ты хацеў сказаць, — перапыніў яго Амарал. — Усё адно — што радасць, што журба! Ну, бывайце! Скора зноў будзем разам, або тут, або… — ён паказаў на неба, — там!»

Ён расчыніў дзверы каюты і шпарка падняўся па трапу. Міра з непакоем зірнула яму ў след. Потым яна дастала маленькі залаты крыжык, які мела на грудзях, укленчыла, пацалавала яго і пачала маліцца, склаўшы рукі. Часу было зусім мала, яна малілася ціха і апантана. Душа рыцара, набожна прасветленая і моцная, таксама звярнулася да Уладара смерці і жыцця. Але скора іхняя малітва была перарвана высокім і рэзкім крыкам Амарала: «Фіціль напагатове?» «Так! — гукнуў Сэн Прэвіль. — Трымаю яго ў дзюйме ад пораху». «Добра! — адказаў той. — Калі я крыкну «агонь!», падпальвай яго ў імя Пана і ўсіх святых!» Але яму не давялося выкрыкнуць гэтыя страшныя словы: праз колькі хвілін Амарал, трыумфуючы, спусціўся ў каюту з крыкам: «Вікторыя! Сябры, мы плывем прамым курсам на Родас!»

Дзёрзкі юнак сваім з’яўленнем на палубе выклікаў непараўнальнае здзіўленне турак: яны ўбачылі свайго начальніка, і ў той жа час гэта быў не ён. Ягоны строй да найменшай дробязі, ягоная постаць, але не ягоны твар, больш за тое, не ягоны голас прамовіў да іх. Амарал, прачытаўшы на іхніх тварах разгубленасць уперамешку са страхам, паспрабаваў выкарыстаць моцны эфект першай хвіліны сваім хітрыкам.

«Назад! — гукнуў ён глыбокім і пагрозлівым голасам. — Назад, сыны ісламу! Першы, хто наблізіцца да мяне, станецца здабычай смерці. Слухайце і трымціце! Здарыўся цуд, нябачаны з часоў Прарока: ваш капітан жывым патрапіў у рай, а я перанёсся праз паветра з муроў Каіра, каб замяніць яго. Пятнаццаць хвілін таму я скакаў сярод маіх мамелюкаў, як Прарок — няхай будзе благаслаўлёным ягонае імя — з’явіўся мне. Ібрагім! — сказаў ён. — Сядай на васьміногага каня; ён адвязе цябе з хуткасцю маланкі на карабель, які ты павядзеш да славутых перамогаў. Як толькі станеш на палубе, мусіш адразу плыць на Родас, якім цяпер валодаюць няверныя. Калі ты выцягнеш гэты меч… (тут ён выцягнуў кінжал і ўзмахнуў ім), ён заззяе ў тысячу разоў ярчэй за сонца. Няверныя напалохаюцца, пабягуць і патопяцца ў моры, а ты станеш уладаром горада і ўсіх іхніх багаццяў».

Ніхто не вымавіў ані слова, слухаючы гэтую велічную прамову. Усе застылі і не маглі прыйсці ў сябе, утаропіўшыся ў юнака, аблашчанага Прарокам, пакуль адзін з тых, што стаялі ззаду (ён быў менш даверлівы за іншых), не прашаптаў свайму суседу: «А ці гэта не палонны франк?». «Не, ты што? — адказаў той. — Таго мы ведаем надта добра. Ён або кажа праўду, або гэта сам д’ябал».

«Адказвайце, сыны Прарока! — зноў гукнуў Амарал. — Ці будзеце вы слухацца Ягонай свяшчэннай волі, ці вас чакае жудаснае пакаранне на гэтым і на тым свеце?» Тым часам падышоў намеснік капітана, які быў на другім канцы карабля. Ён пачуў апошнія словы рыцара. «Што гэта такое? — закрычаў ён, наводзячы парадак у самкнёным натоўпе. — А ты хто такі, каб тут камандаваць?» Амарал у некалькіх словах паўтарыў сваю легенду. «Хо-хо! — выгукнуў той. — Прамінулі часы, калі Прарок рабіў цуды, разумных людзей ты не надурыш такімі казкамі. Ты — франк, цябе выдае твой акцэнт. Ты сядзеў недзе на караблі. Але пачакай, мы засадзім цябе зноў, ды так, што Прарок цябе ўжо не знойдзе. Мусульмане!..» Ён хацеў сказаць: «Хапайце яго!», але не паспеў, бо Амарал падняў руку і крыкнуў: «Стойце! Яшчэ адно слова! Калі ты не выслухаеш мяне, гэта будзе каштаваць жыцця табе і ўсёй камандзе. Дай час, каб адкрыць праўду, а потым рабіце са мной што хочаце. Я і так у вашай уладзе». «Ну, кажы давай, толькі паспяшайся!» — быў адказ. «Унізе ў каюце, — сказаў рыцар, — стаіць мой таварыш з запаленым фіцілём каля адкрытага парахавога складу. Як толькі вы схопіце мяне, то ўзляціце ў паветра…» І ён крыкнуў ім: «Туркі, вы цяпер бачыце, хто мае абсалютную ўладу на караблі. Аднак мы не хочам злоўжываць уладай, калі вы не змусіце нас да гэтага». Хасан чухаў бараду, астатнія мармыталі праклёны… «Дзе Імры, наш баса?» — спытаў Хасан. «Я ўжо казаў дзе, — адказаў Амарал. — Ягоная душа, калі ён меў яе, цяпер разам з Прарокам: сярод гурый, якія больш саступлівыя, чымсьці грачанка, якая ўсадзіла яму ягоны ж кінжал. Але паслухайце, што я вам прапаную! Вы вязеце нас на Родас і, як толькі мы высаджваемся на бераг, вы вольна і бесперашкодна адплываеце на вашым караблі з усім скарбам. Ты падарыў майму таварышу па зброі жыццё, мы адплацім вам тым жа».

«Досыць! — сказаў Хасан. — А якія гарантыі ты даеш? Мы даплывем да Родаса, а вашыя таварышы захопяць наш карабель ды зробяць нас саміх рабамі». «Мы прысягаем, — адказаў Амарал, — рыцарскім гонарам і нашым святым Евангеллем: ніхто не кране воласа на вашых галовах. Наш вялікі магістар не мае моцы парушыць нашу клятву. Акрамя таго, ты бачыш, што вы не маеце іншага выбару».

Хасан параіўся з камандай. У выніку дзіўнае пагадненне было заключана. Амарал пакінуў палубу, а карабель узяў курс на востраў іанітаў. Да вострава было ўсяго паўдня плавання. Пакуль плылі, рыцары змянялі адзін аднаго на палубе; яны спакойна хадзілі сярод турак.

Цяпер настаў час Міры распавесці сябрам па чарзе яе гісторыю. Яна была дачкою грэчаскага купца з Родаса. Ён памёр шмат год таму, але была жывая яго ўдава. Вельмі багаты дзядзька Міры, які жыў на Кандзіі, але быў нежанаты, прапанаваў узяць яе да сябе і адпісаць ёй усю спадчыну. Яе ж сёстры заставаліся з маці. Таракі, так звалі гэтага дзядзьку, прыплыў на Родас чатырнаццаць дзён таму на сваім гандлёвым караблі, аснашчаным таксама і для бою. Праз дванаццаць дзён ён адплыў ад вострава, узяўшы некалькі падарожнікаў, сярод якіх было пару сем’яў, што жадалі асесці на Кандзіі. На няшчасце, па дарозе на іх напалі мацнейшыя за іх карсары і пасля кароткага бою ўзялі карабель на абардаж. Яна аказалася адзінай здабычай турак, бо калі яе зацягнулі на турэцкі карабель, каб зрабіць ахвярай пажадлівасці капітана, рубон працягваўся, пакуль нехта не крыкнуў, што кандзійскі карабель тоне. Нават не ўсім туркам удалося выратавацца, ускочыўшы на свой карабель. Як толькі яны адплылі на адлегласць ружэйнага стрэлу, гандлёвец патануў без следу.

На працягу некалькіх гадзін плавання ў кірунку Родаса Міра мусіла заставацца сам-насам то з Амаралам, то з ягоным сябрам. Кожны з іх абыходзіўся з ёю па-рознаму: першы надта шмат гаварыў, другі амаль не сказаў ні слова. Той быў настойлівы ў словах і позірках, гэты ледзь рашаўся зірнуць на яе: адно сцішаныя ўздыхі сведчылі, што ён знаходзіўся побач з прыгажуней. Маўклівы напарнік падабаўся ёй значна больш за балбатлівага. Амарал быў прызвычаены да перамогаў; гэта зрабіла яго дзёрзкім і настойлівым. Але Міра не была лёгкай здабычай; жаночы гонар быў яе абаронцам нават больш за яе цнатлівасць. Рыцар, прызвычаены разглядаць кожны супраціў толькі як прыкідванне і хітрыкі, так далёка зайшоў у сваіх залётах, што дастойная дзяўчына мусіла вярнуць яго да межаў пачцівасці. «Пане рыцар! — сказала яна такім тонам і з такім выразам твару, якія дэманстравалі яе сур’ёзнасць. — Пакіньце вашы жарты тым, якія зразумеюць іх! Шануйце жаночую цнатлівасць! Балюча думаць пра дзяўчат вашай краіны, калі вы не адкрылі для сябе існавання цноты. Вы бачылі, як грачанка змагаецца супраць гвалту, а хітрыкамі я пагарджаю». Уражанага Амарала змяніў ягоны мяккі і сціплы сябра. Яму засталося прыкусіць ласыя вусны і спыніць свой напор. Але ён не пакінуў жадання.

Перад захадам сонца карсарскі карабель пад сцягам з крыжам увайшоў цераз вузкую пратоку ў гавань Родаса. Перад гэтым усе туркі, акрамя Хасана, схаваліся ў труме, каб не ўстрывожыць родаскую варту на батарэях у гавані. Сэн Прэвіль стаяў за рулём, а Хасан са звязанымі рукамі побач з ім. «Цяпер мы ў тваёй уладзе, хрысціянін! — азваўся турак. — Скора стане ясна, ці ты трымаеш слова». «Скора ты даведаешся аб гэтым, — адказаў рыцар. — Мы не можам даць табе лепшай гарантыі выканання слова, чымсьці тая, якую мелі самі: парахавы склад і запалены фіціль». Ён паклікаў з каюты Амарала і Міру. «Выведзі на палубу столькі сваіх людзей, — працягваў ён, — каб яны маглі развярнуць карабель, а сам ідзі ўніз! Вось набліжаецца човен з камендантам порта, ён забярэ нас. Я скажу яму пра дамову; ты бесперашкодна адплывеш. І я абяцаю, што на працягу шасці гадзін ніхто не будзе пераследаваць цябе». Сказана — зроблена. Камендант са здзіўленнем выслухаў расповед рыцараў, забраў іх і грачанку з сабою і паспяшаўся на бераг. Ён не парушыў заключанае пагадненне, і ўпершыню з тых часоў, як іаніты трымалі пад сваёй уладаю востраў, турэцкі ваенны карабель увайшоў у гавань і адплыў з мірам.

Спадарожнікі сустрэлі абодвух юнакоў, навіцыят якіх распачаўся рыцарскай прыгодай, надзвычай радасна, а старэйшыны паставіліся да іх з належнай павагаю. Сам вялікі магістар — таксама француз — выказаў ім сваё шанаванне: яны мусілі паўтарыць яму сваю гісторыю. Распавядаў Амарал, бо Сэн Прэвіль быў больш здатны да справы, чым да словаў.

Іх накіравалі на кватэры. Сэн Прэвіль патрапіў жыць да маці Міры. Дастойная матрона прыняла яго са слязьмі радасці і падзякі, а яе дачка — позіркам, у якім выказала больш, чым сама хацела ці думала. Юнак адчуў, што змяніў адзін палон на другі.

Прамінула чатыры месяцы. Каханне Сэн Прэвіля да высакароднай дзяўчыны, жыццё і гонар якой ён выратаваў, настолькі ўкаранілася ў ягоным сэрцы, што ані час, ні праца, ані ад’езды па справах ці забавы не маглі вырваць яго адтуль. А ўсё ж закаханы не выдаў сябе ані словам, аднак ягоныя перажыванні не былі сакрэтам для яе. Юнак так высока шанаваў яе, яго думкі былі такія высакародныя, сапраўды рыцарскія, што ён не мог прызнацца ёй у пачуцці, якое забараняў ягоны стан. Ён ведаў, што паміж імі не можа быць ніякой законнай сувязі. І хаця ён назіраў прыклады недапушчальных адносінаў паміж ягонымі ордэнскімі братамі і родаскімі дзяўчатамі, яго калаціла ад адной думкі, што Міра магла б быць ягонай каханкаю. Імкнучыся перамагчы сваю жарсць, ён бачыўся з ёю роўна столькі, колькі было непазбежна, уцякаў ад яе, знаходзіўся як мага часцей па-за дарагім і такім небяспечным домам. Ён вёў змаганне як сапраўдны мужчына, але змаганне знясільвала яго, адбівалася на ягоным здароўі, згасіла румянец на яго шчаках і бляск вачэй.

І ўсё ж адказам яму было шчырае каханне. Сэрца Міры было мацней за ягонае, яна з меншымі стратамі здолела перамагчы свае схаваныя жаданні. І хаця яна не здолела прытушыць таемны агонь, то прынамсці не давала яму выбухнуць. Ані позіркам, ані ўздыхам не выдала яна сваіх перажыванняў. Узвышаная душа валадарыла яе сэрцам і пачуццямі, а прыгожае цела захоўвала здароўе і сілу юнацтва.

Чаго мог бы дамагчыся Амарал ад такой дзяўчыны? Калі б яна нават не кахала Сэн Прэвіля, усе намаганні спакусніка ўсё роўна разбіліся б аб скалу яе цноты. Дарэмнымі былі ягоныя хітрыкі: ліслівасць, упрошванні, бліскучыя абяцанні… Усё марна. Нават трагічная маска безнадзейнага, пакутлівага кахання не мела ніякага эфекту. Спачатку ён падазраваў, што існуе патаемная згода паміж ёю і Сэн Прэвілем, але хутка адкрыў, што гэта не так. Яму засталося толькі адно суцяшэнне: што прыгажуня-грачанка проста пазбаўленая пачуццяў, бо тая, што магла супрацьстаяць яму, думаў правансальскі юнак, не атрымала ад прыроды найкаштоўнейшага з яе дароў. Але на Родасе было дастаткова іншых, якіх прырода адарыла шчодра. Амарал адвярнуўся ад няўступлівай Міры, пачаў шукаць і знайшоў задавальненне ў яе слабейшых сясцёр.

Паўгода ён бавіў на востраве, а потым па справах ордэну быў накіраваны ў Францыю, адтуль у Іспанію і зноў у Францыю, затым на Кандзію і зноў на радзіму. Так атрымалася, што толькі праз пяць гадоў ён у другі раз пабачыў Родас і гэта прынесла непапраўную шкоду ордэну, а яму самому пагібель.

За пару месяцаў да ад’езду Амарала маці Міры захварэла і памерла. Сэн Прэвіль быў разам з абедзвюма дочкамі ў іхным горы. Малодшай — Фразіне, было толькі дванаццаць гадоў, і для абедзвюх ён быў як брат. Нябожчыца любіла яго як сына. Але жалоба па бацьку і маці нявечная, яна мае моц на кароткі час: кіпарыс расце і арашаецца спачатку слязьмі, а потым гэтую працу выконваюць хмары і аблокі, а маладая дзяўчына забываецца аб ім, схіліўшыся над міртам.

Жалобныя строі былі ўрэшце знятыя; Міра зноў ўпляла кветкі ў свае валасы. Сэн Прэвіль усё маўчаў і ўздыхаў. Ягоныя сілы таялі дзень за днём, ён ледзьве хадзіў, выглядаў змрочна і прыгнечана — гэта быў шлях у магілу. Ён разумеў гэта, але маўчаў. Чаго заслугоўвала такое каханне? Узаемнага кахання Міры.

Сэн Прэвіль ужо доўгі час еў у яе пакоі. Аднойчы ўвечары Міра паслала сваю служанку да яго з запрашэннем раздзяліць з ёю трапезу. Поўны салодкіх і цьмяных прадчуванняў, ён увайшоў у святочна ўпрыгожаны пакой. Стол быў накрыты для дваіх. Фразіна пайшла спаць. Прыгожы твар Міры палаў дзіўным румянцам. Моўчкі яна паказала рыцару месца. Яны селі насупраць адно аднаго. Падалі стравы. Можна было пачынаць трапезу, але ім нішто не смакавала. Прыгожая гаспадыня падала знак служанцы: тая выйшла. Сярэбраны келіх, напоўнены каштоўным віном, стаяў паміж імі. Міра адпіла з яго і перадала келіх рыцару. Не ведаючы, што робіць, ён асушыў яго да дна. Новае жыццё апанавала яго. Упэўненасць і надзея напоўнілі ягонае сэрца. Ён пачуваўся так, нібыта выпіў з зачараванага посуду.

Тады толькі насмеліўся ён зірнуць на прыўкрасную дзяўчыну. І ўбачыў! Яна сядзела перад ім, такая чароўна прыгожая, усміхалася так, што адразу растапіла ягонае сэрца і ўзнесла яго ў галавакружныя вышыні салодкіх жаданняў. І была яна ў строі нявесты, як усе грэчаскія дзяўчаты ў самы ўрачысты дзень жыцця: чырвоную шлюбную спадніцу трымаў на тонкай таліі пазалочаны пас; бела-мармуровая шыя была абвітая залатым ланцужком; сярэбраны нагруднік ззяў сярод поўных грудзей, што падымаліся і апускаліся пад складкамі ільняной блузы. Нявеста была гатова — бракавала адно міртавага вянка. Падхоплены хваляй кахання, Сэн Прэвіль падняўся і хацеў кінуцца ў ногі чараўніцы, каб прызнацца ва ўсім, што так доўга хаваў ад яе. Але Міра таксама паднялася і выпрастала руку, нібыта каб стрымаць яго. Яе твар стаў раптам сур’ёзным, румянец знік з яе шчок. Яна глыбока ўздыхнула і сказала: «Рыцар! Мы абое доўга захоўвалі таямніцу. Нашы вусны не здрадзілі таму, што адчувалі нашы сэрцы… Сэн Прэвіль! Мы кахаем адно аднаго». Яна спынілася, глядзела ўніз. Вочы яе напоўніліся слязьмі, яна хавала іх, нібыта ім было сорамна за дзёрзкае прызнанне, што зрабілі вусны. Шчаслівы юнак шалеў ад радасці. Яго сэрца калацілася ў грудзях. Ён хацеў нешта сказаць, але не знайшоў словаў, каб выказаць свае пачуцці. Міра зноў падняла вочы і працягнула: «Ваша маўчанне, рыцар, гаварыла за вас! Калі б Вы былі адораны ангельскім языком і выказалі тое, што хавалі з высакароднай стрыманасцю: сапраўды! Я б ніколі не прымусіла сябе прызнацца вам у маім каханні. Сэн Прэвіль! Вы выратавалі мой гонар, але толькі дзеля таго, каб завалодаць ім. Франсуа! Тое, што ты не хацеў узяць, Міра сама аддае табе!» Яна падняла вечка вазы, што стаяла на стале, дастала адтуль міртавы вянок і ўсклала яго сабе на галаву. «Нас, — сказала яна ўрачыста, — злучылі не людзі, і не ім дадзена разлучыць нас. Найвышэйшы закон напісаны ў нашых сэрцах, і мы будзем паслухмянымі яму, мой вечна каханы! Так, Франсуа! Я чую голас нябёсаў і глухая да голасу свету… каханы! Абдымі сваю жонку!» Яна раскінула рукі — і яны ўпалі ў абдымкі адно аднаго.

Чатыры гады прамінулі для шчаслівай пары як адзін дзень, як пагодлівы вясенні дзень. Міра нарадзіла свайму любаму сына і дачку. Міхаэлю было тры гады, Сафіі два. Тут вярнуўся Амарал. Ён чуў пра іхняе сумеснае жыццё, ён убачыў іхняе шчасце, і нячыстае полымя ўспыхнула зноў. Змяя рэўнасці ўджаліла ягонае пыхлівае сэрца. Ён убачыў, што прыгажуня-грачанка ўсё ж мела пачуцці, толькі не да яго. І вырашыў зноў паспытаць шчасця.

Удаючы сяброўства, з манлівай дабрынёй ён украўся да брата, з якім дзяліў гульні маленства. Ён імкнуўся ўцерціся ў ягоны давер у спадзяванні з часам і пры нагодзе дамагчыся ў каханкі таго, у чым адмовіла яму дзяўчына. Ён цікаваў і выкарыстоўваў кожную магчымасць, каб быць з ёю сам-насам, ужываў усё сваё майстэрства і вялікі досвед, каб дасягнуць мэты. Усё дарэмна, як і раней: Міра адрынула ўсе ягоныя памкненні спачатку з халоднай ветлівасцю, а потым з паважнай строгасцю. Але яна хавала ягоныя нізкія заляцанні ад каханага.

Аднак Сэн Прэвіль, які ўсё ж адчуваў нешта, выбраў момант, калі Амарал думаў, што яго няма, і стаўся сведкам яго здрады і непахіснай вернасці Міры. Ён пачуў, як яна сказала: «У сувязі з тым, пане рыцар, што вы ўсё часцей наведваеце мой дом у адсутнасць Сэн Прэвіля, я вымушана шукаць у яго абароны ад вашай бессаромнасці». «Бессаромнасць, — адказаў Амарал, — бывае толькі ў адносінах да законных жонак…» Ён не скончыў. Увайшоў Сэн Прэвіль: «Я надта пагарджаю вамі, — сказаў ён, — каб звяртаць да вас папрокі… вон, нягоднік! Каб я цябе больш тут не бачыў!» «Калі не тут, то ў іншым месцы мы з табой яшчэ сустрэнемся», — адказаў круцель і выйшаў. Міра залілася слязьмі і прыціснулася да грудзей каханага, ахопленая страшнымі прадчуваннямі.

На наступны дзень рыцары сустрэліся ў асяроддзі таварышаў па зброі. «Сэн Прэвіль! — пачаў Амарал. — Учора ты звярнуўся да мяне з абразлівымі словамі; ці не хочаш ты ўзяць свае словы назад?» «Амарал! — адказаў той, — словы праўды проста не могуць быць абразлівымі для чалавека гонару. Акрамя таго, наша кароткая размова не была публічнай». «Але, але, — сказаў зламысна Амарал, — у прысутнасці публічнай жанчыны». «Я добра бачу, — сказаў Сэн Прэвіль, — што ты шукаеш нагоды для схопкі, і я даю яе табе. Я заяўляю, што Вы не дастойны крыжа, які носіце». Гэтага было дастаткова: двубой прызначылі на наступны дзень.

Сэн Прэвіль спрабаваў схаваць ад каханай заўтрашнюю справу, і гэта яму ўдалося. Раніцай ён падняўся раней, калі Міра яшчэ спала, асцярожна пацалаваў яе руку. Пяшчотна абняў дзяцей у іх салодкім сне, узброіўся і пайшоў… Калі Міра прачнулася, у дом заносілі яго мёртвае цела.

Аблога Родаса султанам Сулейманам. Гравюра Дж. Вавассора, 1522 г.

Пэўны час яна асыпала ягоны бледны твар пацалункамі і слязьмі, але раптам устала і выцерла слёзы: яна прыняла рашэнне. Абмыла крывавыя смяротныя раны і апранула труп каханага ў белы саван. Потым падышла да дзяцей; яны яшчэ салодка спалі, бязгрэшна абдымаючы адно аднаго. Пацалаваўшы на развітанне дачушку, яна пайшла да сваёй сястры. Абудзіла яе і распавяла пра жудаснае здарэнне, што адбылося раніцай. «Калі я памру, будзь маці для дзяцей Сэн Прэвіля!» Фразіна не зразумела яе: яна была ашаломленая і зусім разгубілася.

Міра пакінула яе; апранула строі і даспехі каханага. Яшчэ раз пацалавала яго халодныя вусны і пайшла шукаць ягонага забойцу. Яна знайшла яго непадалёк ад месца, дзе адбыўся двубой, ён быў там з двума сваімі прыяцелямі. Яна апусціла забрала шлема. «Што! — закрычаў той трохі напалохана і ў той жа час са здзекам. — Мерцвякі так хутка чуняюць?» «Я — мсціўца!» — адказала Міра і выцягнула меч свайго каханага. Амарал схапіўся за свой меч, а здзіўленыя гледачы сталі секундантамі. «Або ты ўдаеш мёртвага, — крычаў ён, — або ты ўваскрос, а можа, д’ябал пазычыў табе сваё цела: мой меч праверыць, ці з плоці ты і з крыві!» Пачаўся адчайны бой: Амарал быў цяжка паранены, але Міра загінула.

Калі малыя прачнуліся ад салодкага сну, яны ўбачылі трупы бацькі і маці. Фразіна сядзела пры іхнім ложы з выразам дзікага болю. Яна стала маці для асірацелых дзяцей. Праз год яна пабралася шлюбам з багатым купцом. Калі туркі захапілі Родас, яны перасяліліся на Кандзію, дзе гадавалі дзяцей Сэн Прэвіля і Міры як сваіх уласных.

Амаралам пагарджалі амаль усе таварышы па зброі, вялікі магістар ставіўся да яго з агідаю. Гонар — ягоны апошні якар — быў страчаны, і ён дрэйфаваў цяпер, нічым не стрыманы, па бурным моры заганаў. Адной з самых цяжкіх і ліхіх заганаў, якія апанталі яго, была помста: Амарал здрадзіў сваёй веры і свайму ордэну. Калі Сулейман пачаў аблогу Родаса, ён стаў яго шпіёнам. Ён атрымаў плату за здраду, а іаніты страцілі востраў.

Пераклаў з дацкай мовы
Валеры Буйвал.
Паводле: Sten Stensen Blicher. Noveller fra Nordlyset. T. 1.
København, 1967.


  1. Ордэн іанітаў, заснаваны крыжакамі ў Ерузалеме, стаў называцца родаскім ордэнам пасля выгнання крыжакоў з Палесціны мусульманамі і перасялення рыцараў ордэну на Родас. У 1530 г. туркі захапілі Родас, і яго рыцары перанеслі сваю ордэнскую дзяржаву на Мальту — з тае пары ордэн называецца Мальтыйскім.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY