|
|
|
№
4(62)/2012
SUMMARY
Жыццё Касцёла
Постаці
Вера & Socium
Галерэя
Ad Fontes
Прэзентацыя
Маналог святара
Кіно
У святле Бібліі
Паэзія
Проза
Юбілеі
Паэзія
Мастацтва
Гісторыя
Літаратуразнаўства
Навука і рэлігія
Кніжныя скарбы
|
Усё, што адбываецца, адбываецца па волі Божай. Некаторыя здарэнні могуць прыносіць нам боль, аднак Бог вучыць нас таксама і праз непрыемнасці. Падчас вучобы ў семінарыі я заўсёды маліўся такою вось кароткаю малітваю: «Божа, учыні мяне малатком, каб я мог заганяць цвікі веры ў людскія сэрцы». Стаўшы святаром, я крыху забыў пра гэтую малітву, а ўзгадаў пра яе толькі тады, калі мяне адправілі вучыцца ў Рым. У душы я быў супраць гэтага, бо толькі-толькі прыехаў працаваць у тракельскую парафію, распачаў там рамонт, а тут трэба выпраўляцца ў далёкую краіну, нават не валодаючы яе моваю. Акурат у той час я ўспомніў сваю даўнейшую малітву. І паехаў... Праз чатыры гады, у 2004-м, я вярнуўся ў Гродна і пачаў працаваць у катэдры. У 2005 годзе там адбылася каранацыя абраза Маці Божай Кангрэгацкай. Увесь гэты час я мучыўся пытаннем: з чаго пачаць у касцёле рамонт?.. Перад самым пажарам я быў у адпачынку на моры і там думаў пра рамонт ды працягваў маліцца ў гэтай інтэнцыі... Аднойчы ноччу мне прыйшла SMS-ка ад брата: «Вяртайся хутчэй. У касцёле пажар, згарэў алтар». Па дарозе ў Гродна я даведаўся, што згарэў не ўвесь алтар, а толькі яго чацвёртая частка. Зразумела, было вельмі балюча, але я дзякаваў Богу, што хоць нешта ацалела. Вярнуўшыся, я ўбачыў, што катэдра знаходзіцца ў страшным стане. Я не ўяўляў, як гэта можна аднавіць, і таму моцна перажываў. Касцёл быў закопчаны, электрычнасці не было... Мяне мучыла пытанне: за што мне гэта? Святыня прастаяла больш за 300 гадоў, не была разбураная нават падчас войнаў... А тут — пажар... І менавіта ў час маёй працы пробашчам. Чаму? Зразумеў я гэта пазней, калі ўжо ўвесь касцёл быў пафарбаваны і пачышчаны: я ж пытаўся ў Бога, з чаго мне пачаць рамонт, і гэта быў Яго адказ. Больш я нічога не пытаюся, а толькі раблю тое, што Бог мне дае. А дае Ён адно за другім... На другі дзень пасля пажару ў катэдры не было святой Імшы — я пайшоў цэлебраваць яе ў брыгіцкі касцёл. Удзяляючы Камунію, убачыў аднаго вядомага і вельмі добрага гродзенскага сталяра Вячаслава Алешчыка. Гэтая Імша была па яго памерлых бацьках. Мне нібы хтосьці шапнуў: «Ну скажы ты яму!..» Падышоўшы да яго, я прамовіў: «Цела Хрыста... Зайдзі ў сакрыстыю». Ён паглядзеў на мяне здзіўлена, але тут жа кіўнуў, што зойдзе... Разам з Вячаславам мы паехалі ў катэдру, і я паказаў яму, што сталася, і спытаў, ці ўзяўся б ён гэта аднавіць. «Ксёндз Ян, 300 гадоў таму гэта зрабілі ўручную, — адказаў ён, — дык чаму мы цяпер не можам гэтага паўтарыць?» Праца распачалася з першага дня. Рабіліся вымярэнні, расчыстка... Я ўвесь час маліўся і пытаўся ў Бога: як гэта аднавіць, з чаго пачаць? У хуткім часе мне пазваніла з Мінска адна знаёмая дзяўчына, Ірына Радзевіч, выпускніца політэхнічнага ўніверсітэта, і сказала: «Ксёндз Ян, у 2002 годзе мы рабілі праект усяго алтара, маем усе памеры, і я магу Вам гэта пераслаць». Атрымаўшы ад яе поўную каляровую копію, я падумаў: «О, гэта ўжо вялікая справа!» Праект я аддаў сталяру для вывучэння. Зразумела, аднаўленчыя працы выклікалі вялікую «прыцірку» паміж Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам культуры і нацыянальнай спадчыны Рэспублікі Польшча, пакуль вырашалася, хто якую працу будзе выконваць, пакуль былі атрыманыя патрэбныя дазволы і г. д. Напачатку нават не паўставала пытанне аб тым, ці будзе хтосьці спансіраваць гэтыя працы. Праз некаторы час польскі бок паабяцаў дапамагчы фінансава (праўда, не на ўвесь алтар, а толькі на яго частку), а таксама выслаць спецыялістаў і навуковых кіраўнікоў. Калі палякі ўпершыню прыехалі паглядзець катэдру, падумаць, як і што можна зрабіць, у мяне ўжо быў гатовы першы ярус алтара. Убачыўшы зробленае, яны параілі, каб я пакуль нікому гэтага не паказваў, бо найперш трэба аформіць дакументы, атрымаць дазвол з Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і тады прыступаць да працы. Я прапанаваў, каб яны займаліся дакументамі, а сам арганізоўваў працу.
Як толькі Павел Садлей паведаміў, што дазвол атрыманы, мы за два дні паставілі першы ярус. Перад тым, як пачалі працаваць пры алтары, увесь касцёл ачысцілі ад копаці і пафарбавалі. Парафіяне таксама ўключаліся ў працу. Дайшло нават да таго, што адна вельмі адданая Касцёлу старэнькая жанчына, пані Анеля, прынесла срэбныя лыжкі і сказала: «Ойча, грошай я не маю, але Вы прадайце гэтыя лыжачкі і грошы аддайце на алтар». Я быў вельмі ўражаны... Грашовыя ахвяраванні прыносілі многія людзі — мы занатоўвалі іх імёны, але было некалькі такіх, хто прасіў нават не запісваць іх, хоць яны ахвяравалі немалыя сумы. Калі палова страчанай часткі алтара была ўжо зробленая, я пачаў думаць пра скульптуры. І тут выпадкова знайшоўся разьбяр Казімір Місюра (гэта была асобная гісторыя). Я сустракаўся з многімі разьбярамі, але выбраў менавіта яго, бо здавалася, што гэты чалавек прызначаны для такой працы самім Богам. Ён непаспешлівы, не гаварыў, колькі гэта будзе каштаваць, не абяцаў, што зробіць гэта за нейкі канкрэтны час, а сказаў толькі: «Я зраблю, а Вы паглядзіце, ці добра. Калі добра, будзем рабіць далей». Найважнейшае было тое, што ён хацеў пачытаць што-небудзь пра Ёгана Шміта, спазнаць яго дух і думкі, паглядзець яго працы. Толькі пасля гэтага Казімір Місюра пачаў выразаць скульптуры. Здаралася, што я адчуваў прыгнечанасць, калі трэба было разлічвацца з майстрамі, а грошай амаль не было.... Нават хацеў аддаць у заклад свой аўтамабіль. Але Бог, дапускаючы выпрабаванні, ніколі не пакідае нас без выйсця. У такія моманты раптам прыходзіў які-небудзь спонсар, каб ахвяраваць грошы на скульптуру. Гэта сапраўды была вялікая Божая ласка! Напэўна, мы атрымалі яе праз заступніцтва Маці Божай Кангрэгацкай. Уявіце: увесь алтар гарэў; на аргане, які знаходзіцца за 60 метраў ад алтара, адслаілася фарба, а алтар Маці Божай быў за 3 метры ад цэнтра пажару і з ім нічога не сталася. Нават фіранка, якая аддзяляе прэзбітэрый ад алтара Маці Божай Кангрэгацкай, засталася цэлая і вісіць да сённяшняга дня. А гэта ж сукно, якое павінна было згарэць, як порах! Не трэба баяцца, калі Бог пасылае нам выпрабаванні. Алтар і дагэтуль трэба было рэстаўраваць, але за яго ніхто б не ўзяўся. Пажар проста падштурхнуў нас. Цяпер, гледзячы на ўсё нібы з боку, я разумею, што ў гэтым была воля Божая. Хоць алтар ужо скончаны, працы па ўсім касцёле працягваюцца яшчэ і сёння: мы аднавілі і пачысцілі фрэскі, падзалацілі капітэлі. Да гэтага часу касцёл быў нібы прыгаслы, а цяпер набыў сакральнасць. Я заўважыў, што і людзей стала больш прыходзіць — не толькі на святую Імшу, але проста пабыць у касцёле, памаліцца, пасузіраць створаную прыгажосць. Зразумела, было шмат незадаволеных, якія папракалі мяне ў тым, што я нібыта выдаткоўваю на алтар зашмат фінансаў. Адна вельмі пабожная бабулька дакарала мяне: «Што Вы тут наладзілі! Мой унук узяў папырскаў балончыкам на рамачку — і яна пазалацілася. А Вы столькі грошай валіце!» З-за такога неразумення прыходзілі хвіліны адчаю, але Бог нібы казаў мне: «Паглядзі, 300 гадоў таму людзі зрабілі, і сёння вы маеце». Галоўны алтар яшчэ ніколі не быў пазалочаны, хоць у дамове паміж езуітамі і Ёганам Шмітам было напісана: «Падрыхтаваць разьбу да пазалачэння...». Я думаю, што зрабіць гэта ў той час перашкодзіў недахоп фінансаў, таму што бакавыя алтары былі ўжо пазалочаныя. Галоўны алтар быў толькі пафарбаваны, і адбылося гэта тады, калі адсюль выехалі езуіты. Можна сказаць, што мы выканалі задуму езуітаў праз 300 гадоў. Мяне гэта вельмі радуе — у наш крызісны час некаторыя людзі не маюць грошай нават на абутак, але прыносяць у касцёл свае ахвяраванні. Мне прыемна казаць вернікам: «У гэты адноўлены алтар укладзеныя вашыя ахвяраванні. Пройдзе 50–100 гадоў, нас з вамі ўжо не будзе, а вашыя ўнукі будуць глядзець на гэтую прыгажосць, як на цуд». Пазалаціўшы алтар, мы ўбачылі, што ён нібы адасоблены ад усяго інтэр’ера касцёла, таму нам прыйшла думка пазалаціць таксама капітэлі. Само залачэнне я планаваў расцягнуць прыкладна на 3 гады, але ўсё зрабілі за 3 месяцы! Зноў знайшліся ахвярадаўцы, а таксама людзі, які ахвотна прыехалі працаваць. Усё гэта ўдалося толькі дзякуючы малітве, даверу да Бога і даручэнню Яму ўсіх справаў. У такіх выпадках вельмі важна таксама заахвочваць вернікаў да малітвы, распавядаць ім, што ўжо зрабілі і што яшчэ неабходна. Маліцца трэба не столькі аб тым, каб Пан Бог даў грошай, як аб тым, каб Ён паслаў нам добрых людзей. Кожную суботу мы молімся перад абразом Маці Божай Кангрэгацкай за ахвярадаўцаў, за тых, хто працуе пры аднаўленні базылікі і прымае ў гэтым хоць які-небудзь удзел, у тым ліку і за тых, хто прыбірае ў касцёле. У нас ёсць адна сястра гадоў 70-ці, якая належыць да бесхабітавай манаскай супольнасці. Яна без нагі. Калі фарбавалі касцёл, сястра адна за ноч двойчы прыбірала ўсю святыню. «Анелька, ты калі-небудзь спіш?» — пытаўся я ў яе. «Я пасплю... — адказвала сястра. — Потым, пасля абеду, прылягу на гадзінку». Яна суткамі дзяжурыла ў касцёле, бо працы па ачыстцы і фарбаванню вяліся ў асноўным ноччу, пры ліхтарах. А ў 7 гадзін раніцы людзі ўжо збіраліся на набажэнства. Касцёл ніколі не быў зачынены, днём па 6 разоў праводзіліся Імшы, удзяляліся сакрамэнты шлюбу, хросту... Толькі ў наш час, калі пазалацілі капітэлі, я даведаўся, што інтэр’ер касцёла не завершаны... У алтарнай частцы капітэлі ўпрыгожаныя ляпнінаю, зробленыя з цэменту; у скляпеннях купала — таксама. Усе астатнія капітэлі ў касцёле зробленыя з дрэва, крыху нязграбныя. Але чаму 300 гадоў назад так зрабілі? Касцёл быў кансэкраваны ў 1705 годзе. На ўрачыстасці прысутнічалі кароль Польшчы Аўгуст ІІ і цар Пётр І. Мне здаецца, майстры проста спяшаліся хутчэй падрыхтаваць касцёл да кансэкрацыі, таму не паспелі аздобіць ляпнінаю ўсе капітэлі і выразалі іх з дрэва. Па выглядзе капітэляў сапраўды падобна, што яны былі зробленыя наспех. Калі б мы вырашылі цяпер замяніць дрэва ляпнінаю, гэта была б надзвычай дарагая і складаная праца. Наступнае, што мы плануем зрабіць у касцёле, — рэстаўраваць алтар святога арханёла Міхала. Гэты алтар самы стары ў святыні — ён створаны ў 1664 годзе... Што датычыць душпастырскай працы, мы стараемся вельмі цесна супрацоўнічаць з вернікамі. У парафіі налічваецца каля 20 тысячаў чалавек (гэта цяжка паддаецца ўдакладненню, бо да нас прыязджаюць не толькі нашы парафіяне, але і вернікі з усяго горада). У нас ёсць розныя малітоўныя групы. Напрыклад, група святога арханёла Міхала збіраецца на малітву кожны аўторак, мае адмысловае набажэнства: просіць арханёла Міхала аб заступніцтве, аб вызваленні ад злога духа і г. д. Супольнасць «Апостальства дапамогі душам чыстцовым» збіраецца кожны панядзелак, моліцца Ружанец. У парафіі ёсць святар, адказны за гэтую групу. У нашай парафіі працуюць 4 святары. Гэта вельмі мала, бо ў буднія дні мы цэлебруем 6 святых Імшаў, а ў нядзелі і святы — ажно 8. У нас ёсць 12 колаў «Жывога Ружанца», кола адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Акрамя таго, у касцёле адбываецца штодзённая адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, якая пачынаецца ў 9.30 раніцы і працягваецца да 7 гадзінаў вечара (пры гэтым Найсвяцейшы Сакрамэнт выстаўлены ў бакавым алтары Маці Божай Кангрэгацкай). Вернікі размяркоўваюць паміж сабою час, у які яны будуць прыходзіць на адарацыю, і такім чынам у касцёле пастаянна хтосьці ёсць — адарацыя адбываецца няспынна і мае неапісальную моц!
У снежні споўніцца год з таго часу, як у нашай парафіі з’явілася малітоўная група Маці Божай Кангрэгацкай. Я даўно хацеў заснаваць гэтую групу, таму што 300 гадоў назад у езуітаў была марыянская кангрэгацыя, у якую ўваходзіла пераважна моладзь. Наша група складаецца з вернікаў рознага ўзросту. Кожны чацвер мы сустракаемся на Ружанцы, молімся ў розных інтэнцыях, перыядычна ў нас адбываюцца дні духоўных сустрэчаў. У гэтую групу ўваходзіць каля 90 чалавек. Зразумела, з яе трэба было б зрабіць тры асобныя групы. Кожны апошні чацвер месяца ў гэтай групе мы асвячаем ваду, соль і алей. Гэта тыя сакрамэнталіі, якія дапамагаюць нам ачысціцца і наблізіцца да Бога. Напрыклад, часта бывае, што мы хочам памаліцца, а розныя думкі нам перашкаджаюць. Хочам пасля працы схадзіць у касцёл, а адчуваем сябе вельмі стомленымі і знаходзім мноства апраўданняў, каб не ісці. Калі ж чалавек прымае такія сакрамэнталіі, ён абаронены Богам. Экзарцызмаваны алей можна прымаць унутр у якасці леку, бо каля 80 працэнтаў нашых хваробаў маюць духоўны характар. Ім таксама можна змазваць ранкі. Аднойчы да мяне на споведзь прыйшла маладая дзяўчына, якая ўвесь час старалася прыкрыць гольфікам свае рукі. Я спытаўся, што ў яе здарылася. Аказалася, што яна страшна апяклася баршчавіком, калі ездзіла прыбіраць магілы бацькоў. Урач папярэдзіў, што з часам гэтыя карычневыя апёкі, магчыма, пройдуць, але леку на іх няма. Праз пару дзён мне прысніўся сон, у якім хтосьці сказаў: «Чаму ты не даў ёй асвячонага алею?» Прачнуўшыся, я падумаў: і праўда, я ж бачыў, як экзарцысты вылечваюць людзей такім чынам. Я так і зрабіў... Праз тыдзень яна прыйшла і паказала мне рукі: на іх не засталося ніводнай плямкі... Экзарцызмаваную соль таксама можна ўжываць з ежаю. Бывае, хтосьці сурочыць дзіця, і яно так сябе паводзіць, нібы д’ябал у яго ўсяліўся. А дасі дзіцяці гэтай солі — яно спакайнее. Усё гэта моц Божая! ...Часам гаворыш казанне і разумееш, што людзі нібы слухаюць цябе, але не чуюць. Што ім перашкаджае? Нейкі цяжар, які не дае адкрыцца на Божае слова і Божыя ласкі. Асвячоныя малітваю вада, соль і алей дапамагаюць чалавеку вызваліцца ад непатрэбнага цяжару. У нашай парафіі ёсць таксама моладзевая група, якая збіраецца кожную пятніцу, — 35 чалавек. Для нас гэта шмат: катэдра знаходзіцца ў цэнтры горада, а тэрыторыя парафіі — на перыферыі, таму не ўся моладзь можа ў будні дзень прыехаць на сустрэчу. У гэтым годзе мы выбралі крыху іншую тактыку працы з маладымі людзьмі: далучаем іх да розных працаў, плануем наведваць дзіцячыя дамы і заахвочваем прыводзіць у касцёл сваіх знаёмых, сяброў, каб моладзевая група пашыралася і на змену аднаму пакаленню прыходзіла другое. У нашых вернікаў ёсць магчымасць індывідуальнай размовы са святаром. Каб чалавек мог добра падрыхтавацца да генеральнай споведзі, мы даём яму анкету з пытаннямі. Пенітэнт запісвае ўсё, што згадае, у сшытак і праз тыдзень-другі прыходзіць да споведзі. Генеральная споведзь адбываецца не ў спавядніцы, а ў канцылярыі, каб было дастаткова часу пагутарыць і адразу памаліцца над чалавекам. Падчас споведзі часта выяўляюцца такія грахі, вызваленне ад якіх патрабуе моцнай малітвы, напрыклад, грахі акультызму. Былі выпадкі, калі пасля споведзі людзі хутка атрымлівалі аздараўленне — напрыклад, ад бяздзетнасці. Вельмі радасна бачыць, калі людзі, у якіх 10–15 гадоў не было дзяцей, прыносяць немаўлятка да хросту. Аднойчы да мяне звярнуўся праваслаўны вернік, які знаходзіўся ў цяжкім духоўным крызісе. Ён казаў, што страшна баіцца заставацца адзін: «Не ведаю, што са мною здарылася, але калі жонка ў хаце — са мною ўсё нармальна, як толькі жонка кудысьці пойдзе — мяне кідае і калоціць». У яго выпадку гэта было звязана з моцнаю акультычнаю практыкаю. Калі я дакрануўся да яго галавы ў час малітвы, было такое адчуванне, быццам у яго пад скураю забегалі нейкія жучкі. Мужчына пачаў захлёбвацца, з ім здарыўся страшны прыступ, аднак пасля трох малітоўных сустрэчаў ён аздаравіўся... Часам чалавек прыходзіць да споведзі, але душа яго закрытая. Ты молішся разам з ім да Духа Святога — і праз некаторы час ён пачынае плакаць, адкрывацца і выказваць усе свае грахі. Толькі тады разумееш, што чалавек выкінуў з сябе ўсё дрэннае, ачысціўся і сапраўды атрымаў дар Божай ласкі. Аднаго разу да мяне прыйшла жанчына і з вельмі суровым выглядам сказала: «Я не магу ўсміхацца, ўсё ўва мне нібы скаванае, не магу таксама ні з кім пасябраваць, на мяне не звяртаюць увагі мужчыны». Пасля таго, як гэтая жанчына прыступіла да генеральнай споведзі, я больш ніколі не бачыў яе суроваю — заўсёды з усмешкаю. Гэта сапраўднае адкрыццё на ласку Божую, якая сама будзе дзейнічаць у чалавечай душы! Часам людзі няправільна разумеюць гэтую моц малітвы, прыходзяць у канцылярыю і пытаюцца: «А дзе можна знайсці ксяндза-празорцу?» Або просяць: «Здыміце, калі ласка, з мяне замову». Балюча гэта чуць, бо яны прыходзяць да мяне як да чараўніка. З імі ў мяне звычайна кароткая размова: «Вам трэба да споведзі!» Некаторыя адразу расчароўваюцца, бо ім здаецца, што дастаткова прыйсці, заплаціць грошы — і ўсё вырашыцца. Крыўдна бывае, калі молішся над чалавекам, а праз некаторы час ён прыходзіць і кажа: «Ведаеце, ойча, мне трохі лепш стала, але камп’ютарная дыягностыка паказала, што ў мяне дрэннае біяполе». Тады я проста адказваю: «Ідзіце з Богам!», бо разумею, што чалавек зноў закрыты — ён не прыняў тое, што я ўклаў у яго, і чакае нейкага шоу. Шкада такіх людзей... Аднойчы да мяне прывезлі маладую жанчыну, якая хварэла на рак мозгу і ўжо аб’ездзіла мноства чараўнікоў. Яна была пасля аперацыі, амаль паралізаваная. Мы некалькі разоў сустракаліся ў канцылярыі. Муж яе быў няверуючы, і калі я прапанаваў паспавядацца спачатку яму, той ледзь не кінуўся на мяне з кулакамі. Пасля сустрэчаў са мною гэтая жанчына зноў ездзіла да «бабкаў», але ўрэшце адчула, што Божая ласка мацнейшая... Прызналася ў гэтым, паспавядалася і праз некаторы час памерла. Адзін святар сказаў мне: «Вось бачыш, ксёндз Ян, ты маліўся, а яна ўсё роўна памерла. Ты не вылечыў яе малітваю». «Але ты ўзгадай, — адказаў я яму, — якой яна была адразу пасля аперацыі. Крычала, білася... Страшна баялася памерці... І якой яна стала, калі ты прыехаў удзяліць ёй сакрамэнт намашчэння перад смерцю? Яна была спакойная, прыняла сваю смерць як волю Божую». Для Бога найважнейшае нашае духоўнае аздараўленне, Ён хоча, каб мы не ўспрымалі смерць як пракляцце ці пакаранне. Часам мы чакаем ад Бога невядома якіх цудаў. Я таксама калісьці думаў, што, стаўшы пробашчам катэдры, змагу столькі ўсяго! Пан Езус сказаў: «Хто хоча быць большым сярод вас, няхай будзе вам слугою» (Мц 20, 26). Я стараюся выконваць гэта ў штодзённым жыцці і вучу гэтаму сваіх вікарыяў. Нядаўна адзін з іх паехаў да хворага з Найсвяцейшым Сакрамэнтам і на перакрыжаванні ў яго заглохла машына. Ён звоніць мне і пытаецца, што рабіць. «Адгані машыну ўбок, — кажу яму, — хутка я прыеду». Я звазіў яго да хворага, затым паехаў з ім рамантаваць машыну і ўвогуле ўвесь дзень прысвяціў яму. Вікарый быў вельмі ўражаны гэтым... У свой час мяне навучылі такому служэнню і дабрыні, бо Пан Езус выразна сказаў: «Сын Чалавечы не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх» (Мц 20, 28).
Ксёндз Ян Кучынскі,
|
|
|
|