|
|
|
№
4(62)/2012
SUMMARY
Жыццё Касцёла
Постаці
Вера & Socium
Галерэя
Ad Fontes
Прэзентацыя
Маналог святара
Кіно
У святле Бібліі
Паэзія
Проза
Юбілеі
Паэзія
Мастацтва
Гісторыя
Літаратуразнаўства
Навука і рэлігія
Кніжныя скарбы
|
Пачатак у №2(40)/2007
Разьдзел XVI
Трэба зьвяртацца да Хрыста пры ўсенькіх нашых патрэбах ды прасіць Яго ласкі 1. О найсалодшы і наймілейшы Пане, якога імкнуся цяпер я пабожна прыняць; Ты ведаеш, у якіх благоцьцях і праступках занураны я, як часта мне цяжка надта, як часта мяне спакушаюць, турбуюць надта, ды як часта ўпадаю. Прыходжу да Цябе па лекі, малюся — дай мне пацеху ды палёгку. Клічу Цябе, які ўсё ведаеш, якому адчынены ўсенькія патайныя справы сэрца майго і які адзін толькі здолееш дасканальна мяне пацешыць і памагчы мне. Ты ведаеш, чаго найбольш мне трэба, які я бедны на цноты. 2. Вось стаю перад Табою мізэрны і нагі, просячы ласкі ды молячыся аб міласэрнасьці. Накармі галоднага жабрака Твайго, запалі халоднасьць маю агнём Тваёй любові, дай сьвятло сьляпым вачом маім яснатою прысутнасьці сваёй. Пераінакшы ўсенькія роскашы на зямлі на самае гаркаценьне, каб ўсенькія зьдзекі ды беды навучылі цярплівасьці мяне, каб на ўсякае марнае стварэньне забыўся я зусім. Падымі сэрца маё да сябе ў неба і ня дай, каб блудзіўся я па зямлі. Ты адзін будзь маім захопленьнем ад цяпер аж на векі, бо Ты адзін страваю ды піцьцём маім, любоўю маёю і радасьцю маёю, салодкасьцю маёю ды ўсенькім маім дабром. 3. О каб жа паліў Ты мяне ўсенькага прысутнасьцю сваёю ды спаліў і перамяніў сабе. О каб жа быў я духам з Табою адным праз ласку ўнутранае лучнасьці ды палаючае любові. Ня дай, Пане, каб я галодны ды з смагаю ад Цябе адышоў, але паступай са мною паводле міласэрнасьці Тваёй, як гэтак часта паступаў Ты цудоўна з сваімі сьвятымі. Ці ж было б гэта нешта незвычайнае, калі б, гаручы ад Цябе ўсенькі, сам дзеля сябе ўшчэнт я згарэў, бо ж Ты агонь палкі заўсёды і ніколі гарэць не пакідаеш; бо ж Ты любоў, што сэрца ачышчаеш ды даеш сьвятло розуму нашаму. Разьдзел XVII
Аб гарачай міласьці і найжывейшым пажаданьні Цела Хрыстовага 1. З найвялікшаю пабожнасьцю, з гарачай міласьцяй, з сэрцам, поўным чуцьця ды палкасьці, імкнуся, каб Цябе, Пане, прыняць гэтак, як шмат якія людзі пабожныя імкнуліся і якія сьвятасьцю жыцьця свайго найбольш былі ўспадобу Табе ды жылі ў найвялікшай пабожнасьці. О Божа мой, любоў спрадвечная, усенькае маё дабро, шчасьлівасьць бязмерная, — хачу прыняць Цябе з найгарачэйшым жаданьнем, з найвялікшаю пашанаю, з гэткаю, якую калі-кольвек і які-кольвек сьвяты мог мець і адчуваць. А хаця і недастойны я карыстацца ўсенькімі дарамі гэткае пабожнасьці, аднак ахвярую Табе ўсенькае сэрца сваё з усімі ўчуцьцямі, быццам адзін я меў іх усе — найбольш мілыя Табе. І што толькі душа пабожная ўцяміць ці пажадаць здоляе, усё гэта Табе з найвышэйшаю чэсьцю ды з найвялікшаю сардэчнасьцю аддаю ды ахвярую. Нічога пакідаць сабе не хачу, а сябе і ўсё сваё самахоць з найвялікшым вясельлем кладу перад Табою. Пане Божа мой, Стварыцелю мой, Збаўца мой — імкнуўся б я прыняць Цябе сёння з гэткім учуцьцем, пашанаю, з чэсьцю ды хвалаю, з гэткаю падзячнасьцю, дастойнасьцю ды любоўю, з гэткаю вераю, надзеяю ды чыстасьцю, зь якімі прымала Цябе ды імкнулася да Цябе Найсьвяцейшая Маці Твая, бласлаўлёная Дзева Марыя, калі пакорна ды пабожна адказала анёлу, што аб’яўляў Ёй Тайніцу ўчалавечаньня: Вось я — слуга Твая, хай будзе мне паводле слова Твайго (Лк 1, 38). 3. Дык гэтак, як бласлаўлёны папярэднік Твой, найвялікшы зь сьвятых — Ян Хрысьціцель, які задрыжэў з радасьці, будучы яшчэ ва ўлоньні мацеры, ад прысутнасьці Тваёй і цешыўся вясельлем Духа Сьвятога, а потым, убачыўшы Езуса, ідучага сярод людзей, з вялікай пакорай і пабожным учуцьцём гэтак кажа: Прыяцель улюбёнцаў, што стаіць ды ўслухаецца Яго, вясельлем весяліцца дзеля голасу улюбёнца (Ян 3, 29) — гэтак і я хацеў бы гарэць вялікімі і сьвятымі пажаданьнямі ды самога сябе з усенькага сэрца Табе ахвяраваць. Дзеля гэтага ахвярую Табе і кладу перад Табою радасныя захопленьні сэрцаў усенькіх, палкую любоў, вясельле душы, надпрыродныя аб’яўленьні і нябесныя з’явы, ахвярую ўсенькія цноты ды чэсьць, якую Табе выказавюць і будуць выказваць усе стварэньні на небе і на зямлі; усё гэта ахвярую за сябе і за тых усіх, за каго мне трэба маліцца, каб усе дастойна Цябе выхвалялі ды заўсёды славілі. 4. Прымі, Пане Божа, прырачэньні мае і пажаданьні мае аддаваць Табе хвалу бязконцую ды бязмерныя бласлаўленьні, бо ж усё гэта прыналежна па праву Табе, дзеля невыказнае Твае вялікасьці. Гэта ўсё ахвярую Табе ды імкнуся, каб ахвяроўваць кожны дзень і кожную хвіліну, а ў малітвах маіх клічу ўсім сэрцам духаў усіх нябесных ды ўсенькіх верных Тваіх, каб адначасна са мною дзякавалі Табе і выхвалялі Цябе. 5. Няхай выхваляюць Цябе народы сусьвету, пляменьні і ўсенькія мовы, а сьвятое ды мёдаточнае Імя Тваё няхай выслаўляюць у найвялікшым захопленьні ды з палкаю пабожнасьцю. А тыя ўсе, што з пашанаю належнаю ды з пабожнасцью Найсьвяцейшы Твой Сакрамэнт сьвяцяць і з поўнаю вераю Яго прымаюць, няхай ласку ды міласэрнасьць знойдуць перад Табою ды вымаляць тое самае дзеля мяне грэшнага. А калі збудзецца іхнае пажаданьне і будуць карыстацца дарам лучнасьці сьвятое з Табою, а цудоўна пацешаныя ды накормленыя з сьвятога стала Твайго нябеснага будуць стуль ужо адыходзіць, няхай спамянуць і аба мне, бедным, перад Табою. Разьдзел XVIII
Няхай чалавек не дасьледжвае з цікаўнасьці Тайніцы сьв. Сакрамэнту, але няхай пакорна насьледуе Хрыста, аддаючы свой розум пад уладу веры сьвятой 1. Сьцеражыся цікаўных і бескарысных досьледаў гэтае бязмерна глыбокае Тайніцы Сакрамэнту, калі ня хочаш занурыцца ў протхлі сумніваў. Той, хто хоча здасьледаваць Божую Веліч, будзе прыціснуты славаю Ягонаю (Прып 25, 27). Больш здолее зрабіць Бог, чымся чалавек сьцяміць розумам. Няма забаронаў пабожна ды пакорна шукаць праўды, абы толькі заўсёды вучыцца ахвотна ды сьледаваць за здаровымі думкамі айцоў сьвятых. 2. Бласлаўлёная прастата, што мінае заблытаныя сьцежкі цяжкіх пытаньняў, а ідзе простым ды пэўным шляхам Божых загадаў. Шмат хто веру згубіў, хочучы сьцяміць тое, што вялікшае за іх розум. Бог веры хоча ад цябе ды жыцьця добрага, а не вялікага розуму ды досьледаў над Тайніцамі Ягонымі. Калі ня здолееш сьцяміць ані агарнуць таго, што ніжэй за цябе, дык якім чынам хочаш ты сьцяміць тое, што высока над табою? Спакарыся перад Богам, аддай веры ўладу пад пачуцьцямі, і будзеш карыстацца сьвятлом мудрасьці, наколькі яно табе будзе карысным ды неабходным. 3. Іншыя шмат сустракаюць спакусаў адносна веры ды Сакрамэнту, але ня іх самых за гэта вінаваціць трэба, а больш ворага душы іхнай. Не турбуйся надта, не пачынай гутаркі з думкамі сваімі ды не адказвай на сумнівы, што нагортвае нячысьцік на цябе, а вер словам Бога, вер сьвятым Яго ды прарокам, дык прападзе вораг твой. Часта надта карысна дзеля слугі Божага, калі вытрывае ён гэта. Бо няверных ды грэшнікаў нячысьцік ужо не спакушае, бо ўжо бясьпечна імі валодае, а верных пабожных усяляк ён мучыць ды спакушае. 4. Дык ідзі і далей у шчырай і бяссумніўнай веры ды з пакорнаю пашанаю прыступай да сьв. Сакрамэнту. А калі чаго добра сьцяміць не патрапіш — даручы гэта спакойна Богу ўсемагутнаму. Бог не абманвае, абманваецца той толькі чалавек, што зашмат на сябе спадзяецца. Бог ахвотна прабывае з простымі людзьмі ды аб’яўляецца пакорным; малым дае ўцямак; адчыняе засланкі з Тайніцаў сваіх людзям чыстага духу, а хавае сваю ласку перад пышнымі ды надта цікаўнымі. Розум чалавецкі нядужы і можа памыліцца; вера ж шчырая ніколі ня мыляецца. 5. Розум і ўсякія ягоныя досьледы няхай ідуць за вераю, а не папярэджваюць і не ламаюць яе. Бо вера і любоў тутака важныя найбольш, і таёмнымі спосабамі дзеюць яны ў гэтым найсьвяцейшым ды найвышэйшым Сакрамэнце. Спрадвечны і бязмежны ёсьць Бог, і з магутнасьцю бязконцаю Ён дзеіць на небе і на зямлі вялікія і таёмныя справы, і немагчыма дасьледзіць розумам Ягоныя чыны цудоўныя. Калі б гэткія былі Божыя справы, што лёгка сьцяміў бы іх розум чалавецкі, ня былі б яны цудоўнымі і няможна было б гаварыць аб іх невыказнасьці.
З лацінскай мовы пераклаў
д-р Ст. Грынкевіч
|
|
|
|