|
|
|
№
4(62)/2012
SUMMARY
Жыццё Касцёла
Постаці
Вера & Socium
Галерэя
Ad Fontes
Прэзентацыя
Маналог святара
Кіно
У святле Бібліі
Паэзія
Проза
Юбілеі
Паэзія
Мастацтва
Гісторыя
Літаратуразнаўства
Навука і рэлігія
Кніжныя скарбы
|
«Бог сапраўды з намі», — вось ужо некалькі гадоў, нягледзячы на ўсе цяжкасці і выпрабаванні, гэтае радаснае перакананне, адлітае ў сталі на прапыленых колеру фельдграў мундзірах, раз за разам ахоплівала мільёны новых арганаўтаў — творцаў падзеяў, якіх не ведала сусветная гісторыя. …Напрыканцы жніўня 1942 года 16-я танкавая дывізія элітнай 6-й арміі Вермахта, той, пра якую было сказана, што можа штурмаваць нават неба, першай выйшла да Волгі. У афіцэрскія біноклі бачыліся абрысы Сталінграда — скрайняга рубяжа «Барбаросы». Да перамогі заставалася адлегласць гарматнага выстралу, але пераадолець яе станавілася цяжэй з кожным крокам. Гайнц Шротар, ваенны карэспандэнт 6-й арміі, занатаваў: «...Супраціў паўставаў літаральна на голым месцы. На ацалелых фабрыках рабілася зборка апошніх танкаў, збройныя склады пусцелі, узброеныя былі ўсе, хто здольны быў трымаць зброю ў руках…». Люфтвафэ ператварылі большую частку горада ў груду развалінаў, але гэта толькі паспрыяла абаронцам. У верасні і кастрычніку 6-я армія, сцякаючы крывёю ў вулічных баях, прабівалася праз руіны ў сярэднім па 100 м у дзень. Як заўважыў адзін лейтэнант пехацінец, працягласць цяпер вымяралася не метрамі, а трупамі. Калі разведка папярэдзіла аб пагрозе на левым фланзе, пад кантролем наступаючых знаходзілася ўжо 90% тэрыторыі Сталінграда, іх вычарпаныя дывізіі напружвалі апошнія сілы. 19 лістапада Чырвоная Армія абрынулася на поўначы. Тыя, хто трапіў пад гэты каток, былі цалкам знішчаныя. Некаторыя падраздзяленні ўжо не адказвалі на радыёзапыты штаба 6-й арміі. Крыху пазней тое ж паўтарылася на поўдні. П’янае паветра бліцкрыгу цяпер ударыла ў галовы савецкіх танкістаў – абыходзілі ўмацаваныя вузлы і ішлі, ішлі наперад, ахопліваючы праціўніка, і 23 лістапада самкнулі свае клешчы вакол 22-х дывізій Вермахта і хаўрусных яму румынаў і італьянцаў (364 тыс.). Прапановы здзейсніць прарыў адхіляліся Вярхоўным камандаваннем, ды і паліва ў танкаў заставалася на 30 км. Сталінград ператварыўся ў «крэпасць» у катле, знешні край якога зрухваўся усё далей на захад. Перад самым наступам Чырвонай Арміі выпаў першы снег, тэмпература паветра ўпала да 2°С і з кожным днём паніжалася. З боку казахскіх стэпаў дзьмуў ледзяны, пранізлівы вецер. Адбылося гэта раптоўна, без усялякага плаўнага пераходу… Зімовае абмундзіраванне 6-й арміі знаходзілася на складах за 200 км. Забеспячэнне па паветры пакрывала толькі малую частку патрэбаў у боепрыпасах і харчаванні. У снежні пайкі былі скарочаныя да 200 грамаў каніны і 200 грамаў хлеба для баявых частак і для дапаможных — напалову менш. На нямецкіх армейскіх мапах сталінградскі кацёл пазначаўся невялікім блакітным кружочкам. У ім сканцэнтраваліся грандыёзныя па сваіх маштабах і накале эмоцыі, спрэчкі, успышкі аптымізму і глыбокага адчаю. Што рабіць? Быць вернымі прысязе, змагацца і паміраць ці, насуперак загадам зверху, прарывацца і таксама паміраць, бо сілаў не тое што змагацца, але і жыць ужо не заставалася, ці скласці зброю і, зноў жа, паміраць у палоне? Кожная хвіліна набліжала да смерці, і гэта, як ніхто ў свеце, адчувалі тады ў 6-й арміі, а яшчэ тыя, што стаялі перад расстрэльнымі ровамі айнзацгрупаў ці ў сталінскіх лагерах. У віры тых драматычных падзеяў вера ў «Таго, Хто з імі», пачала перажываць істотныя трансфармацыі. Магутны і Бясконцы Бог, з імем Якога яны дагэтуль ішлі і перамагалі, цяпер, на парозе канца, прадстаў у вобразе Дзіцяці на руках Маці. Ніхто ў свеце сярод ваюючых армій не чакаў і не рыхтаваўся так рупліва да Калядаў, як у 6-й арміі. Падрыхтоўка пачалася яшчэ на пачатку Адвэнту, гэта значыць задоўга да адчайнай спробы танкавых дывізій Гота прарваць звонку кальцо акружэння. …«Уначы перад Калядамі, — натаваў Шротар, — тры жаўнеры, рызыкуючы жыццём, прынеслі з невялікага лясочка пад Гумракам сасну, пасля чаго выразалі з фольгі зорачкі, а з паперы для светамаскіроўкі — арнаменты. На Каляды дрэва запалымнела агнём на вышыні 137 — бачна было здалёк. Толькі праз гадзіну дрэва было знішчанае мінамётным залпам…»
…У тыя дні галоўны ўрач медыцынскага бункера 16-й танкавай дывізіі капітан Курт Ройбер ні з кім не мог гаварыць (за апошнія тыдні ўсе сталі больш маўклівыя), ён толькі хапаўся за галаву і моўчкі дасылаў пытанні адчаю ў пустэчу. І тады Бог паслаў яму выратавальную думку супрацьпаставіць цемры, смерці і разбурэнню святло, жыццё і любоў. «Я доўга думаў, што мне намаляваць, — пісаў Ройбер у адным з лістоў, — і спыніўся на Мадонне, ці Маці з Дзіцём. Мой гліняны грот ператварыўся ў атэлье мастака. У малюсенькім памяшканні не хапала месца для таго, каб адысці ад карціны і паглядзець на яе здалёк; для гэтага мне даводзілася ставіць на маё ложа з дошак табурэтку, ускарабквацца на яе і глядзець на карціну зверху. Шматлікія падзенні, удары, знікненні алоўкаў у гліняных трэшчынах — усе гэтыя непрыемныя моманты суправаджалі стварэнне карціны. Для карціны вялікага фармату не было падыходзячай падстаўкі, акрамя самастойна збітага і коса стаяўшага стала, вакол якога рухацца было даволі цяжка: даводзілася працісквацца між ім і сценамі, акрамя таго, не хапала матэрыялу для малявання, у якасці паперы служыла руская геаграфічная мапа. Але хачу сказаць, што праца над Мадоннай прыносіла мне вялікае задавальненне, і я цалкам акунуўся ў яе. Карціна выглядала наступным чынам: Маці і Дзіця схілілі галовы адно да аднаго, абедзве постаці пакрывала вялікая хустка. Пяшчотныя рукі Маці і абароненасць Дзіця. Я ўспомніў словы Яна: «Святло, жыццё, любоў». Што тут можна яшчэ казаць? Праз гэтую карціну я хацеў давесці сваім таварышам, што гэтыя тры паняцці сімвалізавалі абароненасць Маці і Дзіцяці ў іх вечнай блізкасці адно да аднаго. (Вакол постацяў надпісы: «Licht. Leben. Liebe. 1942. Weihnachten im Kessel. Festung Stalingrad» — «Святло. Жыццё. Любоў. 1942. Каляды ў катле. Крэпасць Сталінград»). Па старым звычаі павінны былі адчыніцца калядныя дзверы, яны адчыніліся, але гэта былі дзверы бункера, зробленыя з драніцы. У іх увайшлі мае таварышы і ўсталі як укопаныя: іх твары выяўлялі поўнае глыбокай пашаны захапленне і хваляванне; яны моўчкі стаялі перад карцінай, прыхіленай да глінянай сценкі, пад карцінай у сценку быў убіты драўляны калок, і на ім замацавана гарэўшая свяча. На працягу ўсіх святаў усе былі пад уплывам карціны, людзі чыталі словы: «Святло, жыццё, любоў» і пры гэтым глыбока задумваліся. Напрыканцы дня я яшчэ знаходзіўся ў атачэнні маіх хворых і санітараў, працягваючы святкаваць Каляды. Камандзір ахвяраваў для хворых сваю апошнюю бутэльку шампанскага. Мы напоўнілі ім жаўнерскія кубкі, паднялі іх і сталі піць за тое, што мы любілі, але дапіць да канца не ўдалося — з недапітымі кубкамі мы кінуліся на зямлю. Звонку рваліся бомбы. Я ўзяў сваю сумку з медыкаментамі і пабег туды, дзе рваліся снарады, да мёртвых і параненых. Мой цудоўны святочны бункер, асвечаны калядным святлом свечкі, ператварыўся ў дывізійны медыцынскі пункт. Я ўжо не мог дапамагчы паміраўшаму жаўнеру — раздрабленне чэрапа. Цяжкая і сумная праца ў бункеры працягвалася. Настала ноч, але ўсё ж гэта была калядная ноч». Бункер Ройбера стаў месцам паломніцтва. Кожны, хто бачыў карціну, заміраў у захапленіі. Па няголеных зямлістых тварах у многіх пачыналі цячы слёзы. На другі дзень Калядаў рухнула апошняя надзея. З гэтага часу хлебны паёк важыў 50 грамаў. Праз тыдзень бункер Ройбера разнесла прамым пападаннем. Самога яго там ужо не было — трапіў у шпіталь. 2 лютага 1943 года ў 12.35 група армій «Дон» атрымала толькі адну радыёграму: «Вышыня аблокаў — пяць тысяч метраў, бачнасць — дванаццаць кіламетраў, на ясным небе — асобныя невялікія аблокі, тэмпература — мінус 31°С, над Сталінградам туман і чырвоная смуга. Метэастанцыя перадала апошняе паведамленне. Прывітанне Радзіме». У палон трапіла 91 тыс. чалавек, з іх праз дзесяць гадоў убачылі Радзіму 5 тысяч. Карціна Ройбера была вывезена з катла 13 студзеня апошнім самалётам у руках яго сябра — цяжка параненага палкоўніка, камандзіра аднаго з батальёнаў 16-й танкавай дывізіі. З 1983 года «Сталінградская Мадонна» знаходзіцца ў Берліне, у царкве Кайзера Вільгельма. У 1990 годзе яна была асвечаная іерархамі трох цэркваў — каталіцкай, праваслаўнай і англіканскай. Яе копія захоўваецца ў касцёле св. Мікалая ў Валгаградзе, вядомая як Найсвяцейшая Панна Марыя Прымірэння. Вобраз «Сталінградскай Мадонны» з’яўляецца эмблемай асобнага санітарнага батальёна Бундэсвера. Курт Ройбер памёр 20 студзеня 1944 года ў лагеры ваеннапалонных пад Елабугай.
|
|
|
|