|
|
|
№
4(62)/2012
SUMMARY
Жыццё Касцёла
Постаці
Вера & Socium
Галерэя
Ad Fontes
Прэзентацыя
Маналог святара
Кіно
У святле Бібліі
Паэзія
Проза
Юбілеі
Паэзія
Мастацтва
Гісторыя
Літаратуразнаўства
Навука і рэлігія
Кніжныя скарбы
|
У папярэднім артыкуле з рубрыкі «Кніжныя скарбы» мы распачалі гутарку пра кнігазборы менскага кляштара айцоў дамініканаў у 1709 годзе. Сёння ж прыгледзімся да больш позніх дакументаў, звязаных з гэтым асяродкам, і паразважаем пра тое, якія змены адбыліся на працягу стагоддзя. Інвентар бібліятэкі 1796 г., сшытаваны разам з падобнымі інвентарамі іншых кляштараў Мінскай губерні, захоўваецца ў фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі. Што ж датычыць літургічнага кнігазбору, то пра яго склад мы можам меркаваць толькі з візітацыйных матэрыялаў ажно першай чвэрці ХІХ ст.
Кнігазборы Касцёльны кнігазбор быў апісаны падчас «Wizyty Jeneralney» 1818 г. і ў гэты час меў ужо толькі 12 паасобнікаў. Такім чынам, нават агульная колькасць у параўнанні з тым, што было да 1709 г., зменшылася на адну адзінку. На гэты час у дамініканскім касцёле захоўваліся ўжо толькі службоўнікі-мшалы (як дамініканскія, так і звычайныя), 2 агенды ды бэнэдыкцыянал. Зніклі з сакрыстыі зужытыя, відаць, за сто з лішкам гадоў псалтыр, мартыралог і антыфанар, а новых кніг на іх месца не паступіла — напэўна, для штодзённага набажэнства законнікі карысталіся асабістымі брэвіярыямі. Інвентар уласна бібліятэкі складаецца з 9 раздзелаў, у якіх змяшчаюцца кнігі па найбольш шырока прадстаўленых тэмах: «Libri Theologiae Speculativae», «Libri Theologiae Moralis», «Libri Philosophici», «Libri Concionatorij», «Kaznodzieje Polscy», «Libri Historici», «Libri pertinentes ad Jurisprudentiam», «Liber Ascetarum», «Libri Miscelanei»2. Праўда, змест раздзелаў не заўсёды адпавядае загалоўку, бо, напрыклад, разнастайныя «Commentaria» на кнігі Бібліі мы знаходзім у раздзеле «Libri Concionatorij», прысвечаным прапаведніцкім творам, а «Orator Polityczny» і «Orator Polonus» — наадварот, у раздзелe «Libri Miscelanei». Апісанне кніг у гэтым інвентары ўжо больш інфарматыўнае, чым у вопісе 1709 года. Апрача таго, што загаловак раздзела дае ўяўленне пра тэматыку або жанр твора, паасобным запісам занатаваныя парадкавы нумар у раздзеле, звесткі пра аўтара і назву кнігі, фармат і колькасць тамоў. На пачатку інвентара запісы больш падрабязныя, але далей пісальнік, відаць, стаміўшыся, пачынае апускаць тыя ці іншыя элементы. У раздзеле «Libri Theologiae Speculativae» змешчаны, як вынікае з загалоўка, кнігі па тэарэтычнай («спекулятыўнай») тэалогіі — а больш дакладна, па агульнай і дагматычнай тэалогіі і па апалагетыцы; ён складаецца з 26-ці пазіцый у 75-ці тамах. Гэта найбольш вялікі паводле колькасці тамоў раздзел, у якім ганаровае першае месца займаюць працы Тамаша з Аквіна — збор яго твораў («Opera omnia»), а таксама некалькі выданняў як самой «Summaе Theologiae», так і каментараў да яе розных аўтараў. Апрача гэтых працаў, былі тэалагічныя трактаты па розных пытаннях («Tabula Naufragij, seu Tractatus de Pоenitentia P[atri]. Joannis. T[omus]. unicus»), падручнікі і дапаможнікі («Cursus Theologicus P[atri]. Joannis Vilalva O[rdo]. P[redicatorem]. T[omi]. tres»), а таксама апалагетычныя ды палемічныя творы (напрыклад, «Liber Tertuliani contra Marcionem in folio»3).
У раздзеле «Libri Theologiae Moralis», прысвечаным маральнай тэалогіі, змешчаны 33 пазіцыі ў 44-х тамах. Апрача трактатаў адпаведнай тэматыкі (напрыклад, «Liber Theologiae Moralis Authore P[atri]. Antonino de Oscobar Tom[us]. unicus in 8vo»), у т.л. падручнікаў і навучальных курсаў («Cursus Theologiae Moralis P[atri]. Anselmi Schnell[eri]: Tom[us]. unicus») тут былі таксама кнігі па спавядальніцтве («Tribunal Confessariorum P[atri]. Mart[ini]: Vigont», «Confessio et Instructio Idiotae in 8vo minore») і ўвогуле па душпастырстве, як зачытаная дазвання — без пачатку — «Liber sine titulo de Instructione Sаcerdotis Authore ignoto in 8vo Tom[us]. unicus». У раздзеле «Libri Philosophici» змешчана 30 пазіцый у 45-ці тамах. Гэтыя кнігі мусілі забяспечваць навучальны працэс пры выкладанні філасофіі. Тут можна сустрэць працы і канспекты, што ахоплівалі як цэлы курс філасофіі («Summa Philosophiae Speculativae Auth[ore]: P[atri]. Dominico Linze O[rdo]. P[redicatorem]. Tomus unicus in 4to»), так і ягоныя паасобныя часткі: логіку, фізіку, метафізіку, асновы дыялектыкі і г.д. («Commentaria in Logicam Aristotelis P[atri]. Toleti Volumen unicus», «Methaphisicae tomus unicus auth[ore]: ignoti in 8vo minori», «Institutiones Dialecticae Collegii S. Thomae Completensis»). Сярод аўтараў пераважаюць дамінікане — Гудэн, Ортыс і інш. Аўтарства некалькі курсаў належыць пэўнаму Яну ад св. Тамаша («Joanni a S. Thomae»), імя якога не сустракаецца ў рэестрах іншых кляштарных бібліятэкаў. Дык ці не быў ён прафесарам менскіх дамініканскіх студыяў, які чытаў тут гэты курс? Цалкам магчыма. Не выключана, што менскімі прафесарамі (або прафесарамі менскіх дамініканаў, якія вучыліся за мяжой) былі і аўтары з такімі не беларускімі прозвішчамі, як Гудэн або Вілальва, бо іх імёны мы таксама неаднойчы сустракаем у сувязі з рознымі, прычым, хутчэй за ўсё, рукапіснымі, курсамі (на жаль, у інвентары 1796 г. манускрыпты не пазначаліся). Усе кнігі па філасофіі былі на лацінскай мове. У раздзеле «Libri Concionatorij» ахоплены 63 пазіцыi ў 65-ці тамах і пададзены зборнікі казанняў, разважанняў, каментараў да біблейскіх кніг і інш. (напрыклад, «Conciones in Laudam Deiparae auth[ore]: ignoti», «Considerationes et Sermones Praedicabiles p[er] Dominicis et Festis», «Commentaria in Psalmos Davidicos Auth[ore]: Michaele Higvarci»). Сярод папулярных у той час кніг, якія мы сустракаем у гэтым раздзеле, такія дапаможнікі па падрыхтоўцы казанняў і трактатаў як «Mundus Simbolicus [sic!] in folio», «Thesaurus Doctrinae Christianae» і шэраг іншых. Тут мы бачым лацінамоўнае выданне Бібліі і канкардацыю. Як і ў папярэднім раздзеле кніг на іншых мовах, акрамя лаціны, няма — у процівагу наступнаму раздзелу, які з’яўляецца выключна польскамоўным. У раздзеле «Kaznodzieje Polscy» ахопліваецца 49 аднатомных выданняў і, як вынікае з назвы, змешчаны прапаведніцкія творы на польскай мове. Уласныя назвы кніг у ім амаль нідзе не падаюцца і ледзь не кожная пазіцыя пачынаецца словам «Kazania» з удакладненнем перыяду літургічнага года, да якога яны прымеркаваныя, і аўтарства. Сярод нешматлікіх выключэнняў можна назваць запісаныя з поўнымі тытуламі выданні «Prawdy Moralne X[iedza]. Paulina od S[wietego]. Jedrzeja» і «Krol Bolesny X[ris]tus to jest Kazanie o Mece Panskiey X[iedza]. Poninskiego in folio», некалькі «Koronatеk», а таксама змешчаны чамусьці менавіта сюды, а не ў папярэдні раздзел лацінамоўны дапаможнік па падрыхтоўцы казанняў і яшчэ адно выданне біблейскіх кніг — «Nowy Testament». Cярод найбольш вядомых прапаведнікаў, казанні якіх запісаныя ў вопісе, згадаем Пятра Скаргу і Антонія Стэфановіча, а таксама Шырму і Рыдзеўскага. У раздзеле «Libri Historici», які, паводле загалоўка, прысвечаны гістарычным творам, змешчана і літаратура рэлігійнага характару. Ён складаецца з 45-ці пазіцый і пачынаецца «Царкоўнай гісторыяй» Амата («Historia Ecclesiastica P[atri]. Ignatij Hуacinthi Amat de Graveson»). З іншых жанраў у раздзеле змешчаны жыцці біблейскіх патрыярхаў («Vitae Abrahae Aut[hore]: Didaco Hisseno»), святых («Cedar czyli zycie S. Bazylego» — то бок, папулярны ў той час твор «Cedr mistyczny»), трактаты па Святой гісторыі («Tractatus de Vita mistica et Annis Jesu X[ris]ti»), медытацыі на гістарычныя тэмы («Meditaciones Historicae Auth[ore]: ignoto:») і да т.п. Твораў свецкіх гісторыкаў тут адносна няшмат; у якасці прыкладу назавём працу Плінія («Historia Mundi Plinij») і ананімную гісторыю Турцыі («De Rebus Turcis Historia»). З айчынных твораў абавязкова варта згадаць «Relatio Coronationis Imago B. V. M. Zyroviciensis». У раздзеле «Libri pertinentes ad Jurisprudentiam» (найменшым у вопісе) занатавана ўсяго 14 аднатомных пазіцый, сярод якіх пераважаюць кнігі па кананічным праве («Jus Canonicum P[atri]. Anselmi Schnelli»), рознага роду дэкрэты, канстытуцыі і пастановы царкоўных уладаў — ад дыяцэзіяльных сінодаў да Трыдэнцкага Сабору («Synodus Diecesana Vilnensis sub Ill[u]st[rissi]mo Constantino Brzestowski Eppiscopo») і да т.п.; усе яны лацінамоўныя. Раздзел «Liber Ascetarum», які ў некаторых іншых кляштарных вопісах вынесены на адно з першых месцаў, у інвентары менскіх дамініканаў 1796 г. складзены перадапошнім. Дзейнасць «айцоў-прапаведнікаў» была скіраваная перадусім навонкі — на павучэнне люду, таму дагматычная ці казнадзейская літаратура мела для іх значна большую вагу, чым духоўныя практыкаванні. У раздзеле змешчана 36 пазіцый у 37-мі тамах, датычных розных аспектаў хрысціянскага дасканалення. Сярод найбольш характэрных працаў гэтага роду (прычым некаторыя з іх знакавыя) назавем «De Ascensione Mentis in Deum per Scholas Cardinali Belarmini», «Ars Bone Moriendi Auth[ore]: P[atri]. Ioanne a Jesu Maria», «Soliloquia Christiana Auth[ore]. P[atri]. Adalberto Tylkowski» і «Meditationes Jоannis Poliandri». Шмат у гэтым раздзеле і польскамоўных твораў — напрыклад, «Zale Zagrzechy X[iedza]. Stefana Wielowieyskiego», «Ziarno Gorczyczne przez Jana Andrzeykiewicza» i «Purpura Zbawienna». Законнай духоўнасці прысвечаны «Prerogatywa Zakonu Kaznodzieyskiego» і «Theologia Zakonna X[iedza]. Daniela Bryknera». Напрыканцы раздзела занатавана яшчэ адна знакавая рэч, назву якой пісальніку нават не было патрэбы ўказваць — дастаткова назваць аўтара: «Tomas a Kempis po Polsku».
Раздзел «Libri Miscelanei» завяршае вопіс. Ён уключае досыць разнастайныя творы — усяго 28 пазіцый у 31-м томе. Тут мы сустракаем некаторыя кнігі, якія больш лагічна было бачыць у іншых раздзелах («Orator Polityczny X[iedza]. Woysznarowicza in folio», «Zycie Benedykta XIII. papieza», «Tractat po prostu Grzechy wstrzasajacy»), а таксама тыя, для якіх сапраўды было б цяжка знайсці месца сярод апісаных масіваў кніг — розныя слоўнікі, зборнікі літаратурных твораў і інш. («Gregorij Cnapij Dictionaria», «Liber Satirarum», «Thesaurus Politicorum in 4to», «Panegiryki Rozne in 4to»). Такім чынам, у рэестры 1796 г. змешчаны 325 пазіцый у 361-м томе. Тут, як і ў вопісе 1709 г., усё яшчэ пераважае тэалагічная літаратура на лацінскай мове, хаця працэнт польскамоўнай літаратуры, асабліва прапаведніцкага характару, значна вырас (такая тэндэнцыя ўвогуле характэрная для кляштарных каталіцкіх бібліятэк у XVIII cт.). Больш за тое, нават ёсць адна кніга, магчыма, напісаная па-беларуску («на простай мове»): «Tractat po prostu Grzechy wstrzasajacy» (вылучэнне маё. — Ю. Л.). Як бачым, бібліятэка канвенту менскіх дамініканаў была адносна невялікай і складала ў ХVІІІ ст. усяго некалькі сотняў тамоў (ад 220–230 у 1709 г. да 361-го ў 1796 г.), што можна растлумачыць частымі пажарамі, а таксама наступствамі вайны з Маскоўшчынай у папярэднім стагоддзі. На працягу ХVІІІ ст. фонд бібліятэкі вырас больш чым у паўтары разы і павялічвалася доля кніг свецкага характару. Паколькі многія тытулы з першага вопісу мы сустракаем і ў другім, можна меркаваць, што на працягу ХVІІІ ст. бібліятэка не мела значных стратаў, аднак на цяперашні момант ані ў айчынных, ані ў замежных зборах не ўдалося выявіць ніводнай кнігі, якая мела б правененцыі бібліятэкі менскіх дамініканаў. Верагодна, пасля скасавання кляштара ў 1832 г. бібліятэка была цалкам знішчана царскімі ўладамі. І напачатку, і напрыканцы ХVІІІ ст., безумоўна, дамінавала літаратура багаслоўская, у якой можна вылучыць працы па агульнай, дагматычнай, маральнай і спірытуальнай тэалогіі, апалагетыцы, гамілетыцы, экзегетыцы. Дзівіць малая колькасць выданняў біблейскіх кніг, якія нават не вылучаны ў асобны раздзел, — надзвычай рэдкая з’ява для кляштарных бібліятэк. Сярод аўтараў бібліятэчных твораў пераважаюць дамінікане, хоць можна сустрэць таксама імёны езуітаў, кармэлітаў, піяраў. Асаблівай пашанай карысталіся творы св. Тамаша з Аквіна, пад тытулам якога былі збудаваныя менскі касцёл і кляштар дамініканаў. Вывучэнню яго працаў надавалася шмат увагі: яго кнігі ў вопісе 1709 г. знаходзяцца на першым месцы ў раздзеле «Libri in Octavo», а ў вопісе 1796 г. разам з раздзелам «Libri Theologiae Speculativae» ўвогуле вынесены на першае месца ў рэестры. Ёсць у бібліятэцы творы і іншых папулярных каталіцкіх аўтараў, а таксама — айцоў Касцёла. Свецкая літаратура прысутнічае ў значна меншай колькасці, чым тэалагічная. У асноўнай масе гэта філасофскія выданні і рукапісы, аднак ёсць паасобныя кнігі і з іншых галінаў ведаў — рыторыкі, гісторыі, юрыспрудэнцыі. Калі на пачатку ХVІІІ ст. бібліятэка была амаль выключна ўкамплектавана лацінамоўнымі выданнямі і рукапісам (рэдкім выключэннем былі кнігі на польскай і італьянскай мовах), то напрыканцы стагоддзя вырасла колькасць польскамоўнай літаратуры — галоўным чынам за кошт гамілетычных выданняў. Размяшчэнне кніг у бібліятэцы на пачатку стагоддзя было выключна ўтылітарным: яны расстаўляліся на паліцах згодна са сваім памерам. Паколькі аб’ём фонду быў невялікі, уся бібліятэка магла размясціцца ў адной шафе: адна-дзве паліцы прызначаліся для фаліянтаў і мелі большую вышыню; астатнія маглі знаходзіцца на меншай адлегласці адна ад адной, што ашчаджала месца. Відаць, у 2-й палове ХVІІІ ст. было праведзена пэўнае рэфармаванне бібліятэкі, а кнігі, рассартаваныя паводле раздзелаў, адпаведным чынам расстаўленыя на паліцах. Такім чынам, у 1796 г. з’явіліся пачаткі бібліяграфічнай сістэматызацыі паводле галіны ведаў, аднак галіновыя раздзелы ўводзіліся толькі для найбольш істотных масіваў кніг. Зрэшты, і гэта было ўжо досыць прагрэсіўным, бо ў некаторых іншых дамініканскіх канвентах на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага (напрыклад, у наваградскім) падобнае дзяленне адсутнічала нават у 1796 годзе. Разам тым у некаторых іншых законах (напрыклад, у езуіцкім) на той час ужо не першае дзесяцігоддзе карысталіся такога роду сістэмай расстаноўкі. Да слова, ужо на пачатку ХІХ стагоддзя, пры а. Сіпайлу (і, відаць, падчас чарговай візітацыі), бібліятэка была яшчэ раз падзелена сістэматычна і расстаўлена ў шафах паводле новага парадку: кожнаму раздзелу была прысвоена адпаведная літара, а кнізе — парадкавы нумар. Такім чынам, цяпер кожны паасобнік павінен быў мець на «спінцы» ўверсе цэтлік з літарай раздзела, а ўнізе — са сваім нумарам. Новы парадак расстаноўкі быў зафіксаваны ў адмыслова складзеным рэестры, на якім ставіліся подпіс і пячатка візітатара.4 Форма запісу кнігі ў бібліятэчным інвентары паступова, трансфармуючыся цягам стагоддзя, набывала больш развітую форму. Напачатку бібліяграфічны запіс складаўся з назвы твора і прозвішча аўтара; у пазначэнні рукапісных кніг дапісвалася, што гэта манускрыпт. Напрыканцы стагоддзя апісанне паасобнага выдання дапоўнілася ўказаннем фармату, колькасці кніг (у значэнні «частка твора»), а таксама — тамоў. Назвы кніг зазвычай не запісваліся цалкам — часцей была або скарочаная назва, або тэма твора. У выпадку найбольш вядомых кніг загаловак мог увогуле не ўказвацца. Парадак напісання імя аўтара і тытулу твора залежаў ад парадку іх размяшчэння на тытульным аркушы. Калі тытульнага аркуша не было, пісальнік занатоўваў, што кніга «sine principio» («без пачатку»), «sine principio et fine» («без пачатку і канца») і да т. п. У 1796 г. складальнік інвентара пры адсутнасці звестак пра аўтарства адзначаў, што гэта твор «Authore ignoto» (невядомага аўтара). Польскія і лацінскія назвы запісваліся ў арыгінале; творы на замежных мовах запісваліся на лаціне, але пры гэтым пазначалася, што кніга «італьянская» або што яна напісана «італьянскай моваю». Бібліятэка менскіх дамініканаў доўга захоўвала характэрныя для кнігазбораў гэтага закону рысы (лацінамоўнасць, камплектаванне фонду пераважна творамі дамініканскіх аўтараў і да т.п.). Тым не менш, бліжэй да канца ХVІІІ ст. яна паступова пачала набліжацца паводле свайго складу да іншых кляштарных кніжніцаў, папаўняючыся польскамоўнай прапаведніцкай і свецкай літаратурай.
|
|
|
|