Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(62)/2012
SUMMARY
Жыццё Касцёла

АДКАЗНАСЦЬ КАТАЛІЦКІХ СМІ
Постаці

АПОСТАЛ БОЖАЙ МІЛАСЭРНАСЦІ
Вера & Socium
Галерэя
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Прэзентацыя

КАВАЛЕР ОРДЭНУ ЎСМЕШКІ

ГІСТОРЫЯ КАСЦЁЛА...
Маналог святара
Кіно

ДРАЎЛЯНЫ НАРОД
У святле Бібліі
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ

ДЗЕНЬ ШОСТЫ
Проза

З «НАЧНЫХ НАТАТАК І ФАЦЭЦЫЙ»
Юбілеі

АЛЕНА СЯМЁНАЎНА

ТРЫ КВАДРЫ ЖЫЦЦЯ

ДАРАГОЕ ЛІСЦЯНЯТКА
Паэзія

МАЛІТВЫ ЛЮБОВІ
Мастацтва

КОЛЕРЫ ШЧАСЦЯ
Гісторыя
Літаратуразнаўства
Навука і рэлігія
Кніжныя скарбы

Уладзімір СІЎЧЫКАЎ

З «НАЧНЫХ НАТАТАК І ФАЦЭЦЫЙ»

Кс. Ул. Завальнюк, біскуп А. Дзям’янка і У. Сіўчыкаў
на свяце польскай песні. Мінск. 2010 г.

Святы

Па запрашэнні чэшскага амбасадара Іржы Караса паслухаў арганны канцэрт у архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Гучалі творы нямецкіх і чэшскіх геніяў, а іх найменні дый імёны саміх кампазітараў праецыраваліся на экран.

Даўнавата не быў на арганным канцэрце, а таму атрымаў вялікае задавальненьне. А вось тром слухачкам, з выгляду, найхутчэй, кітаянкам, гэтая музыка падалася, мабыць, неарганічнай і занадта гучнай, а таму ўцяклі яны пасярэдзіне імпрэзы.

Калі дзякаваў пасля канцэрта і развітваўся са спадаром амбасадарам, дазнаўся, што ён — адзін з «віноўнікаў» нацыянальнага свята! Падчас працы ў парламенце распрацаваў з групай паплечнікаў законапраект, паводле якога ў Чэхіі было прынятае свята — Дзень святых Кірылы і Мяфодзія! Было гэта падчас прэзідэнцтва Вацлава Гавела, і трэба толькі пазайздросціць чэхам белай зайздрасцю дый парадавацца за іх. Амаль што прыўласцілі яны вялікіх асветнікаў і вынаходцаў кірылічнага алфавіту, бо прэтэндуюць на іх і іншыя славянскія народы — тыя ж сербы і балгары. Элегантна прадэманстравалі чэхі павагу і прыхільнасць да культуры Цэнтральнай Еўропы і да еўрапейскіх каштоўнасцяў увогуле.

3 сакавіка 2008 года,
у Міжнародны дзень пісьменніка

 

З благаслаўлення Папы

У межах агульнанацыянальнай дыктоўкі разам з Валодзем Падголам правёў дыктоўку для сваякоў рэпрэсаваных палітыкаў і актывістаў.

Сталы ў бібліятэцы касцёла святых Сымона і Алены (ягоныя святары і паства не прымаюць зсаветызаваную назву Чырвоны касцёл!) аказаліся занятымі выставаю — кнігамі Яна Паўла ІІ і фотаальбомамі пра яго. Давялося прынесці сталы і крэслы дадаткова. Апынуліся яны пад вялікім партрэтам Папы, на якім той дабраслаўляў парафіянаў, а значыць і нас. Урачыстасці, святасці дадавала дзеі ў бібліятэчным сутарэнні і выстаўленая там лічбавая копія з Турынскай плашчаніцы, выкананая на метале ў натуральную велічыню.

Нельга было глядзець без хвалявання, як старанна пісалі маці Аляксандра Казуліна, Змітра Каспяровіча, Уладзіміра Лабковіча, Андрэя Кіма. Поруч з імі шчыравалі эколаг і публіцыст Валеры Дранчук, мастак Рыгор Кійка, культуролаг Ада Чалей, грамадскі дзеяч Галіна Сіўчык... Цікава было дазнацца, што Таццяна Кім і Галіна Сіўчык пісалі беларускую дыктоўку першы раз у жыцці, бо не вывучалі беларускай мовы ў школе, а калі яшчэ дакладней — вучыліся не ў беларускіх школах.

Але ідэю дыктоўкі ўпадабалі яны настолькі, што намерыліся правесці яе і праз два дні ў знак пратэсту... у сталічным Цэнтральным судзе, дзе меўся адбыцца закрыты працэс над актывістам моладзевага нефармальнага аб’яднання «Ініцыятыва» Андрэем Кімам, які нібыта ўдарыў міліцыянта падчас мітынгу прадпрымальнікаў. Іронія і трагедыя лёсу — Андрэя будуць засуджваць у будынку колішняга Коласаўскага ліцэя, у якім ён вучыўся!

Уразіў мяне і яшчэ адзін «напісант», амаль што мой цёзка па прозвішчы, навучэнец 23-й менскай гімназіі. Зазірнуў праз ягонае плячо і пабачыў, што Ян Вітаўт Сіўчык старанна выводзіць сказы... лацінкаю! Не змог устрымацца і напрыканцы ўзнагародзіў яго як актыўнага ўдзельніка дыктоўкі ўнікальным (на 28 моваў і на 100 000 адзінак перакладу!) «ЕўраСлоўнікам» Лявона Баршчэўскага, пажадаў яму стацца ўдзельнікам будучай дыктоўкі краін-спадкаемцаў Вялікага Княства Літоўскага і нават ЕўраДыктоўкі.

Дарэчы, скарысталі сёлета лацінку гэтаксама пісьменнік Уладзімір Содаль, палітык Алесь Лагвінец і многія іншыя.

Прыемна было пачуць падзяку за педагагічныя і артыстычныя высілкі — гэтым разам ад Валерыя Дранчука. Але калі й давядзецца яшчэ выступаць у ролі дыктоўшчыка, дык хацеў бы прамаўляць разам са знакамітаю тэледыктаркаю Зінаідаю Бандарэнка!

29 сакавіка 2008 года

 

Рознасвятасць

На кніжным кірмашы, які праходзіў у павільёне «БелЭКСПА», што на вуліцы Янкі Купалы, на стэндзе выдавецтва «Pro Christo» прыслухаўся да дыспуту паміж наведвальнікам-чытачом і выдавецкім рэдактарам.

Кніжнік-прафесіянал даводзіў, што расійскія кананізаваныя святыя ёсць пераважна пустэльнікамі дый пячорнікамі, а беларускія — рупліўцамі-працаўнікамі дый нястомнымі асветнікамі!

Цікавае і, напэўна ж, слушнае назіранне-сцверджанне!

Узгадалася зазнанае яшчэ падчас вучобы на філалагічным факультэце: беларускае слова «свята» аднакарэннае са словам «святасць». Адпаведнае яму рускае слова «праздник» азначае «праздность», «ничегонеделание».

12 лютага 2009 года

 

Воблачка

Фарбаваная бландзінка Наталля Жукоўская доўгі час працавала ў Доме быту, што пры Камароўскім рынку на вуліцы Кульман у нашае сталіцы. Шыла і рапаравала яна самыя разнастайныя рамяні, пасы і паясы, а праз гэта займела там мянушку «Паясніца».

Па пратэкцыі сяброўкі Раісы Ш. уладкавалася яна на Беларускае тэлебачанне ў пашывачны цэх. Апошнюю акалічнасць яна не педаліравала, і, калі ў яе пыталіся, дзе яна працуе, дык з гонарам адказвала:

— На тэлебачанні!

Аднаго разу намерыўся быў Алесь К. («творца», як паўіранічна іменавалі ў пашывачным цэху рэжысёраў, сцэнарыстаў, акцёраў, вядучых) прыватным чынам замовіць Наталлі сякое-такое шытво і, каб паддобрыцца, агучыў ёй паэтычны камплімент:

— Вы, Наталля, такая лёгкая і светлая, як воблачка!

— Што?! — угнеўлена ўперыла рукі ў бокі швачка. — Гэта я сухая вобла?! На сябе паглядзі! Прэч з цэха, і каб аніколі я цябе тут больш не бачыла!

28 жніўня 2010 года

 

Тэльманаўкі

Быў нямала заінтрыгаваны, калі агледзеў у скверыку ва ўнутраным двары беларуска-нямецкага абутковага прадпрыемства «Отыка» паясны гранітны помнік.

Падышоў бліжэй і зніякавеў — аказалася, што гэты змрочны стод… Эрнсту Тэльману!

Але чаму Тэльману? Хіба быў з сям’і краўца?!

Агульнавядома, што пачынаў ён як транспартны рабочы, а потым займаўся прафсаюзнай і палітычнай дзейнасцю.

Вынікае, што менскія абутнікі натхняліся і натхняюцца пад ягоным позіркам, ідучы на чарговую працоўную змену, ставілі і ставяць вытворчыя рэкорды з благаслаўлення нямецкага сацыял-дэмакрата, а потым і камуніста, сябра Выканкама Камуністычнага Інтэрнацыянала, дэпутата Рэйхстага і двойчы кандыдата ў прэзідэнты Германіі?

А каб стаяў там помнік паляку, заснавальніку аднае з карных савецкіх установаў Феліксу Дзяржынскаму, дык колькасныя і якасныя паказнікі абутнікоў былі б яшчэ лепшымі?!

Але і сёння ахоўніцы на прахадной ад Кальварыйскай вуліцы па-чэкісцку пагрозліва хмураць бровы, перапытваюць і заносяць у журнал імя, калі іду ў друкарню, якая арэндуе плошчы ў адным з карпусоў абутковага аб’яднання, вядомага як фабрыка яшчэ з 20-х гадоў мінулага стагоддзя.

16 красавіка 2011 года

 

«Jedno gorące mleczko!»

Мой цёзка, празаік Уладзімір А., расказаў быў гісторыю з тых часоў, як першага разу пабываў у Нямеччыне. Захацелася яму шыкануць і, каб пачуцца сапраўдным і незалежным еўрапейцам, замовіў сабе ў вулічнай кавярні кубачак кавы, а потым яшчэ папрасіў да тае кавы малака.

Якія ж былі ягоныя здзіўленне і прыкрасць, калі пабачыў у рахунку, што мусіць заплаціць за духмяны напой паўтары дойчмаркі, а за малако — ажно пяць!

Тады мне прыгадалася свая «малочная» гісторыя.

Адпачываў колькі гадоў таму з сям’ёю на Каляды ў заснежаным і дужа марозным Закапанэ. Падчас аднае з вечаровых шпацыровак зайшлі пагрэцца ў прыватную аўстэрыю. Замовілі бацькам па глінтвейну, старэйшай дачцэ — гарбату, а малодшая, Хрысціна, папрасіла малака, якога… не аказалася ў меню. Аднак гаспадыня, якая прымала заказ, не разгубілася і папрасіла счакаць колькі хвілін.

Праз акно пабачылі мы, як праз вуліцу кінуўся да бліжэйшае прадуктовае крамы падлетак без верхняе вопраткі, мабыць, гаспадынін сын.

А праз некалькі хвілін афіцыянт прынёс Хрысцінін заказ у надзіва прыгожым, нібыта ёлачнае ўпрыгажэнне, парцалянавым кубачку. І да яго на сподачку і сурвэтачцы — два кубічкі рафінаванага бялюткага цукру!

— Jedno gorące mleczko dla panienki!

Дачушка мая была расчуленая такім клопатам і павагаю, тым болей што і ў гардэробе яе футра патрымалі, сагрэлі перад каларыферам знутры і толькі потым падалі, дапамаглі надзець.

Мабыць, і засынала яна таго вечара са словамі «Jedno gorące mleczko…» на вуснах.

І, мажліва, той клапатліва здабыты і спагадліва пададзены кубачак гарачага салодкага малака шмат што вызначыў у яе жыццёвым лёсе.

 

Выразныя даты

У сям’і майго калегі-кнігавыдаўца Ігара Логвінава з’явілася на свет дачушка, якую, хутчэй за ўсё, назавуць Варвараю. Нарадзілася дзяўчынка ў дзень, які можна пазначаць шасцю адзінкамі, — 11.11.11!

Летась, мабыць, толькі лянівы, калі віншаваў паэта Леаніда Дранько-Майсюка, не адзначыў адметнасць даты ягонага нараджэння, якая складалася з трох дзясятак — 10.10.10!

З цікаўнасці зазірнуў у дзённікі.

09.09.09 у «Журавінцы», што па-над Свіслаччу, годна святкавалася 18-годдзе незалежнасці Украіны. Але быў і прыкры момант — пры асобным стале, прызначаным VIP-асобам, афіцыянткі не далі Уладзіміру А. келіха ягонага ўлюбёнага чырвонага віна! Цікава, якім чынам вызначалі яны, хто ёсьць VIP-ам, а хто не?! А іхнія калежанкі, калі Валеры С. замаўляў гарбату, не раз перапытвалі, але потым усё роўна прыносілі яму… каву!

08.08.08 згадвалі славутую перамогу над маскоўцамі пад Воршай, адзначалі Дзень беларускай вайсковай славы, а таксама Дзень міжнароднае салідарнасці журналістаў!

07.07.07 — такая выразная трыяда вымалявалася была на Купалле. Прымаў тады на Лысае Гары славацкіх сяброў, ладзіў ім двухгадзінную экскурсію па Заслаўі.

14 лістапада 2011 года

 

«Ардынец»

Колішняя знакамітая і папулярная, з даўняй і традыцыйнай назваю кнігарня «Падпісныя выданні» праз глупства адной з былых загадчыц займела была падгледжанае ёю ў Санкт-Пецярбургу недарэчнае расейска-ангельскае найменне «Книжки & книжечки».

У тамтэйшай гандлёвай зале пачуў я пытанне гандляркі да таваразнаўцы:

— А што, альбом Напалеона Арды прадалі ці кудысь пераставілі на паліцах?

Напалеон Орда (1807–1883) — найвыдатнейшы мастак і кампазітар. Творчасць ягоная апошнім часам актыўна вяртаецца з нябыту — выдаюцца альбомы графічных выяваў беларускіх помнікаў дойлідства, з кампакт-дыскаў і ў канцэртных залах гучаць ягоныя творы, на Палессі ў горадзе Іванава (колішнім Янаве-Палескім) усталяваны бронзавы помнік Напалеону Орду скульптара Ігара Голубева.

Але, аказваецца, адной толькі непісьменнай пастаноўкаю націска ў прозвішчы можна ператварыць знакамітага творцу-еўрапейца ў ваяўнічага ардынца!

15 траўня 2012 года

 

Вінцэнт і Аляксей

Некалькі гадоў таму напісаў я і апублікаваў даволі разгорнутае эсэ пра Вінцэнта Вілема Ван Гога — нідэрландскага галерэйшчыка, святара і геніяльнага мастака.

А сёлета дочкі мае выбраліся ў Амстэрдам да сяброўкі і гасцявалі ў яе два тыдні. Дражнілі мяне SMS-камі кшталту: «Прывітанне, татка! Мы пабачылі палотны Рэмбрандта, Пікаса, Малевіча і Вярмеера Дэльфтскага. Сёння ідзем глядзець Клода Манэ і Шагала!».

Куды болей за розныя прысмакі і сувеніры парадаваў мяне прывезены з галандскага музея мастака альбом «Van Gogh Museum. Life, Work and Contemporaries (Музей Ван Гога. Жыццё, праца і сучаснікі)».

Арыгінальна і часам вельмі нечакана скампанаваныя там іконаграфічныя матэрыялы. Некаторыя артэфакты сталіся мне адкрыццём. Да прыкладу, фотапартрэт брата Тэадора 1889 года — за два гады да Вінцэнтавай смерці. Карта Нідэрландаў, Бельгіі і Францыі з адзначанымі на ёй гарадамі і мясцовасцямі, дзе жыў, працаваў і тварыў вялікі галандзец. Рэпрадукцыі з малазнаных твораў майстроў і паплечнікаў (японца Утагава Хірасіге, француза Поля Гагена), якія уплывалі на мастака, што пайшоў з жыцця заўчасна.

А вось дата ягонага нараджэння адзначана і ў беларускім мастакоўскім календары — 30 сакавіка нарадзіўся і Алесь МаRа (Аляксей Марачкін). Больш за тое, лучыць іх і яшчэ адзін дзівосны факт з біяграфій. Агульнавядома, што за год да нараджэння Ван Гога памёр ягоны старэйшы брат, які гэтаксама меў імя Вінцэнт Вілем! Аказваецца, што гэтаксама за год да з’яўлення на свет будучага беларускага мастака памёр ягоны брат, якога бацькі гэтаксама звалі Аляксеем, Ляксейкам!

На адной з апошніх сваіх персанальных імпрэзаў Алесь МаRа паказаў публіцы некалькі новых твораў. «Мальву» — гатычна стромкае палатно, прадстаўляў ён з асаблівым замілаваннем, называў «беларускай мальвінаю» і згадваў пры тым знакамітыя вангогаўскія «Сланечнікі».

Чарговы раз Аляксей прыемна здзівіў умельствам і талентам ператвараць свае асабістыя святы ў святы сябрам і паплечнікам не толькі з мастакоўскага цэху — праспяваў дуэтам з цяперашнім ачольнікам творчай суполкі «Пагоня» жывапісцам Генадзем Драздовым, пачытаў свае вершы.

18 чэрвеня 2012 года


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY