|
|
|
№
4(62)/2012
SUMMARY
Жыццё Касцёла
Постаці
Вера & Socium
Галерэя
Ad Fontes
Прэзентацыя
Маналог святара
Кіно
У святле Бібліі
Паэзія
Проза
Юбілеі
Паэзія
Мастацтва
Гісторыя
Літаратуразнаўства
Навука і рэлігія
Кніжныя скарбы
|
Мастацкая рэцэпцыя этыка-эстэтычных каштоўнасцяў, перажыўшых стагоддзі і нават тысячагоддзі, прадпрымалася на ўсіх этапах развіцця сусветнага мастацтва слова, з ХХ стагоддзем уключна. Больш за тое, гэтая з’ява стала адным з вызначальных складнікаў творчасці многіх пісьменнікаў розных краін і відавочнай канстантай літаратурнага працэсу ў цэлым. Прычын гэтаму нямала; сярод самых істотных з іх неабходна вылучыць бясконцае чаргаванне ў ХХ стагоддзі глыбокіх сацыяльна-палітычных і светапоглядных крызісаў, разбурэнне традыцыйнай каштоўнаснай іерархіі. Як пісаў славуты нямецкі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі Генрых Бёль, шчыры вернік-католік, чым бы яшчэ ні было ХХ стагоддзе, у памяці нашчадкаў яно застанецца стагоддзем войнаў і лагераў. Натуральна, што чалавек у такой сітуацыі мае патрэбу ў больш ці менш трывалым маральна-філасофскім апірышчы, свайго роду гаранце стабільнасці. Гэткім гарантам — як у самым пачатку ХХ стагоддзя, так і сёння, у пачатку стагоддзя новага, — справядліва бачылася і бачыцца духоўная спадчына — жывое ўвасабленне повязі часоў і пакаленняў. Зразумела, у шэрагу разнастайных матывацый звароту сучасных аўтараў да культурнай традыцыі надзвычай важныя і матывы ўласна эстэтычныя, пошукі новых мастацкіх магчымасцяў адлюстравання чалавека і свету, бо кожнае таленавітае, творчае засваенне спадчыны (міфалогіі, літаратурнай класікі) абяцае новыя адкрыцці — не толькі і не столькі нават у спадчыне, колькі ў самой сучаснай для пісьменніка рэчаіснасці. Наўрад ці трэба даказваць, што асабліва прыцягальнай для мастакоў слова была і застаецца Біблія. «Біблія — бясконцасць» (1, 23), — вельмі трапна сказаў у свой час расійскі філосаф Васіль Розанаў. Нашмат раней за яго Францыск Скарына ў прадмове да Бібліі даводзіў: «Тут научение седми наук вызволеных достаточное…» (2, 10). Праз біблейскія сюжэты і вобразы ўсё новыя аўтары імкнуцца надаць сваім творам абагульнена-сімвалічны, папераджальна-прагнастычны сэнс, спрабуюць дапамагчы сучаснікам супаставіць асабісты духоўны досвед з агульначалавечым, з правопытам. «Кніга, у якой няма месца выпадковаму, формула незлічоных магчымасцяў, бездакорных пераходаў сэнсу, ашаламляльных адкрыццяў, напластаванняў святла. Ці ж можна ўтрымацца ад спакусы зноў і зноў на ўсе лады ператлумачваць яе?..» (3, 35) — пісаў аргенцінскі паэт і празаік Хорхе Луіс Борхес. Да тых насельнікаў Бібліі, якія найчасцей інтэрпрэтуюцца мастацкай літаратурай, належаць і анёлы. Прычым творы з іх дзейным удзелам — гэта творы пераважна філасофскія, бо вымагаюць ад чытача роздуму над складанымі філасофскімі пытаннямі, прынцыповымі, сутнаснымі праблемамі чалавечага быцця. Што ёсць чалавек? Наколькі свабодны ён у межах пакладзенага яму Богам? Як суадносяцца ў чалавеку і свеце дабро і зло? Філасофская ж паэзія мае патрэбу і ў адпаведным аналізе — менавіта праз сістэму закладзеных у ёй канцэптаў. Выкладаць сваё разуменне паняцця «канцэпт» мне даводзілася неаднойчы, таму ў дадзеным выпадку спынюся на ім коратка. Знакаміты расійскі вучоны Дз. С. Ліхачоў пісаў, што сапраўднаму мастаку слова ўласцівае «пачуццё мовы як канцэнтрацыі духоўнага багацця культуры» (4, 7). Бадай, найбольш выразна гэтая сканцэнтраваная духоўнасць праяўляецца ў літаратурным творы праз канцэпты, катэгорыі шматмерныя і шматзначныя, якія знаходзяць мастацкую рэалізацыю ў двух асноўных плоскасных зрэзах — вертыкальным (дыяхронным) і гарызантальным (сінхронным). Іначай кажучы, канцэпт нясе ў сабе першасныя (рэальныя) прыкметы вобраза і другасныя (базавыя, архетыповыя); у сукупнасці сваёй яны і складаюць так званы дыяхронны зрэз. Але ў кожным мастацкім тэксце вобразы, што ўдзельнічаюць у стварэнні канцэптуальнай карціны свету, набываюць яшчэ і прыкметы канкрэтна-гістарычныя, канкрэтна-нацыянальныя і, нарэшце, канкрэтна-асобасныя, суб’ектыўныя — зрэз сінхронны. Такім чынам, канцэпт — гэта складаны комплекс сэнсаў, пэўным спосабам структураваная сістэма ўніверсальных і індывідуальных значэнняў, якая дазваляе адэкватна спасцігнуць логіку аўтарскай задумы ці хаця б наблізіцца да яе, убачыць свет вачыма пісьменніка і як непаўторнай, унікальнай асобы, і як прадстаўніка сваёй нацыі і сваёй краіны, і як чалавека ўніверсальнага, носьбіта прапамяці, прагісторыі, пракультуры. Паводле меркавання Дз. С. Ліхачова, «канцэпт не непасрэдна ўзнікае са значэння слова, а з’яўляецца вынікам сутыкнення слоўнікавага значэння слова з уласным і народным вопытам чалавека» (4, 7). У рэшце рэшт, канцэпт — гэта своеасаблівая мадэль цэласнага ўспрымання рэчаіснасці — як адвечнай, як сённяшняй і як вечнай, і кожны сапраўдны творца прыўносіць у яе разуменне новыя сутнасці, дапаўняе імі ўстойлівы змест славеснага вобраза. Цалкам відавочна, што кожны канцэпт з’яўляецца структурай шматаспектнай; апошняя значна ўскладняецца ў выпадках з канцэптамі, зместы якіх адпачатку належаць да з’яваў метафізічных, нават сакральных, дарэшты не спасцігальных у сваіх духоўна-анталагічных сутнасцях. Да такога кшталту вобразаў-канцэптаў належыць, бясспрэчна, і канцэпт анёл; як і ўсякі іншы канцэпт, што ўдзельнічае ў стварэнні мастацкай карціны свету, ён, паўторымся, узбагачаецца яшчэ і індывідуальна-непаўторнымі якасцямі, якія вынікаюць са спецыфікі свядомасці канкрэтнага аўтара, яго эстэтычных поглядаў, нацыянальнай, канфесійнай, саслоўнай прыналежнасці, часу і абставінаў яго жыцця і творчасці. Колькі мастакоў — столькі мастацкіх светаў, столькі ўвасабленняў адной і той жа істоты або з’явы, яе экстрапаляцый на новы час і новыя падзейныя перыпетыі. Меў рацыю нямецкі пісьменнік Франц Фюман (ГДР), калі прыпадабняў спробы некаторых «бяздумных тлумачальнікаў» мастацкай вобразнасці да намераў «ракавінай вычарпаць мора» (5, 254). Тым не менш кожны чытач імкнецца зразумець сэнс мастацкага твора, разабрацца ў яго вобразнай сістэме, праблематыцы і паэтыцы. У выпадку з канцэптам анёл і яго інтэрпрэтацыямі ў літаратурах свету цалкам неабходна мець пра гэты вобраз падставовыя, так сказаць, уяўленні, што ўзыходзяць да Бібліі, у прасторы якой, поруч з іншымі яе насельнікамі, дзейнічаюць і анёлы. Зноў жа, як і кожны іншы канцэпт, канцэпт анёл у мастацкай, літаратурнай карціне свету ёсць, па вялікім рахунку, своеасаблівым монацэнтрычным комплексам; пад монацэнтрызмам тут маецца на ўвазе адзначаная цэласнасцю, непарыўным адзінствам і ўнутранай суаднесенасцю сукупнасць розных складнікаў мастацкай сістэмы (комплексу), згрупаваных вакол аднаго вобраза, дакладней — макравобраза, якім у дадзеным выпадку з’яўляецца вобраз анёла. Падобна да ўсякага іншага макравобраза, ён мае шэраг характарыстык — і адпачаткава-ўніверсальных, і прыватных, важных для разумення аўтарскай задумы, аўтарскай звышзадачы, для спасціжэння праблематыкі і паэтыкі твора. Як тыя, так і іншыя, датычныя і вонкавага аблічча анёлаў (напрыклад, крылы, белыя адзенні), і пэўных іх дзеянняў і ўчынкаў (палёты, песнапенні), і пэўных суправаджальных атрыбутаў (да прыкладу, тыя ж труба або меч), чытач мусіць улічваць у працэсе асэнсавання мастацкага твора, сістэмы яго вобразаў. Адпаведна, менавіта названыя вышэй атрыбуты вельмі часта фігуруюць у якасці канцэптуальна важных, дамінантных складнікаў мастацкай структуры вобраза «анёл». Часта гэтыя атрыбуты — непасрэдна або праз падтэксты — адно з адным супакладаюцца (як адбываецца, напрыклад, у метафорыцы назвы і зместу вядомага рамана польскага празаіка Генрыка Сянкевіча «Агнём і мячом»). Апрача таго, у кожным творы адзін канцэпт уступае ў цесныя ўзаемасувязі з іншымі канцэптамі, утвараючы разам з імі адмысловым чынам арганізаванае мастацкае цэлае — канцэптасферу, семантычны патэнцыял якой можа быць глыбока спасцігнуты толькі праз арганічную сукупнасць усіх суправаджальных складнікаў. Калі мець на ўвазе канцэпт анёл, то ён заканамерным чынам суадносіцца з такімі вобразамі, як рай, неба, зямля, святло, цемра, Бог, чалавек і інш. Усе гэтыя вобразы з’яўляюцца культурнымі ўніверсаліямі чалавецтва і нясуць у сабе надзвычай шырокія сэнсавыя зместы — і канкрэтны, і метафізічны, і сакральны — і могуць спараджацца як рацыянальнай, так і эмацыянальнай сферамі. Без уліку усіх гэтых зместаў спасцігнуць сэнсы канцэпта-дамінанты было б немагчыма. Важна мець на ўвазе, што ў рэлігійнай парадыгме, у біблейскай прасторы анёл па сутнасці сваёй адназначны, «празрысты»; ён ёсць увасабленнем або дабра і святла, або зла і цемры. У мастацтве ж, і ці не найперш — у мастацтве слова, гэтыя палярныя якасці, гэтыя крайнасці надзвычай часта аказваюцца супакладзенымі, напластаванымі адно на адно. У выніку вобраз анёла можа набываць амбівалентнасць, сумяшчаць у сабе несумяшчальнае. Згадаем дзеля прыкладу адзін з самых вядомых сусветнаму чытачу твор — трагедыю Ёгана Вольфганга Гётэ «Фаўст». На пытанне Фаўста: «Дык хто ж ты?» Мефістофель (увасобленае адмаўленне і спакушэнне) адказвае: «Частка сілы той ліхой, // Дабро ўтвараецца з якой» (6, 53). Складаная дыялектыка мастацкага вобраза вынікае з самога жыцця: яно не ёсць ні дыстыляваным святлом, ні суцэльнай цемрай. Тое ж можна сказаць і пра асобу чалавека. Прыўнясенне індывідуальнага або нават глыбока інтымнага можа абяртацца не толькі неверагоднай экспрэсіўнасцю і псіхалагічнай напружанасцю, але і нярэдка адчувальнай супярэчнасцю мастацкіх увасабленняў вобразаў анёлаў (ды і іншых біблейскіх вобразаў таксама). Думаецца, адметныя ўнутранай канфліктнасцю трактаванні біблейскіх вобразаў і сюжэтаў маюць асобнае і асаблівае значэнне, бо ўвагі заслугоўвае не толькі канечны плён духоўнага пошуку чалавека — прыход да веры, да Бога, але і сам вопыт гэтага пошуку, гэтага шляху, часта вельмі нялёгкага і пакручастага. Згадаем: было ж, было імгненне, калі ўкрыжаваны, спакутаваны Сын Божы, ясна ўсведамляючы непазбежнасць блізкай смерці, звярнуўся (паводле двух евангелістаў — Мацвея і Марка) да свайго Нябеснага Айца з адчайна-роспачным, поўным болю пытаннем: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?» (Мц 27, 46; Мк 15, 34) (7). Дык ці не магло гэтае роспачнае Хрыстова імгненне для іншых, нават і многіх, але звычайных, расцягнуцца на значна даўжэйшыя часавыя адмежкі? Бо ці ж многія з нас могуць параўнацца з Хрыстом па моцы сваёй веры і свайго даверу да прадвызначэнняў Бога? І, можа, сумненні і супярэчнасці аўтара і яго герояў таксама месцяць у сабе своеасаблівы выратавальны патэнцыял — для чытача, які, цалкам магчыма, зробіць высновы на карысць непарушнай веры; з лабірынту пытанняў і перажыванняў, што былі і яго пытаннямі і перажываннямі, ён, можа, знойдзе жаданае выйсце, якое для — умоўна кажучы — чалавека мастацкага засталося незаўважаным або недасяжным? І ці не ёсць у пакутлівых і нават не заўсёды паспяховых пошуках таго або іншага чалавека таксама пэўны Божы Провід і павучальны ўрок для астатніх? Сказаў жа ў свой час расійскі паэт Аляксей Талстой: «Тщетно, художник, ты мнишь, что своих ты творений создатель». Зрэшты, на гэты конт нямала разважанняў пакінулі нашы папярэднікі. Паэт і мысляр Д. Андрэеў (1906—1959), адштурхоўваючыся ад агульнавядомага выразу «Геній і зладзейства — дзве рэчы несумяшчальныя», у сваёй славутай «Ружы Свету» (1950—1958) пісаў: «Цяжка сказаць, прыглядаючыся да гістарычных фактаў, ці так гэта. У кожным выпадку, з цяжкімі заганамі, глыбокімі падзеннямі, мноствам дробных слабасцяў, нават з правіннасцямі супраць элементарных маральных нормаў мастацкая геніяльнасць не толькі сумяшчальная, але ў большасці выпадкаў геній нават не ў стане ўсяго гэтага пазбегнуць, прынамсі ў маладосці» (8, 354). Далей Д. Андрэеў падае імёны тых мастакоў, якія пражылі «на дзіва чыстае жыццё», заўважаючы, аднак, што падобныя асобы ў гісторыі чалавецтва сустракаліся «фенаменальна рэдка». Многія носьбіты вялікага таленту ад самага пачатку былі — хоць і не ў такой ступені, як, напрыклад, Моцарт, — асобамі гарманічнымі. Астатнія ж або паступова вызваляліся ад тэндэнцыі да самаразбурэння, або праходзілі разбуральны шлях да канца, так і не ўраўнаважыўшы, не згарманізаваўшы ў адзінае цэлае сваю асобу са сваёй мастакоўскай місіяй. Але аўтар «Ружы Свету» піша і пра тых творцаў, якіх ён назваў «трагічнымі геніямі» і да якіх аднёс Шарля Бадлера, Мікалая Гогаля, Поля Верлена, Аляксандра Блока і некаторых іншых мастакоў слова: «Трагедыя кожнага з іх не толькі бясконца індывідуальная, яна яшчэ такая глыбокая, такая выключная, такая загадкавая, што дакранацца да таямніцаў гэтых лёсаў можна толькі з найвялікшай асцярожнасцю, з цнотаю і любоўю, з трапяткою ўдзячнасцю за тое, што мы ў іх узялі, менш за ўсё кіруючыся імкненнем вынесці гэтым вялікім няшчасным які-небудзь этычны прысуд. “Каму болей дадзена, з таго болей і спагоніцца” — так. Але няхай спаганяе з іх Той, Хто даў, а не мы. Мы толькі вучымся на іх трагедыях, мы толькі бралі (вылучана аўтарам. — Е. Л.), толькі чыталі напісаныя іх жыццёвымі катастрофамі паэмы Провіду, у якіх бачны гэтак выразна, як ніколі і ні ў чым, шматпланавы папераджальны сэнс» (8, 355). Дарэчы, за некалькі дзесяцігоддзяў раней дакладна пра тое ж самае разважаў беларускі юнак, таленавіты паэт Уладзімір Жылка (1900–1933) у сваім «Дзённіку» (1923): «Песняры, музыкі найбольш адчуваюць гармонію, сугучнасць, таму ім найболей знаёма і агармонія, чорнае. І якое заўзятае змаганне ідзе. У маёй памяці цэлы рой гэтых пакутнікаў-мучальнікаў. Усе яны рыцары Святла, змагары з цемрай: трагічны Гогаль, парадаксальны Оск. Уайльд, святы Гл. Успенскі, хворы Дастаеўскі, мудры Ібсен, заблудзіўшыйся Ніцшэ. І ўсім жорсткі, у жоўтым Жах скрывіў болем рот» (9, 156). Як бачым, У. Жылку таксама па многіх прычынах надзвычай хваляваў гэты ўнутраны мастакоўскі канфлікт паміж «Святлом» і «цемрай». Зрэшты, і ў гэтых «вялікіх няшчасных», якія змяшалі ў сваім жыцці і мастацтве, кажучы словамі Д. Андрэева, «смяротную атруту з прычасным віном» (8, 401), ёсць творы, у якіх анёлы паўстаюць шчырымі і клапатлівымі абаронцамі чалавека і ўвасабляюцца ў кантэкстах чыстых і светлых, вольных ад напластаванняў змрочнага, глухога, апраметна-начнога, — і ў згаданага вышэй француза Верлена, і ў аўстрыйца Георга Тракля, і ў многіх іншых. У любым выпадку ўсе сапраўды таленавітыя, значныя літаратурныя творы, якія ў сваіх мастацкіх сістэмах месцяць вобразы анёлаў, па вялікім рахунку падпарадкаваны раскрыццю глабальнай антыноміі «дабро — зло». Хранатоп літаратурных інтэрпрэтацый вобразаў анёлаў літаральна неабсяжны, таму назавём тут імёны толькі некаторых пісьменнікаў: Дантэ Аліг’еры і Джон Мільтан, Ёган Вольфганг Гётэ і Джон Дон, Джордж Байран і Генрых Гейнэ, Аляксандр Пушкін і Міхаіл Лермантаў, Аляксандр Блок і Канстанцін Бальмонт, Райнер Марыя Рыльке і Георг Тракль, Марына Цвятаева і Ганна Ахматава… Да гэтага пераліку неабходна далучыць і імёны беларускіх творцаў — Уладзіміра Жылкі, Масея Сяднёва, Алеся Салаўя, Рыгора Барадуліна, Анатоля Сыса, Міхася Скоблы і многіх іншых.
Літаратура
|
|
|
|