|
|
|
№
4(62)/2012
SUMMARY
Жыццё Касцёла
Постаці
Вера & Socium
Галерэя
Ad Fontes
Прэзентацыя
Маналог святара
Кіно
У святле Бібліі
Паэзія
Проза
Юбілеі
Паэзія
Мастацтва
Гісторыя
Літаратуразнаўства
Навука і рэлігія
Кніжныя скарбы
|
У філасофіі і багаслоўі ёсць паняцце «Логас». Яно сустракаецца ўжо ў старажытнагрэцкіх мысляроў. Так, філосаф Геракліт (544–483 да Н. Х.) лічыў, што ў развіцці свету ёсць утоены сэнс, разумная аснова, у адпаведнасці з якой усё і адбываецца. Ён назваў гэту аснову словам «Логас», якое ў грэцкай мове мае шэраг значэнняў: аснова, думка, загад, закон свету. Распрацоўваў вучэнне пра Логас рэлігійны філосаф Філон Александрыйскі (25 г. да Н. Х. — 50 г. пасля Н. Х.). Згодна з яго вучэннем, у Логасе заключаецца задума стварэння. У некаторых мысляроў, якія жылі ў першыя стагоддзі пасля з’яўлення хрысціянства (Клімэнт Александрыйскі, Арыген і інш.), Логас трактуецца як Божая думка, якая стварыла свет. У хрысціянскім багаслоўі Логас — гэта разумны пачатак свету, які ахоплівае ўсё існуючае. Філосаф Гегель (1770–1831) лічыў, што апрача духу і прыроды існуе Логас, які з’яўляецца крыніцаю ўсяго руху і развіцця. Ён меркаваў, што любыя змены ў космасе, прыродзе і чалавечай гісторыі вызначаны задумаю Бога. Пра існаванне плана і праграмы ў развіцці сусвету сведчаць многія мысляры. Пра гармонію паміж суб’ектыўным духам і матэрыяй гаварыў Лейбніц (1646–1716), які лічыў, што паміж духоўнымі з’явамі ў душы чалавека падчас працэсу пазнання свету і працэсамі, што адбываюцца ў самім свеце, існуе гармонія, адно адпавядае другому. Філосаф Кант (1724–1804) лічыў, што свет меў пачатак і што прычынаю гэтага з’яўляецца Бог. Аднак факт стварэння свету ён аддзяляў ад працэсу яго развіцця, які лічыў незалежным ад умяшальніцтва Бога. Святы Аўгустын сцвярджаў, што стварэнню свету папярэднічала Божая мудрасць і раней за яе нічога не было1. З улікам сучаснага ўзроўню ведаў, калі праграмаванне, у прыватнасці матэматычнае, атрымлівае ўсё больш шырокае распаўсюджванне, а таксама з улікам таго, што сусвет — гэта не сам Бог, а Яго ўвасобленыя думкі ў створаныя дух і матэрыю, пра Бога можна гаварыць як пра вялікага Праграміста, які сам у сабе мае сродкі і сілу для рэалізацыі сваёй праграмы. Пра існаванне Божага плану і, такім чынам, праграмы стварэння і развіцця свету, гаворыцца ў Каталіцкай энцыклапедыі2. Тое, што існуе праграма развіцця свету, сцвярджаюць не толькі багасловы і філосафы, але і вучоныя. Напрыклад, І. Ньютон (1643–1727) лічыў, што космас быў створаны паводле плану. Нобелеўскі лаўрэат, фізік Артур Комптан (1892–1962) сцвярджаў, што факт існавання плану ў развіцці свету, а значыць, Розуму, які яго распрацаваў, неабвержны. Пра існаванне Божага плану ў гістарычным развіцці гаворыць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч: «... святасць, зразумелая як адказ на Божы план у гісторыі чалавецтва»3. Выдатны матэматык Р. Том, які займаўся тэарытычнай біялогіяй, у 1970 г. прыйшоў да высновы, што на мікраўзроўні ў жывых арганізмах усё адбываецца паводле глабальнага плану і праграмы. Што такое праграма ў дачыненні да стварэння Богам сусвету? Гэта, па-першае, Яго задума стварэння, па-другое, Яго план развіцця сусвету. Што такое план? Гэта намечаны Богам парадак рэалізацыі задумы, вызначэнне сілаў і сродкаў для ажыццяўлення намечанага. Дэталёва складзены план, яго распрацоўка да самых дробязяў — гэта і ёсць праграма. Асноўныя элементы Божай праграмы — гэта энергія і інфармацыя. Праяваю энергіі як духоўнай з’явы выступаюць рознага тыпу сілы, якія ўзнікаюць пры ўзаемадзеянні створаных духу і матэрыі. У сучаснай навуцы ёсць разнастайныя інтэрпрэтацыі паняцця «інфармацыя». Імпануе такое яе разуменне: інфармацыя з’яўляецца фундаментальнай першаасновай і ўсеагульнай уласцівасцю сусвету, асноваю любога матэрыяльнага ўтварэння. Менавіта з яе складаецца Божы план стварэння свету. Энергія, якая кіруецца інфармацыяй, «спакоўваецца» ў звышцвёрды стан — матэрыю, якая па зададзенай праграме захоўваецца ў часе4. Праграма — гэта духоўны, энергаінфармацыйны субстракт сусвету. Гэта прамежкавае паміж магчымасцю, што існуе як мысленне Бога, і рэчаіснасцю як рэалізаванаю магчымасцю праз яднанне духу і матэрыі. У праграму закладзена здольнасць да адрознення і ўзаемадзеяння сілаў рознага тыпу. Здольнасць адрознення характэрная для ўсіх узроўняў арганізацыі сусвету, пачынаючы з элементарных часціцаў. У іх гэтая здольнасць праяўляецца ў выбарным узаемадзеянні часціцаў паміж сабою. У раслінаў і жывёлаў гэтая здольнасць праяўляецца ў ажыццяўленні аналізу знешняга асяроддзя і выбіранні ўсяго неабходнага для існавання. Праграмаваннем займаюцца людзі. Яны складаюць праграмы з рознымі мэтамі і для вырашэння самых розных задачаў: побытавых, навуковых, тэхнічных, тэхналагічных, эканамічных, сацыяльных і інш. З дапамогаю праграмаў мэты планаў звязваюцца з наўянымі рэсурсамі. Кожная праграма — гэта комплекс мераў для рэалізацыі той ці іншай мэты. Асаблівае месца ў распрацоўцы праграмаў займае матэматычнае праграмаванне. Узнікаюць два пытанні: 1) у чым падабенства і адрозненне паміж праграмамі, якія ствараюць людзі, і Божай праграмай развіцця свету? 2) Ці карэктуе Бог створаную Ім праграму развіцця свету ці, стварыўшы свет, Ён ужо не ўмешваецца ў працэсы і падзеі, што ў ім адбываюцца? Па першым пытанні можна сказаць, што праграмаванне ў абодвух выпадках з’яўляецца духоўнаю дзейнасцю. У гэтым заключаецца іх падабенства, а адрозненне ў тым, што для распрацоўкі і рэалізацыі сваёй праграмы чалавеку, апрача ўласнай думкі, патрэбны знешнія сілы і сродкі. Бог творыць толькі сілаю сваёй думкі і параджае энергію і рэчыва, якія на аснове створаных Ім праграмаў параджаюць усю разнастайнасць рэчаіснасці. Што датычыць другога пытання, то існуе думка, згодна з якой Бог пасля стварэння свету не ўмешваецца ў ход падзеяў, якія ў ім адбываюцца. Такі накірунак быў названы дэізмам. Шырокае распаўсюджванне ён меў у XVIII ст. у Еўропе (адным з яго прадстаўнікоў з’яўляецца Кант). З пазіцыяй дэізму нельга пагадзіцца — Біблія і сама гісторыя чалавецтва сведчаць пра іншае. Імкнучыся не ўмешвацца ў развіццё падзеяў на зямлі, Бог сочыць за рэалізацыяй створанай Ім праграмы. Калі яе развіццё адхіляецца ад Яго задумы, Ён уносіць карэктывы ў тыя або іншыя аспекты функцыянавання праграмы. Трэба меркаваць, што змены ў праграму развіцця зямлі, жыцця чалавека на ёй уносіліся не раз. Яны былі звязаныя з рознымі катаклізмамі і катастрофамі, пра гэта гаворыцца ў Святым Пісанні5, пра гэта сведчаць навука і гісторыя чалавецтва. Прыкладам умяшальніцтва Бога ў зямныя падзеі з’яўляецца факт нараджэння Хрыста ад Дзевы Марыі. Гэта было зроблена з прычыны таго, што язычніцкай свядомасці неабходна было даць магчымасць упэўніцца ў пачуццёва-прадметным існаванні Бога, які аб’явіўся народу ў абліччы Хрыста і сказаў, што Ён і Айцец адно і тое ж. На жаль, язычніцкая свядомасць не адышла ў мінулае. Вялікая колькасць людзей і сёння верыць толькі ў тое, што можна ўбачыць, пачуць, адчуць. Відаць, яшчэ не прыйшоў час, каб у людзей духоўны зрок дамінаваў над цялесным. У Аўгустына ёсць думка, што пры стварэнні свету Бог заклаў у яго зародкі ўсіх рэчаў, якія ў працэсе развіцця прымаюць пэўную форму, матэрыялізуюцца і развіваюцца. З гэтага вынікае, што любая матэрыяльная адукацыя ўзнікае і развіваецца згодна з мэтаю, закладзенаю ў праграму. Тамаш Аквінскі, як і Арыстоцель, лічыў, што рух у сусвеце абумоўліваецца імкненнем да дасягнення мэты, але калі ёсць мэта, то, значыць, ёсць план і праграма яе дасягнення. Задума, план і праграма скіраваныя на дасягненне вызначанай мэты. У сувязі з гэтым узнікае пытанне: якая канчатковая мэта развіцця сусвету? З хрысціянскага погляду адзінаю найвышэйшаю і канчатковаю мэтаю ўсяго, што адбываецца, з’яўляецца Бог. Як гэта разумець? Як тое, што, ствараючы свет, Бог рэалізуе сябе як розум і воля, сіла і думка. Адною з мэтаў, пазначаных у праграме, з’яўляецца стварэнне Сонечнай сістэмы, Зямлі і чалавека. Пра гэта сведчыць той факт, што ўсе фізічныя канстанты і натуральныя заканамернасці прадыктаваныя неабходнасцю стварэння жыцця на Зямлі. Вучоныя прыйшлі да высновы, што з’яўленне жыцця на зямлі першапачаткова, г. зн. ужо на пачатку стварэння было закладзена ў праграму развіцця Сонечнай сістэмы. Доказам гэтага з’яўляюцца такія прыродазнаўчыя факты, як фіксаваная адлегласць Зямлі ад Сонца, вярчэнне Зямлі, існаванне спадарожніка ў Зямлі, пэўных памераў і інш. Калі адлегласць паміж Сонцам і Зямлёю змянілася б, то ўсё жывое на Зямлі загінула б. Захаванне пэўнай тэмпературы на Зямлі забяспечваецца яе вярчэннем, а Месяц забяспечвае цыркуляцыю водных патокаў. Творчасць — гэта адна з асноўных характарыстык Бога. Ён стварае пастаянна. Яго творчасць — не хаатычны працэс. Яна ажыццяўляецца паводле вызначанай логікі, што імкнуўся паказаць у сваіх працах вялікі Гегель. Праграма развіцця паводле Гегеля — гэта лагічная ідэя, што існуе як думка Бога. Паводле гэтай праграмы развіваюцца дух і матэрыя, ажыццяўляюцца іх паяднанне і ўзаемаператварэнне. Для рэалізацыі праграмы і дасягнення мэтаў, закладзеных у яе, неабходныя сілы, сродкі і выканаўца. Сілы — гэта створаны дух, сродкі — матэрыя, выканаўца — чалавек. Праграма распрацавана да самых дробязяў: усё ў ёй прадугледжана і ўсё ў створаным свеце адбываецца, згодна з логікаю і матэматычнымі прынцыпамі. Бог стварае свет паводле законаў матэматыкі. У чым жа сіла матэматыкі, чаму яна мае такое вялікае значэнне ў навуковых даследаваннях і ўвогуле ў жыцці людзей? Чаму прыродазнаўства, тэхнічныя навукі базуюцца на матэматыцы? Чаму вучоныя, вынаходнікі, усе, хто мае справу з прыродазнаўствам і тэхнікай, упэўненыя ў тым, што несупярэчлівае матэматычнае апісанне прадметаў і з’яваў даследавання ў матэрыяльным свеце з’яўляецца доказам іх правільнага разумення? Матэматыка — гэта навука пра сувязі і адносіны ў створаным свеце і дух, дадзены Богам чалавеку. Тое, што людзі выкарыстоўваюць матэматыку ў побыце, навуцы і тэхніцы, іншых сферах чалавечай дзейнасці, сведчыць пра адэкватнасць суб’ектыўнага духу і створанага свету. Гэта адпаведнасць апісваецца з дапамогаю матэматычнай сімволікі і з’яўляецца адным з доказаў стварэння свету з адной цэласнасці. Такою цэласнасцю з’яўляецца біблійны пачатак. І дух, і матэрыя створаны з гэтай цэласнасці і таму падпарадкаваныя адным і тым жа матэматычным заканамернасцям. Як зазначаў Леанарда да Вінчы (1452–1519): «Уся прырода пабудаваная паводле законаў матэматычнай неабходнасці, якая зыходзіць ад Бога»6. На гэта звярнуў увагу амаль 2 тысячы гадоў да яго філосаф Піфагор (580–500 да Н. Х.). На матэматычным тлумачэнні матэрыяльнага свету настойваў І. Ньютон (1643–1727). Пра існаванне плану і праграмы ў развіцці свету сведчаць структураванасць матэрыяльных сістэмаў. Што такое структура? Гэта сукупнасць устойлівых сувязяў паміж элементамі матэрыяльнага ўтварэння, якія забяспечвае яго цэласнасць. Структурнасць уласцівая сусвету на ўсіх узроўнях яго існавання, што сведчыць пра існаванне сэнсу і мэты ў створаным свеце. У самой будове атама ёсць пэўны сэнс і мэта. Гэта можна растлумачыць тым, што структура атамаў створана Творцам і яны функцыянуюць паводле зададзенай праграмы. Вучоныя лічаць, што структараванне атамаў у розныя формы адбываецца дзякуючы інфармацыйна-праграмным інструкцыям. Створаны дух пранізвае ўвесь сусвет, і адным з доказаў гэтага з’яўляецца гравітацыя. Дзякуючы гравітацыі сфармаваліся Сонечная сістэма і Зямля з усімі ўмовамі, неабходнымі для ўзнікнення на ёй жыцця. Чаму і па якіх прычынах з’явілася і існуе гравітацыя? Чаму яна такая «разумная», аж да пастаноўкі мэтаў? Таму што ў аснове ўсіх працэсаў сусвету, у тым ліку і гравітацыі, знаходзіцца створаны дух, які мае ў сабе праграму развіцця свету, і ўрэшце — розум Бога. Тое, што сусвет з’яўляецца рэалізацыяй Божага плану, даказвае таксама існуючая ў ім гармонія. Так, усе органы любога рэчыва ўзаемазвязаны і функцыянуюць дзеля яго дабра. Само стварэнне, як цэлае, знаходзіцца пераважна ў гармоніі з навакольным асяроддзем. Паводле вызначанай праграмы працуе кожны орган чалавечага цела. Даследаванні арганізмаў паказваюць, што многія з іх маюць не запатрабаваныя цалкам органы. Гэта заўважна і ў чалавека: з прыкладана 12–14 мільярдаў клетак чалавечага мозга актыўна працуе 5–7%. Мільярды клетак чалавечага мозга, якія цяпер не задзейнічаныя, чакаюць свайго часу, каб выконваць запраграмаваную для іх функцыю. Гэты факт сведчыць пра тое, што чалавек — вынік стварэння, а не эвалюцыі. Ён таксама сведчыць пра тое, што праграмай прадугледжана пэўная паслядоўнасць і скіраванасць у развіцці сусвету. Аб праграмным развіцці свету ідзе размова ў калектыўным даследаванні аўтараў, працы якіх атрымалі сусветнае прызнанне: «Калі раней лічылася, што кароткі выбухны перыяд у пачатку гісторыі нашага свету „аўтаматычна“ вызначаў патрэбную хуткасць пашырэння, то цяпер мы лічым, што ў гэты перыяд мела месца вельмі акуратная надбудова параметраў»7. Існаванне праграмы характэрна для неарганічнага і арганічнага свету чалавечага грамадства. Пра гэта сведчаць факты, выкладзеныя ў навуковай літаратуры: «Моцныя і слабыя ядзерныя ўзаемадзеянні павінны былі трапіць у вельмі тонкі дыяпазон, каб у Вялікім выбуху узнік вадарод і ў зорках маглі з’явіцца элементы цяжкага гелія. Сілы гравітацыі павінны былі знаходзіцца ў вызначаных адносінах з сіламі электрамагнітнага ўзаемадзеяння, каб узніклі такія зоркі, як Сонца, а вакол іх маглі сфармавацца прыдатныя для жыцця планеты. Нават лёгкая перавага электрамагнітных сілаў прывяла б да таго, што сілы адштурхоўвання паміж пратонамі былі б занадта вялікія і ніводнага элемента, апрача вадарода, не ўзнікла б. Самы нязначны зрух у суадносінах масаў электрона, пратона і нейтрона зрабіў бы немагчымай звыклую для нас хімію і біялогію8. Вучоныя звяртаюць увагу на тое, як у мікрасвеце ўсё разлічана. Калі значэнне фізічных канстантаў было б іншым, то ўзнікненне жыцця на зямлі было б немагчымае. У самым пачатку стварэння, г. зн. у задуме Бога, была закладзена магчымасць узнікнення жыцця. Неба і зямлю, дух і матэрыю Бог ведаў да іх стварэння, яны былі сутнасцю Яго ведаў. Зразумець гэта і выказаць словамі было дадзена вялікаму Аўгустыну9. Працэс стварэння сусвету ў сваіх асноўных момантах апісаны ў кнізе Быцця. Са зместу гэтага раздзела кнігі Быцця вынікае, што Бог планаваў вынікі свайго стварэння, але ў Яго не было канчатковай упэўненасці ў тым, што ўсё будзе такім, як Ён задумаў. У чым гэта выяўляецца? У тым, што Бог ацэньвае створанае. Як правіла, гэта ацэньвалася на «добра». І толькі ў самым канцы Ён ацаніў сваё стварэнне на «вельмі добра»10. Пры разглядзе арганічнай прыроды трэба канстатаваць, што ў зародышах арганізмаў закладзена праграма іх развіцця. З чаго пачынаецца жыццё новага, у прыватнасці чалавечага, арганізма? Натуральна, з зачацця, калі спалучаюцца сперматазоід з яйцаклеткай і ўтвараецца зігота — першая клетка новага чалавечага арганізма. У зігоце ў выглядзе інфармацыі закладзена праграма развіцця арганізма. У чалавечым арганізме налічваецца больш за 10 трыльёнаў клетак. Усе яны знаходзяцца пад кантролем праграмаў, закладзеных у ДНК і, такім чынам, пад катролем Розума, стварыўшага іх. Клеткі строга арганізаваныя, і гэта дазваляе некаторым вучоным лічыць, што яны кантактуюць паміж сабою і, значыць, надзеленыя свядомасцю. Так падштурхнула меркаваць тое, што клеткі чалавечага эмбрыёна ведаюць сваё прызначэнне — стаць клеткамі пэўнага арганізма. Усе клеткі раслінных, жывёльных і чалавечых арганізмаў пабудаваныя паводле адзінага плану. Усе яны жывуць і працуюць дзеля агульнай мэты пэўнага органа і арганізма. Клеткі сілкуюцца, размнажаюцца, адказваюць ахоўнымі рэакцыямі на ўсялякую небяспеку. Кожны дзень у арганізме дарослых людзей нараджаюцца і паміраюць мільярды клетак. Гэта не хаатычны працэс, а рэалізацыя створанай Богам праграмы развіцця. Пра існаванне праграмы ў працэсах дзялення, спецыялізацыі і гібелі клетак гаворыцца ў навуковай літаратуры. «Генны апарат працуе пад кіраваннем сістэмных і працоўных праграмаў»11. «Стварэнне генома з самага пачатку ўпіраецца ў з’яўленне інфармацыі, або праграмнага забеспячэння»12. «Малекула ДНК дзейнічае як сістэма суперсучасных камп’ютараў і сваёй складанасцю нашмат пераўзыходзіць самыя сучасныя ЭВМ»13. «Генетычны код уяўляе з сябе прыклад праграмнага забеспячэння, якое кантралюе і арганізуе жыццёвыя працэсы»14. У разважаннях аўтараў заўважная паралель, якую яны праводзяць паміж жывою клеткаю і суперсучасным камп’ютарам. Вядома, па сваёй складанасці яны непараўнальныя, бо стварэнне Бога пераўзыходзіць стварэнне чалавека. Аднак падабенства ёсць, таму што чалавек як духоўная істота створаны паводле Божага вобраза. Паводле вызначанай праграмы адбываецца фармаванне клеткі арганізма ў цэлым. У аснове гэтага — Божыя розум і воля. Калі вучоныя праніклі ў будову клеткі, яны зрабілі выснову: усё прадугледжана Найвышэйшым Розумам. Сумненняў у іх не заставалася. У клетку чалавечага арганізма «ўманціравана» прыблізна 30 тысяч розных генаў. Ці сам па сабе адбыўся гэты «мантаж»? Паводле вобразнага выказвання аднаго з вучоных, верагоднасць выпадковага ўтварэння ДНК настолькі нізкая, як і зборка «Боінга» з ламачча аўтамабільнай звалкі пад уздзеяннем урагану. Вышэйсказанае ў чарговы раз дазваляе паўтарыць не раз сказанае: развіццё сусвету запраграмаванае. Усё, пачынаючы ад элементарных часцінак да сусвету, рухаецца, змяняецца, развіваецца, функцыянуе паводле праграмы. Фізічнымі, хімічнымі, біялагічнымі, псіхічнымі і ўсімі іншымі працэсамі чалавечага і любога іншага арганізма кіруе Найвышэйшы Розум, які хрысціяне называюць Богам. Кіраванне ажыццяўляецца праз створаныя Ім праграмы. Божая праграма развіцця ў нейкіх сваіх аспектах можа не адпавядаць першапачатковай задуме і плану, а прычынай гэтаму — чалавек. Людзі ўсё больш умешваюцца ў ход натуральных, створаных Богам, працэсаў. Калі гэта ўмяшальніцтва спалучана з парушэннем натуральных або маральных законаў, то рана ці позна яно вядзе да нежаданых вынікаў. Усё, што звязана з дзейнасцю людзей, знаходзіцца ў непасрэднай залежнасці ад іх маралі і захавання імі Божых запаведзяў. Першымі парушылі Божую забарону Адам і яго жонка. Вынікі іх непаслухмянасці апісаныя ў трэцім раздзеле першай кнігі Майсея «Быццё». Развіццё духоўнага свету чалавека пайшло не паводле першапачатковай задумы Бога, што прывяло да змены многіх аспектаў праграмы, якая датычаць людзей. Умяшальніцтва Бога ў зямныя працэсы і падзеі залежыць ад таго, наколькі людзі ў сваіх словах і ўчынках адыходзяць ад Божых запаведзяў, інакш кажучы, — грашаць. Божыя запаведзі ўманціраваны ў духоўны складнік сусвету. Іх захаванне — маральны закон свету. На гэта звяртала ўвагу прадстаўніца сярэднявечнай схаластыкі, філосаф, містык, урач Хільдегарад Бінгенская (1098–1178), якой была дадзеная здольнасць глыбокага сузіральніцтва. «Калі чалавек грашыць, — сцвярджала яна, — пакутуе Сусвет»15. Чалавек не можа парушаць натуральныя законы. Калі ён паспрабуе гэта зрабіць, то тут жа сам сябе і пакарае. Сёння некаторыя даследчыкі імкнуцца дзейнічаць насуперак законам біялогіі, але негатыўныя вынікі ўмяшальніцтва чалавека ў законы жыцця не заўсёды бачныя адразу — яны абавязкова праявяцца праз некаторы час. Што датычыць законаў грамадскага жыцця, то іх няведанне, неразуменне, дзейнасць наперакор ім адмоўна паўплывае на ўсе сферы жыцця людзей, ведучы да войнаў, голаду і смерці. У сувязі з гэтым неабходна сказаць пра такі прынцып стварэння сусвету, як свабода. Што такое свабода? Гэта магчымасць выбару. Аднак свабода — гэта не самавольства, гэта магчымасць выбару ў пэўных рамках. У неарганічным свеце гэтыя рамкі абмежаваныя фізічнымі канстантамі і натуральнымі законамі. У арганічным свеце жывёльны свет валодае большай свабодаю, чым раслінны. Свабода чалавека мае нашмат больш ступеняў, чым свабода жывёлаў. Але свабода чалавека ў адрозненне ад ўсяго астатняга абмежавана яшчэ і маральнымі рамкамі. Чалавеку і тут даецца свабода — свабода выбару паміж дабром і злом, свабода рабіць усё па сумленні або наадварот. Бог даў чалавеку духоўны феномен, які называецца сумленнем. Што такое сумленне? Гэта парада Бога чалавеку, як дзейнічаць у той ці іншай сітуацыі. І калі чалавек дзейнічае, як прынята гаварыць, наперакор сумленню, тым самым ён дзейнічае наперакор Божай парадзе. Гэта не застаецца не заўважаным з боку сілы, якая супрацьстаць Богу. Д’ябал імкнецца да таго, каб чалавек увогуле страціў сумленне і тым самым перайшоў да яго ў служэнне. Можна зрабіць наступную выснову: развіццё сусвету адбываецца паводле створанай Богам праграмы, якая прадугледжвае свабоду выбару ў пэўных прасторавых і часавых рамках, для чалавека яшчэ і ў рамках маралі, асноўным кампанентам якой з’яўляецца толькі дадзенае чалавеку Богам сумленне. Бог можа ўносіць карэктывы ў створаную Ім праграму развіцця, але Ён можа гэтага і не рабіць. Прыкладам з’яўляецца зямное жыццё Хрыста. Яго фізічнае нараджэнне, звязанае з зачаццем і развіццём у целе Дзевы Марыі, амаль не адрознівалася ад зямнога. У сваім цялесным развіцці Хрыстус прайшоў усе неабходныя стадыі, якія праходзіць кожнае дзіця. Чаму Хрыстус не з’явіўся на свет адразу дарослым і мудрым чалавекам, якім Ён стаў пасля? Таму што існуюць створаныя Богам канстанты і законы, маральныя нормы і правілы, якія не парушае нават Ён сам, тым больш гэта не дазваляецца чалавеку. Божыя законы — гэта не толькі створаныя Ім натуральныя законы і законы грамадства, але і законы маралі, выкладзеныя ў Святым Пісанні. Дзейнасць людзей, як паказала практыка чалавецтва, будзе больш паспяховаю, калі яна будзе ажыццяўляцца з большай строгасцю і паводле Божых запаведзяў, хрысціянскай маралі і сумлення. Д’ябал заўсёды імкнецца супрацьпаставіць сябе Богу, імкнецца ўплываць на душы людзей, падштурхоўваючы іх да парушэння маралі. Гэта робіцца лягчэй з прычыны паляпшэння маральнага жыцця людзей, калі высокамаральнае духоўнае жыццё прыніжаецца, а, бывае, зусім знішчаецца. Але калі людзі ў сваім маральным падзенні пераходзяць усе межы, то Бог не пакідае гэтага без увагі. Манавіта таму веруючым і няверуючым людзям трэба памятаць пра Садом і Гамору. Гэта, па-першае. Па-другое, трэба мець на ўвазе, што ў духоўным свеце, куды душа чалавека пераходзіць пасля смерці цела, няма ўмоваў для пачуццёвых задавальненняў, але памяць пра іх застаецца ў душы. Таму можна ўявіць, як будуць пакутаваць душы тых людзей, якія ў зямным свеце імкнуліся атрымаць толькі такія задавальненні, забываючыся пра чыстасць уласнай душы, пра веру і Касцёл. Бог міласэрны, Ён многае даруе. Ён даруе тым, хто моліцца, ходзіць у Хрыстовы Касцёл, звяртаецца да Яго і шчыра раскайваецца ў сваіх правінах. Пакаянне — гэта неабходны кампанент духоўнага жыцця чалавека, яго духоўнага і цялеснага здароўя. Чалавек штодзённа ўмываецца, штотыдзень ходзіць у лазню або прымае ванну, робіць усё для чысціні і здароўя цела. Для здароўя душы, імкнення яе да Бога неабходна штодзённа маліцца, а па нядзелях абавязкова прыходзіць у Касцёл на супольную малітву — на своеасаблівы «духоўны душ», які неабходны для захавання здароўя душы.
|
|
|
|