|
|
|
№
4(62)/2012
SUMMARY
Жыццё Касцёла
Постаці
Вера & Socium
Галерэя
Ad Fontes
Прэзентацыя
Маналог святара
Кіно
У святле Бібліі
Паэзія
Проза
Юбілеі
Паэзія
Мастацтва
Гісторыя
Літаратуразнаўства
Навука і рэлігія
Кніжныя скарбы
|
З «ДЗЁННІКА» КСЯНДЗА МІХАЛА САПОЦЬКІ
10.06.1915 г. О Божа мой, як жа цяжка! Ні вучыцца, ні думаць не магу. Планы мае разбіваюцца, бо слабая воля, не хапае вытрымкі. Столькі планаў, столькі задумак і добрых памкненняў гіне з-за слабасці характару. Праўда, чую слабасць і ва ўсім целе; чую, што цела слабае, але і дух нямоцны. «Domine ad adiuvandum me festina»1. Адчуваю крыўду на сваё начальства, якое трымае мяне тут. А ці змог бы дзе ў другім месцы быць лепшым? «Fiat voluntas Tuа»2. Як саромецца трэба такіх думак. Дзякуй Табе, Пане, за святло. «Вучань не вышэйшы за Настаўніка». «Сыне, паглядзі на Мяне, калі кленчу ў Садзе Аліўным. Тое, што ты церпіш цяпер, Я ў сто разоў больш перацярпеў. Хваробы не бойся, бо не хлебам адзіным жыве чалавек. Я патрабую поўнай ахвяры, каб ты нічога сабе не пакінуў, нават волі сваёй выракайся, не ашчаджай сябе ні ў чым, аддайся Мне цалкам».
22. 08. 1915 г. Сонечнае зацьменне. Ужо павявае асенні вецер, падае лісце. А хмары паліваюць зямлю халодным асеннім дажджом. Год таму сядзеў я ў Янішках на беразе шырокага возера Арына (Віленскі павет) і акідваў яго развітальным позіркам, думаючы пра будучую працу. Спыніўся над ручайком, які ўпадаў у гэта гыбокае возера, і параўнаў яго з сабою. Вада з ручайка няспынна ўлівалася ў глыбіню, і спачатку віраванне было значнае, а пасля знікала, злучаючыся ў адну вялікую плынь. Так і мая праца мае плысці ціхім ручайком, злучыцца з іншымі для ажыццяўлення вялікай мэты — Валадарства Божага на зямлі. І стала мне ў вачах карціна сонечнага зацьмення, сведкам якога я быў у мінулым годзе. Вось сонечнае святло, спачатку моцнае, яркае, пачало блякнуць, слабнуць. Праз закуранае шкло я заўважыў справа цёмную пляму на сонцы, якая набірала ўсё большыя і большыя памеры, аж нарэшце можна было разгледзець простым вокам, і сонца цалкам закрыла. Што за дзіўная, зусім не сцёртая з памяці з’ява ў прыродзе! Быў я тады з сябрам на возеры. Лодка, у якой мы плылі, затрымалася, бо вёслы ў мяне апусціліся; з захаду на даляглядзе была яшчэ шырокая заранка, а вось з усходу наступала цемра і плыла на нас разам з халодным паўночным ветрам; вопратка страціла свой звыклы колер. Чарада варонаў і крумкачоў паднялася з бліжэйшай гары і з пранізлівым крыкам паляцела на захад, як бы даганяючы знікомае святло. Жывёла, што пасвілася на лузе, пачала рыкаць, а ў мястэчку крык пеўняў змяшаўся з прарэзлівым крыкам габрэйскіх хлапчукоў. Так уся прырода развітвалася з апошнім промнем сонца, які, некалькі разоў пераламаўшыся ў паветры, знік, як маланка, і ўверсе паказаліся зоркі. Што было б, каб гэты прамень прапаў беспаваротна? Мабыць, на ўсім зямным шары запанавала б цемра, смерць і абледзяненне. Некалькі хвілінаў трываў морак, а як жа яны здоўжыліся! Як жа засумаваў я па сонцы і з якою радасцю вітаў заранку з усходу, якая станавілася ўсё большай і большай, аж нарэшце першы промень кінуў сваё святло ў паветра і адкрыў далёкія ўзгоркі, лётам бліскавіцы наблізіўся да нас, адбіўся ў возеры, як бы любаваўся сваёю пекнатою, і паімчаўся далей, гонячы перад сабою цемру, якая таксама лётам бліскавіцы мусіла адступаць. Радасць у прыродзе запанавала нязвыклая. Вароны, крумкачы ляцелі з захаду, каркаючы ўжо весела. Жывёла супакоілася, заціхлі ў мястэчку пеўні. Радасць напоўніла сэрца, што гэты прамень ужо не прападзе. Будзе свяціць і абаграваць, і цемру рассейваць, і ўсякі сум адганяць, хіба толькі хто сам дабравольна адвернецца ад яго. А гэтая светласць паказалася намнога яснейшай, а цяпло прыемнейшым, чым раней. Кожны пачаў яго цаніць мацней. Так і ласка Божая, калі пакіне і не адчуваеш яе прысутнасці, як жа сумна і тужліва тады, хацелася б рыкаць з каровамі і крычаць з варонамі, і ляцець з імі, каб гэтую ласку вярнуць. Але калі ёсць пакаянне і жаль, тады ласка Божая зноў атуляе і, як сонечны прамень, прасвятляе, грэе, напаўняе невыказнаю дабрынёю, тады толькі пазнаецца лепш яе цана, ці больш правільна — разумееш, што цаны ёй няма.
* * *
Божая Міласэрнасць3 Ёсць праўды, якія нам вядомы і пра якія мы часта чуем і гаворым, але не разумеем іх. Так было са мною ў дачыненні да праўды Божай Міласэрнасці. Столькі разоў я ўспамінаў пра гэтую праўду ў пропаведзях, думаў на рэкалекцыях, паўтараў у касцёльных малітвах — асабліва ў псальмах, — але не разумеў значэння гэтай праўды, не паглыбляўся ў яе змест — што ёсць найвышэйшаю ўласцівасцю дзейнасці Бога. Ажно трэба было простай манашцы с. Фаўстыне з Кангрэгацыі Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці, якая, натхнёная інтуіцыяй, сказала пра яе, коратка і часта гэта паўтарала, змушаючы мяне да разважання, вывучэння і часцейшага роздуму аб гэтай праўдзе. Не магу тут паўтараць падрабязнасцяў нашай размовы, а толькі агульна зазначу, што спачатку я добра не ведаў, пра што гаворка, слухаў, не давяраў, задумваўся, разважаў, вывучаў, раіўся з іншымі — і толькі праз некалькі гадоў зразумеў важнасць гэтай справы, веліч гэтай ідэі і пераканаўся сам у дзейснасці гэтага, што праўда, старога, але занядбанага і патрабуючага ў наш час аднаўлення вялікага жыццядайнага культу. Я пазнаёміўся з с. Фаўстынаю ў 1933 г. Яна адразу сказала, што даўно ўжо ведае мяне і што я павінен быць яе кіраўніком і абвяшчаць свету аб Міласэрнасці Божай. Я не надаваў гэтаму выказванню ніякага значэння і не ўспрымаў яго ўсур’ёз. Пасля яна прызналася, што павінна намаляваць абраз Божай Міласэрнасці.
17.08.1938 г. Чаму я ўсё перажываю Гетсіманію? Таму, што замала лучнасці з Божаю воляю. Асабліва трэба наследаваць Хрыста ў малітве: «Не Мая, але Твая святая воля няхай станецца». Ува мне многа яшчэ бунту і жадання зрабіць усё паводле сваей волі. Маю вызначаны план дзеяння, і Міласэрнасць Божая прадказала мне тыя цяжкасці, а таксама дае надзею і сапраўды заўсёды мне дапамагае. Многа часу я трачу на разважанне пра тое, што было, але замала, каб спыніцца над тым, што ёсць. Што я павінен рабіць цяпер. А гэта ж толькі цяперашняя хвіліна заслугоўвае на кару або ўзнагароду. Таксама часта аддаюся пустым думкам пра будучыню, калі павінен бы клапаціцца і шукаць волі Божай. Наракаю на тых ці іншых асобаў, у той час як яны з’яўляюцца прыладаю ў руках Провіду, які тым ці іншым чынам выпрабоўвае мяне... Ёсць адна рэч, якая ўтрымлівае ад поступу да дасканаласці, — гэта боязь працы і цярпення ў змаганні. У той жа час можна больш атрымаць заслугаў, калі больш сябе пераможаш і прынізіш. Тут павінен старацца перамагчы ў сабе тое, што мне часта не падабаецца ў іншых людзях.
05. 02.1966 г. Малітва не ёсць сілай чалавека, бо яе крыніца дзейнасці ёсць у Богу і бязмерных заслугах Збаўцы. Яна вынікае з вечнага прысуду міласці і ўздымаецца да Божай Міласэрнасці. Фантан дасягае такой вышыні, з якой сплывае вада. Падобна, калі мы молімся, гаворка не ідзе пра тое, каб пераканаць Бога і схіліць Яго да змены рашэнняў, але каб узвысіць нашу волю на вышыню Яго волі...
01.11.1967 г. Учора споўнілася мне 79 гадоў. Сёння пачынаю 80 год. Дрыжу пры згадцы, што магу стаць на суд перад веліччу Найвышэйшага з пустымі рукамі. Калі і былі якія заслугі, магчыма, яны перакрэсленыя з-за недахопу чыстых намераў. Застаецца толькі давяраць Божай Міласэрнасці.
16.03.1968 г. Святасць даступная ўсім, бо няма ў ёй нічога надзвычайнага.
Пераклала з польскай мовы
Гл. таксама:
|
|
|
|