 |
|
Касцёл у Ішкалдзі
Тварэнне чалавечых рук
Ці, можа, след самога Бога.
Чуваць усюды мілы гук.
З усіх краёў сюды дарога.
Ідзеш ты годна праз вякі
Святлом нязгаснае надзеі.
Яе нясуць ва ўсе бакі
Твае праменні-дабрадзеі.
Каля сівых святых муроў
Шалелі злосныя навалы,
Нявінная лілася кроў
І баль свой правілі вандалы.
А ты стаяў і ўсё трываў,
І верай загартоўваў сілы —
Малітвам моц сваю даваў,
Даваў збалелым душам крылы.
Краса і веліч не сплылі
І не змарнелі ў лютай бойцы —
Як сімвал роднае зямлі
Гатычны храм Святое Тройцы.
Нясі заўсёды светлы дар —
Свой крыж, сваё наканаванне.
Ты дзён мінулых валадар
І нашых сэрцаў ратаванне.
|
|
Твае грахі
Ты,
Наіўны,
Спрабаваў неаднойчы
Схаваць ад усіх свае правіны.
І сам зразумеў,
Што гэта марны занятак,
Бо ўсё таемнае
Некалі адкрыецца свету.
Ты
Хацеў ачысціцца
Пад лагодным летнім дажджом.
Хацеў...
О святая наіўнасць!
Як жа табе зразумець,
Што ўсіх акіянаў
Разам з усімі дажджамі свету
Не хопіць,
Каб змыць твае грахі.
Твае грахі.
|
|
Хай будзе сэрца беззаганным
Сэрца ў любові прыходзіць у свет,
Сэрца жыве для любові.
Крыж свой патрэбна пранесці як след —
З думкаю светлай і словам.
Злітуйся, Божа, над грэшнай душой,
Дай ёй святло для збавення,
Век наш зрабі ратавальнай Імшой,
Сэрцу пашлі ачышчэнне.
Сэрца ратуй вызваленнем ад зла,
Сілай ратуй пераможнай.
Волі Тваёй не згасае хвала —
Голасам кветачкі кожнай.
Сэрца ратуй ад людской мітусні —
Цнотай дзіцяці малога.
Сілы, спагады падай, дабрыні,
Веры і шчасця дай многа.
Чуеца рэха малітвы маёй.
Дзіцем хачу быць адданым.
Божа, хай стане па волі Тваёй
Сэрца маё беззаганным.
|
|
Зямля ратуе нас
Зямля даўно ўжо не крыўдуе
на наш упарты, грэшны люд,
Яна клапоціцца, шкадуе
І нас ратуе ад пакут.
Яна ратуе нас ад пекла,
Якое творым мы штодня,
Якое лёсам нас пасекла,
Якое нельга ўжо суняць.
Яна ратуе нас ад злога,
А злое лезе і паўзе.
Шчыльнее пошасцяў аблога —
Дабро змяншаецца ў вазе.
Зямля ратуе нас, як можа,
Гадуе ўсіх і кожны край.
Даруй правіны нашы, Божа,
Ва ўсім зямлі дапамагай!
|
|
Роздум пра зменлівасць
Згасае светлы дзень няўхільна,
І ноч сплывае ў іншы свет.
Увагу страціць нават пільны.
Знікаюць цень і сілуэт.
Асілак падае без сілы.
Знікае смех — прыходзіць плач.
Замест герояў — іх магілы.
Няўжо так трэба? Растлумач.
Знікае, кажуць, нават сонца,
Зямля ад роспачы дрыжыць.
Змяніў жыццё сусвет бясконцы —
Не згіне толькі прага жыць.
|
|
 |