|
|
|
№
4(62)/2012
SUMMARY
Жыццё Касцёла
Постаці
Вера & Socium
Галерэя
Ad Fontes
Прэзентацыя
Маналог святара
Кіно
У святле Бібліі
Паэзія
Проза
Юбілеі
Паэзія
Мастацтва
Гісторыя
Літаратуразнаўства
Навука і рэлігія
Кніжныя скарбы
|
Што напісаць пра Дануту Янаўну такое, што яна сама пра сябе не ведае? Гэта складана. Прасцей пісаць не для яе адной, а для сотняў іншых, тых, хто ведае пра яе недастаткова. Каб спазналі, з якой сучасніцай пашанцавала ім сустрэцца на скрыжалях айчыннай гісторыі... Цяжка ўзгадаць, калі мы пазнаёміліся асабіста. У памяці аніводнага ранняга адбітку…. Хоць бясспрэчна: пра паэтку Дануту Бічэль я ведаў яшчэ са школьнай лавы, а студэнтам-філфакаўцам зачытваўся творамі незабыўнага Уладзіміра Караткевіча, дзе ў ягоным знакавым зборніку «Мая Іліяда» ўразіў гожы верш «Каложа» з прысвячэннем «Дануце Бічэль»:
Менавіта іхняе знаёмства падштурхнула мяне ў сярэдзіне ўжо далёкіх 80-х гадоў мінулага стагоддзя звярнуцца лістоўна да Дануты Янаўны — папрасіць напісаць успаміны пра аўтара «Хрыста, які прызямліўся ў Гародні» й «Каласоў…» пасля пякучай страты ў ліпені 1984-га. У лютым 1986 года ў мой заснежаны Ракаў прыйшоў ліст (можа, ужо й не першы). «Дарагі Язэп Язэпавіч! Даруйце, што я не адразу адказала Вам... Была ў Брэсце — па Бюро прапаганды мастацкай літаратуры зарабляла грошы. Вы, відаць, ведаеце, што ўжо тры гады я ўдава, а дзеці мае і ўнук яшчэ не працуюць, то прыходзіцца круціцца, каб звесці канцы з канцамі... Я настолькі змучылася, што па сёння крыху водзіць мяне і сэрца здало. Ужо заракаюся не ездзіць у такія заробкі, але ж як прыцісне, паеду…» Перачытаўшы цяпер такое — сціскаецца сэрца: у сорак шэсць гадоў застацца адной з сынам і дачкой на руках!.. Калі табе самому толькі нядаўна пераваліла за 50, раптоўна ўсвядоміцца: скрушны быў Ваш, Данута, «залаты» юбілей! І вайны не трэба, каб дзеці пачуліся сіротамі. А калі ёй было лёгка? Хіба што ў маленстве, пры бацьках, Марылі і Ясю, якія, дзякаваць Богу, абое дажылі да паважнай старасці. У райскім месцы — на хутары Біскупцы, што пад Лідаю. Аксамітна-зялёным ад травы, зеляніны і разнатраўя. Успаміны нашай юбіляркі пра маленства гэтак і называюцца: «Мурожныя Біскупцы». Прачытайце — і вы дакранецеся да глыбінных каранёў роду Бічэляў, а таксама Бурносаў, Саўкевічаў. Даведаецеся, што гэта бабуля Канстанцыя, з Белагруды пад Лідаю, якую Дануся й не памятае, хоць нарадзілася пры ёй, ведала мноства малітваў-пацераў, якім навучыла старэйшую ўнучку Рэню, а тая — малодшую сястру. Толькі з малітвамі й глыбокай верай можна было перажыць паваеннае ліхалецце пад бальшавікамі, якія ўсіх зганялі ў калгасы, абразаючы прадзедаўскую зямлю пад самы паркан. Талент ёй даў Бог. Паэтка не расла, а адразу мела высокі рост — Божанька пагладзіў па галаве ў маладосці. Таму нават першую жыццёвую квадру Данута Бічэль святкавала як творца, ужо маючы паэтычны зборнік «Дзявочае сэрца» (1961), а на другое 25-годдзе, што разам склалася ў звонкія 50 жыццёвых вёрстаў, паэтка займела амаль дзясятак выданняў: «Нёман ідзе» (1964), «Запалянкі» (1967), «Доля» (1972), «Ты — гэта ты» (1976); «Браткі» (1979), «Загасцінец» (1985), «Дзе ходзяць басанож» (1983), «Даўняе сонца» (1987). Апроч іх напісаліся і кніжачкі для дзяцей: «Перапёлка» (1968), «Грыб-парасон» (1969), «Дзічка» (1971), «Дагані на кані» (1973), «Лузанцы» (1982) і інш. Дзякаваць Богу, па навуку не трэба было ехаць, як за расейскімі царамі мінулых стагоддзяў, у далёкія Дэрпт (цяпер Тарту ў Эстоніі) ці Кіеў або ў Маскву, Пецярбург. Таму, скончыўшы напачатку Наваградскую педагагічную вучэльню (1957), пайшла на аддзяленне роднай мовы, літаратуры і гісторыі Гарадзенскага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы. З 1962 года выкладала беларускую мову і літаратуру ў школах Гродна. Адпрацавала настаўніцай 20 гадоў! Што гэта значыць? Вось «жыццёвы абразок» пра гэты перыяд у лісце Ларысы Геніюш да Пятра Рашэтніка (30.09.1981): «…Учора я была ў Данусі… Дануся захварэла і нэрвова. Яна цяпер выкладае ў школе бел(арускую) мову, а гэта на Беларусі найцяжэй. Гэты ўрок бяруць на ўсе «прывіўкі», іншыя справы, бо ён, бачыце, мала тут важны. Тыя, хто не вывучае гэтай мовы, мусяць быць у клясе і рабіць настаўніку ўсе фокусы і подласьці, каб ён ня мог выкладаць… Вось гэта і дабіла бедную Данусю. Яна зьвярталася аж да М. Танка, каб яе ратаваў, і моцна хварэла. Я думаю, што тут болей нэрвы, хоць кашляе яна страшна. У Гродне — ні каўбасы, ні масла. Вялікая толькі чарга па цыбулю. Мы там купілі толькі па буханцы хлеба…» Зачытаўшыся толькі што прафесійна ўкладзеным й выдадзеным Міхасём Скоблам томам «Ларыса Геніюш. Лісты з Зэльвы» (Гародня-Wrocław, 2012), бы ў старасвецкім хатнім альбоме пабачыш нашу юбілярку ў розных жыццёвых рэаліях. Толькі фотаздымак пакідае на памяць нашчадкам паставу і аблічча (вось як у лісце ад 23 красавіка 1968 года: «На святы прыехалі да нас на таксі з Гродна Бічэль-Загнетавы. Ён з барадой, ня меншай, як у Фідэля... Дануся выглядае цудоўна. Патанчэла, пахарашэла, добра апранутая»). А ў словах, выказаных вялікай папярэдніцай і настаўніцай Дануты ўбачыш і ўведаеш тое, што не здольны падгледзець аніякі цэйсаўскі аб’ектыў, якой бы ні быў павелічальнасці. «…Перачытала яшчэ раз ліста Д(ануты Бічэль). Мне так хацелася расказаць Валодзі (Караткевічу) аб узьвейным, амаль дзявочым пасмачку тугі па ім, якая так адчуваецца з ліста. Скажэце яму аб гэтым, перадайце яму ад нас дзьвюх прывітаньні…» (3 траўня 1965 г.); «Вельмі чакаю на новую кніжку Данусі. Нечаму спадзяюся там на глыбокія думкі і характэрную ёй шчырасьць пачуцьцяў…. » (15 жніўня 1978 г.); «… я не магу варушыць матэрыяльнай ці духовай адчайнасьці, нейкага маральнага ці фізічнага калецтва. Гэта ўжо паталёгія. Акрамя бездані гэтага болю мы мелі і маем нейкую сьветласьць. Мы былі здольныя на пратэст, на духовую перамогу і таму існуем яшчэ! Пашто паказваць людзям роспач і раны, пашто вярэдзіць ім душы, калі трэба хоць крыху сыпнуць праменьняў і надзеі,і ўпэўненасьці ў сабе. Трэба страсянуць і паказаць сапраўдныя вартасьці, каб паставіць на ногі тых, хто захістаўся! … Ня час калупацца ў паталёгіі, калі трэба ўздымаць багатае, шматбаковае паняцьце чалавека-беларуса, якога шліфавалі вякі, і за якога не ўстыдно перад культурамі, хоць быў ён у лапцях…» (11 студзеня 1980 г.); Пазбіраць бы іх словы адны да адных, каталічкі і праваслаўнай, і пачытаць пад адной вокладкай! І колькі б ні перачытвалі — не адчуеце аніякай розніцы ў веравызнаннях. Родныя душы хрысціянскія… Каб хто яшчэ так сябраваў між сабою! Дзякуючы Дануце Бічэль захаваліся прызнанні да яе зэльвенскай самотніцы («Памаленьку палю свае рукапісы. Часам бывае жаль…») з вершаванымі радкамі (11 кастрычніка 1978 г.):
І робіцца ўзаемна скрушна, што з тых самых цэнзурных прычынаў, у паслясталінскай Беларусі, Данута Бічэль, баючыся, што давядзецца ехаць за мужам углыб Расеі, дзе Эрыку давалі працу, папаліла й лісты Геніюш да яе, напісаныя ў 1960-я гады… Часы савецкія былі безнадзейныя. Як горка было бачыць і ўсведамляць лепшым прадстаўнікам народа над Нёмнам і Дняпром, Шчарай і Чорнай Ганьчай, над палескай Прыпяццю і Дзвіною, калі на тваіх вачах канае беларушчына, калі анідзе няма месца роднаму слову! Нават у святынях. І ўжо «моляцца, хто цябе прагне. — Моўчкі. Аднымі вачыма…». І толькі адзінкі бачылі ў цемры святло і ішлі на яго. Вось тая ж самая Ларыса Геніюш у лісце да Дануты Бічэль (29 кастрычніка 1981 г.): «…пра кс. Чарняўскага нейкі, здаецца, біскуп за мяжой адазваўся з абурэньнем — як гэта можна ў каталіцкім касьцёле гутарыць на беларускай мове?! Ну і нагласьць! Як гэта балюча, што кожнаму можна зьневажаць нашую мову, а гэтым і наш народ!» Ці не гэтыя эпісталярныя радкі натхнілі таксама паслядоўніцу Геніюш на верш, прысвечаны тагачаснаму адзінаму (!) беларускамоўнаму святару, які на верандзе перакладаў слова Божае на мову тутэйшага люду, што цяпер, дзякаваць Богу, годна гучыць у каталіцкіх святынях.
Мне сустракаць такія радкі — двайная асалода, бо мы з Галінаю ў тыя бязбожныя падсавецкія часы, чэрвеньскім днём сярэдзіны 1980-х гадоў, бралі шлюб акурат у тым пракаветным мястэчку. Так што, па часе, натхніўшыся «ўспамінальнай прозай» Дануты Бічэль, можна будзе адважыцца на ўласныя мемуары, як гэта зрабіла паэтка, выдаўшы ўспаміны «Хадзі на мой голас» (2008). Яны — адметная кніга ў знакавай ужо сэрыі «Гарадзенская Бібліятэка» (во каб такую бібліятэку заснавала кожная нашая вобласць!). «Захацелася скінуць з сябе салодкую няволю рыфмаў, гэты панцыр чарапахі. Гэтая кніжка — яшчэ не развітанне, не запавет, але падвядзенне вынікаў, — піша Данута Бічэль ва ўступе да кнігі. — У маёй жыццёвай прыгодзе паэткі найважнейшымі з’явамі былі людзі, якія мяне любілі, якіх я любіла. Цяпер я зразумела, што пра людзей, якія істотна паўплывалі на мой лёс, у вершах не напішаш. Дасканалай мовай прозы я не валодаю. Таму атрымаліся эсэ». Так, усе 34 пазіцыі, падзеленыя на тры раздзелы, — займальныя, праўдзівыя, чалавечай мовай напісаныя прыгадкі пра чалавечыя душы. Пераважна ўжо адышоўшыя: Васіля Быкава, Аляксея Карпюка, Уладзіміра Караткевіча, Ларысу Геніюш, Зоську Верас, Ірыну Крэнь, Анатоля Сыса, айца Уладзіслава Чарняўскага, Янку Брыля, Наталлю Арсенневу, Артура Цяжкага, Мацея-Юзафа Канановіча (аўтара найпапулярнай у Польшчы песьні «Чарна Мадонна»)… У кнізе шчыльнымі шыхтамі паўстаюць вобразы іншых землякоў-гарадзенцаў, мастакоў, разьбяроў, краязнаўцаў, гэткіх рэстаўратараў мінулага роднага краю: Алеся Ліпеня, Казіміра Місюры, Апанаса Цыхуна, Уладзіміра Кіслага, Пятра Янушкевіча, Алеся Сільвановіча, Сяргея Шэмета, Сяргея Грыневіча… Паказальна, што бальшыня з іх упершыню друкавалася на старонках квартальніка «Наша вера». Успамінаць пра сучаснікаў — адышоўшых і жывых — як размаўляць з найлепшымі сябрамі, якіх табе часта вельмі не хапае ў штодзённым жыцці. Асабліва ў веку, калі час нястрымна коціцца з гары, калі ўжо ўнукі вось-вось гатовыя зрабіць цябе прадзедам ці прабабуляй, калі да стольнага Менску не заўсёды маеш капейчыну даехаць, калі адкрываецца мудрая мужнасць дзякаваць Усявышняму за кожны пражыты дзень, а на сяброўскіх пагасцінах, сустрэчах ці юбілеях казаць па-народнаму: «Дай Бог за год прычакаць».
Цягам жыцця паэтка не ведала зорных хваробаў — такога чалавека не хвалююць чужыя зайздрослівыя меркаванні, але толькі (і выключна) свая душа, пошукі і светлай, і балючай Праўды. Гэта і ёсць духоўнае жыццё. Ва ўсёй нашай краіне не знасці больш творцы, гэтак адданай хрысціянскай тэматыцы. На сваю трэцюю жыццёвую квадру яна падрыхтавала чарговую прынародную споведзь — зборнік «Іду сцяжынаю да Бога», дзе ёсць раздзелы «Малітва Панская», «Да Маці Божай», «Ружанец — канат у нябёсы», «Крыжовы шлях (разважанні плачкі)», «Малітвы любові» й падраздзелы з не менш красамоўнымі падзагалоўкамі «У Вострай Браме», «Стакроткі ў вяночак Маці Божай Будслаўскай», «Белая навэнна. Святой памяці Марыі Лялько», «Паводле святога Францішка» ды інш. Традыцыйнае сямейнае каталіцкае выхаванне з ягонымі бясспрэчнымі каштоўнасцямі, свабодамі і абмежаваннямі наклалася на ўнутранае духоўнае жыццё, дзе аб’ядналіся філасофія рэлігіі, філасофія праўды простага селяніна, веданне нацыянальнай спадчыны, культуры і гісторыі. Трагічнай гісторыі.
Упэўнена верыцца, шо з-пад рукі Дануты Янаўны прычакацьме яшчэ не адну кнігу: паэзіі, прозы, эсэ, перакладаў. Творца Данута Бічэль — адна з вядучых. Яна, бясспрэчна, ужо ў гісторыі нашай культуры ў ганаровым шэрагу ад Еўфрасінні Полацкай, Уршулі й Магдалены Радзівілаў, Цёткі (Алаізы Пашкевічанкі) да Ларысы Геніюш-Міклашавічанкі... І таму дачка Яся Бічэля — не самотная. Дай Бог ёй плёну! Язэп Янушкевіч
Гл. таксама:
|
|
|
|