 |
|
НА ДОСВІТКУ
Хто закінуў на хмаркі мярэжы?
гэта вецер з заснежанай вежы…
ён бяссонны і грэшны, ён першы…
б’юцца словы, як рыбіны ў вершы…
Нехта ж грае на лютні наверсе…
на святой вышыні паднябесся
пачынаецца ветрава песня…
галубок чысціць перыйка ў снезе…
шчэ бяссонная хмарка заспана…
шчэ не дыхаюць духі аргана…
шчэ прасветлена плакаць зарана…
шчэ нічогачкі не змарнавана…
|
|
МАЛІТВА ЗА ДАРКУ
Божанька, беражы нашу Дарку,
прыгожую нашу пяснярку,
Паўночных Афін валадарку…
Захавальніцу дзвюх на камені кніг
на пляцы ў Залескім парку…
Беражы Беларусь, яе гаспадарку…
Пад яе далікатныя ножкі
падсцілай лагодную хмарку!
|
|
МАЛІТВА ЗА АЛІНУ
Падзяліся, Божа, з Алінай
святой галінкай аліўнай!
Абрасі слязою Аліны
святы садочак аліўны!
|
ЗА БАБУЛЯЎ ФРАНЦІШКУ І КАНСТАНЦЫЮ,
ЗА ДЗЯДУЛЯЎ АДАМА І ВІНЦУКА
|
ДУША-ГРУШКА
Пасадзіў дзядуля Вінцук
дзецям грушку на агародзе…
Узляцеў галубок на сук,
галубка-бабуля на плоце…
Засень грушкі трымае цень…
Два стагоддзі пад небам цвіце…
Я не страсаю тых груш…
Тулюся душой да іх душ…
|
|
НАВАЛЬНІЦА
Праз Гаўю статак дадому гнала,
калі маланка нас перажагнала…
Пярун забіў таполю нада мной…
Так страшна падаць — назаўжды адной!
Ды Гаўя прытуліла нечакана…
У той вадзіцы, нібы ў цёплай ванне,
схавала ўглыб і падняла ўгару, —
таму і не згубіў мяне пярун…
|
|
ХАТА
Мой Божа, дапамажы мне
хлябочкам Тваім адгавецца…
Жыву, нібы на чужыне,
а нітка ў паркі не рвецца…
Ламаю ў садзе крушыну,
замкнула ў хаце чужыну,
пакуль не выкуру з хаткі,
буду пад кусцікам спаткі…
|
|
ГАСЦІНЕЦ
Чужынцаў дзікіх падковы
гасцінцы крыжам прабілі…
Усклалі вянок цярновы
на скроні святой Крывіі…
Мая святая Крывія!
Твае гасцінцы крывыя
прастуюцца ў даляглядзе,
у Божым, у райскім садзе!
|
|
НЕБА
На золку хочацца згарэць прыгожа —
згарэць ахвярна на святым агні…
Спрадвечнай цемрай не карай нас, Божа!
У ясныя шляхі перамяні!..
Маю душу, як сонную лічынку,
спавітую ў свянцоную зямлю,
як рыбку ў рэчку, укінь на аблачынку
і там пакінь…
Я й так Цябе люблю…
|
|
ПШАНІЧКА
Пшанічкай узыходзіш, Божа мілы, —
збірай прыгожых, маладых сыноў…
Так Беларусь прачнецца, дзе магілы
забытых продкаў, так узыйдзе зноў…
Узыйдзе і прасочыцца жывіцай
з карэнняў вечна маладых камлёў…
Уродзіць буйнай новаю пшаніцай…
З чужыны ўнукі вернуцца дамоў…
|
|
ЗАПАВЕТ
Божанька, дай мне добрую смерць,
каб на Радзіме родны святар
выняў душу, а цела аддаў
цёплай зямліцы — знутры адагрэць…
Як паляціць мая душачка ўвысь —
у самых высокіх нябёсаў на дне —
ясень, мой Яська, добры мой крыж,
так раз’яднаную, злучыць мяне…
|
|
КАПЛІЦА
Капліца чыстага неба…
Спакойна, стомлена, нема
надзеі змёрлага роду
званамі звоняць з-пад споду…
Каб нехта з добрых унукаў
слязьмі балесна пастукаў —
ды разбудзіў гэты спод…
каб зноў прачнуўся народ…
|
|
POST SCRIPTUM
Стала крыжам з дубовае плахі…
узяла ўнука Янку на рукі…
ды паслухаю — як пяюць птахі…
Не тапчыце песень, унукі!
Не паставіў ніхто крыж дубовы?
Пахавана, жывымі забыта?…
Унучак-вецер тутэйшыя словы
ціха йграе на дудачках жыта…
|
Гл. таксама:
Язэп ЯНУШКЕВІЧ :: ТРЫ КВАДРЫ ЖЫЦЦЯ ::
Уладзімір СОДАЛЬ :: ДАРАГОЕ ЛІСЦЯНЯТКА ::
|
 |