|
|
|
№
4(62)/2012
SUMMARY
Жыццё Касцёла
Постаці
Вера & Socium
Галерэя
Ad Fontes
Прэзентацыя
Маналог святара
Кіно
У святле Бібліі
Паэзія
Проза
Юбілеі
Паэзія
Мастацтва
Гісторыя
Літаратуразнаўства
Навука і рэлігія
Кніжныя скарбы
|
Напрыканцы кастрычніка — пачатку лістапада ў Галерэі «Мастацтва», што на праспекце Незалежнасці ў Мінску, адбылася выстава твораў гарадзенскай мастачкі Вікторыі Ільіной. Выпускніца Беларускай акадэміі мастацтваў (1988), яна цікава працягвае традыцыю каларызму ў нашым жывапісе. На мой погляд, каларысты — самы тэмпераментны народ у цэху жывапісцаў. Той з майстроў, хто захапляецца пластыкаю фарбавага мазка або танальнымі эфектамі, здаецца стрымана-сур’ёзным побач з няўрымслівымі шукальнікамі яркіх праяваў натуры. Экспазіцыя ў Галерэі — гэта ў асноўным анталогія краявідаў мастачкі. Прыродныя матывы часам паўтараюцца, але штораз у новай колеравай аранжыроўцы. Сялянскія хаткі і хвоі — банальны эцюдны сюжэт — становяцца своеасаблівым «алібі» для стварэння чароўнай метамарфозы. Вечаровая і начная прастора раптам успыхвае мірыядамі агеньчыкаў — зялёных, жоўтых, ружовых... Мікрачасцінкі хараства рассыпаюцца па ўсім палатне і нібы звіняць вясёлымі галасамі. Гэтак казачна бальшыні людзей прырода бачыцца толькі ў маленстве. Потым усё неяк выроўніваецца. А казку ў паўсядзённым працягваюць бачыць мастацкія таленты... Асобная тэма ў творчасці Вікторыі Ільіной — гэта горад. У адным з інтэрв’ю мастачка прызнаецца: «Вобразы нараджаюцца неўсвядомлена, на ўзроўні ўспрымання. Формула горада... Гарады розныя. Ёсць, напрыклад, Нью-Ёрк, які геаметрычна падзелены на кварталы. Гродна мае іншыя краявіды: пакручастыя вуліцы, складаны ландшафт. У мяне адзін гарадскі відарыс вырашаны метафарычна — як старая карта, як адбітак гісторыі непасрэдна ў краявідзе. Від зверху, падпісаны назвы вуліц...» Гранёныя формы архітэктуры нібы служаць касцяком для колеравай матэрыі. Лінеарныя канструкцыі ў гарадскіх краявідах заўсёды на другасных ролях. Горад спіць, і маладзік дарыць яму таямнічае святло начы, якое разліваецца паўсюль, саграваючы кожны фрагмент карціны. У наступнай рабоце горад жыве дзённымі рытмамі, і ў гэтай кампазіцыі мастачка робіць сонца дыктатарам краявіду. Наогул, там, дзе сонца дыктуе каларыт, Вікторыя Ільіна не баіцца вялікіх плошчаў адкрытага, лакальнага колеру. А потым настае чарга далікатных перагукаў тонаў і паўтонаў. У нацюрморце «Камора» мастачка нібы растварае сасуды і плады ў жывапіснай прасторы — застаюцца амаль толькі контуры, тонка афарбаваныя цені прадметаў... У гэтым ёсць нейкая прыцягальная недагаворанасць, таямніца. Творчыя жанчыны заўсёды пярэчаць публіцы і крытыкам. Маўляў, няма такой з’явы, як «жаночы раман», як «жаночая паэзія», «жаночае мастацтва». З імі можна спрачацца. Творы Вікторыі Ільіной могуць быць плёнам толькі жаночай душы. Казачна-светлая сустрэча з імі надоўга застаецца ў памяці. Валеры Буйвал
|
|
|
|