|
|
|
№
4(62)/2012
SUMMARY
Жыццё Касцёла
Постаці
Вера & Socium
Галерэя
Ad Fontes
Прэзентацыя
Маналог святара
Кіно
У святле Бібліі
Паэзія
Проза
Юбілеі
Паэзія
Мастацтва
Гісторыя
Літаратуразнаўства
Навука і рэлігія
Кніжныя скарбы
|
Алена ШЫМАК
ГІСТОРЫЯ КАСЦЁЛА:
|
|
У вывучэнні гісторыі Касцёла прадметам даследавання могуць стаць Касцёл як рэлігійная структура, літургія, веравучэнне, а таксама адносіны Касцёла і дзяржавы, яго культурны ўплыў. Безумоўна, па-за ўвагаю не можа застацца роля асобы ў гісторыі Касцёла (святара, законніка альбо проста верніка, чалавека добрай волі).
Гісторыя Касцёла дапамагае не толькі раскрываць малавядомыя старонкі мінулага, але і ўзрастаць духоўна, не забываючыся, што кожная падзея – гэта не проста вынік чалавечай дзейнасці, а своеасаблівая размова Бога і чалавека. Французскі гісторык Г. Бедуэл, аналізуючы гісторыю Касцёла, звярнуўшыся да словаў папы Паўла VI, адзначыў, што не толькі ад чалавека залежыць лёс чалавецтва. Ён вызначаецца і іншым фактарам, дзеянне якога амаль немагчыма вымераць, але які, безумоўна, уплывае на план чалавечай гісторыі. Гэтым фактарам з’яўляецца Божая воля — яе нябачная прысутнасць у часе і паміж людзьмі таксама робіць з гісторыі таямніцу. Калі размова ідзе пра гісторыю Касцёла, гэта таямніца становіцца аб’ектам сузірання, і зразумець яе – задача надзвычай тонкая і цяжкая. «У гісторыка няма іншага шляху: ён павінен пільна ўглядацца ў вертыкальнае вымярэнне часу, які з’яўляецца амаль свяшчэнным дарам, і спасцігаць напружанне паміж грахом і Божай міласэрнасцю. Бо час каштоўны тады, калі рухаецца ў праўдзівым кірунку, — да Бога»1.
Трымаючы ў руках кнігу Уладзіміра Васькова «Католікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны: Гісторыя Гомельскага дэканата» (выдавецтва «Про Хрысто», 2012 г.) можна парадавацца, што гісторыя Касцёла, і асабліва гісторыя Касцёла ў Беларусі, застаецца запатрабаванаю. Аўтар, беларус па паходжанні, католік, які ўжо шмат гадоў жыве ў Расіі, захоплены гісторыяй, не пашкадаваў уласнага часу, каб падрыхтаваць да друку вынікі сваёй працы, прысвечанай вывучэнню традыцый родных мясцінаў. І можна сказаць, што праца гэта была не аматарскай. Ужо тое, што пры падрыхтоўцы выдання ішло цеснае супрацоўніцтва У. Васькова з гісторыкамі і святарамі, у тым ліку з дэканам Гомельскага дэканата ксяндзом Славамірам Ляскоўскім, сведчыць пра актуальнасць напісанай працы, і застаецца надзея, што вопыт напісання такога кшталту даследавання будзе працягнуты беларускімі гісторыкамі.
Манаграфія складаецца з дзвюх частак, дзе аўтар апісвае гісторыю Рыма-каталіцкага Касцёла Беларусі на прыкладзе асобных парафіяў Гомельскага дэканата Магілёўскай архідыяцэзіі, а таксама лёсы людзей, звязаных з каталіцтвам на Гомельшчыне. Трэба адзначыць смелую спробу аўтара разгледзець гісторыю Гомельшчыны праз прызму лакальнай гісторыі, а, як вядома, мікрагістарычны падыход дае магчымасць новага погляду на станаўленне гістарычных структураў і гістарычныя працэсы.
Зварот да лакальнай гісторыі актуальны ў сучаснай гістарычнай навуцы, калі вывучаецца не проста вызначаная тэрыторыя, а «мікрасупольнасць», згуртаванне людзей, якія займаюцца акрэсленай гістарычнай дзейнасцю2. У апошні час, калі гістарычныя даследаванні адрозніваюцца разнастайнасцю метадалогій, з’явілася неабходнасць стварэння цэласнай карціны на новым узроўні, які б уключаў дасягненні «вузкіх гісторый». У пэўным сэнсе мікрагісторыя з’яўляецца адным з магчымых шляхоў гістарычнага сінтэзу, калі за мэту абіраецца аднаўленне суцэльнай карціны хаця б у маштабах мікрарэгіёна ці вузкай сацыяльнай групы3.
Гістарычныя падзеі, што знайшлі адлюстраванне на старонках кнігі У. Васькова, ахопліваюць даволі працяглы кавалак часу, а дакладней, ад XII ст. і да сучаснасці. На першы погляд, амаль немагчыма ахапіць такі працяглы перыяд грунтоўным даследаваннем, але аўтар не ставіў мэтаю напісаць дысертацыю (хаця для гэтага ўжо ёсць добрая аснова). Неабходна заўважыць, што ўсе падзеі ў гісторыі Касцёла Гомельшчыны даследчык спрабуе паказваць на фоне палітычнай гісторыі Беларусі. Аўтар дае храналагічны агляд гісторыі каталіцтва ў межах аднаго дэканата, адзначаючы асаблівасці існавання Рыма-каталіцкага Касцёла ва ўмовах русіфікатарскай палітыкі Расійскай імперыі, якая імкнулася максімальна абязлічыць так званы «Северо-Западный край» і зрабіць беларускія землі шараговым расійскім рэгіёнам. Цяжкасці, што выпалі на долю Касцёла ў часы росквіту антырэлігійнай савецкай ідэалогіі, не абмінулі і Гомельшчыну. Аўтар засяроджваецца на лёсах людзей, пацярпелых ад рэпрэсій, на лёсах тых вернікаў, якія складалі жывы Касцёл. Уладзімір Васькоў трапна заўважыў, што, нягледзячы на тое, што «пра Гомельшчыну часта гаворыцца як пра тэрыторыю, дзе каталіцтва не мае моцных каранёў і з’яўляецца чужародным элементам», адраджэнне Касцёла ва Усходняй Беларусі ўсё ж адбылося, а ў 2007 г. рашэннем Апостальскага Адміністратара Пінскай дыяцэзіі кардынала Казіміра Свёнтка быў створаны Гомельскі дэканат.
Аўтар імкнуўся вельмі дакладна, сумленна падаць усю назапашаную ім інфармацыю. Даследаванне грунтуецца на архіўных і апублікаваных гістарычных крыніцах; відавочна, што была апрацавана значная гістарыяграфічная база. Агляд падзеяў на Гомельшчыне суправаджаецца паглыбленнямі ў гістарычныя рэаліі і ўдакладненнямі, якія могуць быць карыснымі для разумення сутнасці апісанай рэчаіснасці.
Актуальнасць манаграфіі У. Васькова заключаецца не толькі ў слабай распрацаванасці гэтай тэматыкі, неабходнасці больш дэталёвага даследавання гісторыі Касцёла ў Беларусі. Публікацыя працы У. Васькова якраз супала са святкаваннем 870-гадовага юбілею Гомеля. Можна лічыць, што падарунак гораду аказаўся дастойным, бо менавіта гісторыя Гомеля знаходзіцца ў кнізе на першым плане.
Напэўна, прафесійныя гісторыкі змогуць знайсці ў манаграфіі нейкія хібы і недакладнасці. Але галоўнае тое, што аўтар не пабаяўся крытыкі і зрабіў крок да таго, каб папулярызаваць гісторыю Касцёла, гісторыю Беларусі і зацікавіць кожнага зазірнуць у мінулае сваёй уласнай парафіі.
Алена Шымак
|
|
|