|
|
|
№
4(62)/2012
SUMMARY
Жыццё Касцёла
Постаці
Вера & Socium
Галерэя
Ad Fontes
Прэзентацыя
Маналог святара
Кіно
У святле Бібліі
Паэзія
Проза
Юбілеі
Паэзія
Мастацтва
Гісторыя
Літаратуразнаўства
Навука і рэлігія
Кніжныя скарбы
|
Пра Алену Сямёнаўну (хочацца ўдакладніць — пра нашу Алену Сямёнаўну) гаварыць вельмі ганарова і вельмі няпроста. Ганарова — бо гэта выдатная, слаўная, знакамітая постаць у сучаснай беларускай літаратуры. Няпроста — бо яна надта маштабная, творчая асоба, надта багаты ўклад у мастацкую скарбніцу Беларусі, у духоўную культуру народа. У гісторыі чалавецтва цывілізаваных эпохаў так было заўсёды. І аднак жа заўсёды ўдзячныя суайчыннікі імкнуліся засведчыць сваю пашану і любоў да лепшых з лепшых — да тых, хто ёсць прыкладам самаахвярнага служэння Бацькаўшчыне, людзям, дабру і праўдзе. Сёлетні высокі юбілей Алены Сямёнаўны Васілевіч супадае з яшчэ адной значнай у яе жыцці юбілейнай датай: шэсцьдзясят пяць гадоў назад яна як прызнаная літаратарка была прынята ў Саюз пісьменнікаў. Дазволю сабе пахваліцца, што я быў сведкам гэтай падзеі. У ліпені 1947 года ў Мінску праходзіла Першая рэспубліканская нарада маладых пісьменнікаў. У апошні дзень нарады найбольш творча выяўленых яе ўдзельнікаў Праўленне СП прыняло ў шэрагі пісьменніцкай арганізацыі. У ліку шасці благаслаўлёных была і Алена Васілевіч. Самы малады (няпоўныя шаснаццаць) з запрошаных на нараду, я ўважліва прыглядаўся і да знакамітых майстроў-настаўнікаў (Якуб Колас, Янка Маўр, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Пімен Панчанка, Алесь Якімовіч), і да пачаткоўцаў-вучняў (Іван Шамякін, Андрэй Макаёнак, Аляксей Русецкі, Мікола Аўрамчык і іншыя; да гэтага ваеннага пакалення належала і прыгожая, зграбная «вучаніца» ў пекнай белай сукенцы, з далікатнымі акуляркамі на адухоўленым інтэлігентным твары — Алена). Канечне ж, я і думаць тады не мог, што праз тры з гакам гады яна рэкамендуе да друку мой верш «Практыкантка» (часопіс «Работніца і сялянка», 1951, № 4) і пачнецца доўгая, шматгадовая паласа майго супрацоўніцтва з гэтым часопісам, а лепш сказаць — майго ўдзячнага карыстання ўвагай і падтрымкай з боку Алены Сямёнаўны. О, як маладыя аўтары адчуваюць атмасферу спрыяння і дабрыні ў рэдакцыйным пакойчыку!.. Тым часам з-пад пяра Алены Васілевіч адзін за адным з’яўляюцца творы мастацкай прозы — аповесці, апавяданні, эсэ, выходзяць з друку кніга за кнігай, імя пісьменніцы становіцца адным з самых вядомых, папулярных і — без перабольшання — любімых. Папулярнасць, як вядома, бывае розная, ёсць і тая, што дасягаецца лёгка, на шляхах спекулятыўных тэматычных хадоў і сюжэтных прыёмаў. Гэта ні ў якой меры не датычыць Алены Васілевіч. Яе папулярнасць заваявана самым сумленным чынам. Скажу галоўнае: чытач адказвае любоўю толькі на любоў, даверам — толькі на давер, павагай — толькі на павагу. Чым перш за ўсё вызначаецца сам дух усяго напісанага Аленай Сямёнаўнай? Тым, пра што ўжо сказана вышэй: «атмасферай спрыяння і дабрыні» — спрыяння чалавеку (чытачу), дабрыні да чалавека (да чытача). І самыя драматычныя жыццёвыя сітуацыі, у тым ліку сямейна-бытавыя, пераносяцца лягчэй і не прыводзяць у тупік, калі чалавек не траціць пачуцця спрыяння, не траціць дабрыні. Божа, колькі святлістага святла ў кнігах нашай Алены Сямёнаўны! І як ёй удзячныя за гэта прагныя да святла чытачы!..
Летам 1967-га, будучы ў Балгарыі, я атрымаў ад 9-гадовага сына лісток, які заканчваўся так: «Прачытаў шмат кніг — „Расці, Ганька!“ і другія. Цалую. Сяргей». Дык вось, «Расці, Ганька!» — першая кніга з тэтралогіі Алены Васілевіч «Пачакай, затрымайся...» Калі мне і сёння (праз 45 гадоў) уцешна думаецца пра святло ў душы сына, то я не сумняваюся, што яно ўлівалася яму з кніг славутай беларускай пісьменніцы. І мне хочацца яшчэ раз — услед за мільёнамі чытачоў — сказаць: дзякую! Дзякую, дарагая Алена Сямёнаўна! З нізкім сардэчным паклонам. І дай Бог Вам здароўя, каб маглі пачуць гэта слова яшчэ безліч разоў. Ад усіх, каму адкрыўся і яшчэ адкрыецца Ваш цудоўны талент. А яшчэ — шчыра-шчыра дзякую за сяброўства, за падтрымку ў маіх галоўных жыццёвых клопатах, за веру, якую выказалі яшчэ трыццаць гадоў таму ў надпісе на першым томе трохтомніка: «Нілу Гілевічу — з нязменнай павагай, захапленнем і гонарам, што наша беларуская зямля раджае такіх сыноў...» Трыццаць гадоў перачытваю гэтыя бясконца дарагія мне словы, ведаючы, якая слаўная дачка нашай беларускай зямлі напісала іх.
Ніл Гілевіч.
|
|
|
|