|
|
|
№
4(62)/2012
SUMMARY
Жыццё Касцёла
Постаці
Вера & Socium
Галерэя
Ad Fontes
Прэзентацыя
Маналог святара
Кіно
У святле Бібліі
Паэзія
Проза
Юбілеі
Паэзія
Мастацтва
Гісторыя
Літаратуразнаўства
Навука і рэлігія
Кніжныя скарбы
|
З Данутаю Бічэль-Загнетавай мне даводзілася сустракацца досыць рэдка, гады ў рады, ад выпадку да выпадку, але яе паэтычнае натхненне, такое прывабнае, гарманічнае, я адчуваў і адчуваю праз усё яе творчае жыццё. У 2003 годзе я адгукнуўся на яе чарговы творчы зборнік «На белых аблоках сноў». Свой водгук я надрукаваў у «Нашым Слове». Тады ж неўзабаве на гэты мой водгук Данута адгукнулася дарагім для мяне лісцяняткам. У ім яна прынамсі пісала: «Паважаны Уладзімір! Дзякуй за мілую рэцэнзію на маю кніжку. Пашкадавала, што Крыстына ў часопісе — ён называецца „Наша вера“ — не звярнулася да Вас... Цешуся, што Вы мяне зразумелі, бо гэтая кніжачка сапраўды этапная і важная для мяне...» Пасля гэтага шчыра-даверлівага Дануцінага лісцянятка, датаванага 9.06.2003 г., мінула амаль дзевяць гадоў, а тое зярнятка даверу, якое закінула ў маю душу Данута, жыло ўва мне, грэла мяне, натхняла мяне, а некаторыя радочкі з яго проста запаланілі маю галоўку. Вось хоць бы гэтыя: «Узрост дае сябе паважаць. Я пала ад стомы». Цікава, пра які ўзрост нагадвае Данута? Зазірнуў у пісьменніцкі даведнік 1970 года (выдавецтва «Беларусь»), а там надрукавана, што Данута нарадзілася 1 студзеня 1938 года. Значыцца, набліжаецца Дануцін юбілей! Пачаў у сваіх калегаў распытваць, хто з іх апошнім часам бачыўся з Данутаю і дзе яна цяпер. І многія рукамі разводзілі: хто яе ведае! А хтосьці сказаў мне: «Шукай нашу Дануту за мяжой». Маўляў, такім людзям, як Данута, няма чаго пакуль рабіць у Беларусі. І ўсё ж я наважыўся напісаць свой лісток Дануце, балазе ў мяне захаваўся канверт з яе ранейшым адрасам. І што? Мой лісток прыйшоў да яе! З Дануцінага адказу, датаванага 14 кастрычніка 2012 года, я даведаўся: Данута нарадзілася 3 снежня 1937 года. І тое, што яна з’ехала за мяжу, — чыясь выдумка, лухта. Цытую: «Я невыязная. Я правінцыялка». Што да Дануцінага года народзінаў, то для мяне гэта адкрыццё. Да народжаных у 1937 годзе ў мяне асаблівае пачуццё. Я іх «калекцыяную» ў асобную кагорту. Я таксама з 1937-га. Гэта ж у той год вынішчалі сотні творчых беларусаў, а на змену ім нараджаліся мы, такія, як Данута і я, і шмат хто іншы. Спадзяюся, шаноўныя чытачы зразумеюць, чаму я акцэнтую іх увагу на гэтым годзе. Думаю, ім вядома, што рабілася на Беларусі ў 1937-м: адны нараджаліся, а другіх, таленавітых, творчых, жорстка вынішчалі. Напрыклад, калі мяне віншавалі па тэлефоне з Днём народзінаў, я наўмысна падкрэслена казаў у слухаўку: «1937 год слухае!» І мая інтанацыя перадавала ўсё, што рабілася ў 1937-м. То я, як усе народжаныя ў 1937 годзе, віншую Дануту з яе 75-годдзем! Спадзяюся, пакаленне людзей, народжаных у 1937-м, яшчэ шмат чаго зробіць для сваёй Беларусі і за сябе, і за тых творцаў, якія загінулі ў тым годзе. Мы, народжаныя ў трыццаць сёмым, — дзеці вайны, а гэта яшчэ адна старонка нашага летапісу. Невыпадкова ж народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў гукаў Дануце: «Ідзі на мой голас!» З намі Бог! На Беларусі Бог жыве! Уладзімір Содаль
Гл. таксама:
|
|
|
|