|
|
|
№
4(62)/2012
SUMMARY
Жыццё Касцёла
Постаці
Вера & Socium
Галерэя
Ad Fontes
Прэзентацыя
Маналог святара
Кіно
У святле Бібліі
Паэзія
Проза
Юбілеі
Паэзія
Мастацтва
Гісторыя
Літаратуразнаўства
Навука і рэлігія
Кніжныя скарбы
|
Айцец Анджэй КАПРОЎСКІ
АДКАЗНАСЦЬ КАТАЛІЦКІХ СМІ
З даклада на Першым кангрэсе
<...> Свет, а ў ім хрысціянства са сваёй місіяй, знаходзяцца перад абліччам незвычайна складаных праблем. Каталіцкія СМІ не з’яўляюцца «моднай забавай» і не могуць пагружацца ў канфлікты груп паводле інтарэсаў. Мы стаім перад выклікам мовы перадачы паслання. Нам не хапае адказнай мовы. Часта мова каталіцкіх СМІ зразумелая толькі для адносна вузкай групы «сваіх» і нашмат менш для большай часткі моладзі. У той жа час мы звяртаемся да людзей рознага ўзросту, адукаванасці і выхавання, да людзей, якія жывуць у той грамадскай і культурнай атмасферы, дзе Касцёл з’яўляецца чымсьці не зразумелым як супольнасць веры і як носьбіт пэўнага бачання чалавека, этыкі, маральных фундаментаў грамадскага жыцця. Бэнэдыкт XVI вельмі моцна акцэнтуе ўвагу на тым, што наш пераказ павінен карыстацца мовай, зразумелай сучаснаму чалавеку, бо хрысціянства існуе не для малой групы вернікаў, але для жыцця свету... Не заўсёды мы знаходзімся ў свеце, варожым да нас, але мы жывём у свеце, кантакт з якім патрабуе здольнасці дэманстраваць праблемы ў святле Евангелля, у святле хрысціянства. Мы знаходзімся пасярод вятроў культурных пераменаў. Ніхто не ў стане прадбачыць, куды яны вядуць. Але перш за ўсё — мы не стаім у баку ад іх. Трэба знайсці магчымасць кантакту і ўзаемнага разумення ў гэтай новай сітуацыі. Новыя тэхналогіі даюць вялікія магчымасці для СМІ. З’явілася цэлая «віртуальная рэальнасць», і яна часта эмацыянальна мацней уплывае на людзей, якія ў ёй жывуць. Насталі «змены ў мысленні», выкліканыя так званым «медыйным часам», які ламае паняцце наступства падзей у часе. Навіны і вобразы блытаюць пачатак і канец, і праз гэта ў адрасата інфармацыі скажаецца ўспрыманне, сувязь паміж здарэннямі. Лёгка забываецца тое, што з’яўляецца прычынай, а што наступствам. Новыя тэхналогіі дазваляюць пераўзыходзіць часавыя бар’еры. Націсканне на кнопкі «пульта» не толькі змяняе тэлеканалы, але можа рабіць уражанне, што ў адзін і той жа момант мы знаходзімся ў розных частках свету; што спачатку ўсё закончылася, а затым пачалося — губляецца адчуванне пачатку і канца <...>. У выніку «выціраецца» адчуванне рэчаіснасці, а разам з ім і адчуванне адказнасці за свае ўчынкі і іх наступствы. А гэта радыкальна адрознае ад біблійнага значэння часу, у якім прымаюцца пад увагу наступныя этапы: час севу, смерці зярнятка, павольнага даспявання, росту і збору плёнаў... Сёння губляецца пачуццё адказнасці, знікае ўсведамленне таго, што жаданне ўсяго і адразу — гэта ілюзія. Галоўнае значэнне набываюць шок, здзіўленне, «шкала ўражанняў», усё тое, што тычыцца адзінокага адрасата інфармацыі, без разважанняў аб супольнасці, сям’і, грамадстве і яго будучыні, аб планаванні будучыні супольнай. Больш за тое, жаданне прыцягнення ўвагі ці большай колькасці праглядаў, чытачоў, слухачоў уплывае на тое, што тэмы спрошчваюцца такім чынам, каб раскрываць іх праз «зорак», якімі трэба захапляцца або знішчаць. Гэта стварае спрошчаны вобраз не толькі грамадскай і палітычнай рэальнасці, але і рэлігійнай. Варта на момант задумацца аб тым, які вобраз Касцёла ствараюць СМІ ў Еўропе і ў Беларусі. Наколькі ён адрозніваецца ад рэальнасці супольнасці веры, укаранёнай у Езусе Хрысце, якая нясе (з рознымі цяжкасцямі і недасканаласцямі, выкліканымі абмежаванасцю людзей) пасланне аб годнасці кожнага чалавека; наколькі той скажоны вобраз адрозніваецца ад досведу хаця б нават парафіяльнага жыцця. Каталіцкія СМІ стаяць перад праблемай «новай культуры» як вялікага выкліку. Як дапамагчы веруючым людзям, як дапамагчы грамадству ва ўспрыманні чалавека і яго асабістай годнасці, у злучэнні свабоды і адказнасці, у змаганні «за свабоду асабістай прасторы» з грамадскай павіннасцю і грамадскай спагадлівасцю? Як дапамагчы быць спагадлівым да гэтых працэсаў, да таго, што ўсё павінна мець свой час. Гэта не школа наіўнасці, але школа ўвагі да годнасці іншага чалавека, увагі да складаных механізмаў у чалавеку і яго атачэнні, да пошуку спосабаў адшукання і «стартавання» дабра ў іншым чалавеку. І тут існуе вельмі вялікі кантраст з сітуацыяй і атмасферай у грамадстве. Заданнем, якое стаіць перад каталіцкімі СМІ, паводле Бэнэдыкта XVI, з’яўляецца евангелізацыя ў сучасным сэнсе, таму што большая частка людзей у звычайнай евангелізацыі Касцёла не знаходзіць адказу на пытанне: як жыць? Адказу на пытанне аб сэнсе. Гаворка ідзе аб евангелізацыі не толькі як пераказе зместу катэхізіса, але як дапамозе ў разуменні рэальнасці. Свецкія СМІ ідуць усё больш спрошчаным шляхам, часта нават праз «прастацкае» бачанне свету, спрыяючы ўсяму, што лёгка, а не таму, што стварае супольнасць і дае пачуццё сэнсу. Аналагічна дзейнічаюць секты з іх спрошчаным і падманлівым бачаннем хрысціянства. Усё часцей каталіцкія радыёстанцыі ўспрымаюцца як добрыя рэсурсы і цэняцца за добрыя каментары таго, што адбываецца ў свеце. Як Ватыканскае радыё, мы гэта ўсведамляем і стараемся быць для іх дапамогай. Думаючы аб каталіцкіх радыёстанцыях, трэба мець перад вачыма медыя, якія без палітычных ухілаў у той ці іншы бок будуць дапамагаць разумець тое, што адбываецца ў свеце, у тым ліку «мясцовым свеце», бо гэта нашмат цяжэй. Каталіцкае радыё павінна быць сведкам таго, што супольнасць веры, якой з’яўляецца Касцёл, хоча расказаць аб сабе, але таксама аб справах грамадскіх і культурных. Безумоўна, радыё павінна перадаваць інфармацыю аб актуальных падзеях. Але як з мора інфармацыі выбраць тое важнае, характэрнае для «хрысціянскай перспектывы»? Як прадставіць падзеі ў жыцці Касцёла не адарванымі, вырванымі з кантэксту фактамі, але як часткі евангелізацыйнага працэсу, што адлюстроўвае спагадлівасць да Бога і годнасці чалавека, да інтарэсаў супольнасці, якою з’яўляецца грамадства? На Ватыканскім радыё выходзяць праграмы на 50-ці мовах. Яны вельмі адрозніваюцца адна ад другой, бо хоць і перадаюць тую ж інфармацыю аб навучанні і дзейнасці Папы, астатнюю частаку эфіру напаўняюць характэрным для іх зместам, звязаным з патрэбамі, ментальнасцю грамадстваў і мясцовых Касцёлаў. «Афіцыйным голасам» Ватыканскага радыё з’яўляюцца выпускі навінаў на англійскай, французскай і італьянскай мовах. Існуе меркаванне, што сярод паслоў, акрэдытаваных пры Апостальскай Сталіцы, ёсць упэўненасць у тым, што, калі хочаш ведаць пра падзеі ў свеце, дастаткова праслухаць выпуск навінаў на гэтых трох мовах, якія разам ствараюць поўны вобраз рэальнасці, распавядаюць аб справах, якія часта не ўзгадваюцца іншымі СМІ, што не адпавядаюць медыйнай модзе. <...> Неабходна, каб мы ўсведамлялі глыбіню культурных пераменаў, якія выклікалі «новыя СМІ», і зменаў у ментальнасці, у спосабах грамадскага мыслення і рэагавання, каб умець «ствараць супольнасць» праз мову пераказу і вырываць чалавека з адзіноты і адчування бессэнсоўнасці жыцця. Гэта патрабуе клопату аб мове, але таксама нашай уважлівасці, нашых культурных і касцёльных якасцяў. Ствараючы каталіцкае радыё, трэба адказаць на пытанне — для каго мы хочам працаваць? Калісьці радыё было адзінай крыніцай інфармацыі аб свеце — усе яго слухалі — і маладыя, і старыя. Сёння гэта месца заняў інтэрнэт, іншыя новыя СМІ. Пераважна з іх мы аб усім даведваемся. Трэба не трапіць у пастку, думаючы, што гэта будзе радыё для ўсіх, бо ў рэальнасці атрымаецца радыё для нікога. Неабходна вырашыць, у якім памеры і з дапамогай якіх праграмных блокаў яно можа быць радыёстанцыяй для моладзі, для асобаў сярэдняга ўзросту і для пажылых. Каму і аб чым хочам мы распавесці, наколькі мова, якой мы хочам гаварыць, адпавядае той, якой карыстаюцца чытачы ці слухачы. Нарэшце, слова да тых, хто працуе на радыё, а таксама да арганізатараў Кангрэсу з боку Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі — да людзей, якія ствараюць радыё. Варта клапаціцца аб іх выхаванні, адукацыі, каб яны адчувалі сябе часткай Касцёла. Шмат цудоўных рэчаў могуць зрабіць людзі, якія разбіраюцца ў жыцці Касцёла і самі з’яўляюцца часткай Касцёла, якія адносяцца да іншых з павагай. Гэта пытанне мовы, якою яны карыстаюцца, і не сенсацыйны падыход да цяжкасцяў, з якімі кожная супольнасць павінна змагацца. І пытанне «ў» і «вакол» радыё. Варта паклапаціцца аб добрых журналістах, якія ідэнтыфікуюць сябе з Касцёлам.
СМІ ў перспектыве Сіноду На заканчэнне хачу нагадаць аб Сінодзе Біскупаў па новай евангелізацыі... Гэты Сінод з’яўляецца сапраўдным выклікам для кожнага каталіцкага радыё. Бэнэдыкт XVI склікаў яго, ведаючы, што вялізарная частка людзей не знаходзіць у звычайным прапаведаванні Касцёла адказаў на пытанні аб сэнсе жыцця і шляху да асабістай сустрэчы з Езусам Хрыстом у супольнасці веры, якою з’яўляецца Касцёл. «Lineamenta» — падрыхтоўчы дакумент Сіноду, падкрэслівае значэнне факту важных культурных і грамадскіх пераменаў; выклікаў, якія з’яўляюцца перад хрысціянствам. У дакуменце ўзгадваюцца словы благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ аб тым, што «Еўропа сёння не павінна звяртацца толькі да свайго хрысціянскага мінулага, але таксама павінна навучыцца цаніць сваю будучыню ў сустрэчы з Асобай і заклікам Езуса Хрыста». Важна, каб мы захоўвалі хрысціянскую ідэнтычнасць, каб неслі тое, што дае пачуццё сэнсу, надзеі, што стварае супольнасць і ўзбагачае ананімныя супольнасці, якія нагадваюць адзінокія домікі з пяску, абмежаваныя даляглядам толькі сваіх падворкаў. Важным і ўсё больш тэрміновым з’яўляецца стварэнне атмасферы сувязі і супольнасці з дапамогаю мовы каталіцкіх СМІ. Гэта азначае неабходнасць уваходу ў такі тып камунікацыі, які будзе здольны ствараць супольнасць, адрозную ад моднага сёння індывідуалізму. Мы стаім перад новымі магчымасцямі, але і рызыкамі. Новыя тэхналогіі даюць магчымасць «планетарнай камунікацыі» супольнасці — хуткай, адпавядаючай паўсюднаму характару Касцёла і евангельскай перадачы, але ў той жа час нясуць рызыку згубы глыбокага і поўнага позірку, уважлівасці да значэння прычынаў і наступстваў, адказнасці за тое, што адбываецца і гаворыцца; спрыяюць гонцы за модай і папулярнасцю без увагі на годнасць асобы і без цярплівасці, неабходнай, каб пазнаць праўду, без вернасці праўдзе Евангелля. Трэба, каб католікі, якія працуюць у СМІ, імкнуліся спасцігаць багацце сэнсу хрысціянства ў рэчаіснасці, якую фармуе культура камунікацыі, лічбавы свет, які сёння з’яўляецца рэальнасцю. Такім чынам мы будзем вяртаць вымярэнне супольнасці і адчуванне сэнсу жыцця, фундаменты надзеі і пачуцця задавальнення ад супольнага стварэння «polis» глабалізаванага свету. Падчас пленарнай сустрэчы Папскай рады па сродках масавай камунікацыі 28 лютага 2011 г. Бэнэдыкт XVI заўважыў, «што лічбавая культура з’яўляецца новым выклікам для нашай здольнасці прамаўляць і авалодваць сімвалічнай мовай, з дапамогаю якой можна гаварыць аб трасцэндэнтнасці. Сёння мы закліканы да адкрыцця ў лічбавай культуры сімвалаў і метафар, важных для асобы і здольных дапамагчы гаварыць аб Божым Валадарстве сучаснаму чалавеку». Асаблівым выклікам у сучасным культурным кантэксце з’яўляецца рэлятывізм. Колькасць інфармацыі, якая штодзённа атакуе чалавека, — не столькі яе разнароднасць, колькі спрэчнасць — правакуе хаос і паток, які спрошчвае бескрытычнае прыняцце догмаў рэлятывізму, адмаўлення ад «пазнання праўды». Аргументы і контраргументы, гульня на эмоцыях, спрошчаныя вобразы ствараюць цяжкасці ў пошуках аўтарытэту, адначасова спрошчваючы рознага тыпу маніпуляцыі. Мы не «побач» і не «звонку» пераменаў. «Lineamenta», падрыхтоўчы дакумент Сіноду, падкрэслівае, што медыйная і лічбавая культуры ўсё больш становяцца «месцам» публічнага жыцця і досведу. Культурнае наступства гэтых працэсаў – з’яўленне атмасферы сакральнай нестабільнасці, «ліквіднасці». Пошук мовы пераказу і камунікацыі хрысціянства, якое па сваёй прыродзе мае грамадскі характар і звяртае ўвагу на годнасць кожнага чалавека, створанага Богам на Яго вобраз і падабенства, адкрытае на моц міласэрнай любові, якую засведчыў Езус Хрыстус аж да Крыжа і ўваскрасення, важны не толькі для нас, для веруючых людзей. Гэта важна для жыцця свету, у якім усё больш напружанасці, палярызацыі пазіцый, эмацыянальных ранаў, а на самай справе адзіноты і пачуцця бессэнсоўнасці, канфліктаў, якія ў пэўны момант могуць выйсці з-пад кантролю і прывесці да самазнішчэння.
|
|
|
|