|
|
|
№
4(62)/2012
SUMMARY
Жыццё Касцёла
Постаці
Вера & Socium
Галерэя
Ad Fontes
Прэзентацыя
Маналог святара
Кіно
У святле Бібліі
Паэзія
Проза
Юбілеі
Паэзія
Мастацтва
Гісторыя
Літаратуразнаўства
Навука і рэлігія
Кніжныя скарбы
|
З часоў энцыклікі Rerum novarum (1891 год) Настаўніцтва Касцёла рэгулярна фармулюе сваю пазіцыю па ключавых грамадска-этычных справах. Цягам ХХ стагоддзя сфармаваўся даволі ўстойлівы кансэнсус адносна асноўных палажэнняў каталіцкага сацыяльнага навучання (КСН), якія ў 2004 годзе былі сістэматызаваны і выдадзены ў выглядзе Кампендыя. Цяжэй з кансэнсусам адносна «выканаўчага» аспекту КСН. Як Касцёл павінен сябе паводзіць у сітуацыях, калі арганізацыя грамадскага жыцця супярэчыць асновапалажэнням каталіцкай дактрыны? У выпадку свецкіх арганізацый у аналагічных выпадках справа больш-менш ясная: калі ў грамадскім жыцці або ў палітыцы ўраду назіраюцца тэндэнцыі, якія ідуць уразрэз з праграмнымі пастулатамі дадзеных арганізацый, то яны ладзяць акцыі пратэсту, прыцягваюць увагу мас-медыя да наяўных праблемаў, мабілізуюць (у выпадку партый) свой электарат для падтрымкі кандыдатаў і г. д. У выпадку ж Касцёла справа не такая простая. З аднаго боку, ён павінен стрымлівацца ад удзелу ў палітычнай барацьбе; з другога боку, было б таксама нядобра, калі б сацыяльнае навучанне Касцёла ператварылася ў набор агульных, адарваных ад грамадскіх рэалій дэкларацый, не падмацаваных канкрэтнымі дзеяннямі. Мэтаю гэтага артыкула не ёсць распрацоўка адказу на пытанне пра спосабы пераносу КСН у практычнае вымярэнне, гэта ўсяго некалькі рэфлексій па пытаннях фундаментальнага значэння: што мы маем на ўвазе, калі пытаем пра грамадскую актыўнасць Касцёла? Што наконт грамадскай актыўнасці Касцёла кажа Святое Пісанне, і як выглядае гэтае пытанне ў навучанні Другога Ватыканскага Сабору і паслясаборных дакументах?
* * * Важна ўсвядоміць, што, гаворачы: «грамадства», «грамадская сфера», можна мець на ўвазе 1) людзей, якія ўтвараюць грамадства; 2) надіндывідуальныя структуры, якія надаюць цэльнасць паасобнаму грамадству, вызначаюць каналы камунікацыі і ўзаемадзеяння ў грамадстве. Кажучы карацей (і спрашчаючы): 1) грамадства — гэта людзі; 2) грамадства — гэта структуры. Абодва моманты тут дужа важныя, але іх не варта змешваць, бо інакш можа быць шмат непаразуменняў. А такіх непаразуменняў бывае багата асабліва тады, калі хтосьці дакарае Касцёл або недастатковай грамадскай актыўнасцю («маўклівасць» перад абліччам грамадскай несправядлівасці), або празмернай актыўнасцю ў грамадскай сферы (славуты закід «умяшання ў палітыку»). Вось жа, калі пытаем пра абшары грамадскай місіі Касцёла, то важна ўдакладніць, які канкрэтна аспект нас цікавіць: аспект «структурны» ці, скажам так, «персаналісцкі». Калі, напрыклад, сёстры маці Тэрэзы з Калькуты арганізуюць прытулкі для бяздомных, то яны дзейнічаюць, бясспрэчна, у грамадскім абшары. Але гэта іншы тып дзейнасці, чым, скажам, грамадская акцыя ў Філіпінах кардынала Сіна, які ў 1986 годзе праз радыё заклікаў суайчыннікаў паўстаць супраць дыктатуры. У тым першым выпадку мы маем справу з персаналісцкай грамадскай дзейнасцю, у другім выпадку дзейнасць прадугледжвае ўплыў на структуры грамадства (і, як правіла, атрымлівае палітычную інтэрпрэтацыю). Ну і цяпер: што ўваходзіць у абшар абавязкаў Касцёла? Ці ў абшар такіх абавязкаў уваходзяць абодва тыпы ўдзелу ў грамадскім жыцці — структурны і персаналісцкі? Ці адзін з іх? Або ніводзін? Вядома, што Касцёл абавязаны да місіі міласэрнасці — эта наўпрост вынікае са словаў Езуса: «Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25; 40). Інакш кажучы, грамадская актыўнасць Касцёла ў тым першым — «персаналісцкім» — сэнсе ўваходзіць у абшар ягоных абавязкаў. Занядбанне гэтага абшару азначала б нявернасць евангелізацыйнай місіі. А ці ёсць якіясь абавязкі Касцёла ў структурным вымярэнні грамадства? Гэта значыць, ці ёсць сітуацыі, калі Касцёл абавязаны ўплываць на трансфармацыю грамадска-палітычнага ладу, макраэканамічныя працэсы, уздзейнічаць на грамадскія і культурныя інстытуты? Святое Пісанне не дае тут ніякіх адназначных указанняў, таму можна сказаць, што пакідае гэту справу адкрытай. У гісторыі Касцёла з гэтым было па-рознаму: быў час, калі хрысціяне прабывалі (амаль літаральна) «пад зямлёй» і не імкнуліся ні да якога ўплыву на грамадска-палітычныя працэсы, але былі і эпізоды т.зв. папацэзарызму (дактрынальным пікам якога стала энцыкліка Unam Sanctam (1302) папы Баніфaцыя VIII), калі Касцёл прэтэндаваў на права наўпрост прызначаць свецкіх валадароў. У той перыяд прысутнасць Касцёла ў грамадскіх структурах была даведзена да максімуму. Пасля падзення Папскай дзяржавы ў другой палове ХІХ ст. паступова сфармаваўся кансэнсус адносна таго, што прадстаўнікі касцёльнай іерархіі (святары, біскупы) не павінны займаць ніякіх пасадаў у інстытутах свецкай улады і не павінны ачольваць палітычныя партыі. Падчас Другога Ватыканскага Сабору гэты кансэнсус быў дэкларатыўна замацаваны, а ў 1983 г. быў замацаваны юрыдычна (Кодэксам Кананічнага Права). Мяркую, варта казаць, чаму ўсталяваўся менавіта такі кансэнсус і чым ён матываваны. Па-першае, Касцёл ужо навучаны шматвяковым няпростым досведам узаемадачыненняў са свецкай уладай. Як я ўжо згадваў, быў час, калі Касцёл далёка і глыбока сягаў у абшар кампетэнцыі свецкай улады. Магчыма, у гэтым былі свае плюсы, але мінусаў было, бадай, больш. Пасля Другога Ватыканскага Сабору, калі быў выразна сфармуляваны прынцып аўтаноміі «зямной» улады, Касцёл стара7нна пазбягае якога-небудзь палітычнага заангажавання. Другая прычына — сітуацыя плюралізму і шматкультурнасці. Каталіцкая супольнасць перавышае ўжо 1 млрд вернікаў, пражывае ў амаль 180 краінах, прадстаўляе ўсе кантыненты, мноства культураў і самыя розныя цывілізацыйныя абшары. Таму зверху накінуць на іерархаў абавязкі адносна самых розных грамадска-палітычных сітуацый у вельмі розных гістарычна-культурных умовах проста немагчыма. Існуе, аднак, магчымасць апасродкаванага ўплыву на структурнае вымярэнне грамадства. Тут можна выдзеліць два каналы ўплыву: 1) праз свецкіх вернікаў, якія, вядома ж, могуць і нават павінны ўдзельнічаць у палітычным жыцці, ажыццяўляючы на практыцы КСН; 2) праз заявы або дзеянні прадстаўнікоў касцёльнай іерархіі; такія крокі тычацца, як правіла, этычнага вымярэння грамадскага жыцця, аднак яны могуць уплываць на грамадска-палітычныя працэсы.
* * * Практычнае пытанне, як пазбегнуць дзвюх непажаданых крайнасцяў (навучанне без ажыццяўлення — з аднаго боку, палітызацыя — з другога) застаецца адкрытым. Аднак усведамленне базавых установак, зададзеных Другім Ватыканскім Саборам, тут дужа важнае, і гэта хацелася зрабіць у рамках дадзенага артыкула. У наступным артыкуле мы падыдзем да гэтага пытання ў эмпірычным ключы: будзе прапанаваны агляд формаў і спосабаў уздзеяння на этычнае вымярэнне грамадскага жыцця з боку Касцёла ў паслясаборны перыяд. Мы пагаворым пра тое, як у розных краінах і розных сітуацыях каталіцкія іерархі рэагавалі (рэагуюць) на этычныя выклікі ў структурным вымярэнні грамадскага жыцця. Гэта дапаможа нам уявіць абшар магчымасцяў, якія месцяцца паміж дзвюма названымі вышэй крайнасцямі.
|
|
|
|