|
|
|
№
4(62)/2012
SUMMARY
Жыццё Касцёла
Постаці
Вера & Socium
Галерэя
Ad Fontes
Прэзентацыя
Маналог святара
Кіно
У святле Бібліі
Паэзія
Проза
Юбілеі
Паэзія
Мастацтва
Гісторыя
Літаратуразнаўства
Навука і рэлігія
Кніжныя скарбы
|
Аркадзь ШПУНТ
ДРАЎЛЯНЫ НАРОД
Па слядах Міжнароднага каталіцкага кінафестывалю
Быў час, калі кожны глядзеў толькі сваё «кіно», таму што браты Люм’еры яшчэ не вынайшлі кінематограф. У той час людзі разам разглядалі роспісы сценаў і скляпенняў храмаў, творы выяўленчага мастацтва, глядзелі на пакаранні на плошчах, на пажары, тэатральныя пастаноўкі. Зрэшты, заўсёды проста глядзелі на прыгажосць прыроды, не думаючы пра тое, што нябесныя аблокі — гэта, магчыма, вытворчыя дымы, з якіх праліваюцца кіслотныя дажджы... Сёння мы глядзім ужо ўбачанае кімсьці (добра, калі гэта таленавіты рэжысёр), бо нават сваё інтымнае бачым не інакш як у стылістыцы кіно — якога-небудзь шэдэўра або бясконцага «мыльнага» серыялу, зануднага, як банальнае жыццё. Мы жывём у свеце ілюзій і сімулякраў. Дакументальнае кіно — гэта сутаргавая спроба хоць на нейкі час затрымацца ў рэчаіснай рэчаіснасці, няхай сабе і віртуальнай, творча распрацаванай. Зрэшты, калі быць шчырым, штодзённае сузіранне стыхіяў і тэхнагенных катастрофаў, а па сутнасці чалавечых трагедыяў, ператвораных у выявы на лічбавых носьбітах, палохае нас ненадоўга і як бы здалёк, як няшчасце іншых. Як, зрэшты, ненадоўга радуе і дае надзею на лепшае паказанае буйным планам чужое шчасце, дакументальна зафіксаванае відэаматэрыялам. Тэлерэклама навязліва імкнецца ашчаслівіць усіх людзей, паказваючы свет у выглядзе старонак прыгожага глянцавага часопіса. Жыццё — нібы ў раі... або ў царстве памерлых, дзе здзяйсняюцца ўсе жаданні жаданняў, дзе памерлыя радуюцца свайму дабрабыту і бесклапотнаму баўленню часу, дзе хлябы не чарсцвеюць і піва не закісае, дзе вечна гучыць музыка пад назваю «хі» (што азначае задавальненне і асалоду), а зваблівая чароўнасць танцоўшчыцаў, радуючы вока, абуджае апетыт і жаданне. Цені ў царстве ценяў не маюць ценяў, распластаўшыся ў профіль на сцяне пахавальні. Мастак падрабязна, у дэталях, адлюстраваў усё, што радавала вяльможу Небамуна, тое, з чым ён не захацеў бы развітацца і ў іншым свеце. Гэткае дакументальнае «кіно» — старанная раскадроўка. Мы прывыклі да розных карцінак, і жыццё для нас — таксама карцінкі. Заплюшчыў вочы — і глядзі «кіно». Атрымліваецца, што з заплюшчанымі вачыма бачыш больш, чым з расплюшчанымі, — і ва ўсіх прасторах, ва ўсіх часах, ва ўсіх стылях і жанрах ужо ўбачанага. Можна зазірнуць у пахавальню егіпецкага чыноўніка, убачыць у нябачнай магільнай цемры роспіс на сцяне, дзе намалявана ўсё, што вабіла яшчэ жывога на шыкоўны замагільны пір... Вяльможа любіў паесці і выпіць. І паляванне любіў на вадзяных птушак, і рыбалоўства любіў. І не хацеў развітвацца з гэтым нават пасля смерці. І верыў, што гэта магчыма дзякуючы міласэрнасці Асірыса — бога памерлых — і майстэрству мастака. Яны не сумняваліся ў няспыннасці існавання. Роспісы ў пахавальні павінны былі стаць заклінаннем, звернутым да вечнасці... для сябе.
Разьбяная вёска Міколы Тарасюка — гэта зварот да вечнасці для ўсіх, каму да душы вольная праца на свежым паветры і ўпарадкаваны, асвячоны традыцыяй лад вясковага жыцця. Імя старажытнага егіпецкага вяльможы сапраўды набыло несмяротнасць — вось ужо тры тысячы пяцьсот гадоў (і пакуль будзе круціцца Зямля) людзі не забудуць маленькіх слабасцяў Небамуна. Магчыма, і драўляны народ дзеда Міколы з усім побытам беларускай вёскі бу-дзе помнікам і яму, і гісторыі ды культуры яго народа. Не драўлянага. Таго, што пакінуў вёску. ...Заплюшчанымі вачыма я бачу рэальны побыт вяльможы, пахаванага ў Луксоры, і адначасова — убачаны нядаўна фільм беларускага рэжысёра-дакументаліста Віктара Аслюка. Як вядома, можна адначасова бачыць рэчы, што раздзяляюцца вякамі і тысячагоддзямі, калі глядзець заплюшчанымі вачыма. Тым больш — лежачы. Галоўнае — не заснуць, бо тады ўбачанае падасца проста сном, у якім пераблыталіся бесклапотнае быццё ў царстве памерлых і сялянскі побыт утапічнай беларускай вёскі. ...Глядзіш кіно (у сне ці на яве?) і прымяраешся да жыцця дзівака ў пакамечаным капелюшы з хутара Стойлы Пружанскага раёна. Ён ужо не зусім селянін, ён — народны ўмелец. Капялюш — з савецкіх часоў атрыбут інтэлігента і кіруючага работніка — глядзіцца на ім, сапраўды, як на карове сядло. Гальштук, які перашкаджае працаваць, пінжак з падранымі пад пахамі рукавамі... Яго часта фатаграфуюць, і таму трэба выглядаць прыстойна, але цікавы ён менавіта як умелец, і фатаграфуюць яго за працаю, у працэсе здабывання асіны з запаветнага балота, за вырэзваннем простым нажом розных фігурак і іх расфарбоўкаю. Як жа тут зберагчы касцюм? Глядач напружана сочыць і з цікавасцю слухае. І разумее (ці не разумее), што расповеды Міколы Тарасюка важнейшыя за яго вырабы. Але хто б іх слухаў, калі б ён не стварыў цэлы драўляны народ з усім, што належыць мець працоўнаму вясковаму люду? І разумееш: пакіне, як і ўсе смяротныя, гэты свет Мікола Тарасюк са сваімі расповедамі, якія нібы тлумачаць «карцінку» — стоп-кадр — нямога кіно пра жыццё небывалай вёскі, і яе насельніцтва ператворыцца ў драўляшкі — груба выразьбяныя і абы-як расфарбаваныя цацкі...
Думаю, што Віктар Аслюк перажыў узрушэнне не меншае, чым адкрывальнік пахавальні Небамуна, але, відаць, перажыў і непараўнаны сум, калі знайшоў на ўжо 20 гадоў закінутым палескім хутары адзінокага жыхара. Апошняга. Хутаранін жыве звыклым для кожнага селяніна жыццём і стварае з дрэва цэлую вёску з яе жыхарамі... Дзівак стварыў сваю мадэль жыцця, у якой, па звычцы здабываючы свой хлеб з потам, і сам хацеў бы жыць вечна, але ж пра такую гармонію ў сапраўдным жыцці можна толькі марыць... і працаваць, прыўносячы ў прыроду духоўны пачатак, здольны пераўвасобіць нават сырую асінавую чурку. Адухаўленне «мёртвага» матэрыялу адбываецца праз увасабленне драўляшкі ў кампазіцыйны матэрыял. Майстра стварыў драўляны народ паводле свайго вобразу і падабенства. І пасяліў яго ў Рай. А Рай для селяніна — гэта ціхае, сытае, разумнае жыццё ў працы і клопатах ад нараджэння і да смерці. З вераю ў Бога і ў царкве, і ў душы. Калі глядзіш на разьбяныя фігуркі, створаныя беларускім умельцам не для цемры пахавальні і не для царства ценяў, а для зялёнай травы, сонечнага дня, свежага ветру, шуму лістоты і высокага-высокага неба, успамінаецца глыбокая старажытнасць: рытуальныя фігуркі ўшэбці, глінянае войска кітайскага імператара, керамічныя фігуркі гульцоў у мяч з заходняй Мексікі. ...І стварыў Мікола Тарасюк сваю вёску, населеную драўляным народам з звычкамі жывых людзей, бо «птушкі жывуць там, дзе жывуць людзі, там, дзе грукае калодзежны ланцуг, дзе жнуць сярпамі жыта. Не стала тутака мужычка — і буслы адляцелі. А як жа мне без іх? Узяў ды зрабіў сабе». І сям’я буслоў разам з гняздом, выразьбяная ў натуральную велічыню і расфарбаваная здалёк на фоне неба, выглядае нібы жывая. І нават дождж ёй не страшны. ...Узяў і зрабіў народ, які пакінуў гэтыя мясціны дваццаць гадоў таму. А як жа без людзей адзінокаму дзеду? І вёску зрабіў, і мужычкоў, і бабаў, і дзяцей іх, і святароў, і цэрквы — усё, што мусіць быць у добрай, працавітай вёсцы, дзе людзі вераць у Бога і жывуць паводле разумнага сялянскага парадку. І цяпер ён — «прэзідэнт драўлянага народа». ...Ён гаворыць не ў камеру, не па просьбе рэжысёра. Ён гаворыць сам з сабою, як прывык гаварыць адзінокі чалавек. Ён расказвае людзям тое, што ім падабаецца слухаць. Злёгку акцёрствуе — прывык да гледачоў і ўвагі. Можна толькі здагадвацца, пра што ён маўчаў доўгімі зімовымі вечарамі і што расказваў сваім коцікам, сабакам, курам, гускам, каню і чарапасе... пакуль не стаў лаўрэатам, заслужаным народным умельцам — «залатыя рукі» і г. д. Калі глядзіш фільм Віктара Аслюка, не думаеш пра яго вядомасць, і гэта таксама вартасць фільма. «Кампанэла» з Пружаншчыны ўвасобіў у асінавых чурках сваю мару пра «вёску сонца» — ён зрабіў драўляную мадэль шчаслівага вясковага жыцця. Але...
...«Макет аб’екта ў паменшаным маштабе або ў натуральную велічыню, пазбаўлены, як правіла, функцыянальнасці дадзенага аб’екта, прызначаны для прадстаўлення аб’екта і выкарыстоўваецца ў тых выпадках, калі прадстаўленне арыгінальнага аб’екта неапраўдана дарагое, немагчымае або проста немэтазгоднае» (Вікіпедыя). Так. І дорага, і немагчыма, і, напэўна, немэтазгодна. «Мы можам быць цікавыя толькі як носьбіты беларускай культуры», — заклікае Віктар Аслюк і робіць усё, каб выявіць гэтую культуру, што знікае разам з яе носьбітам — вясковым людам, які не можа замяніць драўляным нават народны майстар. «Жывога чалавека зрабіць лягчэй, чым драўлянага», — разважае дзед Мікола, але чамусьці нашы вёскі не звіняць ад дзіцячых галасоў... Ілюзію шчаслівага жыцця захоўвае ілюзія кінематографа. Але не ўсё так добра. «Узяў бы, здаецца, „тулку“ і стрэліў у тэлевізар», — гаворыць дзед Мікола, не прыдуманы, не просты, не драўляны беларускі мужычок. Прызнаюся — і ў мяне бывае такое жаданне. Але, калі на экране — фільм Віктара Аслюка, «тулку» браць не хочацца...
P.S. Дакументальны фільм «Драўляны народ» Віктара Аслюка адзначаны Гран-пры кінафестывалю «Magnificat–2012».
|
||||||||||||||||||
|
|
|