Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(62)/2012
SUMMARY
Жыццё Касцёла

АДКАЗНАСЦЬ КАТАЛІЦКІХ СМІ
Постаці

АПОСТАЛ БОЖАЙ МІЛАСЭРНАСЦІ
Вера & Socium
Галерэя
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Прэзентацыя

КАВАЛЕР ОРДЭНУ ЎСМЕШКІ

ГІСТОРЫЯ КАСЦЁЛА...
Маналог святара
Кіно

ДРАЎЛЯНЫ НАРОД
У святле Бібліі
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ

ДЗЕНЬ ШОСТЫ
Проза

З «НАЧНЫХ НАТАТАК І ФАЦЭЦЫЙ»
Юбілеі

АЛЕНА СЯМЁНАЎНА

ТРЫ КВАДРЫ ЖЫЦЦЯ

ДАРАГОЕ ЛІСЦЯНЯТКА
Паэзія

МАЛІТВЫ ЛЮБОВІ
Мастацтва

КОЛЕРЫ ШЧАСЦЯ
Гісторыя
Літаратуразнаўства
Навука і рэлігія
Кніжныя скарбы

Кс. Генрык ЦЯРЭШКА

АПОСТАЛ БОЖАЙ МІЛАСЭРНАСЦІ

Ксёндз Міхал Сапоцька.
Фота 1938 г.

У 2008 годзе ў Беластоку быў абвешчаны благаслаўлёным кс. Міхал Сапоцька — дбайны святар, апостал Божай Міласэрнасці, духоўнік св. Фаўстыны Кавальскай, тэолаг і выхаваўца святароў. Ён нарадзіўся 1 верасня 1888 г. у Юшаўшчыне, у парафіі Забрэззе Валожынскай гміны. Святарскае пасвячэнне атрымаў у Вільні ў 1914 г., працаваў чатыры гады ў парафіі Табарышкі, а пасля вучыўся ў Варшаўскім універсітэце і служыў вайсковым капеланам. У 1924 годзе вярнуўся ў Вільню, дзе надалей працаваў капеланам і арганізаваў таварыства каталіцкай моладзі.

У 1927–1932 гадах кс. Сапоцька выкладаў на тэалагічным факультэце Віленскага ўніверсітэта і ў духоўнай семінарыі. У 1933 г. сустрэўся з сястрою Фаўстынаю і заняўся апостальствам Божай Міласэрнасці. Спрыяў стварэнню першага абраза Езуса Міласэрнага, які да сёння захаваўся ў Вільні. Яшчэ перад вайною ён апублікаваў першыя працы аб Божай Міласэрнасці і малітвы да яе. Перад біскупамі і ў Апостальскай Сталіцы дамагаўся ўстанаўлення свята і аб’яўлення культу Божай Міласэрнасці. У час вайны аддаўся навучанню аб Божай Міласэрнасці і спрычыніўся да распаўсюджвання адпаведнага набажэнства на Віленшчыне, а адтуль праз ваенных бежанцаў яно перанеслася ў краіны Еўропы і нават дайшло да Амерыкі. У час акупацыі хаваўся пад Вільняй і тады выпрацаваў дактрынальныя асновы для культу Божай Міласэрнасці. Да 1947 г. вёў апостальскую дзейнасць у Вільні, але перад пагрозай рэпрэсій з боку савецкай улады выехаў у Беласток. Тут быў выкладчыкам у духоўнай семінарыі, працаваў навукова і як душпастыр, а перадусім стараўся распаўсюдзіць культ Божай Міласэрнасці і яго ўстанаўленне ў Касцёле. Выдаў шэраг працаў аб Божай Міласэрнасці, спрычыніўся да намалявання новых абразоў Езуса Міласэрнага, звяртаўся да касцёльных уладаў з просьбаю аб устанаўленні свята і зацвярджэнні культу Божай Міласэрнасці. Не дадзена, аднак, было яму дачакацца спаўнення жаданняў; ён не раз сутыкаўся з неразуменнем і многа цярпеў з гэтай прычыны. Памёр у славе святасці ў 1975 г. у Беластоку і тут быў пахаваны. Толькі пасля яго смерці Апостальская Сталіца дазволіла афіцыйнае распаўсюджванне набажэнства да Божай Міласэрнасці, а папа Ян Павел ІІ стаў яго апекуном. У 2000 г. Святы Айцец кананізаваў сястру Фаўстыну і ўстанавіў свята Божай Міласэрнасці ва ўсім Касцёле. У сучасным развіцці справы Божай Міласэрнасці ў свеце трэба, безумоўна, бачыць плады апостальскай працы благаслаўлёнага кс. Міхала, яго нязломнага даверу і ахвяры цярпення.

Цяпер, пасля беатыфікацыі кс. Сапоцькі, яго асоба становіцца ўсё больш вядомай у свеце дзякуючы многім працам пра яго. Выдаюцца таксама публікацыі яго працаў пра Божую Міласэрнасць.

У 2010 г. быў апублікаваны яго «Дзённік» — асабіста запісаная гісторыя жыцця, як аўтар сам зазначыў, дзеяння Божага, якое праявілася ў яго жыцці. У такой перспектыве веры ён успрымае сваё жыццё і дзеліцца сваім досведам сувязі з Богам, выкананнем Яго волі, духоўнымі змаганнямі на дарозе святарскага жыцця. Гэты кірунак «Дзённіка» найбольш каштоўны і найбольш павучальны, бо ў ім паказана, як можна добра прайсці хрысціянскай дарогай жыцця. Але па-за духоўнай сферай у «Дзённіку» таксама многа цікавай інфармацыі пра час, у якім жыў аўтар, пра асобаў, якіх ён сустракаў у жыцці, яго цікавыя назіранні, гістарычныя здарэнні ды з’явы прыроды (напрыклад, апісанне зацьмення сонца). У цэлым бачна ўнутранае багацце асобы аўтара, яго духоўная прыналежнасць, яго святасць, але і натуральная звычайнасць чалавека, якому не чужымі былі эмоцыі, змаганні з самім сабою, шэрасцю штодзённай працы. Таму «Дзённік» зацікавіць і перадусім многаму навучыць кожнага чытача.

А можа, калі-небудзь «Дзённік» будзе перакладзены на беларускую мову? Тым часам, каб заахвоціць да яго чытання, публікуем некалькі фрагментаў з «Дзённіка» ў перакладзе Яўгеніі Чаплінскай.

Кс. Генрык Цярэшка,
Беласток.

Пераклала з польскай мовы
Яўгенія Чаплінская

Гл. таксама:
З «ДЗЁННІКА» КСЯНДЗА МІХАЛА САПОЦЬКІ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY