Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(62)/2012
SUMMARY
Жыццё Касцёла

АДКАЗНАСЦЬ КАТАЛІЦКІХ СМІ
Постаці

АПОСТАЛ БОЖАЙ МІЛАСЭРНАСЦІ
Вера & Socium
Галерэя
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Прэзентацыя

КАВАЛЕР ОРДЭНУ ЎСМЕШКІ

ГІСТОРЫЯ КАСЦЁЛА...
Маналог святара
Кіно

ДРАЎЛЯНЫ НАРОД
У святле Бібліі
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ

ДЗЕНЬ ШОСТЫ
Проза

З «НАЧНЫХ НАТАТАК І ФАЦЭЦЫЙ»
Юбілеі

АЛЕНА СЯМЁНАЎНА

ТРЫ КВАДРЫ ЖЫЦЦЯ

ДАРАГОЕ ЛІСЦЯНЯТКА
Паэзія

МАЛІТВЫ ЛЮБОВІ
Мастацтва

КОЛЕРЫ ШЧАСЦЯ
Гісторыя
Літаратуразнаўства
Навука і рэлігія
Кніжныя скарбы

Анатоль ТРАФІМЧЫК

БЕЛАРУСКАЯ
КАЛЯДНАЯ ДРАМАТУРГІЯ

Перадгісторыя беларускай дзіцячай п’есы складае некалькі стагоддзяў. Карані гэтай з’явы — у фальклорным багацці народа і рэлігійным жыцці. Але калі цяпер драматургія належыць двум відам мастацтва — літаратуры і тэатру — і можа выступаць самастойна як адзін з іх, то раней яна не была аўтаномнай і практычна не выдзялялася з такіх сінкрэтычных з’яваў, як абрады, рытуалы, гульні. Як заўважыў яшчэ ў ХІХ ст. расійскі даследчык П. Марозаў, «галоўная крыніца драматычнай паэзіі ва ўсіх народаў знаходзіцца па-за галіной літаратуры, іменна — у рэлігійным абрадзе, ад якога драма адасабляецца толькі вельмі павольна, усё больш і больш убіраючы ў сябе чужыя яму элементы» [11, с. 6]. З’яўленне драматычнага элементу трэба шукаць «у культавым абрадзе і неадлучных ад яго песнях, а таксама ў гульнях, у каторых тэатральны інстынкт, які мае кожны чалавек, знаходзіць сваё выражэнне ў дзеі» [1, с. 2]. Пад уплывам хрысціянства язычніцкія абрады страцілі сваё культавае прызначэнне. Эвалюцыя культуры абумовіла той факт, што матэрыял, які пазней стаў падмуркам стварэння драматургіі для дзяцей, першапачаткова ўвогуле такім не разглядаўся, маючы канкрэтную парадыгму «дарослага» функцыянальнага прызначэння. Са стратай гэтай ролі багацце этнічнай культуры паступова выкрышталізавала формы мастацтва, скіраваныя і на дзяцей.

Рэлігійна-канфесійныя працэсы ХV–ХVІ стст. спрычыніліся да развіцця тэатральнага мастацтва на Беларусі праз стварэнне тэатра лялек — батлейкі, што трохі пазней стала заняткам шкаляроў-семінарыстаў, студэнтаў духоўных школаў, ад якіх у канцы ХVІІ–пачатку ХVІІІ ст. трапіла да местачковых рамеснікаў і сялянаў. Гэта выклікала пашырэнне рэлігійнага рэпертуару і тэндэнцыю да секулярызацыі тэмаў [7, с. 98–99], пачалі пераважаць сацыяльныя і бытавыя матывы: антаганізм мужыка і пана, канфлікты паміж селянінам і доктарам ці настаўнікам, непаразуменні мужа і жонкі [1, с. 64]. Мастацкія характары і сюжэтныя калізіі ў тых лялечных пастаноўках характарызаваліся схільнасцю да перадачы тыповых з’яваў паўсядзённага жыцця (перадусім сялянскіх масаў). Батлеечная драматургія была разнастайнай, асабліва плённа развівалася камедыя [13, с. 12]. Батлеечныя пастаноўкі не мелі строгага прызначэння «дзіцячага тэатра» і разлічваліся на ўсе ўзроставыя катэгорыі.

Батлеечныя пастаноўкі «дажылі» да пачатку ХХ стагоддзя. Даўгавечнасць і распаўсюджанасць батлейкі Ф. Аляхновіч слушна вытлумачвае тэматычнай блізкасцю да народнага жыцця, простасцю яе рэквізітаў і дастатковасцю толькі двух выканаўцаў роляў [1, с. 62].

Тэатральныя дзействы, пачынаючы ад сінкрэтычных рэлігійных абрадаў-гульняў і да першых пастановак батлеек, школьнага і прыгоннага тэатраў, увасаблялі тыповыя для той рэчаіснасці характары, узятыя з жыцця, а таму і зразумелыя. Іх сэнсавая нагрузка і скіраванасць дзеянняў развіваліся ў двух кірунках: 1) гумарыстычна-забаўляльным, 2) сацыяльна-сатырычным. Такім чынам ажыццяўляўся і эстэтычны аспект (першасны, паводле нобелеўскай лекцыі І. Бродскага, і ў жыцці, і ў мастацтве [5, с.454]), і этычны (у парадыгме маралі пэўнай сацыяльнай катэгорыі на пэўным часавым адрэзку, бо не сакрэт, што аксіялогія сялянаў ды паноў як класаў антаганістычных істотна розніцца).

 

* * *

З пачаткам актыўнай дзейнасці В. Дуніна-Марцінкевіча беларуская п’еса стала заваёўвае сабе месца як прадукт літаратурнай творчасці, што дае штуршок развіццю нацыянальнай літаратуры наогул, а Ф. Багушэвіч ужо адзначаў неабходнасць стварэння кніжак для дзяцей на роднай мове [3, с. 7]. Неўзабаве публікуюцца «Снатворны мак» К. Лейкі (1912) і «Смерць пастушка» З. Бядулі (1914).

Моцная хрысціянская культура і папярэднія традыцыі беларускага народа абумовілі далейшае развіццё рэлігійнай тэматыкі ў драматургіі. Тэксты батлеечных пастановак фіксуюцца ў друку і становяцца фактамі літаратурнага працэсу. У другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. іх занатоўвалі розныя этнографы (П. Шэйн, Е. Раманаў, М. Федароўскі і інш.) па ўсёй тэрыторыі Беларусі — ад Ваўкавыска да Смаленшчыны, ад Рэчыцкага Палесся да Віцебшчыны [гл.: 2].

Неўзабаве батлеечны фармат апрабіравала і пяро прафесійнага творцы. Яшчэ ў так званы дакастрычніцкі перыяд маленькай кніжкай была ананімна апублікавана «сцэнічная штука ў пяці з’явах» лацінскай графікай [14]. Невядомы аўтар не капіруе фальклорны сюжэт, аднак зразумела, што ў цэнтры дзейства — прыход Езуса Хрыста. У першай з’яве яго чакаюць рабіны. У другой — пастушкі. Апошнім і прыносіць анёл звестку пра нараджэнне Месіі, і яны ідуць пакланіцца Яму. Трэцяя з’ява адкрывае хцівага караля Гэрада (Ірада), чыё панаванне — «гэта адна доўгая і вельмі глыбокая рэчка крыві чалавечай, нявіннай» (словы начальніка слугаў Апола) [14, с. 12]. У чацвёртай з’яве да Гэрада прыходзяць тры каралі, каб «пакланіцца Жыдоўскаму Каралю» [14, с. 16]. Спачатку Гэрад усцеўшыўся, бо думаў, што пакланіцца прыйшлі яму, аднак, даведаўшыся праўду, аддае загад знішчыць усіх немаўлятаў у Бэтлееме. У бесчалавечную жорсткасць Гэрада прарываюцца згрызоты яго сумлення: «Ой карона, карона! Менш на табе блеску, як шыпулікаў! Хто раз цябе пачуў на галаве, хутчэй душу згубіць, як цябе здыме.. Ох як грызе сумленне, гэна атрута, гэты агонь пякельны...» [14, с. 20]. Пятая з’ява — сцэна радасці — адбываецца ў хляўку, куды да Нованароджанага прыйшлі пастушкі, а затым і тры каралі з дарункамі. Уся п’еса перасыпана каляднымі песнямі, адной з якіх і завяршаецца. Відавочна, што твор мае не столькі мастацкае значэнне, колькі рэлігійна-асветнае.

Варта адзначыць, бадай, апошні ў ХХ ст. праяўлены ў рэчышчы традыцыі «рэцэдыў» батлейкавага мастацтва: у Заходняй Беларусі Вінцук Адважны паводле біблейскіх матываў стварыў «сцэнічны абразок у адным акце» «Betlejka» (Вільня, 1932), мэтай якога з’яўляецца рэлігійнае выхаванне дзетак у рэчышчы хрысціянскіх каштоўнасцяў. Вобразы «Батлейкі», захоўваючы сваю біблейскасць, тым не менш надзелены рысамі беларускай народнай культуры, што робіць іх больш зразумелымі і блізкімі чытачу. Канфлікту ў дзеяннях няма, ён заключаны ў аповедзе старога Давіда пра змаганне Змея і Божага Чалавека, Месіі, які павінен прыйсці. Неўзабаве анёлы прыносяць вестку пра нараджэнне Хрыста. Не абышлося без цуда: нямы пастушок, дакрануўшыся да Анёла, загаварыў. Відавочна, аўтар не ставіў на мэце перайначыць п’есу на класічны драматургічны манер — ён толькі крыху аздобіў яе элементамі з тыповага паўсядзённага жыцця заходнебеларускага сялянства дзеля адукацыйнай даступнасці п’есы і — такім чынам — умацавання хрысціянскай веры.

Яшчэ ў першай палове ХХ ст. развіццё рэлігійнай тэматыкі ў беларускай дзіцячай драматургіі выйшла за батлеечны жанр. «Калядны абразок» Маладога Дзядка (псеўданім С. Новіка-Пеюна) пад назвай «Ёлка Дзеда Мароза» (1927) характарызуецца адсутнасцю дынамікі дзеянняў, выцесненых аповедамі пра сацыяльную няроўнасць і верай у лепшую долю. Характары дзяцей тут залішне сентыментальныя і летуценныя, і калі б не іх добрыя, цнатлівыя душы і чыстыя памкненні, то навагодняя ўзнагарода ад Дзеда Мароза засталася б зусім непадмацаванай аргументамі. З іншага боку, В. Жыбуль у асобе Дзеда Мароза бачыць Deus ex machinа: ён папраўляе складанае сацыяльнае становішча сялянскіх дзетак, даючы ім прыгожую ёлку і грошы, што вызваляць бедныя сем’і ад вечных пазыкаў у пана [9, с. 126].

Нягледзячы на пэўныя здабыткі, развіццё рэлігійных п’есаў як мастацкай літаратуры для дзяцей у першай палове ХХ ст. было спыненае: Беларусь на доўгія дзясяткі гадоў апанавала бальшавіцкая дактрына, ваяўнічы атэізм якой не дапускаў падобнага мастацтва.

 

* * *

Адраджэнне рэлігійнай драматургіі для дзяцей адбываецца ў наш час. Перадусім адзначым, што вяртаецца і фармат традыцыйнай батлейкі.

У пачатку 1990-х гг. І. Сідарук стварыў дзве п’есы паводле біблейскіх матываў. У яго «калядных настроях» «Меч анёла» (2004, паст. у 1992) зло ўвасоблена цэлым шэрагам разнастайных персанажаў, кожны з якіх функцыянальна незаменны ў мастацкай палітры вобразаў. Аўтар дае мастацкую інтэрпрэтацыю падзеям, якія ўскладняюцца імкненнем цара Ірада стаць бессмяротным, у чым яму дапамагае Чарнакніжнік. На гэтых двух прыкладах паказана, што ў свеце Зла існуе бязлітасная канкурэнцыя: Чарнакніжнік здраджвае пры першым зручным выпадку свайму гаспадару і займае яго месца. Добрым жа людзям абараніцца ад Зла дапамагае вера ў Бога: за іх заступаецца Анёл з вогненным мячом.

Наступную апрацоўку І. Сідаруком біблейскага сюжэту — «калядную гісторыю» «Збавіцель» (1998) — крытыка палічыла не зусім удалай: няма паўнавартаснай сістэмы вобразаў і развіцця канфлікту; твор мае хутчэй асветніцкі характар [8, с. 77].

Яшчэ адна п’еска — «Свята Раство радасць прынясло» (2004) І. Сідарука — з’яўляецца хутчэй сцэнарыем каляднай імпрэзы, але ў драматургічным тэксце створаны паўнавартасныя вобразы Гаспадара і Гаспадыні, Чорта, Казы, а таксама Дзеда Мароза і Снягуркі. У дзейства ўцягваецца дзіцячая аўдыторыя, якая становіцца яшчэ адным галоўным героем п’ескі.

У аснову п’есы С. Сокалава-Воюша «Свецяць, свецяць зорачкі» (1993) пакладзена адзначэнне такога любімага ў народзе свята, як Каляды. Аўтар, акрамя традыцыйных удзельнікаў абраду калядавання, уводзіць у дзейства яшчэ некалькі фальклорных персанажаў (Немец-іншаземец, Ох, Ведзьмы-Пачвары), што ўзмацняе каларыт твора. Падбор характараў дазваляе драматургу змадэляваць востры канфлікт і ўдала яго вырашыць, прычым рэцыпіент не толькі назірае за супрацьстаяннем злых і добрых сілаў, але і за разгортваннем шматвяковага каляднага рытуалу.

П’еса С. Кавалёва «Братка Асёл» (1997) створана паводле біблейскіх матываў (другая назва — «Шлях да Батлеема»), аднак аўтар дае асабістую арыгінальную інтэрпрэтацыю падзеям, ствараючы сваю сістэму вобразаў з аўтэнтычнымі характарамі. Пратаганістам ён робіць звычайнага Асла, якому было наканавана выратаваць самога Божага Сына. Асёл прагне шчаслівейшай долі і знаходзіць яе ў любові да Бога і людзей, для якіх ён становіцца выратавальнікам. Як заўважае даследчык сучаснай драматургіі Ф. Драбеня, «у агульнай свядомасці замацаваўся вобраз асла як упартай і недалёкай істоты. Са слоў Гаспадара, Асёл паўстае менавіта такім, але якраз да яго з’яўляецца Зорка: менавіта яму выпадае знайсці Бога і нават аказаць яму дапамогу. Асла вядзе яго вера, магчыма, ён трохі наіўны, але мэтанакіраваны, і ўласцівая яму ўпартасць тут выглядае не як загана, а як вартасць» [8, с. 83]. Асёл праходзіць свой шлях да Бога ў прамым і пераносным сэнсе. Удаліся аўтару і характары іншых, нават эпізадычных асобаў. Напрыклад, сябрук Асла Парсюк не бачыць свету далей свайго карыта, і ўрэшце ад яго Гаспадар вырашае пазбавіцца. Апошняга ж найбольш цікавіць толькі асабістая выгада, дзеля якой ён не грэбуе падманам. Крот таксама шукае Бога, але ў адваротным кірунку – рые глыбей зямлю, што прыводзіць яго да згубы. Як бачна, аўтар не абмяжоўваўся колам біблейскіх вобразаў, увёўшы ў п’есу аўтэнтычных персанажаў, характары якіх адыгралі канцэптуальную ролю. «Праз жывыя сутыкненні дзеючых асоб даводзіцца, што не хлебам адзіным жывы чалавек (сцэна з Парсюком), што не фізічная сіла, а духоўная моц аказваецца сапраўдным выратаваннем для чалавека (сцэна са Львом). Актуалізацыя хрысціянскіх пастулатаў адбываецца без ілжывага асучаснівання» [12, с. 137].

Такім чынам, адроджаная праз творчасць І. Сідарука,

С. Сокалава-Воюша і С. Кавалёва калядная драматургія засведчыла, што перарыванне працэсу яе развіцця не стала пагібельным. Больш за тое, сучасныя аўтары надалі новае дыханне п’есам паводле біблейскіх матываў, у тым ліку батлейцы, і выйшлі на новыя мастацкія вышыні.

 

* * *

Асобна з шэрагу сучасных драматургаў хацелася б выдзеліць С. Вітушку (які ўжо, на жаль, пакінуў гэты свет). Вынікі яго драматургічнай дзейнасці спароджаныя і багатым пластом народнай культуры, і тэндэнцыямі, зададзенымі сучаснымі аўтарамі.

С. Вітушка стварыў цыкл з трох батлеечных п’есаў «Казкі — жывыя батлейкі» (2011). Яго творы («Анёл і Чорт», «Калядны канцэрт», «Скарб на Святога Яна») характарызуюцца аўтарскай разняволенасцю ў разгортванні калізій пры наяўнасці некаторых знаёмых па фальклорнай батлейцы персанажаў.

Першая з названых прадстаўляе спрэчку Анёла і Чорта аб праўдзівасці Божага Нараджэння. У якасці аргументаў яны клянуцца тымі часткамі сваёй істоты, якія іх найперш характарызуюць: Анёл — крыламі і німбам, Чорт — рагамі і хвастом. Персанажы п’есы маюць класічныя характары: Анёл паступае сумленна, а Чорт спрабуе хітрыць і «дастае яшчэ адзін прыхаваны хвост».

Анёл. Які хвост?! Ты ўжо кляўся хвастом. Гэта падман. Гэта супраць правілаў!

Чорт. А мы, чарты, плюём на вашы правільныя правілы! У гэтым наша сіла, у гэтым наша перамога! [6, с. 37]

Рассудзіць спрэчку прапануецца аўдыторыі, якая, паводле аўтарскай ідэі, павінна стаць на бок Анёла і выгнаць Чорта. Тым самым даказваецца, што перамога дасягаецца не метадамі Чорта, а добрасумленнасцю.

Наступная п’еса — «Калядны канцэрт» — створана паводле вядомых матываў нараджэння Езуса Хрыста. Канфлікт заключаецца ў нежаданні Чорта прыняць з’яўленне Збавіцеля. Цар Ірад таксама баіцца пасягальніцтва на сваю ўладу. Чорт ідзе на службу да Ірада, каб яго рукамі зрабіць сваю справу. Ірад кліча Смерць, а яна прыходзіць па яго ж самога. Усё дзеянне перасыпана ўрыўкамі з рэлігійных кніг і беларускіх калядных (і не толькі) песняў.

Як і дзейства, так і вобразы створаны з аўтарскай фантазіяй. Напрыклад, цар Ірад гаворыць на пазнавальнай характэрнай трасянцы, і гэтым самым прадказваецца яго канец:

Ірад. …Слухай, смертухна-матухна, а давай па-харошаму. Ты мяне цяпер не чапай, пашкадуй.

Чэрап. А ты сам каго шкадаваў? Ці ў цябе не прасілі літасці? Дык вось – і табе не будзе [6, с.46].

Прычым Ірада з’ядаюць яго ж паплечнікі — Ваяка і Чорт.

С. Вітушка стварае ў п’есе такую сітуацыю, што сутыкнення антаганістычных сілаў, драматычнага сутыкнення характараў па вялікім рахунку не адбываецца. Аднак з іншага боку, калі браць пад увагу тэзу А. Лойкі, што «характар праяўляе сябе ў зносінах са знешнім светам, у адносінах да іншых людзей, іншых характараў» [10, с. 122], у п’есе С. Вітушкі мы назіраем рэалізацыю гэтай думкі: героі паводзяць сябе дынамічна, што надае п’есе яшчэ большай святочнасці каляднай урачыстасці.

Па фармаце гэтых дзвюх казак відаць, што яны, нягледзячы на арыгінальнасць (магчыма, нават трохі нечаканую) з’яўляюцца хутчэй батлеечным дыптыхам. Прычым да яго можна натуральна дапасаваць іншыя п’есы на калядную тэму, тым больш што для батлейкі такі падыход сапраўды традыцыйны.

 

* * *

Калядная драматургія на Беларусі мае доўгую і няпростую гісторыю. Літаратурная рэлігійная п’еса паўстае ў выглядзе твораў для батлейкі, што і нядзіўна. Такі тэатр быў любімы ў народзе і памятаўся яшчэ доўгі час пасля свайго знікнення ў пачатку ХХ стагоддзя. Аднак у сілу сацыяльна-палітычных прычынаў біблейская тэматыка на доўгі час знікае з мастацкай літаратуры і аднаўляецца толькі ў апошняе дзесяцігоддзе ХХ ст., калі прадукаванне ў беларускай культуры навагодніх п’есаў значна пашырылася. Прычым увага ўдзяляецца і святу Новага году, і Калядам. У дадзеным артыкуле рэлігійныя п’есы такіх вядомых драматургаў, як І. Сідарук і С. Кавалёў, былі вернутыя з нябыту. У асноўным п’есы названых аўтараў зарыентаваныя на звычайны лялечны тэатр, але яны пасуюць і батлейцы. С. Вітушка, у прыватнасці, менавіта так і абазначыў жанр сваіх драматургічных твораў.

Здавалася б, п’есы па біблейскіх матывах павінны быць падобнымі, аднак, нягледзячы на выкарыстанне ў многіх з іх намінальна аднолькавых персанажаў з тоеснымі рысамі характараў, гэта не баналізуе і не таўталагізуе творы.

Неабходна адзначыць элементы асучаснівання некаторых п’есаў, увядзенне ў іх тых ці іншых момантаў знаёмай дзецям культуры. Дыдактычныя аспекты, абавязковасць якіх у дзіцячых кнігах не выклікае сумнення, выкарыстоўваецца ў адэкватнай форме: не галаслоўем, а практыкай дэманструецца, што толькі моцнае сяброўства, шчырасць і дабрыня, а таксама вера ў Бога (да якой, адзначым, чытач не змушаецца, але па-мастацку заахвочваецца) з’яўляюцца асноваю дасягення мэтаў, нават самых нерэальных.

Большасць твораў можа быць прымеркавана да адпаведных мерапрыемстваў, што не пазбаўляе іх літаратурнай мастацкасці. Калядныя пастаноўкі пакліканы разварушыць дзяцей, таму і п’есы, прынагоджаныя да зімовых святаў, часта выкарыстоўваюць прыём уцягвання ў драматургічнае дзейства малога гледача з дапамогаю, напрыклад, якіх-небудзь пытанняў да залы. Такі метад дзейсны для каталізацыі ўспрымання, бо «дзеці паводзяць сябе так, быццам бы мастацкі тэкст не замкнёны ў сабе і ў яго можна ўмешвацца шляхам зваротнай сувязі» [4, с. 481].

Сёння можна казаць пра распрацаванасць каляднай драматургіі ў беларускай літаратуры, аднак колькасць аўтараў на гэтай ніве і іх твораў дастатковай назваць нельга. Затое прадэманстраваны сучаснымі драматургамі мастацкі метад стварэння калядных п’есаў з’яўляецца добрым прыкладам для пераймання (і не толькі прафесійнымі літаратарамі, але ўсімі, хто зацікаўлены ў падобных чытанках і пастаноўках).


  1. Аляхновіч, Ф. Беларускі тэатр / Ф. Аляхновіч. – Вільня : Выд. газ. «Голас беларуса», 1924. – 114 с.
  2. Барышаў, Г.І. Батлейка / Г.І. Барышаў. – Мінск : Бел. ун-т культуры, 2000. – 270 с.
  3. Беларуская дзіцячая літаратура : хрэстаматыя крытычных матэрыялаў: вучэбны дапаможнік для філалагічных факультэтаў і факультэтаў педагогікі і методыкі пачатковага навучання вышэйшых навучальных устаноў / складальнікі : В.А. Лашкевіч, Р.К. Літвінаў. – Мінск : Вышэйшая школа, 1981. – 271, [1] с.
  4. Борев, Ю.Б. Эстетика : в 2 т. / Ю.Б.  Борев. – 5-е изд. допол. – Смоленск : Русич, 1997. – Т. 1. – 576 с.
  5. Бродский, И.А. Нобелевская лекция / И.А. Бродский  // Форма времени: стихотворения, эссе, пьесы: в 2 т. – Минск : Эридан, 1992. – Т. 2 : Стихотворения, эссе, пьесы / сост. В.И. Уфлянд ; худ. С.В. Баленок. – 480 с.
  6. Вітушка, С. Дзінь-дзілінь : пара гуляць у казкі! / С. Вітушка; ілюстрацыі М. Анемпадыстава. – Мінск : Зміцер Колас, 2011. – 114 с.
  7. Гісторыя беларускага тэатра : у 3 т. / М. Каладзінскі [і інш.]; рэдкал. : У.І. Няфёд (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск : Навука і тэхніка, 1983–1987. – Т. 1 : Беларускі тэатр ад вытокаў да Кастрычніка 1917 г. – 1983. – 496 с.
  8. Драбеня, Ф.В. Беларуская драматургiя канца XX – пачатку XXI стагоддзя : жанрава-стылёвыя тэндэнцыi : дыс. канд. філал. навук : 10.01.01. / Ф.В. Драбеня. – Мінск, 2007. – С. 76-106.
  9. Жыбуль, В. Сяргей Новік-Пяюн і дзіцячая драматургія 1920 – 1930-х гг. / В. Жыбуль // Роднае слова. – 2006. – № 8. – С. 125-127.
  10. Лойка, А. Дзівосы прозы / А. Лойка // Полымя. – 2008. – № 1. – С. 114-142. 1
  11. Народны тэатр / НАН Беларусі, Ін-т мастацтвазнаўства і фальклору ; уклад. і камент. М.А. Каладзінскага ; уступ. арт. А.С. Фядосіка ; рэд. выд. А. С. Фядосік, А. В. Сабалеўскі. – 2-е выд., выпр. і дапрац. – Мінск : Бел. навука, 2004. – 422 с.
  12. Савіцкая, А.А. Беларускі тэатр юнага гледача : вопыт эстэтычнага выхавання / А.А. Савіцкая. – Мінск : Бел. навука, 2008. – 195 с.
  13. Смольскі, Р.Б. Тэатр у прасторы часу : мастацтвазнаўчыя артыкулы, рэц., творчыя партрэты / Р.Б. Смольскі. – Мінск : Маст. літ., 1998. – 255 с.
  14. Betlejka. – Wilnia : ZNICZ, 1915. – 23 s.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY