|
|
|
№
2(64)/2013
Жыццё Касцёла
Год веры
Да 400-годдзя з’яўлення абраза Маці Божай у Будславе
Галерэя
Год веры
Пераклады
Гісторыя
Постаці
У святле Бібліі
Постаці
Пераклады
Паэзія
Проза
На шляху веры
Асобы
Музыка
Нашы святыні
Мастацтва
На кніжнай паліцы
|
Працяг. Пачатак у № 3(57)/2011. VIII. БОЖЫЯ ЯКАСЦІ Замест класічнага тэрміну «акт» мы карысталіся словам «здзяйсненне». Не будзем ужываць словаў у лацінскім гучанні: «патэнцыя» і «акт», але ўвядзем замест іх «магчымасць» і «здзяйсненне». Вось жа, Бог — гэта поўнае здзяйсненне, само здзяйсненне. Класічная формула гучыць гэтак: Бог — actus purus, гэта значыць, што Бог — гэта чыстае здзяйсненне, паўната здзяйснення, паўната скончанасці (слова «дасканаласць» паходзіць ад словаў «даканчваць», «сканчваць»). І мы можам зрабіць пэўныя высновы з гэтых самых асноўных сцвярджэнняў. Калі Бог — паўната здзяйснення, то ў Ім няма ніякай магчымасці. Мы кажам тут пра магчымасць не ў тым значэнні, што Бог можа гэта альбо тое. Гаворка ідзе пра магчымасць, разуметую як канстытутыўны чыннік кожнага створанага быту. У гэтым значэнні ў Богу няма магчымасці. Затое, калі ідзецца пра існаванне, св. Тамаш кажа ясна: In Deo... non est potentia ad esse (C. gent. I, 16, 1) — у Богу няма магчымасці існавання; у Ім esse, існаванне ёсць ва ўсім сваім здзяйсненні. Так з усімі якасцямі Бога. Як самаіснае існаванне Бог павінен быць бытам максімальна дасканалым, бо secundum modum quo res habet esse est suus modus in nobilitate — годнасць, дасканаласць быту залежыць ад спосабу, якім дадзены быт існуе (C. gent. I, 28, 2). Паколькі Бог — само існаванне, існаванне самаіснае, поўнае, таму Ён і найдасканалейшы быт. Для св. Тамаша-філосафа не падлягае сумневу, што існаванне раўнавартае з дабром. Гэта важнае сцвярджэнне. Усё, што ёсць, — добрае без ніякіх выняткаў. Без аніякіх выняткаў! Таму Бог, як самаіснае існаванне, павінен быць максімальна добрым. Ён — само дабро. У Платона — наадварот: у яго Бог — дабро і дабро перадусім. У Тамаша ж Ён дабро таму, што Ён — існаванне. Існаванне тут прычына дабра. Бог таксама — праўда, бо праўда, насуперак усёй сучаснай еўрапейскай філасофіі, звязаная значна больш з рэчамі, з існаваннем, чым з пазнаючай чалавечай думкаю. Праўда — гэта адпаведнасць думкі рэчаіснасці, але праўда ёсць у рэчаіснасці, а значыць — у існаванні. Таму, калі Пан Езус кажа пра сябе: «Я — дарога, і праўда, і жыццё» (Ян 14, 6), Ён выказвае самую квінтэсэнцыю Божых якасцяў: дарога — гэта дабро, а разам з дабром яна — праўда і жыццё. Чаму дарога — гэта жыццё? Бо дабро — гэта тое, да чаго ўсё кіруецца. Адсюль шэраг высноваў, якія св. Тамаш выводзіць з гэтых вельмі простых палажэнняў, якія прымае. Як чыстае здзяйсненне, як actus purus Бог не можа быць складаны, адсюль вынікае Яго абсалютная прастата. Тут зноў выяўляецца ўжо згаданая тэалагічная цяжкасць; гаворка ідзе пра спалучэнне абсалютнай прастаты з множнасцю Асобаў у Тройцы. Бог мусіць быць дасканала просты, Ён не можа рэальна быць складаным, бо складанасць выступае толькі там, дзе ёсць і магчымасць, і здзяйсненне, дзе сутнасць адрозная ад існавання. Але калі Бог абсалютна просты, то Ён мусіць быць Духам, «Бог ёсць Духам», кажа Пан Езус самаранцы (Ян 4, 24). Тут мы зноў маем revelabile, філасофскую праўду, якая ёсць таксама праўдаю аб’яўленаю. Усялякі цялесны быт — складаны. Створаны дух, як мы пабачым, таксама — паводле св. Тамаша — складаны, але менш складаны, чым цела. Бог абсалютна просты, таму ў Ім — верх духовасці. Тое, што мы пазнаем у рэчах як простае і духовае, — толькі далёкае адлюстраванне гэтых Божых справаў. Мы ўжо казалі, што такія асобы, якіх мы бачым у свеце, — гэта толькі далёкае адлюстраванне асобы Бога. Жывёла — не асоба, але асобаю з’яўляецца чалавек, і больш ці менш мы ўсведамляем, чаму кажам пра чалавека, што ён — асоба. Гэтак жа сама, сцвярджаючы ў чалавеку праяву духовага пачатку, мы кажам, што бачым у ім адбітак таго, што максімальна і поўна здзяйсняецца ў Богу. На гэтай падставе мы можам сказаць, што Бог у бясконца велізарнай меры мусіць валодаць тым, што складае сутнасць духу, а сутнасць духовага жыцця палягае ў тым, каб пазнаваць і любіць. Таму — паводле св. Тамаша — Богу ўласцівыя тры асноўныя якасці, якія былі названыя ў выказванні Хрыста: «Я — дарога, і праўда, і жыццё». Гэта тры фундаментальныя якасці Бога. Уражвае лагічнасць і паслядоўнасць у гэтых палажэннях св. Тамаша. Калі найпрасцейшыя, найпершыя палажэнні будуць прынятыя і прадуманыя, то з іх павінна вынікаць выснова, якая з’яўляецца каментарам да прыведзеных вышэй словаў Хрыста. Здольнасць пазнання ў Бога мусіць быць найбольшай. У «Суме тэалогіі» (I q.l4 а. l c.) чытаем: Cum Deus sit in summo immaterialitatis sequitur quod ipse est in summo cognitionis — паколькі Бог ёсць вяршыняй (in summo) нематэрыяльнасці, духовасці — таму таксама Ён і вяршыня пазнавання. Мы ўжо ўзгадавалі вышэй, што для св. Тамаша сутнасцю духовага жыцця з’яўляецца пазнаванне і жаданне, а таму таксама — чым вышэйшая ступень духовасці, тым вышэйшая ступень пазнання. Жывёлы часам маюць высокую здольнасць пазнання, але не маюць (мы ўбачым, у чым гэтая розніца) таго духовага пазнання, якім валодае чалавек. Калі вера кажа нам, што існуюць анёлы, то духовы быт, анёл мусіць мець пазнанне нашмат магутнейшае, чым чалавек. Бог, будучы in summo immaterialitatis, — ёсць якраз in summo cognitionis — будучы на вяршыні духовасці, Ён таксама і на вяршыні пазнання. Першы прадмет пазнання для Бога — Ён сам. Паколькі з Яго як самаіснага існавання, як з дзейнай прычыны вынікае ўсё, таму Бог, пазнаючы сябе, мусіць пазнаваць да самай глыбіні ўсе рэчы. У часы св. Тамаша дзейнічалі вызнаўцы арыстоцелізму, якія інтэрпрэтавалі Арыстоцеля цалкам інакш, чым св. Тамаш. Разважалі яны прыкладна гэтак: калі Бог — гэта Дух (для Арыстоцеля Бог як чысты Акт мусіў быць Духам), то як Дух Ён пазнае толькі тое, што духовае, а значыць не пазнае асобных, канкрэтных і цялесных рэчаў, не можа прыніжаць сябе пазнаннем усёй гэтай дробязнай, матэрыяльнай блытаніны. Вызнаўцы Арыстоцеля, якія інтэрпрэтавалі яго ў духу Авэроэса (вялікага арабскага філосафа, які тады ўваходзіў у лацінскі свет як каментатар Арыстоцеля і каментары якога шмат у чым былі несумяшчальныя з хрысціянскай вераю) сцвярджалі, што Бог не можа пазнаваць усяго, але абмяжоўвае сваё пазнанне родамі і відамі. Гэта значыць, што Бог пазнае і апякуецца чалавечым родам, але не апякуецца асобнымі людзьмі, апякуецца жывёламі наогул, але Яго не цікавяць асобныя жывёлы. Св. Тамаш цалкам інакш, чым Арыстоцель, прызнаў існаванне сутнасцю Бога. Паколькі для св. Тамаша Бог — існаванне і крыніца ўсіх існаванняў, а існаванне заўсёды асобнае, канкрэтнае, а не агульнае, то Ён мусіць пазнаваць усё, што існуе, што ад Яго залежнае існавальна, а значыць пазнаваць якраз усе канкрэтныя быты, быты найменшыя, наймізэрнейшыя. Усё мусіць быць прадметам пазнання Бога, таму што Бог — не толькі мэтавая прычына свету, як казалі таксама і авэраісты, але таксама — прычына дзейная, крыніца існавання. Таму, кажа св. Тамаш, Бог павінен быць Провідам, бо Провід апякуецца светам не толькі ўвогуле, але і ўсімі найменшымі падзеямі ў гэтым свеце. Усё падлягае Божаму пазнанню і Божай волі. Провід — гэта дэталёвы план, а таксама клопат пра кожную найменшую частку гэтага плану. Мы вернемся да гэтага пытання пры разглядзе праблемы зла. Бог пазнае ўсё адразу. Тут мы закранаем надзвычай глыбокую праблему часу. Вечнасць — гэта не час, які не мае канца: вечнасць — гэта пазачасавасць. Гэта нам трэба вельмі глыбока ўсвядоміць. Гэтая справа, як мне здаецца, вельмі істотная нават для ўнутранага жыцця. І таму — паколькі Бог знаходзіцца ў пазачасавасці, Ён трымае нейкім чынам у сабе і абдымае адразу ўвесь час, усё, што адбываецца на працягу мільярдаў гадоў, усё гэта ёсць у Богу адразу, разам, Ён бачыць усё гэта адначасна. Ён пазнае таксама ўсё, што ёсць, што існуе, што праіснавала хаця б найменшы адцінак часу, бо яно існавала ў Богу як у сваім корані і крыніцы. У гэтым крыецца і вялікае суцяшэнне: чалавек, які будзе ўдзельнічаць у вечнасці, знойдзе абсалютна ўсё ў Богу; нічога не гіне, няма аніякіх рэчаў страчаных, аніякіх успамінаў, якія ўжо назаўсёды прамінулі. І тут спраўджваюцца словы Апакаліпсіса пра тое, што не будзе ані слёзаў, ані крыку, ані енку. Бо ўсё кепскае — гэта нябыт, і перастае існаваць; застаецца толькі тое, што ёсць, і ёсць непрамінальным у Богу (пар. Ап 21,4). Вось жа Бог пазнае ўсё адразу ў нерухомай вечнасці. Бог не складаны, але абсалютна просты. З гэтага вынікае, што Ён — Дух. Добра разумеем, што мы самі складаныя. Мы ведаем, што нечым іншым з’яўляецца нашае пазнаванне, а нечым іншым — жаданне. Пазнаванне вынікае з нейкай асобнай кіроўнай крыніцы, якую мы называем інтэлектам, а жаданне з’яўляецца справаю волі. Паміж воляй і інтэлектам у нас ёсць розніца. Хаця гэта я, які пазнае і жадае, але я разумею, што ўва мне ёсць складанасць. У Богу гэтага няма. Бог не мае гэтых уласцівасцяў, не мае інтэлекту і волі, хаця ў Старым Запавеце Бог не раз прадстаўлены вельмі па-чалавечы: што Бог хоча, што шкадуе пра тое, што вырашыў, мае пачуцці, гневаецца, не жадае і г.д. Усе гэта — метафарычныя ўяўленні. Бог сам ёсць пазнаннем і жаданнем. Моваю філасофіі гаворыцца, што ў Богу пазнанне і жаданне субстанцыяльныя, альбо што яны атаясамляюцца з Ім самім. Мы ведаем таксама, што Бог перадусім мусіць пазнаваць сябе, Ён сам для сябе — прадмет пазнання, а ў сабе пазнае ўсё. Тое ж самае і з Божым жаданнем. Бог мусіць жадаць ці мусіць любіць перш за ўсё самога сябе, але ў сабе любіць усё. Св. Тамаш узнімае прыгожы матыў платонаўскай філасофіі, што дабро разліваецца само з сябе. Бог, жадаючы дабра, ці любячы сябе, хоча ўдзяліць сябе бытам. Гэта асноўная прычына стварэння. Мы да гэтага вернемся, калі будзе гаворка пра адносіны Бога да свету. Бог не можа жадаць, а праз гэта самае і любіць рэчаў супярэчных, гэта значыць рэчаў немагчымых. Супярэчныя рэчы, напрыклад, квадрат, які адначасна з’яўляецца кругам, штосьці, у чым дзве спрэчныя рысы паядноўваюцца, не могуць быць прадметам жадання ці любові Божай. Затое ўсё, што існуе, без аніякіх выняткаў, Бог любіць, бо Ён гэтага жадае. Трэба таксама падкрэсліць важную рэч: св. Тамаш нагадвае, што Бог любіць рэчы, стварэнні не таму, што яны добрыя, а таму рэчы існуюць і таму добрыя, што Бог іх любіць. Бог праз сваё жаданне, праз сваю любоў спрычыняе дабро рэчам, спрычыняе ім існаванне. Тут ізноў адкрываецца новае revelabile, новая sublimis veritas, як кажа св. Тамаш, новая захапляючая, дзівосная праўда: Бог атаясамляецца з праўдаю і любоўю. У гэтых разважаннях св. Тамаша набывае выразнае гучанне выказванне з Паслання св. Яна (1 Ян 4,8) — Deus caritas est — Бог — гэта любоў. Як Бог ёсць праўдаю, гэтак жа сама Бог ёсць любоўю і праз сваю любоў абумоўлівае існаванне ўсяго. Тут няма аніякіх выняткаў: нават злы дух не існаваў бы, калі б не быў прадметам Божай любові. Злы дух, дух узбунтаваны, злы маральна, але ў той ступені, у якой з’яўляецца бытам, ён ёсць добры, ёсць прадметам Божай любові, бо іначай не існаваў бы1 . Значыць, усе быты без вынятку з’яўляюцца прадметам Божай любові, Бог праз сваю любоў робіць іх добрымі, як у парадку прыроды, гэтак і ў парадку ласкі: гэта два парадкі, у якіх дабро ёсць вынікам Божай любові. Калі будзем разважаць пра гэтыя тры прадметы: дабро, праўду і жыццё, то, уласна кажучы, усё, што можна сказаць пра Божае жыццё, з’яўляецца вынікам таго, што ўжо было сказана. Часта мы маем плыткае і павярхоўнае разуменне жыцця, а трэба памятаць, што паўната жыцця — гэта не толькі сукупнасць нашых біялагічных і пачуццёвых функцыяў, але жыццё перш за ўсё магчымае як найдасканалейшая дзейнасць тых дзвюх функцыяў, якія характэрныя для духовага жыцця, а менавіта: пазнання і любові. Гэта — паўната жыцця. Ужо св. Аўгустын стараўся паказаць у сваіх разважаннях над Тройцаю, як уласнае жыццё Тройцы пульсуе ў пазнанні і любові. Св. Тамаш таксама ўзнімае гэтую тэму. Дзеянне ў гэтых двух кірунках, гэта значыць рэалізацыя пазнання і любові адным цалкам нескладаным імпульсам, а не асобнымі, паслядоўна надыходзячымі адно за адным дзеяннямі, найпаўнейшым чынам здзяйсняецца ў Богу. Таму, калі мы кажам, што ў Богу ёсць поўнае завяршэнне, абсалютнае здзяйсненне, гэта не значыць, што ў Богу ёсць застой, наадварот — у Ім максімум дынамізму. І гэта таямніца, як гэты дынамізм можа рэалізавацца не нейкімі этапамі, што надыходзяць адзін за адным, але нібы ў адным выбуху, які абсалютна адзін і нескладаны. Гэтыя разважанні прыводзяць св. Тамаша да вельмі прынцыповага сцвярджэння, што, рэалізуючы вышэй згаданыя якасці, якія відавочна атаясамляюцца з Ім самім, а менавіта: пазнаванне і любоў, Бог у сваёй сутнасці шчаслівы, Ён — шчасце і адзіная прычына шчасця для ўсяго, што створана. Тамаш кажа: Deus per essentiam suam beatus est quod nulli alii competere potest (C. gent. I, 102, 4) — Бог у сваёй сутнасці шчаслівы, што не можа быць уласцівым нікому іншаму. Ніхто ў сваёй сутнасці не можа быць шчаслівым, можа быць шчаслівым толькі ў той меры, у якой набліжаецца да Бога, да Таго, які — само шчасце, бо ёсць per essentiam beatus, гэта значыць: у сваёй сутнасці ёсць шчасцем; альбо Бог, як дарога, праўда і жыццё атаясамляецца са шчасцем. Таму меў таксама рацыю св. Аўгустын, калі казаў у сваёй «Споведзі», што, калі чалавек шукае хаця б аскепка шчасця, то насамрэч ён шукае Бога, хоць гэтага не ўсведамляе. Вось жа, нават калі б чалавек шукаў гэтага шчасця на найбольшай бездаражы і самым аблудным чынам, то ў прынцыпе ён шукае Бога, бо кожны драбок шчасця ёсць водбліскам Бога, які ў сваёй сутнасці — само шчасце. Таму, калі б хтосьці нават не меў пра гэта ніякага паняцця, і хоць бы быў атэістам і ворагам Бога, то, шукаючы шчасця, ён па сутнасці шукае Бога. Гэтую думку развіў св. Аўгустын у «Споведзі».
Пераклад з польскай мовы
Паводле: Świeżawski Stefan. Święty Tomasz
|
|
|
|