Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(68)/2014
Жыццё Касцёла

СВЯТЫЯ НАШАГА ЧАСУ
Духоўная спадчына
Постаці

АПОШНЯЯ СУСТРЭЧА
Літаратурная спадчына

ПЕСНІ ПАБОЖНЫЯ
У кантэксце Бібліі

КАМЕННЫЯ СТЭЛЫ
Sanctorum opera
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Паэзія
Духоўныя вершы

АГОНЬ НАТХНЕННЯ
Папытай у кнігарні

ФІЛАСОФІЯ ЖЫЦЦЯ

ПРАВІНЦЫЯ — ГЭТА ЛЁС...
Рымскія святыні
Нашы святыні
Мастацтва

ВЯРНУЦЬ ПАМЯЦЬ

УЗМЁНСКАЯ БАГАРОДЗІЦА
Фальклорная спадчына

«НАШ КАСЦЮШКА СЛАЎНЫ!»
На кніжнай паліцы
Па родным краі
Галерэя

«У ГЭТАКІ СВЕТ НЕ ЗБАЯЎСЯ
ПРЫЙСЦІ ТЫ, ХРЫСЦЕ...»

Іван АНДРУСЯК
(Украіна)

* * *

Умее спяваць і ціша,
Калі да яе дакранецца
Дзева Марыя з вышы
Голасам сэрца.

І высвецяцца агнямі
Душы, думкі й павекі.
Сёння Ісус між намі —
Сёння й навекі.

Святло прасветлага дня
Свеціць.
Ужо Ён цябе абняў,
Свеце.
Ужо праваруч Ён, і вось
Ангел вяшчуе.
— Чуеш, Хрыстос уваскрос?
— Чую!

 

ЦЭРКАЎКА З ЧАРОТУ

Яшчэ ў пачатку ХХ ст. на беразе
ракі Ворсклы, у вёсцы Кузямыні,
была царква, сплеценая з чароту.

я цябе не чую
цэркаўка з чароту
над вадой начую
сню тваю самоту
над вадой не леты
ворсклы векавое
я не бачу дзе ты
я не знаю хто я

выглядалі шыбы
з лісця маладога
там бабры і рыбы
верылі у Бога
птушкі і балоты
а між імі людзі
цэркаўка з чароту
спавядаць ці будзе

цэркаўка дзве вежы
цэркаўка тры крокі
пах аеру свежы
з чарацінаў кроквы
Ты з крыві і крыку
вымасціў падножжа
о Твой храм вялікі
міласэрны Божа

моцна ў ворсклу неба
ў сцюжу і спякоту
ты ўплялася нема
цэркаўка з чароту
літургія цішы
там гучыць былінна
і чаротам дыша
Бог і Украіна

кволіцца надзея
праганю маркоту
пастаю яшчэ я
ў цэркаўцы з чароту
адагрэю душу
свечачкаю з воску
і старэнькі рушу
да нябеснай ворсклы

 

Януш ВУЙЦІК
(Польшча)

ВОСЛІК

Кс. Яну Твардоўскаму

Менавіта вослік,
а не ганарлівы леў,
а не вярблюд —
вынослівы карабель пустэльні,
і не коні,
запрэжаныя ў калясніцы
абраннікаў сонца.

Толькі ён
заслужыў гэткі гонар —
ставіць капыты на дарозе,
усланай галінкамі пальмы.

З гадамі
насмешкі турыстаў
не раздражняюць яго,
калі стаіць задуменны
у ценю аліўкавых дрэваў.

 

ПРЫПАВЕСЦЬ

Чалавек хацеў асядлаць мустанга.
Дапільноўваў яго многа гадоў,
але калі аркан дасягаў грывы —
мустанг уцякаў на месяц.

Чалавек хацеў злавіць птаха.
Насыпаў у клетцы зерня, чакаў, але дарэмна —
як толькі снежнай зімою наставаў голад,
птах ляцеў у пастку, ды страла паляўнічага
на паўдарозе трапляла яму ў грудзі.

Чалавек хацеў затрымаць кабету.
Прысягалі яны на пярсцёнку з бурштынам,
але кабета сышла, не развітаўшыся.
Доўга верыў, што вернецца —
у доме вар’ятаў доўга чуў крокі каханай.

Калі адплываюць старыя, аддаляецца бераг
і выглядае казачна прыгожым.
Мустанг скача па Млечным Шляху.
Кабета хапае яго за вуздэчку.
Птах сядае ёй на плячо.
Усе разам ідуць сцежкай уздоўж ракі.
Старыя хочуць плысці за імі,
але аркан, клетка і сэрца
не могуць павярнуць човен лёсу.

 

Віктар ВАРАШЫЛЬСКІ
(Польшча)

НА СМЕРЦЬ
КС. ЕЖАГА ПАПЯЛУШКІ

Ксёндз Ежы ў дзяцінстве
размаўляў толькі па-просту,
гэта значыць — па-беларуску,
на шалёсткай мове
тых палёў, гаёў і лугоў.
І толькі пазней
пальшчызна
падставіла яму моцнае плячо,
увайшла ў яго,
прамовіла ім да Бога і людзей.
Можа, цяпер,
калі стаў перад Богам,
зноў адгукнулася ў ім сарамліва
мова маленства:
«Бацька, прабач ім, калі ласка»1.

 

Васіль СТУС
(Украіна)

* * *

Прастую шлях — па вымерлай пустыні,
дзе мёртваму спажытку мне няма.
Глядзяць хаціны вокнамі пустымі —
чакаюць на вяртанне, ды дарма.
Іду-брыду з адкульсьці у нікуды,
бо спадзяюся я яшчэ, што там,
дзе кубляцца апушчаныя юды,
ёсць трохі месца і маім братам.
Ну хоць бы хто натрапіўся на вочы,
схапіцца б позіркам за позірк чый…
Змяіцца шлях — хаўруснік цёмнай ночы,
і хоць на поўню ваўкалакам вый.
Бо ўжо мая душа, нібы лучына,
ледзь тлее, прадвяшчаючы адно —
наскрозь прапаліць сэрца мне Ўкраіна,
якой мне, хоць аслепні, не відно.
Ды ёсць яна — за восілкам вясёлкі,
за марывам, за небасхілам — ёсць,
у сумятні, у галасе масоўкі,
мая туга, мой сум і весялосць.
Дазволь жа мне дайсці з душой-цяпельцам,
Дайсці з душой — жывым цяпельцам — мне!
Мой Божы свеце, даўшы нацярпецца,
Дай зернем легчы ў роднай баразне.

 

Тадэй КАРАБОВІЧ
(Польшча)

У МАЁЙ ПАЭЗІІ

У маёй паэзіі гняздзіліся згаслыя крыжы,
голыя і маўклівыя,
доўга не цалаваныя.

У іхніх самотных камлях
дзятлы выдзеўблі дуплы.

На іхніх плячах спарахнелых
калісьці кроў застывала.

 

* * *

У малітоўнасці ранку
забуду пра дотык начы;
за мною купал неба з роспісамі галактык.

Такія скляпенні неба я бачыў у маленстве,
пераступіўшы парог храма.

І храм, і ноч трываюць доўга
малітоўнай ранішняй хвіляй;
птах сонца
запальвае малітоўную хвілю
ува мне, па-за мною
і ў далечы.

 

Канстанты Ідэльфанс ГАЛЧЫНСКІ
(Польшча)

ГАДЫ ПРАЛЯТАЮЦЬ, ЯК ХВІЛІ

Гады пралятаюць, як хвілі,
як воблакі над папарам.
Мы зноў шпацыруем па Вільні,
ідзем зялёным бульварам.

І травень, і смех маладосці.
Пялёсткі плывуць рыштокам.
І голуб ступае па мосце
паважным нямецкім крокам.

Той голуб, як з пальмы галінку,
вянок прынясе з-за гаю.
Падобная на Купалінку,
не скажаш ты мне: кахаю.

Вергілій нас пеклам настрашыць,
а ў пекле не знойдзеш броду.
Згарчэла каханнейка наша,
як пляйстра дзікага мёду.

А погляд — і мудры, і вінны,
ты ўся — і Мінерва, і Геба...
Рассыпаўся ў прыцемках Вільні
вітраж вечаровага неба.

 

ПЕСНЯ ПРА САЛДАТАЎ
З ВЕСТЭРПЛЯТЭ

Віліся кулі, як чмялі,
і гінулі салдаты,
і проста ротамі ішлі
на неба з Вестэрплятэ.

(А ў тым годзе стаяла цудоўнае лета.)

Ішлі, спяваючы, яны:
«Няхай крывавяць раны,
суцішаць боль ліхой вайны
нябесныя паляны.

(А на зямлі ў тым годзе было столькі верасу на букеты.)

У Гданьску білі нам у твар,
нямецкія гарматы.
Цяпер нас пояць ліўні з хмар,
салдатаў з Вестэрплятэ».

І той, хто мае добры зрок,
сачыў з зямлі, здзіўлёны,
як між аблок раўнялі крок
марскія батальёны.

І чуўся з-за аблокаў спеў:
«Нам добра ў райскіх росах.
Хто шчасця на зямлі не меў,
той мецьме на нябёсах.

Калі ж падзьмуць вятры зімы,
і засмуткуе свята,
апусцімся ў Варшаву мы,
салдаты з Вестэрплятэ».

Пераклаў
Міхась СКОБЛА.


  1. У арыгінале радок — па-беларуску.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY