|
|
|
№
2(68)/2014
Жыццё Касцёла
Духоўная спадчына
Постаці
Літаратурная спадчына
У кантэксце Бібліі
Sanctorum opera
Пераклады
Паэзія
Духоўныя вершы
Папытай у кнігарні
Рымскія святыні
Нашы святыні
Мастацтва
Фальклорная спадчына
На кніжнай паліцы
Па родным краі
Галерэя
|
Сустрэча з Вечным горадам (як са старажытнасці называюць Рым) застаецца ў душы назаўжды. Для Еўропы і ўсяго свету Рым быў, ёсць і будзе жывой старонкай гісторыі, цэнтрам Каталіцкага Касцёла, адной з галоўных святыняў універсальнага хрысціянства. Дактрынальныя спробы, прадпрынятыя ў іншых частках свету, абвясціць сябе «новым Рымам» з ужываннем у тытулатуры нейкіх парадкавых лічбаў заўсёды выглядалі як авантура, як штучны рымэйк і праява імперскай пыхі. Aeterna urbs — непаўторны ў сваім зямным і духоўным існаванні феномен. Гісторыя паказала, што Вечны горад можа быць толькі арыенцірам, а не падручным матэрыялам для ідэалагічна-дзяржаўных новабудоўляў (кшталту хімеры «Свяшчэннай Рымскай імперыі германскай нацыі» і падобнага). ...Усё гэта перажываеш штораз, ідучы дарогамі, вуліцамі і плошчамі Рыма, у якім няма кутка, дзе б не тварылася гісторыя чалавецтва. Пакідаючы шумны цэнтр, набліжаешся да Аўрэліянавых муроў (Mura aureliane), якія выдатна захаваліся як для помніка фартыфікацыі ІІІ стагоддзя, што выконваў свае функцыі з часоў Вялікага перасялення народаў да апошняй сусветнай вайны. Праходзячы праз браму св. Паўла, мы пакідаем межы Рыма часоў імператара Аўрэліяна і накіроўваемся на поўдзень. Мэта нашага падарожжа таму і называецца базылікай святога Паўла за мурамі (San Paolo fuori le mura), што святыня была пабудавана па-за перыметрам Аўрэліянавых муроў. Зразумела, што горад даўно разросся ўшыркі, але памяць пра яго колішнюю перыферыйнасць захавалася, нягледзячы на тое, што святыня Паўла з’яўляецца адной з чатырох патрыяршых базылікаў Рыма. Імператар Канстанцін загадаў закласці гэты храм на дарозе, што вяла ў горад Осцію (Via Ostiense). Сабор быў закладзены на месцы магчымага пахавання Апостала, які разам з святым Пятром стаў ахвярай Неронавых ганенняў на хрысціянаў пасля вялікага пажару Рыма ў 64 годзе. Ужо з І стагоддзя гэтае месца было мэтай пілігрымак і пакланення. 18 лістапада 324 года папа Сільвестр І асвяціў пабудаваны храм. У 2006 годзе італьянскія археолагі знайшлі ў сутарэннях сабора саркафаг з надпісамі і чалавечымі парэшткамі, якія сведчылі аб тым, што тут сапраўды пахаваны апостал Павел. Невялікая канстанцінаўская базыліка ў хуткім часе ўжо не змяшчала вялікіх масаў вернікаў, якія імкнуліся сюды, імператар Феадосій І загадаў пабудаваць вялікі храм, дастойны памяці Апостала. Працамі кіраваў professor mechanicus (як тады называліся дойліды) Цырыяд. Ён рэалізаваў праект, падобны на першы ватыканскі сабор святога Пятра: пяцінававая базыліка з 80-цю калонамі і порцікам. Дзякуючы гэтай пабудове мы можам уявіць, як выглядаў першы ватыканскі сабор святога Пятра. Базыліка была закончана ў 395 годзе і традыцыйна называецца «базылікай трох імператараў», пры якіх адбывалася будаўніцтва: Феадосія І, Грацыяна і Валентыніяна ІІ (хаця будаўнічыя працы былі завершаны ўжо пры імператары Ганорыі ў 395 годзе). Папа Сірыцый асвяціў яе ў 390 годзе. Базыліка прастаяла ў такім выглядзе амаль паўтара тысячагоддзя, але ў 1823 годзе моцна пацярпела ад пажару, ператварыўшыся ў руіну. Папа Леў ХІІ звярнуўся да біскупаў з энцыклікай «Ad plurimas» ад 25 студзеня 1825 года, у якой заклікаў збіраць сродкі на рэканструкцыю храма. Увесь хрысціянскі свет адгукнуўся на гэты заклік. Да тысяч простых вернікаў далучыліся каранаваныя асобы: каралі Сардзініі, Францыі, Нідэрландаў. Рускі цар Мікалай І ахвяраваў малахітавыя і лазурытавыя блокі для аднаўлення алтароў, а віцэ-кароль Егіпта прыслаў алебастравыя калоны. Рэстаўрацыйна-будаўнічыя працы вяліся пад кіраўніцтвам архітэктара Луіджы Палеці. Адноўленая базыліка была асвечаная папам Піем ІХ 10 верасня 1854 года, аднак працы па аднаўленні мазаік вяліся да 1874 года, і толькі ў 1928 годзе быў завершаны квадрыпорцік — вялікі двор, аточаны каланадай з 150 калонаў. Сабор з’яўляецца другім па велічыні ў Рыме (пасля сабора св. Пятра). Яго даўжыня – 131,66 м, шырыня — 65 м, вышыня — каля 30 м. Базыліка мае ў плане лацінскі крыж. Інтэр’ер падзелены на пяць наваў, вызначаных чатырма шэрагамі па 20 калонаў. Магутны фасад з каланадаю ўпрыгожаны мазаікамі, выкананымі ў ХІХ ст. паводле старажытных узораў. Але сустракае вернікаў квадрыпорцік, які знаходзіцца перад фасадам. Гэта ўскладняе і адначасова ўзбагачае арыгінальную кампазіцыю сабора. У цэнтры квадрыпорціка стаіць статуя святога Паўла з карарскага мармура работы скульптара Джузэпэ Обічы. У інтэр’еры ўражвае багацце шматколерных мармураў, з якіх складзены падлога, муры, архітэктурныя дэталі капліцаў. Плоская столь падзелена вялікімі кесонамі, якія ззяюць пазалотай. З познеантычных мазаік, большасць якіх загінула ў пажары, цудам захавалася аўтэнтычная мазаіка на трыумфальнай арцы Галы Плачыдзіі, названая паводле імя рымскай імператрыцы V стагоддзя, якая была данатаркай гэтага шэдэўра (зразумела, што мазаіка перажыла рэстаўрацыю). На залатым фоне над аркай валадарыць вялікая выява Хрыста Пантакратара ў медальёне, з якога разыходзяцца прамяні. Медальён атачаюць выявы сімвалаў чатырох Евангелістаў, а ў ніжэйшым узроўні кампазіцыі паказаны працэсіі старых Апакаліпсіса ў белым адзенні. Асновай кампазіцыі служаць фігуры святых Паўла і Пятра, злева і справа ад дугі аркі. Другая найкаштоўнейшая мазаічная кампазіцыя знаходзіцца ў апсідзе ў канцы цэнтральнай навы пасля трансэпта. Яна выканана ў ХІІІ ст. майстрамі, якія працавалі таксама і над мазаікамі ў саборы святога Марка ў Венецыі. На ёй паказаны Хрыстус Пантакратар на троне з кнігай Евангелляў у руцэ. Па баках ад яго — фігуры апосталаў Пятра і Паўла, а таксама апостала Андрэя і Лукі евангеліста. Хрысту пакланяецца папа Ганорый ІІІ, фігура якога значна меншая па памерах у параўнанні з галоўнымі фігурамі. У ніжнім ярусе кампазіцыі паказаныя фігуры дванаццаці Апосталаў, якія сіметрычна размешчаны вакол папскага трона і фланкуючых яго фігураў двух анёлаў. Па ўнутраным перыметры галоўнай навы над каланадай знаходзіцца арыгінальная выяўленчая кампазіцыя, якой няма больш нідзе ў свеце. У старажытным саборы былі мазаічныя медальёны з партрэтамі пантыфікаў. Пасля пажару мазаічысты ХІХ ст. аднавілі гэты найважнейшы сэнсавы элемент. Цяпер тут можна ўбачыць партрэты ўсіх пантыфікаў — ад апостала Пятра да сучасных. Інтэр’ер узбагачае таксама табэрнакулюм, выкананы ў 1285 годзе скульптарамі Арнольфа дзі Камбіа і П’етра Каваліні. Гатычныя формы вялікай канструкцыі табэрнакулюма гарманічна ўключаны ў шматаблічны комплекс сабора. Менавіта пад балдахінам табэрнакулюма знаходзіцца алтар над грабніцай святога Паўла. Готыка пануе таксама ў архітэктуры кляштара, што прылягае да сабора. Унутраны двор кляштара мае аркады з калонамі, у якіх праявілася багатая фантазія сярэднявечных дойлідаў. Сабор святога Паўла за мурамі — твор многіх пакаленняў, якія імкнуліся ўславіць Апостала. Вынікам іх працы стала гармонія розных відаў мастацтва, суладдзе мастацкіх стыляў, што прыгожа суіснуюць у адзіным мастацка-архітэктурным арганізме. Наша падарожжа па рымскіх святынях працягваецца… Валеры Буйвал
|
|
|
|