Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(68)/2014
Жыццё Касцёла

СВЯТЫЯ НАШАГА ЧАСУ
Духоўная спадчына
Постаці

АПОШНЯЯ СУСТРЭЧА
Літаратурная спадчына

ПЕСНІ ПАБОЖНЫЯ
У кантэксце Бібліі

КАМЕННЫЯ СТЭЛЫ
Sanctorum opera
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Паэзія
Духоўныя вершы

АГОНЬ НАТХНЕННЯ
Папытай у кнігарні

ФІЛАСОФІЯ ЖЫЦЦЯ

ПРАВІНЦЫЯ — ГЭТА ЛЁС...
Рымскія святыні
Нашы святыні
Мастацтва

ВЯРНУЦЬ ПАМЯЦЬ

УЗМЁНСКАЯ БАГАРОДЗІЦА
Фальклорная спадчына

«НАШ КАСЦЮШКА СЛАЎНЫ!»
На кніжнай паліцы
Па родным краі
Галерэя

Святлана АДАМОВІЧ

З ГІСТОРЫІ НЯСВІЖСКАГА ФАРНАГА КАСЦЁЛА

(паводле дакументаў
Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі)

Касцёл Божага Цела ў Нясвіжы.
Малюнак Казіміра Пестушкевіча, ХІХ ст.
(Tygodnik Powszechny. R. 1882. I, № 975).

У 2011 г. спецыялістамі ААТ «Белпраектрэстаўрацыя» ў Нясвіжы распачаліся працы па замене дахавага пакрыцця касцёла Божага Цела, які з’яўляецца ўнікальным помнікам архітэктуры і мастацтва ХVI–XVIII стагоддзяў, унесеным у спіс аб’ектаў гісторыка-культурнай сусветнай спадчыны, і знаходзіцца пад аховаю ЮНЭСКА. Тады ж была зроблена спроба адшукаць гісторыка-архіўныя матэрыялы, якія датычаць фасадаў касцёла і, у прыватнасці, завяршэння будынка святыні; у той жа час распрацоўваліся праекты замены дахавага пакрыцця і рэстаўрацыі даху. Паколькі падрыхтаваныя матэрыялы датычылі толькі часткі помніка, то вынікі даследаванняў былі выдадзеныя з пазначэннем «1 этап».

У наступныя гады дзяржаўныя сродкі ў асноўным накіроўваліся на будаўнічыя мерапрыемствы. Архітэктурнае праектаванне вялося на падставе матэрыялаў ранейшых даследаванняў, комплекснае навуковае вывучэнне аб’екта ў неабходным аб’ёме не было выкананае.

Цяпер па гісторыі нясвіжскага фарнага касцёл Божага Цела назапашаны значны матэрыял, таму мы прапануем чытачам тое, што датычыць малавывучанага перыяду ў гісторыі помніка, — рамонту будынка і рэстаўрацыі жывапісу ў інтэр’еры касцёла ў пачатку ХХ стагоддзя.

Архіўныя матэрыялы сведчаць, што ў другой палове ХІХ ст. будынак касцёла Божага Цела былога кляштара айцоў езуітаў у Нясвіжы знаходзіўся ў занядбаным стане і патрабаваў правядзення рамонтных працаў. 4 жніўня 1883 г. князь Мацей Радзівіл падрыхтаваў дакумент «Аб рэстаўрацыі фарнага касцёла ў Нясвіжы», у якім гаварылася: «Пасля агляду нясвіжскага фарнага касцёла высветлілася, што яго стан не дазваляе адкладаць рэстаўрацыю да наступнай вясны, а прымушае неадкладна распачаць захаванне сценаў ад псавання. Таму я пастанаўляю, каб Галоўнае ўпраўленне неадкладна занялося рэстаўрацыяй і праводзіла яе энергічна, каб усё тое, што патрэбна для падтрымкі і забеспячэння трываласці касцёльных сценаў і трунаў, было зроблена да наступнай восені, г. зн. на працягу трох месяцаў ад сённяшняга дня.

Для больш эфектыўнай рэалізацыі гэтага [праекту], для годнага выканання працы і выкарыстання добрых матэрыялаў, я ствараю камітэт з супрацоўнікаў упраўлення пад кіраўніцтвам галоўнага кіраўніка В. Абламовіча. У гэты камітэт павінен уваходзіць сп. Чармінскі як архітэктар [таксама касір, сакратар, геометр, юрыст]. Камітэт павінен тэрмінова правесці агляд, падрабязна вывучыць і вырашыць, што і як трэба зрабіць унутры і звонку склепаў, а таксама са сценамі і карнізамі. Найперш для захавання фундаментаў і склепаў ад вільгаці трэба адразу правесці вадасцёкі з каменю вакол фарнага касцёла, а могілкі вакол касцёла ачысціць так, каб вада з іх не сцякала і не затрымлівалася пад сценамі касцёла. З дапамогаю парафіянаў, якія далі на гэта сваю згоду, трэба прывезці для вадасцёкаў усё патрэбнае дрэва, цэглу і камяні.

Неабходна таксама закупіць і даставіць добрую вапну, гонту для пакрыцця і добрай якасці бляху (г. зн. з рускіх фабрыкаў), някрохкую і нятонкую. Закупку і дастаўку ўсіх патрэбных матэрыялаў трэба выканаць з дазволу камітэта і па кантрактах. Рамеснікаў выбраць самых лепшых <...>. Архітэктар павінен праводзіць працы ў адпаведнасці з пастановаю камітэта»1.

Падрыхтоўка да пачатку рамонтных працаў зацягнулася на некалькі гадоў. Толькі ў дакументах пачатку 1899 г. выяўлена першая справаздача муляра Абрама Кантаровіча: «Адрамантавана 6 калонаў на франтонах касцёла і расколіны ў купале, верхнія карнізы, а ў касцёле — падаконнікі, новыя скляпенні над уваходам»2. У сакавіку таго ж года дах у касцёле быў пакрыты новаю бляхаю; у працы ўдзельнічалі Юдэль Разэнблюм, Абрам Кантаровіч, Арон Шабас. У красавіку — маі 1899 г. атынкоўкаю касцёла А. Кантаровіч скончыў сваю працу па знешняй рэстаўрацыі будынка. Працы, якія ў канцы 1890 г. праводзіліся на фасадах і даху пад кіраўніцтвам архітэктара Франца Венцэля, мелі характар аварыйных і не закранулі інтэр’ера святыні. Загадамі Магілёўскай рыма-каталіцкай духоўнай кансісторыі ад 11 і 17 чэрвеня 1900 г. дазвалялася правядзенне рамонту парафіяльнага касцёла ў Нясвіжы не толькі звонку, але і ўнутры: планаваўся выраб новых акон, «уваходных дзвярэй з новаю акоўкаю, перакладанне падлогі, атынкоўка, фарбаванне столі, рамонт усіх алтароў, разьбы і балюстрадаў у прэзбітэрыі, 2 ложаў, княжацкіх трунаў, усталяванне новага аргана»3.

Фрагменты запісаў Ф. Бруздовіча, 1901 г.

Спецыяльна створаны камітэт па рэстаўрацыі касцёла сачыў за будаўнічымі мерапрыемствамі, якія актыўна праводзіліся ў касцёле ў 1900–1904 гг., а таксама кіраваў імі і фінансаваў.

У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі знойдзены звесткі аб працы, праведзенай у тыя гады мастаком Францішкам Бруздовічам, які прыбыў з Кракава. З Ф. Бруздовічам (1861–28.11.1918 г.) быў заключаны кантракт, датаваны 1901 г., на выкананне ў касцёле жывапісных працаў; мастак працаваў у Нясвіжы да 1903 г. (яму дапамагалі Мазурэк і Фігула)4.

Змест кантракта, складзенага на рускай мове, выклікае бясспрэчную цікавасць (тэкст цытуецца ў перакладзе са скарачэннямі): «1901 г., 20 жніўня <...> я, Ф. Бруздовіч, бяруся аднавіць новымі фарбамі жывапісныя фрэскі, г. зн. усе выявы святой гісторыі і арнаменты на сценах і скляпеннях унутры касцёла, не змяняючы іх зместу, але з умоваю, што на ўсіх скляпеннях ды капітэлях сценаў фігуры ў пісаных абразах, якія ў мастацкім плане пададуцца недарэчнымі, непрыгожымі, па нейкай прычыне сапсаванымі, знішчанымі і невыразнымі, будуць замененыя новым жывапісам, а іншыя абразы, фігуры і арнаменты, лепшыя па якасці, будуць ачышчаныя, дзе трэба, выпраўленыя і адноўленыя новымі фарбамі. Апрацоўка ўсіх фрэсак будзе выкананая ў такім жа стылі і з такім жа каларытам, як ёсць. Абавязуюся:

Інтэр’ер касцёла Божага Цела
(здымак першай чвэрці ХХ ст.).

1. Замяніць новым жывапісам некаторыя фігуры ў прэзбітэрыі скляпенняў над галоўным алтаром, іншыя парамантаваць і аднавіць новымі фарбамі <...>

2. Жывапіс купала і яго скляпенняў увогуле аднавіць новымі фарбамі, а жывапіс, сапсаваны шчылінаю, якая ўтварылася пасля замазвання, дапоўніць у адпаведнасці з ацалелым следам.

3. <...> выправіць фігуры 4-х апосталаў Евангелістаў новымі фарбамі.

4. <...> над алтарамі Езуса Хрыста, за выключэннем нейкіх фігураў з левага боку, замяніць усе выявы каля скляпенняў новым жывапісам і, дзе трэба, выправіць. <...>

5. <...> Замяніць, выправіць, аднавіць новымі сапсаваныя, невыразныя выявы каля скляпенняў над алтаром Найсвяцейшай Багародзіцы.

6. Аднавіць жывапіс каля скляпенняў над галоўнаю наваю касцёла з аркамі да капітэляў сценаў, а таксама каля скляпенняў бакавых наваў і пад хорамі замяніць новымі непрыгожыя і нязграбныя выявы. <...>

7. У дзвюх капліцах аднавіць знішчаны жывапіс у адпаведнасці з ацалелымі слядамі.

8. Усе сцены і пілястры з карнізамі і капітэлямі, шафы ў вокнах апрацаваць у тым выглядзе, як яны цяпер існуюць, з усімі выявамі і арнаментамі.

Я, Ф. Бруздовіч, запэўніваю, што жывапіс усяго касцёла, ва ўсіх яго падрабязнасцях, аднаўлю, выпраўлю і прывяду да лепшага выгляду, нічога не змяняючы, <...> захоўваючы поўную гармонію ўсіх яго частак, стылю, перспектывы і каларыту.

9. Акрамя таго, я, Ф. Бруздовіч, абяцаю ачысціць і парамантаваць у прэзбітэрыі абраз Апошняй Вячэры і напісаць абраз да алтара з левага боку. <...>

Я павінен таксама напісаць два новыя абразы ў капліцы св. Пятра і Найсвяцейшай Тройцы, <...> перарабіць усталяванні алтара, дзе цяпер знаходзіцца абраз св. Антонія, каб ён адпавядаў стылю ўсяго касцёла.

Я, Бруздовіч, абяцаю ўзяць у памочнікі для выканання прапісных працаў рэкамендаванага мне камітэтам мастака Смаленскага, калі ён пагодзіцца з усімі маімі патрабаваннямі.

<...> я дамовіўся таксама напісаць алейнымі фарбамі 14 абразоў Крыжовага шляху і змясціць іх у разьбяныя драўляныя рамы <...>»5.

Сярод знойдзеных у НГАБ дакументаў захаваліся ўласнаручныя лісты Ф. Бруздовіча да слуцкага дэкана, а таксама пісьмовыя просьбы дэкана, накіраваныя ў касу Нясвіжскай ардынацыі пра збор ахвяраванняў у сувязі з дрэнным станам касцёла, справаздачу пра сабраныя і выкарыстаныя сродкі на рамонт касцёла за 1900–1903 гг., дзе, між іншым, пазначана: «Усяго Ф. Бруздовічу заплачана 9 779 руб. 83 кап.: 6350 руб. — за абнаўленне фрэсак і алтароў, а таксама малярам, цеслярам, страхарам і іншым»6. Акрамя таго, у архіве захаваліся алоўкавыя малюнкі фрагментаў скляпенняў касцёла, выкананыя рукою Францішка Бруздовіча, а таксама яго рабочыя запісы (на польскай мове).

Інтэр’ер касцёла Божага Цела
(здымак першай чвэрці ХХ ст.).

У чэрвені 1903 г. з-за канфлікту Ф. Бруздовіча з кс. пробашчам Касінскім праца мастакоў у касцёле была спыненая, але ў хуткім часе зноў аднавілася па просьбе рэстаўрацыйнага камітэта.

Неабходна адзначыць, што, згодна са зместам пратакола пасяджэння ад 7 верасня 1903 года, працы, выкананыя Ф. Бруздовічам і яго памочнікамі ў касцёле, былі ацэненыя даволі крытычна. У дакуменце пазначаецца, што «абраз Апошняй Вячэры галоўнага алтара дрэнна ўстаўлены ў раму, мае хвалістыя фалды, а канец гэтага абраза не дамаляваны ўнізе, таму бачны холст. <...> Алтар у прэзбітэрыі з правага боку на сцюках мае шчыліны. Фарбаванне сцяны ўнізе касцёла выканана нетрывала, нягледзячы на запэўніванні, папярэдне дадзеныя Бруздовічам. <...> У астатнім мастацкім выкананні працаў камітэт не знаходзіць нічога асаблівага і гэтым самым прызнае мастацкія працы здавальняючымі. Камітэт мае намер разгледзець хадайніцтва Ф. Бруздовіча пра выдачу дадатковых 400 руб.: 40 руб. — маляру Евялеўскаму, 25 руб. — каменшчыкам Багуцкаму і Сільвановічу, 129 руб. — цеслярам за ўсталяванне рыштаванняў. Зрабіць разлік з памочнікам [Ф. Бруздовіча] мастаком Г. Мазуркам за зробленую выяву цыборыя і надпіс на фасадзе касцёла ў суме 35 руб.»7.

У 1903 г. пачалі «пабудову новага каменнага ганка пры галоўным, а таксама пры бакавым, нанава зробленым уваходзе ў касцёл, і іх фарбаванне; неабходныя для распачацця працы камяні прывезлі парафіяне. Было прынята таксама рашэнне пакласці новую падлогу на хорах замест старой»8.

У працах, якія праводзіліся ў будынку касцёла ў 1900–1904 гг., удзельнічалі каменшчыкі Багуцкі і Сільвановіч, сталяры Галубовіч і Ардзянскі, слесар Ш. Свідскі, муляры Евялеўскі, цесляры Барташэвіч і Камароўскі, страхары Цынман і Шабас. Пастаўшчыком жалезных матэрыялаў быў Айзінбуд, драўляных — Гольдзін і Ліфшыц, вапну пастаўлялі Ліфшыц і Марцінкевіч, пясок — Маеўскі.

Інвентарнае апісанне касцёла, складзенае ў 1905 г. (у хуткім часе пасля заканчэння рамонтных і рэстаўрацыйных працаў) у сувязі з перадачаю касцёла кс. дэканам Касінскім кс. Х. Пржамоцкаму, змяшчае наступную інфармацыю аб праведзеных працах: «Вонкавыя сцены пабеленыя вапнаю. Унутры касцёла адрамантавана атынкоўка, уся столь і сцены пакрытыя зноў жывапісам al fresco мастакамі Ф. Бруздовічам, Матэйкам і Страйноўскім, сцюкі парамантаваныя, з правага боку касцёла ў сцяну ўмацавана мармуровая табліца ў памяць 40-й гадавіны з дня смерці Уладзіслава Сыракомлі»10.

Пасля кастрычніцкіх падзеяў 1917 г. улада ў горадзе пастаянна змянялася, паўсюль панавала марадзёрства. У 1918 г. быў апублікаваны артыкул, у якім паведамлялася, што весткі пра выбух і руйнаванне бальшавікамі нясвіжскага замка не пацвердзіліся. «Банды таксама занялі касцёл, але мясцовае насельніцтва выступіла ў абарону. 20 лютага ў Нясвіж увайшлі нямецкія войскі і бальшавікі ўцяклі»11.

Нягледзячы на трагічныя падзеі ХХ ст., будынак фарнага касцёла ацалеў. У адной сваёй працы вядомы польскі даследчык Ежы Пашэнда апублікаваў ліст Станіслава Лорэнца, мастацтвазнаўцы, рэстаўратара, пасланы ім з Вільні 22 сакавіка 1935 г. князю Станіславу Бяднарскаму, у якім згадваецца нясвіжскі касцёл: «У 1753 г. касцёл быў адрэстаўраваны ўнутры. <...> Паліхромія касцёла ХVIII ст. (1750–1752 гг.) цалкам абноўленая ў 1902 г., за выключэннем аднаго фрагменту — св. Пятра ў капліцы з правага боку навы (за алтаром). З левага боку ў прэзбітэрыі змешчана дошка з доўгім надпісам, на якім пазначаны даты: 1589 г. — закладка фундамента, і 1601 г. — асвячэнне касцёла, з правага — надпіс пра рэстаўрацыю касцёла ў 1753 годзе. Абедзве дошкі ў стылі ракако перыяду 1753 года. Вялікі алтар, два бакавыя алтары ў прэзбітэрыі, дзвярны праём у прэзбітэрый (сярэдзіна ХVІІІ ст.) выкананыя з чорнага мармуру, згодна з подпісам, мясцовым майстрам: «Sculpsit Nesvisii Antonius Zaleski». У алтары — «Апошняя Вячэра» Юзафа Хэскі. У трансепце ёсць цікавыя алтары, у адным з якіх — калоны з яшмы. На жаль, не маю дакладнай копіі надпісу на адным з алтароў з датаю і прозвішчам італьянца, які іх выканаў, таму не пазначаю, баючыся быць недакладным. У 1902 г. рэстаўравалі паліхромію інтэр’ера Бруздовіч, Страйноўскі і Матэйка з Кракава — няўмела»12.

Нягледзячы на неаднаразовую негатыўную ацэнку працы, выкананай у пачатку ХХ ст. мастаком Францішкам Бруздовічам і яго памочнікамі ў інтэр’еры касцёла, відавочна, што дзякуючы менавіта гэтым майстрам да сённяшняга дня ў нясвіжскім касцёле захоўваецца ўнікальны жывапіс: старажытныя фрэскі здзіўляюць сваёй дасканаласцю і веліччу, а талент і майстэрства аўтараў, якія стварылі іх у сярэдзіне ХVІІІ ст., выклікаюць захапленне.

Вось ужо больш за 100 гадоў рэстаўрацыйныя працы ў інтэр’еры касцёла не праводзіліся, за выключэннем рэстаўрацыі абраза «Апошняя Вячэра», які знаходзіцца ў галоўным алтары святыні.


  1. НГАБ, ф. 694, воп. 3, адз.зах. 995, арк. 116, адв. — 117.
  2. НГАБ, ф. 694, воп. 2, адз. зах. 10581, арк. 105, адв. — 106.
  3. Тамсама, арк. 69.
  4. Тамсама.
  5. НГАБ, ф. 694, воп. 3, спр. 3023, арк. 22–25.
  6. Тамсама, арк. 28–31, 60–66.
  7. НГАБ, ф. 694, воп. 3, спр. 302.
  8. 77–78 адв.
  9. НГАБ, б/ш.
  10. Тамсама.
  11. Gazeta Poranna, 1918, № 58.
  12. Paszenda J. Budowle jezuickie w Polsce. T. 1. — Kraków. R. 1999.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY