 |
|
IV. Пра муку Пана
Чалавек пакінуў цноты,
Сам з сабой завёў згрызоты;
З неба Бог да нас прыходзіць,
Неспакойны род лагодзіць.
Сам жыве, як навучае,
Аб карысці нашай дбае.
Яму цяжар несці міла
Той, што людзям не па сілах.
За наш лёс Ён турбаваўся,
Навучаў, лячыў, стамляўся,
Зносіў голад, адрачэнні
Дзеля нашага збаўлення.
Чым аддзячыў люд зацяты?
Ён сваімі не прыняты.
Яшчэ й плёткі распусцілі,
Людзі Бога асудзілі!..
Бізуны сцярпеў, няволю,
Аплявухі, столькі болю!
Хто адкрыў нам брамы раю,
Скону ў вязніцы чакае.
Вось на смерць Яго пагналі
І вянок цярновы ўсклалі.
Да крыжа цвіком прыкулі,
Дзіду ў бок Яму ўваткнулі.
Кроўю ўвесь святой абліты,
Пан сканаў, ганебна збіты.
Калі ў людзях чэрствы душы —
Скон Яго прыроду ўзрушыў.
Зямля, горы задрыжалі,
З магіл мёртвыя паўсталі,
Неба плакала ў той хвілі:
«Людзі Езуса забілі!».
Злосць і любасць нечакана
Давялі да смерці Пана.
Высіцца адна й другая —
Любасць Бога, злосць людская.
Б’юць маланкі нам на кару!..
Ды ці будзе тут для ўдару
Месца, Божаю крывёю
Не палітае святою?
Злітуйся хутчэй над намі,
Заблукалымі сынамі!
Хай Твой меч чапаць не стане
Шыі грэшнікаў, о Пане!
|
|
VII. Пра Веру, Надзею і Любоў
Продкаў нашых вечны Божа,
Іншай быць для нас не можа
Веры, апроч той, што гучна
Праслаўляла Тваіх вучняў.
Вера Нябёсы для нас адкрывае,
З ёй спакайней чалавек памірае;
І як настане час горкі, бяздольны,
Што ж, як не вера, нас вызваліць здольна?
О надзея! Ты заззяла
І раптоўна зноў прапала!
З той надзеяй так бывае,
Што мы ў людзях пакладаем.
Я ўсё ж шукаю надзеі праўдзівай,
Цешуся ёю, калі нешчаслівы!
І хоць бяда прыгняце да знямогі,
Будзе заўсёды са мной перамога.
Вочы я ўзніму тужліва
Да Нябёс хутчэй шчаслівых —
І надзея нагадае:
Пра мяне там Хтосьці дбае!
Бога пакажа яна майму сэрцу,
Скарб мой духоўны, які не псуецца!
Неба ж маім заклапочана станам —
Дык і ў бядзе пачуваюся панам!
Разам з верай і надзеяй
Над людзьмі любоў яснее.
Зямлю з небам яна годзіць,
Гаркату жыцця салодзіць.
Будзе ўзаемнай любоў, без сумневу,
Бог не падманвае нашых спадзеваў.
Дый чалавеку адкрыешся сэрцам —
Ён жа не камень — і ён адгукнецца.
Да Твайго, о Божа, Неба
Тры шляхі такія трэба
Нам прайсці, каб як бяспечна
Скончыць падарожжа ў вечнасць.
Ты мае сілы ўзмацні ў гэтым бегу,
Перш чым прыйду да свайго я начлегу,
Дай супраць смерці з трайной выйсці зброяй —
З Верай, Надзеяй, Любоўю Тваёю.
|
|
X. Пра хрысціянскую цярплівасць
Заслужыў, таму цярплю я!..
Перад Панам доўг свой чую.
Прыйдзе дзень суду, расплаты —
Ці не буду вінаватым?
Калі бліжні мой сварлівы
Языком кальне зласлівым,
Супакоюся: «Ён Панам
Мяне лаяць быў пасланы!»
Ці хвароба ў дом прыходзіць,
Ці паклёп глумліва ўзводзяць —
Я прымаю пакаранне
Нібы дар, без нараканняў.
Хай сусед мяне знервуе
Альбо сябар расчаруе —
Прыме Бог мяне з уцехай,
Не ўзгадае майго грэху.
Мор жывёлы ці пажары,
Повадзь, град ці болей караў
Пан спашле — табе ж вядома,
Як Ён скончыў з верным Ёвам!
Шчасця вечнага чаканне
Нас суцешвае ў змаганнях!..
Калі ж гора мяне скрушыць,
Неба — для цярплівых душаў!
|
Пераклала з польскай мовы
Ганна Шаўчэнка.
Паводле: Karpiński, F. Pieśni nabożne. –
Supraśl, 1792 (факсімільнае выданне).
Гл. таксама:
Ганна ШАЎЧЭНКА :: «З ВЕРАЙ, НАДЗЕЯЙ, ЛЮБОЎЮ ТВАЁЮ» ::
|
 |