Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(68)/2014
Жыццё Касцёла

СВЯТЫЯ НАШАГА ЧАСУ
Духоўная спадчына
Постаці

АПОШНЯЯ СУСТРЭЧА
Літаратурная спадчына

ПЕСНІ ПАБОЖНЫЯ
У кантэксце Бібліі

КАМЕННЫЯ СТЭЛЫ
Sanctorum opera
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Паэзія
Духоўныя вершы

АГОНЬ НАТХНЕННЯ
Папытай у кнігарні

ФІЛАСОФІЯ ЖЫЦЦЯ

ПРАВІНЦЫЯ — ГЭТА ЛЁС...
Рымскія святыні
Нашы святыні
Мастацтва

ВЯРНУЦЬ ПАМЯЦЬ

УЗМЁНСКАЯ БАГАРОДЗІЦА
Фальклорная спадчына

«НАШ КАСЦЮШКА СЛАЎНЫ!»
На кніжнай паліцы
Па родным краі
Галерэя

Анатоль ТРАФІМЧЫК

«НАШ КАСЦЮШКА СЛАЎНЫ!»

Да гісторыі адной фальклорнай песні пра Тадэвуша Касцюшку

Паведамленне М. Марошкіна
пра касцюшкаўскія матывы ў песнях
(адбітак з першакрыніцы).

Тадэвуш Касцюшка даўно зацвердзіўся як герой айчыннай гісторыі ў адным шэрагу з такімі асобамі, як Вітаўт, Канстанцін Астрожскі, Кастусь Каліноўскі... Аднак чамусьці так здарылася, што ў параўнанні з тым жа Кастусём Каліноўскім вобраз Тадэвуша Касцюшкі не стаўся такім прываблівым для беларускага мастацтва, у тым ліку літаратуры. У беларусаў хоць і не існуе, так бы мовіць, «Касцюшкіяны», аднак напачатку такія тэндэнцыі назіраліся. Яшчэ пры жыцці героя ўзнікалі і працяглы час бытавалі ў народным асяродку песні, звязаныя з імем Тадэвуша Касцюшкі. Самая вядомая на сённяшні — гэта ліра-эпічны сказ, умоўна названы даследчыкамі «Беларускай песняй пра Касцюшку», упершыню запісаны і апублікаваны адначасова двума збіральнікамі фальклорнага багацця — Паўлам Шэйнам і не вядомым нам Пламеньчыкам — ва ўсходняй частцы Беларусі ў другой палове ХІХ ст. (пад Барысавам і Лепелем), а трохі пазней, у 1903 г., — Вячаславам Камінскім у Відзах (Браслаўшчына)1.

Шмат песняў на гэтую тэму зусім не пакінулі ніякіх слядоў, хоць пра іх існаванне сведчаць тагачасныя крыніцы. Нават расійскія даследчыкі прызнавалі, што на прасторах колішняй Рэчы Паспалітай крамольныя песенныя творы адмыслова маскіраваліся. Трансфармацыя салдацкіх песняў была звыклаю з’яваю для беларусаў, якія мусілі служыць у войску польскім, а з ХІХ ст. — у расійскім. «Песні набывалі беларускае вымаўленне, але ў іх захоўвалася вялікая колькасць русізмаў або паланізмаў»2. Цікавае паведамленне знаходзім у артыкуле Уладзіміра Арлова, які прыводзіць цытату з кнігі Міхаіла Марошкіна «Иезуиты в России» (1867): «Чтобы обмануть бдительность русскаго правительства и избѣжать судебнаго преслѣдования, іезуиты придумали такую хитрость: они переложили всѣ революціонныя польскія пѣсни на напѣвы самыхъ употребительныхъ русскихъ пѣсенъ, такъ что подъ напѣв самой обыкновенной и общеизвѣстной русской пѣсни, въ родѣ: “Сѣни мои”, или “Внизъ по матушкѣ по Волгѣ”, пѣлась самая бунтовщицкая польская пѣсня, вышедшая изъ шайки Костюшко…»3.

«Pieśń ludowa 1795» і ноты да яе
(адбітак з першакрыніцы).

Згаданаму ўжо Пламеньчыку, як ён піша ў «Дзённіку Познаньскім», давялося таксама чуць — ужо ў іншым месцы, у Дзісненскім павеце — кароценькую прыпеўку:

Nasz Kaściuszka sławny byu,
Jon Moskalou dobra biu.
Jak Kaściuszki nie stało,
Usia Polsza propała.

Гэта прыпеўка была запісаная ад старой кабеты, якая яшчэ ў маладым веку, калі гасціла ў сваякоў, што жылі ў Лепельскім павеце, пачула, як яе спявалі сяляне. Пламеньчык не адважыўся дакладна абазначаць фармат песні, але выказаў меркаванне, што чатырохрадкоўе можа быць «drobną śpiewką», «zupełną całość». «Takie śpiewki Białorusini nazywają “prypisnkami” i śpiewają je przy akompaniamencie skrzypiec lub dudów», — заўважае даследчык, дадаючы, што тое чатырохрадкоўе з’яўляецца важкім контрааргументам сцвярджэнню сучасніка Пламеньчыка А. Тышыньскага пра непрыхільнасць люду да справы Касцюшкі4.

Паданні пра Касцюшку
з кнігі Міхала Федароўскага
(адбітак з першакрыніцы).

Можна ўпэўнена меркаваць, што гэты твор — трохі трансфармаваны «Другі марш Касцюшкі», знойдзены В. Дадзіёмавай у зборніку «Песні з музыкай, маршы войска польскага з канца ХVІІІ і пачатку ХІХ стагоддзя». Сабраў і выдаў Я. Харашкевіч. Выданне другое. Т. ІІ. Кракаў, 1898, на польскай мове:

Nasz Kościuszko dobry był,
Bo moskali dobrze bił.
Juź Kościuszki nie mamy,
Rady sobie nie damy5.

Прафесар В. Дадзіёмава цытуе толькі першы куплет марша, які складаецца з васьмі песенных строфаў6.

Існаванне шырэйшага, як можна меркаваць, поўнага тэксту твора7 сведчыць, што ў перашапачатковым выглядзе чатырохрадкоўе, знойдзенае Пламеньчыкам, з’яўляецца баладай, а не прыпеўкай, як думаў даследчык. Да таго ж менавіта гэты твор, які стаў у беларускім асяродку бадай народным, іншы этнограф — М. Федароўскі — запісвае недзе напрыканцы ХІХ ст. ад інфарматара з Сухаволі (на этнічна беларускім Падляшшы), які кажа, што памятае толькі першы куплет песні. Такая раскідзістая геаграфія песні з’яўляецца яшчэ адным сведчаннем тоеснасці ўспрымання і падзеі інсурэкцыі і яе начальніка ў розных кутках беларускай зямлі8.

Гэтыя словы даюць падставу меркаваць пра наяўнасць у мінулым вялікай колькасці песняў, народжаных падзеямі 1794 г., інакш на іх наўрад ці спасылаўся б расійскі навуковец М. Марошкін як на найбольш тыповыя песні антырасійскай скіраванасці. Дарэчы, В. Дадзіёмава ўслед за даследчыкам ХІХ ст. Пламеньчыкам выказвае нават меркаванне аб верагоднасці захавання песняў пра Касцюшку да сённяшняга дня ў народным асяроддзі і лічыць, што іх пошук мог бы даць пэўны плён9. Заслугоўвае ўвагі ў гэтым напрамку і пошукавая праца ў польскіх і літоўскіх архівах.


  1. Гл. падрабязней: Трафімчык А. Легендарная постаць // ЛіМ, 2013, 11 студз. С. 4; Трафімчык А. В. Рэцэпцыя гістарычнай постаці Тадэвуша Касцюшкі і паўстання 1794 г. у «Беларускай песні пра Касцюшку» // Белорусские земли в составе Российского государства (1772–1917 гг.): Материалы Республиканской научно-теоретической конференции (Минск, 2 декабря 2013 г.). — Минск: БНТК, 2013. — С. 67–72.
  2. Барыс С., Чаропка В. Беларускія гістарычныя песні // Беларускі гістарычны часопіс, 2004, № 2. С. 39.
  3. Арлоў У. У пошуках украдзенага скарбу. Гістарычнае эсэ // Полымя, 1993, № 4. С. 142. У артыкуле У. Арлова ёсць недакладнасці пры цытаванні, таму цытата ўзята з першакрыніцы: Марошкин М. «Іезуиты въ Россіи, съ царствованія Екатерины ІІ-й и до нашего времени. Часть первая, обнимающая исторію іезуитовъ въ царствованіе Екатерины Великой и Павла І-го». — Санкт-Петербургъ, 1867. — С. 260.
  4. Płomieńczyk. Pieśń białoruska o Kościuszce // Dziennik poznański, 1882, 23 marca. S. 1 [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: http://www.wbc.poznan.pl/dlibra/info?forceRequestHandlerId=true&mimetype=image/x.djvu&sec=false&handler=
    dvju_browser&content_url=/Content/85897/DP_1882_0068.djvu. Дата доступу: 13.01.2012.
  5. Дадзіёмава В. Нарадзілася ў асяроддзі Касцюшкі... // Мастацтва, 1994, № 1. С. 36.
  6. Echa minionych lat: (wiersze, pieśni z muzyką, marsze wojska polskiego z końca 18. i początku 19. Wieku). Zeszyt I. Słowa / Zebrał‚ i wydał J. Horoszkiewicz. Kraków: Spółka Wydawnictwa Polskiego, 1889 — S. 29-30; Echa minionych lat : (wiersze, pieśni z muzyką, marsze wojska polskiego z końca 18. i początku 19. Wieku). Zeszyt II. Nuty / Zebrał‚ i wydał J. Horoszkiewicz. — Kraków: Spółka Wydawnictwa Polskiego, 1889. — S. 14.
  7. Гл. таксама: Pieśń ludu z 1794 [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: http://pl.wikisource.org/wiki/Piesn_ludu_z_1794. Дата доступу: 13.01.2012.
  8. Federowski M. Lud białoruski na Rusi Litewskiej: materyały do etnografii słowiańskiej zgromadzone w latach 1877-1905. T. 3, Baśnie, przypowieści i podania ludu z okolic Wołkowyska, Słonima, Lidy i Sokółki. Cz. 2, Tradycye historyczno-miejscowe oraz powieści obyczajowo-moralne. — Kraków, 1903. — S.11.
  9. Дадзіёмава В. Музыкі паўстання // Маладосць, 1995, № 11. С. 248.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY