Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(68)/2014
Жыццё Касцёла

СВЯТЫЯ НАШАГА ЧАСУ
Духоўная спадчына
Постаці

АПОШНЯЯ СУСТРЭЧА
Літаратурная спадчына

ПЕСНІ ПАБОЖНЫЯ
У кантэксце Бібліі

КАМЕННЫЯ СТЭЛЫ
Sanctorum opera
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Паэзія
Духоўныя вершы

АГОНЬ НАТХНЕННЯ
Папытай у кнігарні

ФІЛАСОФІЯ ЖЫЦЦЯ

ПРАВІНЦЫЯ — ГЭТА ЛЁС...
Рымскія святыні
Нашы святыні
Мастацтва

ВЯРНУЦЬ ПАМЯЦЬ

УЗМЁНСКАЯ БАГАРОДЗІЦА
Фальклорная спадчына

«НАШ КАСЦЮШКА СЛАЎНЫ!»
На кніжнай паліцы
Па родным краі
Галерэя

Клайв Стэйплз ЛЬЮІС

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ

Працяг. Пачатак у № 2 (64)/2013.

Раздзел ІIІ
Прыязнасць

Цяпер часта чуваць, што маладое пакаленне зусім страціла сорам. Я сам — чалавек немалады, і, магчыма, вы палічыце, што мне даспадобы гэткія старэчыя закіды, але насамрэч мяне заўжды нашмат больш здзіўляла непаважлівае стаўленне бацькоў да ўласных дзяцей, а не наадварот. Хто з нас не адчуваў збянтэжання ў гасцях, калі бацька або маці абыходзіліся з дарослымі дзецьмі з такой бесцырымоннасцю, якая любога маладога чалавека прымусіла б перарваць з імі ўсе стасункі. Бацькі дазваляюць сабе катэгарычна выказвацца на тэмы, у якіх зусім не абазнаныя, у адрозненне ад сваіх дзяцей, бязлітасна іх перарываюць, пачынаюць канфліктаваць на пустым месцы, кпіць з таго, што дзеці лічаць важным (напрыклад, з іх веры), абражаюць іх сяброў, а пасля яшчэ задаюццца пытаннем: «Чаму яны вечна дзесьці ходзяць? Чаму ім дзе заўгодна добра, толькі не ва ўласнай хаце?». Адказ відавочны: кожны аддасць перавагу ветлівасці перад варварствам.

А калі запытацца ў такіх невыносных людзей (зразумела, гэта не заўсёды бываюць бацькі), чаму яны дома паводзяць сябе падобным чынам, тыя адкажуць: «Ай, кіньце дурное, дома трэба адпачываць. А чалавек не можа заўжды трымаць сябе ў жорсткіх рамках. Дзе і пабыць сабою, як не ва ўласнай хаце? Ніякіх свецкіх манераў дома — мы шчаслівая сям’я і можам гаварыць адно аднаму ўсё, што заўгодна. Ніхто не крыўдзіцца, усе гэта разумеюць».

Ізноў гэткае меркаванне такое блізкае да праўды і абсалютна памылковае. Так, прыязнасць — гэта старая зручная вопратка, утульнасць і бесклапотная свабода ў адносінах, якую мы не дазволім сабе пры чужых людзях, каб не аказацца няветлівымі. Аднак насіць дома старую вопратку — адно, а не здымаць з сябе кашулю, аж пакуль тая не пачне смярдзець, — зусім іншае. Існуе адпаведнае адзенне, каб зладзіць шыкоўную гасціну ў садзе, ёсць і сваё адзенне для дома. Гэтак жа існуе розніца паміж афіцыйным і хатнім этыкетам. Карэнны прынцып у іх аднолькавы: ніхто не павінен ставіць сябе вышэй за іншых. Чым больш афіцыйнае мерапрыемства, тым больш цесна мы «звязаныя» гэтым прынцыпам, тым больш строга абавязаныя яму падпарадкоўвацца. Існуюць правілы этыкету. Калі разам збіраюцца блізкія людзі, асяродак становіцца нефармальным, але гэта зусім не значыць, што ветлівасць тут залішняя. Наадварот, прыязнасці ў яе найлепшых праявах ўласцівая пачцівасць непараўнальна больш вытанчаная, чулая і глыбокая, чым падчас публічных падзеяў. На людзях дастаткова рытуальнай ветлівасці. Дома ж неабходная рэальнасць, увасобленая ў рытуале, інакш неаспрэчную перамогу атрымае найбольшы эгаіст у сям’і. Дома сапраўды нельга ставіць сябе вышэй за астатніх, на вечарыне дастаткова проста пра гэта маўчаць. Адсюль старая показка: «Пажывем разам — пазнаемся». Таму хатні этыкет чалавека перш за ўсё сведчыць пра сапраўдную вартасць яго паводзінаў «у свеце», «на людзях» (што за мярзотны выраз!). Той, хто, вяртаючыся дамоў, пакідае ветлівасць на вечарыне з танцамі і кактэйлямі, на самай справе і там яе не меў. Ён проста паўтараў за іншымі, нібы малпа.

«Мы можам гаварыць адно аднаму ўсё, што заўгодна». Праўда, схаваная за гэтымі словамі, — у тым, што прыязнасць у лепшым сваім выглядзе можа сказаць усё, што пажадае, не зважаючы на правілы свецкага этыкету, і менавіта таму, што ў лепшым сваім выглядзе яна не жадае ні зраніць, ні прынізіць, ні падпарадкаваць. Вы можаце заявіць сваёй найкаханейшай жонцы: «Ну ты і свінтус!», калі яна ненаўмысна выпіла ваш кактэйль разам са сваім. Вы можаце гучна перарваць свайго бацьку, калі той у соты раз пачне распавядаць адну і тую ж гісторыю. Вы можаце сказаць: «Сцішся. Я хачу пачытаць». Вы можаце гаварыць што заўгодна, калі тон і момант выбраныя правільна — гэтак, што яны не маюць на ўвазе і не здолеюць пакрыўдзіць. Чым лепшая і вышэйшая прыязнасць, тым больш тонка яна адчувае, што і калі можна сказаць (як і ў астатніх відах любові, у ёй ёсць свае навыкі, сваё майстэрства). Але дамашні хам, сцвярджаючы сваё права на свабоду казаць «усё, што заўгодна», мае зусім іншыя інтэнцыі. Сам адчуваючы вельмі слабую і недасканалую прыязнасць (а магчыма, і зусім ніякай), ён нахабна прэтэндуе на той выдатны ўзровень свабоды ў адносінах, які можа дазволіць сабе толькі найвышэйшага кшталту пачуццё, і толькі яно ведае, як гэтым карыстацца. Хам жа выкарыстоўвае свабоду слова зламысна, выліваючы свой гнеў і абурэнне, і бязлітасна, каб дагадзіць свайму эгаізму, або, у лепшым выпадку, з уласнага глупства і няўклюднасці. І пры ўсім гэтым ён будзе мець чыстае сумленне. Прыязнасці ж уласцівая свабода адносінаў? Ён і паводзіць сябе абсалютна свабодна, і значыць, такім чынам (хам у гэтым упэўнены) выяўляе сваю прыязнасць. Паспрабуйце абурыцца яго паводзінамі, і хам пачне папракаць вас у тым, што вы яго зусім не любіце. Вы зрабілі яму балюча, вы не так яго зразумелі.

У падобным выпадку хам можа пачаць помсціць за сябе і будзе трымацца са страшнаю пагардаю, з падкрэсленай халоднай «ветлівасцю». Ён нібы кажа: «Ага! Дык значыць, мы ўжо не блізкія сябры? Хочаш, каб нашыя адносіны былі як між чужымі? Я так спадзяваўся на іншае, але гэта не мае значэння. Як сабе хочаш». І гэта цудоўна дэманструе розніцу паміж сяброўскай ветлівасцю і фармальным свецкім этыкетам. Там, дзе адной самае месца, другая будзе абразаю. Свабодныя і нефармальныя паводзіны ў адносінах да высокапастаўленага незнаёмца сведчаць пра дрэннае выхаванне, але ж і цырымоніі і свецкія манеры дома (калі, як кажуць, у чалавека крукам носа не дастаць) сведчаць пра тое самае. У «Трыстраме Шэндзі» ёсць цудоўнае апісанне сапраўднай хатняй ветлівасці. Дзядзька Тобі зусім не ў час пачаў разлівацца салаўём на сваю ўлюбёную тэму — аб фартыфікацыях. Бацька ж, узлаваўшыся, рэзка яго перапыніў, а пасля ўбачыў твар свайго брата: зусім не злосны, але глыбока пакрыўджаны, і пакрыўджаны не таму, што яго перарвалі, а таму, што прынізілі высакароднае мастацтва фартыфікацыі. І бацька адразу ж пашкадаваў і перапрасіў за свае словы. Адбылося прымірэнне, і дзядзька Тобі, каб паказаць, што зусім не крыўдуе і ягоны гонар зусім не закрануты, працягнуў сваю лекцыю па фартыфікацыі.

Аднак мы яшчэ ні слова не сказалі пра рэўнасць. Напэўна, цяпер ніхто ўжо не лічыць, што раўнуюць толькі закаханыя. А калі так, няхай пасочыць за дзецьмі, слугамі і хатнімі жывёламі — і хутка пераканаецца ў адваротным. Амаль кожная любоў, амаль кожная блізкасць схільная раўнаваць. Рэўнасць у прыязнасці цесна звязаная з яе залежнасцю ад усяго старога і прывычнага, а таксама з яе поўнаю або, прынамсі, частковаю няўвагаю да таго, што называецца любоўю ацэнкі. Мы зусім не хочам, каб «непрывабныя дамашнія твары» папрыгажэлі, каб старыя звычаі палепшалі, каб старыя жарты і цікавосткі замяніліся на новыя, хоць бы і найчароўнейшыя забавы. Змены — пагроза прыязнасці.

Брат і сястра або два браты (пол не мае тут аніякага значэння) да пэўнага ўзросту ўсё дзеляць напалам: чытаюць тыя самыя кнігі, лезуць на адно дрэва, разам гуляюць у піратаў і касмічных падарожнікаў, разам пачынаюць збіраць маркі і разам кідаюць гэтую справу. А пасля здараецца страшнае. Адзін з дваіх вымыкае наперад — адкрывае для сябе паэзію, навуку або класічную музыку, а магчыма, перажывае навяртанне ў веры. Яго жыццё запаўняецца новымі цікаўнасцямі. Другі не можа гэтага з ім раздзяліць, ён застаецца ззаду, у самоце. Сумняваюся, што нават сужэнская здрада здольная выклікаць большае гора, пачуццё адзіноты і адкінутасці або страшнейшую рэўнасць, чым час ад часу можа выклікаць апісаная сітуацыя. Падобная рэўнасць яшчэ не закранае новых сяброў, якія хутка з’явяцца ва «ўцекача», — гэта адбудзецца пазней. Яна скіраваная на сам прадмет, што стаў яблыкам разладу, — на гэтую навуку, гэтую музыку, на Бога (як часта кажуць, на «гэтыя забабоны», «гэтыя рэлігійныя казкі»). Рэўнасць часта выяўляецца ў кпінах. Пра новую зацікаўленасць кажуць: «усе гэтыя глупоты», а зацікаўленага абвінавачваюць у тым, што ён зусім здзяцінеў (або стаў дарослым да агіды). Не можа быць, каб «уцекачу» гэта ўсё сапраўды падабалася, ён проста выхваляецца, удае з сябе невядома што, грае на публіку. Трэба, не марнуючы часу, схаваць ягоныя кнігі, знішчыць навуковыя калекцыі, рашуча выключыць радыё, калі перадаюць класічную музыку. Бо прыязнасць — самая інстынктыўная і ў гэтым сэнсе самая жывёльная з усіх відаў любові, і яе рэўнасць такая ж дзікая. Яна гыркае і шчэрыць зубы, як сабака, у якога раптам выхапілі ежу. А як жа інакш? У дзіцяці, якога я апісваю, раптоўна нешта або нехта забраў спажытак, які ўсё жыццё быў пад рукою, забраў яго другое «я». Ягоны свет цалкам зруйнаваны.

Але так паводзяць сябе не толькі дзеці. Мала што ў звычайным спакойным цячэнні жыцця ў цывілізаванай краіне можа характарызавацца такой д’ябальскай жорсткасцю, як нянавісць, з якою сям’я атэістаў ставіцца да таго з блізкіх, хто прыняў хрысціянства, або неадукаваная сям’я з невысокімі запытамі — да таго, хто стаў інтэлектуалам. І гэта зусім не прыроджаная безуважная нянавісць цемры да святла. Пабожная сям’я, дзе нехта стаў атэістам, будзе паводзіць сябе не лепш. Гэта рэакцыя на ўцёкі, на рабунак. Нехта або нешта скрала «нашага» хлопчыка, «нашую» дзяўчынку. Той, хто быў адным з нас, стаў адным з іх. Якое ён мае на гэта права? Ён наш. Калі пачаліся такія змены, хто ж ведае, чым гэта ўсё скончыцца? (А раней жа мы ўсе былі такія шчаслівыя, нікому не шкодзілі, нам было так добра разам!)

Часам назіраецца цікавая двайная рэўнасць або, лепш сказаць, дзве супярэчлівыя рэўнасці, якія цкуюць адна адну ў галаве пакутніка. З аднаго боку, «гэта» з’яўляецца «суцэльным глупствам, праклятым, на скрут глуздоў глупствам, крывадушніцтвам, лухтой непадзяванай». А з іншага боку — уявім, — гэтак не можа быць, не павінна быць, — але проста ўявім, што нешта ва ўсім гэтым ёсць. Дапусцім, у літаратуры або ў хрысціянстве ёсць нешта такое. Што калі наш «уцякач» сапраўды адкрыў новы свет, пра існаванне якога мы і не падазравалі? Калі так, дык што ж за несправядлівасць! Чаму ён? Чаму гэта ўсё не адкрылася нам? «Такая смаркачка, такі цуцык угледзелі рэчы, укрытыя ад старэйшых?» А паколькі ў гэта абсалютна немагчыма паверыць і нясцерпна нават уявіць, раўніўцы вяртаюцца да ранейшага сцвярджэння: «Усё гэта глупоты».

У падобнай сітуацыі пазіцыя бацькоў зручнейшая, чым у братоў і сясцёр. Іх мінулае невядомае дзецям. Які б новы свет ні адкрыўся маладым «уцекачам», бацькі заўсёды могуць заявіць, што яны самі праз падобнае прайшлі і ўсё мінула. «Гэта такі перыяд, гэта ўсё забудзецца». Што можа быць больш прыемным? Нельга запярэчыць такому сцвярджэнню, бо яно тычыцца будучыні. Падобныя словы моцна джаляць, але гавораць іх звычайна з такою спагадлівасцю, што пакрыўдзіцца нібы і нельга. Да таго ж, дарослыя сапраўды могуць у гэта верыць. І ў рэшце рэшт, можа аказацца, што яны маюць рацыю. А калі не — гэта не іх віна.

«Хлопча, хлопча, гэткія твае дурныя выбрыкі разаб’юць матчына сэрца!» Часта гэтае тыпова віктарыянскае ўскліканне спраўджваецца. Калі нехта з сям’і выпадае з хатняга кола і змяняе яго на нешта горшае — азартныя гульні, п’янкі, заляцанкі з дзявіцамі ў кабарэ, — гэта глыбока раніць пачуццё прыязнасці. На жаль, з роўнымі шанцамі матчына сэрца разаб’ецца і тады, калі «ўцякач» падымецца вышэй за сямейны ўклад і этас. Кансерватыўная ўчэпістасць прыязнасці — двухбаковы медаль. Яна можа стацца хатнім аналагам той самазабойчай сістэмы адукацыі, знанай у нацыянальных межах, калі таленавітаму дзіцяці не даюць развівацца, бо яно «пакрыўдзіць» абібокаў і тупіцаў, «недэмакратычна» заняўшы вышэйшую пазіцыю, чым яны.

Усе гэтыя скажоныя формы прыязнасці звязаныя з любоўю-патрэбай. Але прыязнасць, якая з’яўляецца формаю любові-дару, таксама можа сказіцца.

Я ўзгадваю пані Нэрві, якая памерла некалькі месяцаў таму. Проста дзіва, як ажывілася яе сям’я з таго часу. Муж ужо не глядзіць скоса, а часам нават смяецца. Малодшы сын, якога я заўсёды лічыў зласлівым і наравістым, аказаўся зусім нядрэнным хлопцам. Старэйшы, які прыходзіў дамоў толькі спаць, цяпер амаль не выходзіць з хаты і заняўся садовымі справамі. Дачка, якую заўсёды называлі «кволаю» (хоць я так і не даведаўся, у чым дакладна была праблема), цяпер займаецца конным спортам, цэлымі начамі танчыць ды ўволю гуляе ў тэніс. Нават сабака, якога выпускалі з хаты толькі на павадку, цяпер лётае па вуліцы і з’яўляецца знанаю «асобаю» сярод іншых сабакаў у тамтэйшым клубе «Ля ліхтара».

Пані Нэрві вельмі часта казала, што жыве дзеля сваёй сям’і. Так і было. Усё наваколле пра гэта ведала. Казалі: «Яна жыве дзеля сям’і. Якая жонка! Якая маці!». Яна мыла ўсё адзенне і бялізну сваімі рукамі і рабіла гэта дрэнна, хоць сям’я магла дазволіць сабе аддаваць усё ў пральню і часта прасіла пані Нэрві кінуць гэтую справу. Але яна рабіла ўсё сама. Гарачыя абед і вячэра заўжды чакалі кожнага, нават у разгар лета. Яе ўмольвалі гэтага не рабіць. Амаль са слязьмі на вачах сямейнікі даказвалі гаспадыні, што яны любяць есці халоднае. Не дапамагала. Яна жыла дзеля сваёй сям’і. Пані Нэрві заўжды чувала, калі нехта прыходзіў позна ўначы: другая гадзіна ці трэцяя — без розніцы. У хаце, нібы маўклівае абвінавачванне, вас чакала жанчына з хваравітым, бледным, змучаным тварам. А гэта, зразумела, азначала, што дзеля захавання прыстойнасці вы будзеце бавіць вечары дома. Яна без канца нешта майстравала рукамі і сама сябе лічыла (гэта не маё меркаванне) дасканалым краўцом-самавукам і выдатнай вязальшчыцай. І, зразумела, толькі бессардэчная скаціна магла б адмовіцца насіць тое, што яна вырабляла. (Пробашч распавёў мне, што пасля смерці пані Нэрві яе сям’я аддала больш рэчаў на «дабрачынную латарэю», чым уся парафія разам.) А як яна клапацілася пра здароўе сям’і! Яна адна несла на сабе цяжар доччынай «кволасці». Доктар — стары сябра сям’і — займаўся дзяўчынаю не ў межах звычайнай лекавай практыкі, і яму не дазвалялі абмяркоўваць справы з пацыенткаю. Пасля кароткага агляду маці забірала яго ў іншы пакой, бо нашто дзяўчыне гэтыя клопаты, нашто ёй хвалявацца пра сваё здароўе? Толькі любоў і апека, пяшчота, спецыяльная дыета, жудасныя напоі для тонусу і сняданак у ложак. Бо пані Нэрві, як сама яна часта казала, была гатовая «да апошняй кроплі крыві» працаваць на карысць сваёй сям’і. Ніхто не мог яе спыніць. Сямейнікі — сумленныя людзі — не маглі таксама і глядзець, як гаспадыня завіхаецца адна. Яны мусілі дапамагаць. Яны заўжды мусілі працаваць з ёю разам і такім чынам рабілі працу, дапамагаючы ёй рабіць дзеля іх працу, ім не патрэбную. А дарагі сабачка быў для пані Нэрві, па яе ўласных словах, «такім самым дзіцяткам, як іншыя». І яна прыкладала ўсе высілкі, каб сапраўды зрабіць жывёліну да іх падобнаю. Але сабака лепш за іншых даваў сабе рады, яго не турбавалі згрызоты сумлення. І хоць кожную хвіліну жыцця яго даглядалі, лекавалі і адпаведна кармілі, гадаванец вынаходзіў спосабы збегчы на сметнік або да суседскага сабакі.

Пробашч кажа, што цяпер пані Нэрві спачыла ў супакоі. Будзем спадзявацца, што гэта так. Яе сям’я то дакладна атрымала спакой.

Пераклад з англійскай мовы
Юліі Шэдзько.

Паводле: «The Four Loves»,
C. S. Lewis, 1958.

Працяг будзе.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY