|
|
|
№
2(68)/2014
Жыццё Касцёла
Духоўная спадчына
Постаці
Літаратурная спадчына
У кантэксце Бібліі
Sanctorum opera
Пераклады
Паэзія
Духоўныя вершы
Папытай у кнігарні
Рымскія святыні
Нашы святыні
Мастацтва
Фальклорная спадчына
На кніжнай паліцы
Па родным краі
Галерэя
|
Маленькі пакой драўлянага дома. З яго — уваход у сумежны, яшчэ меншы, пайкойчык. Абодва застаўленыя нейкаю дапатопнаю апаратураю: праектар для 8-міліметровай кінастужкі, два старыя магнітафоны, мікрафон на стойцы... На стале — рулоны стужкі (вялікія і маленькія), на вялікіх і маленькіх бабінах, аматарская кінакамера «Кварц», пад сталом — штатыў. У невялікім калідорчыку, які нагадваў кухню, стаяць вёдры, напоўненыя вадою, нейкія начоўкі, відавочна, для праяўкі здымкаў або кінаматэрыялу. Паміж гэтымі прадметамі басанож хутка рухаецца малады, гадоў сарака, мужчына. Уключае ў іншым пакоі праектар, які дае адбітак на прасціну, замацаваную на сцяне. Вокамгненна ляціць да магнітафона — уключае словы, музыку і мікрафон. Ідзе запіс гуку, звядзенне гукавых стужак да фільма. Усё павінна адбывацца сінхронна, як у сапраўдным кіно. Не павінна быць пабочнага шуму, таму яго рухі бясшумныя. Тое, што адбываецца ў пакоях, нагадвае нейкую магію. Мужчыну завуць Казімір Свёнтэк. 60-я... Ён — святар, які не так даўно пачаў служыць у пінскім касцёле пасля вяртання з лагера, дзе адпакутаваў 10 гадоў як «варожы элемент» савецкай улады. Амаль ніхто з парафіянаў не ведае пра вялікае захапленне гэтага святара кінематографам і здымкамі роднага Палесся...
Я даведаўся пра ксяндза Казіміра Свёнтка зусім выпадкова, калі здымачная група «Беларусьфільма» на пачатку 80-х працавала над стужкаю аб праблемах меліярацыі Палесся. Мы проста зайшлі ў пінскі касцёл, які знаходзіўся побач з гасцініцаю, і ўбачылі экскурсію, якую вёў чалавек сталага ўзросту. Мы былі моцна ўражаныя яго веданнем архітэктуры, гісторыі касцёла, дасведчанасцю ў пытаннях рэстаўрацыі, яго адносінамі да савецкай улады, якую ён адкрыта асуджаў за тое, што яна зрабіла з рэлігіяй, касцёламі і людзьмі, абрынуўшы іх у поўную бездухоўнасць. Словы святара былі вельмі смелымі для таго часу — пачатку 80-х гадоў... Пасля таго выпадку маё жыццё пачало неяк дзіўна перасякацца з жыццём Казіміра Янавіча (гэтак мы, па атэістычным няведанні, звярталіся да яго некалькі гадоў). Я шмат распавядаў і пісаў пра тое, як мы вырашылі здымаць фільм ужо пра кардынала Казіміра Свёнтка, як доўгі час, маючы горкі вопыт ГУЛАГу, ён не падпускаў мяне да сябе і як ён усё ж паверыў у мае шчырыя памкненні зрабіць фільм пра гісторыю, ганенні і адраджэнне Касцёла ў Беларусі. За гэтым стаялі гады стварэння чатырох дакументальных фільмаў: «Mater Misericordiae» («Маці Міласэрнасці»), «Вяртанне», «Канікулы кардынала», «Сведка веры». Гэта фільмы пра пастыра Касцёла ў Беларусі, пра яго вялікі ўнёсак у адраджэнне Касцёла, пра веру, якая моцна трымала ксяндза Казіміра і дзякуючы якой ён выжыў. Гэта фільмы пра тое, як у яго паверыў Папа Рымскі Ян Павел ІІ, прызначыўшы, нягледзячы на ўзрост, біскупам, пасля — арцыбіскупам, а затым узняўшы да годнасці кардынала. ...У тыя гады я вельмі шмат думаў пра ўсё, што бачыў і пра ўсё, аб чым даведваўся. Жыццё гэтага чалавека, яго пакутніцкія выпрабаванні, непахісная вера не маглі не ўплываць і на мяне. Я прыняў сакрамэнт хросту, і гэта яшчэ больш нас зблізіла. Паміж намі ніколі не было нават намёку на нейкае панібрацтва — я адносіўся да яго з вялікім піетэтам і глыбокаю пашанаю (нават хваляваўся, калі ён звяртаўся да мяне). Кардынал стаў звяртацца да мяне часцей, бо ўбачыў ува мне прафесіянала. Трэба сказаць, што ён увогуле адносіўся да прафесіяналаў у любой сферы дзейнасці з вялікаю павагаю. Аднойчы Яго Эмінэнцыя запрасіў мяне ў свой вельмі сціплы дамок у Пінску, па вуліцы Шаўчэнкі, 12. Для мяне той вечар стаў вялікім адкрыццём. Кардынал паклаў перада мною каля двух дзясяткаў касетаў VHS, на вокладках якіх я ўбачыў назвы фільмаў і яго прозвішча. Гэта былі яго фільмы — дакументальныя фільмы кардынала Казіміра Свёнтка!
Яго Эмінэнцыя растлумачыў, што ў маладосці ён шмат здымаў на 8-міліметровую камеру. Фільмы былі на дзвюх стужках: выява — на адной, а на другой, магнітнай, зведзены гук (дыктарскі тэкст, музыка і гукі прыроды). Пасля гукавыя стужкі кудысьці зніклі, і яго знаёмыя з Польшчы перавялі ўсе стужкі на касеты VHS, даўшы ў якасці гукавога афармлення музыку (гэтыя гукавыя касеты пазней знайшліся. Кардынал тады запытаўся ў мяне, ці можна вярнуць усё, спалучыўшы цяпер ужо на касетах адзнятае і арыгінальны гук? «Можна», — адказаў я. Тады Яго Эмінэнцыя папрасіў зра-біць новыя вокладкі для касетаў, замяніўшы надпіс «кардынал Казімір Свёнтэк» на «ксёндз Казімір Свёнтэк». «У той час я быў ксяндзом, таму гэта будзе больш правільна і дакладна», — сказаў ён мне. Прызнаюся, я не верыў сваім вачам, не верыў таму, што ляжала перада мною! Але гэта было яшчэ не ўсё... — Можа, вось гэтыя запісы дапамогуць Вам у працы? — прамовіў ён, дастаючы са стала нешта падобнае да агульнага сшытка. У кардоннай вокладцы ляжалі лісты, надрукаваныя на машынцы. Гэта былі мантажныя лісты фільмаў. Той, хто займаецца здымкаю фільмаў, разумее, што гэта такое, — такія дакументы існуюць у прафесійным кінематографе, яны неабходныя пры здачы фільма на студыі або працы з ім у архівах. Перада мною ў асобных падборках на кожны фільм ляжалі сцэнарыі, дыктарскі тэкст і вершы да фільма, падрабязнае апісанне музычнага суправаджэння з указаннем кампазітара і яго твора. І самае галоўнае — у канцы было падрабязнае, пахвіліннае і пакадравае апісанне кожнага плана з адпаведнымі месцам фільма тэкстамі і музыкаю (пачатак і канец). Пазначалася працягласць фільма і дата прэм’еры! З такімі дакументамі заўсёды існавала прафесійнае кіно. І гэта праца, шчыра кажучы, была вышэйшай ступенню працы прафесіянала. Я думаў, навошта гэта рабілася. І зразумеў, што малады ксёндз лічыў, што калі ён бярэцца за што-небудзь, то гэтае «што-небудзь», па магчымасці, павінна быць максімальна набліжана да прафесійнага. У адваротным выпадку — гэта проста забаўка, дылетанцтва. Я некалькі дзён не мог знайсці сабе месца пасля таго, калі праглядзеў гэтыя фільмы і праслухаў гукавыя касеты. Мала таго, што ксёндз Казімір сам напісаў дыктарскі тэкст, дык ён і сам яго чытаў — удумліва, пранікнёна, як сапраўдны акцёр. Для мяне гэта было адкрыццё новага чалавека. Ці мог я падумаць у першыя гады нашага знаёмства, што ўнутры святара, які займае самую высокую ступень у іерархіі Касцёла ў Беларусі, прымае няпростыя рашэнні, часам жорсткага і непахіснага ў адносінах з уладамі, жыве мяккі, лагодны чалавек, які мае такое асаблівае замілаванне да прыроды, так захапляецца сваім родным Палессем! Аднойчы я бачыў яго ў Мосары, дзе знакаміты ксёндз Юзаф Булька стварыў дзівосны куточак, які нездарма цяпер называюць беларускім Версалем. Я бачыў, як кардынал з нейкім асаблівым пачуццём праходзіў па мосціках, перакінутых праз сажалкі з лілеямі. Ён спыняўся, углядаючыся ў адлюстраванне кветак, а каля блакітных елак і стромкіх туяў рабіў рух рукою, нібы пагладжваючы дрэўцы па вершалінах. Гэта было цудоўна! Кардынал Свёнтэк размаўляў з ксяндзом Юзафам як калега, які разумеў жыццё раслінаў і прыгажосць прыроды. ...Праз некалькі месяцаў, здымаючы апошняе з ім інтэрв’ю, я запытаўся, адкуль у яго такое надзвычай трапяткое пачуццё любові да прыроды. Яго Эмінэнцыя задумаўся, а пасля адказаў, што, мабыць, ад матулі, якая яшчэ ў дзяцінстве, у Сібіры, перадала яму гэтую любоў. Пра тое, як кардынал па-дзіцячы да канца жыцця любіў сваю матулю, якую заўсёды называў толькі на «Вы», можна пісаць і распавядаць бясконца, бо гэтак жа бясконца і бязмежна распаўсюджвалася яго любоў да самага дарагога яму чалавека. «Калі я быў маленькім хлапчуком, нам было цяжка ў Сібіры, асабліва ў маразы, але пачуццё любові да прыроды было прыроджаным. Улетку я збіраў кветкі і бег да мамы: „Мама, глядзі, якую кветачку я знайшоў!“. Мама адразу ставіла яе ў якуюнебудзь шклянку. Вось як гэта пачыналася! А пасля яшчэ адзін такі момант: мабыць, у цяжкія гады майго лёсу Божы Провід пакіраваў так, каб аддзячыць мне за тое, што я вытрываў, каб прынесці мне палёгку. Таму Ён і абудзіў ува мне пачуццё любові да прыроды, а каб гэта яшчэ дапоўніць — даў мне Палессе. Я назаўсёды быў прызначаны ў беларускае Палессе. І як увайшоў я ў гэту прыгажосць, дык ледзь не патануў там у ёй, у пінскіх балотах! Вось адкуль гэтыя здымкі, маё кіно, усе выезды з маім сабакам, гэтыя вечары і ночы ў стозе сена. Колькі я бачыў усходаў сонца! У мяне на сёння яшчэ не выкарыстаныя тры цудоўныя і прыгожыя тэмы: 1. Кантрасты. Нараджаецца дзіця, яно маленькае, пасля расце, і вось ужо чалавек з барадою. 2. Маленькае шчаня ператвараецца ў вялікага сабаку. 3. Празрыстае неба і бура. Колькі камбінацый... Калі зрабіць гэтыя фільмы, было б цудоўна! Колькі існуе магчымасцяў убачыць прыгажосць, на якую ніхто не звяртае ўвагі!»
Кардынал Казімір Свёнтэк быў вялікі філосаф... У той жа вечар я запытаўся ў яго: «А ці павінен кожны святар гэтак жа, як Вы, ставіцца да прыгажосці, да прыроды?». Я запытаўся аўтаматычна і адразу пашкадаваў, бо пытанне было не вельмі карэктнае. Але кардынал адказаў на яго: «Безумоўна, дастаткова, калі ён мае добрыя навуковыя, тэалагічныя, філасофскія веды, калі ён выконвае свае абавязкі, але калі ў яго ёсць толькі гэта, то будзе нецікава. Галоўнае, каб была любоў да Бога і бліжняга. Але добра было б упрыгожыць святарства, каб не было толькі стаяння на каленях і малітвы. Чаму разам з гэтым не несці радасці жыцця, не бачыць навакольнага свету? Убогія і бедныя такія святары, хоць я не веру, што ёсць такія, хто не заўважае гэтай прыгажосці. Усе заўважаюць, але, можа, некаторыя з іх не вельмі імкнуцца рэалізаваць свае назіранні. Мабыць, ім не хапае часу. Гэта не гаворыць пра тое, што святар не хоча. Не! Значыць, няма магчымасці, недастаткова таленту, каб расказаць пра гэта. Але затое ён умее прыгожа прамаўляць, гаворыць добрыя казанні. Гэта ж цудоўна!» Праз некалькі месяцаў пасля гэтага інтэрв’ю я звярнуўся да Яго Эмінэнцыі з просьбаю, якой ён зусім не чакаў. Як старшыня Міжнароднага каталіцкага фестывалю дакументальных фільмаў і тэлепраграм я хацеў, каб наш чарговы фестываль распачаўся адным з фільмаў кардынала. Ён катэгарычна забараніў мне гэта. Я разумеў яго матывы: ён не пераносіў рэкламы, не любіў пампезнасці, нясціпласці і, як я ўжо казаў, дылетанцтва. Колькі мне трэба было прыкласці намаганняў, каб запэўніць Яго Эмінэнцыю ў тым, што яго фільмы, хоць яны і былі фармальна аматарскімі, сведчылі пра прафесіяналізм аўтара! Я пераконваў яго, што гэтыя фільмы маглі б стаць яскравым прыкладам таго, якім яшчэ павінен быць святар. У мяне была няпростая задача... І аднойчы кардынал сказаў мне: «Добра. Пакажыце адзін фільм. Але не павінна быць капіяванняў і тыражыраванняў. Прасачыце за гэтым асабіста». Фільм кардынала меў грандыёзны поспех! Ён стаў для ўсіх (і для нашых святароў у тым ліку) не толькі нечаканасцю, але і адкрыццём. Там, у цёмнай зале, падчас праекцыі я ўпэўніўся ў тым, што ў нашым «серыяле» пра кардынала Казіміра Свёнтка не хапае фільма пра кардынала-чалавека, простага чалавека вялікай культуры, пра таленавітага чалавека не толькі ў святарстве, але і ва ўнутраным вельмі тонкім адчуванні ўсяго жывога Божага стварэння. Не хапае фільма пра нашага калегу — кардынала-кінематаграфіста. І сёння я імкнуся запоўніць гэты прабел — імкнуся быць вартым таго, хто даў мне шлях у новае духоўнае і прафесійнае жыццё.
Гл. таксама:
|
|
|
|