Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(68)/2014
Жыццё Касцёла

СВЯТЫЯ НАШАГА ЧАСУ
Духоўная спадчына
Постаці

АПОШНЯЯ СУСТРЭЧА
Літаратурная спадчына

ПЕСНІ ПАБОЖНЫЯ
У кантэксце Бібліі

КАМЕННЫЯ СТЭЛЫ
Sanctorum opera
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Паэзія
Духоўныя вершы

АГОНЬ НАТХНЕННЯ
Папытай у кнігарні

ФІЛАСОФІЯ ЖЫЦЦЯ

ПРАВІНЦЫЯ — ГЭТА ЛЁС...
Рымскія святыні
Нашы святыні
Мастацтва

ВЯРНУЦЬ ПАМЯЦЬ

УЗМЁНСКАЯ БАГАРОДЗІЦА
Фальклорная спадчына

«НАШ КАСЦЮШКА СЛАЎНЫ!»
На кніжнай паліцы
Па родным краі
Галерэя

Пшэмыслаў БАСІНЬСКІ

У СЛУЖЭННІ ПРЫГАЖОСЦІ

Караль Вайтыла пра мастацтва і людзей мастацтва

«Праз цябе струменіць прыгажосць,
але сам ты не ёсць прыгажосцю».

Зыгмунт Красіньскі,
«Не-боская камедыя»

Ян Павел ІІ быў сябрам людзей мастацтва і ахвотна сустракаўся з імі. Ён мог і пакрытыкаваць, аднак добра ведаў, з якімі праблемамі сутыкаецца кожны творца. У маладосці ён сам спрабаваў сябе ў ролі літаратара і акцёра, і гэта давала падставы думаць, што ў будучыні ён стане прафесійным артыстам.

Караль Вайтыла не стаў ім, выбраўшы святарства, але як святар добра бачыў найважнейшую і найцяжэйшую задачу, якая стаіць перад кожным творцам, — выпрабаванне сумлення.

Чытаючы ягоны ліст да людзей мастацтва, напісаны ў 1999 годзе, мы можам падзівіцца чуласці і пашане, з якімі Ян Павел ІІ звяртаецца да творцаў: «Грамадству патрэбныя творчыя людзі, <...> задача якіх — узрастанне чалавека і развіццё грамадства праз тую ўзнёслую форму мастацтва, якая называецца “мастацтвам выхавання”. У шырокай панараме культуры кожнага народа людзі мастацтва займаюць сваё месца. Калі, ідучы за голасам натхнення, яны ствараюць сапраўды вартасныя і прыгожыя працы, тады яны не толькі робяць унёсак у багацце культурнай спадчыны народа і ўсяго чалавецтва, але і спаўняюць неацэннае грамадскае служэнне дзеля агульнага дабра. <...> Чалавек мастацтва, які ўсведамляе ўсё гэта, ведае таксама, што павінен працаваць, кіруючыся не імкненнем да пустой славы або жаданнем таннай папулярнасці, і тым больш не спадзеючыся на ўласныя выгоды. Таму існуе пэўная этыка або прасцей “духоўнасць” мастацкага служэння, якое ўдзельнічае ў жыцці і адраджэнні кожнага народа. Здаецца, менавіта гэта мае на ўвазе Цыпрыян Норвід, пішучы: “Прыгажосць існуе, каб нас захапляла, да працы — праца, каб з мёртвых паўстала”».

Ліст да людзей мастацтва выклікаў вялікую цікавасць у асяродку творцаў, якія з пашанаю гавораць пра яго значэнне для сваёй працы. Аднак нямногіх ён натхніў на рэфлексіі над сабою і над тым нядобрым, што адбываецца ў мастацтве. Сёння, калі грамадства ўсё часцей сутыкаецца з інфармацыяй пра скандальныя паводзіны людзей мастацтва, варта ўзгадаць забытыя рэкалекцыі біскупа Караля Вайтылы, якія адбыліся ў 1962 годзе. Тэкст захаваўся ў машынапіснай форме ў архіве Яна Паўла ІІ і ў 2011 годзе быў апублікаваны пад назваю «Евангелле і мастацтва». Гэтае чытанне здзіўляе сваёй актуальнасцю і радыкалізмам.

 

Талент — гэта дар

Цытата, выбраная ў якасці галоўнага дэвізу велікапосных рэкалекцый, была ўзятая не з Евангелля. Гэта радкі з «Не-боскай камедыі» Зыгмунта Красіньскага: «Праз цябе струменіць прыгажосць, але сам ты не ёсць прыгажосцю».

Сучасны чалавек мастацтва — знакамітасць — мог бы палічыць гэта асабістаю знявагаю, бо ў яго разуменні ніхто не мае права абмяжоўваць яго маральнай сферы, апроч яго самога. Акрамя гэтага, прыгажосць у сучасным свеце лічыцца банальнасцю і анахранізмам — значна цікавейшыя брыдота і зло. Караль Вайтыла бачыў гэтыя схільнасці і спакусы, якія выпрабоўваюць чалавека мастацтва. І выказваўся на гэты конт радыкальна: нельга займацца мастацтвам, адкідаючы законы маралі, хрысціянскай маралі. «Перад Богам чалавека — нават самага вялікага творцу — не апраўдаюць ніякія яго справы. Усё вырашае і вызначае тая асноўная справа, якою з’яўляюся я сам. Што я зрабіў з сябе? І што зрабіў з сабою?» Для Вайтылы мастацтва — гэта дар ласкі. Яно нясе ў сабе пазнаку прыгажосці, але не з’яўляецца ёю. Прыгажосцю ёсць адзін Бог, і ў Ім знаходзіцца найбагацейшая і невычэрпная крыніца мастацкага натхнення. Але нашмат больш Бог патрэбны творцы як чалавеку, каб ён не спыняўся канчаткова на тым прыгожым, што стварае сам, каб яго ўласныя творы не сталі яго боствамі. Абагавіць сябе самога — гэта заўсёды вялікая і трагічная спакуса. А сродкі масавай інфармацыі моцна распаўсюджваюць культ знакамітасцяў. Кожны з нас — толькі вобраз, падабенства Бога. Талент — няпросты дар, за які плацяць усім сваім жыццём. Але найбольшы талент, якім валодае кожны чалавек, — гэта яго чалавечнасць. Чаму так? Таму што за яе заплаціў сам Бог.

Чалавек мастацтва павінен адказаць сабе на пытанне: «Ці дапамагае мая творчасць у развіцці маёй чалавечнасці, ці, наадварот, перашкаджае?»

 

Грахі людзей мастацтва

Караль Вайтыла гаворыць, што чалавек мастацтва можа знайсці адказ на гэтае пытанне толькі ва ўласным маральным усведамленні. Для таго, каб сумленне магло паспяхова весці чалавека па жыцці, яно павінна быць упарадкавана Евангеллем, Дэкалогам і васьмю благаслаўленнямі з казання на гары. Большасць людзей ведаюць Дэкалог, то бок, забароны. Але нямногія могуць пералічыць благаслаўленні, то бок, наказы. А менавіта яны надаюць маралі глыбіню і сталасць. Яны натхняюць на тое, што з’яўляецца мэтаю жыцця кожнага чалавека паводле Евангелля, — на дасканаласць і служэнне. Гэтага немагчыма дасягнуць, жывучы паводле правіла маральнага мінімалізму, кіруючыся толькі забаронамі. Часта здараецца, што чалавек мае вельмі чулую і развітую эстэтычную і артыстычную натуру, але мараль знаходзіцца ў стане зачатку. Такая дыспрапорцыя выклікае непаразуменні і ўнутраную дысгармонію. Творца павінен мець унутраную гармонію, упарадкаванасць. Артыстычнае развіццё заўжды павінна быць звязанае з маральным. Варта ўзгадаць, што СМІ найчасцей цікавяцца тымі людзьмі мастацтва, якіх характарызуюць унутраная дысгармонія і маральныя праблемы, і радзей людзьмі чыстага жыцця, бо яно лічыцца недахопам, а не цнотаю. У сваіх рэкалекцыйных запісах 1962 г. Караль Вайтыла без ваганняў пералічыў шырока распаўсюджаныя ў артыстычным асяродку грахі. Лянота — недахоп высілкаў, каб здабываць з сябе творчыя якасці. Зайздрасць — жаданне абмежаваць чужое дабро. Пыха і пачуццёвасць — небяспечнае супраціўленне Богу. Ён супрацьпастаўляе ім пакору, якая знаходзіць сваё найвышэйшае праяўленне ў сакрамэнце паяднання. У якасці прыкладу Вайтыла згадвае прыпавесць пра марнатраўнага сына. Ведаючы, Хто ёсць Той, перад кім мы вызнаем нашыя грахі, мы лягчэй усведамляем сябе ў вобразе марнатраўнага сына. Як хрысціяне мы верым, што адпушчэнне грахоў узвышае і аднаўляе нас. Гэта стала магчымым толькі дзякуючы пакутам і смерці Хрыста. На працягу Вялікага тыдня Касцёл чытае чатыры апісанні Мукі Пана Езуса, каб сцішыцца і прымусіць сябе паразважаць над тым, кім для нас ёсць Бог. Кожны дзень мы жывем у напружанні, выбіраючы паміж тым, каб прыняць Бога або адкінуць Яго. Мы ведаем, што Бог таксама можа прыняць або адкінуць чалавека. Драма, якая адбываецца ў глыбіні чалавечай душы, не ўплывае на нашыя рэлігійныя погляды. Звычайна мы лічым яе чалавечаю з’яваю, указаннем на тое, у што мы павінны верыць і што павінны рабіць. Гэта вельмі непрадбачліва і аслабляе ў нас моц рэлігіі. Мы бачым толькі, што «павінны» верыць, але не ўсведамляем, што гэтае «павінны» знаходзіцца ў самым кан-цы, а на пачатку знаходзіцца вялікая Божая любоў, якая гэтак жа, як бацька да марнатраўнага сына, выйшла і працягвае ісці насустрач чалавеку.

 

Усё з’яўляецца малітваю

Ян Павел ІІ ва ўзгаданых тут рэкалекцыях падкрэсліваў і вучыў, што евангельская гісторыя працягваецца. Яна не завяршылася на крыжы, а няспынна трывае ў Камуніі, у якой да нас прыходзіць Хрыстус. Цалкам зразумець рэлігію можна толькі вачыма Бога, а хрысціянства — толькі праз малітву. Хрыстус сказаў: трэба заўжды, ніколі не перастаючы, маліцца. У дачыненні да людзей мастацтва гэтае патрабаванне здаецца як мінімум нерэальным для выканання. Біскуп Караль Вайтыла цудоўна пра гэта ведаў. Але без збянтэжанасці казаў, што, калі добра падумаць над гэтым, можна сказаць, што ўсё з’яўляецца малітваю. Моліцца прырода, моляцца справы чалавечых рук. <...> У нашым жыцці няма такога занятку, высілку, які нельга было б учыніць малітвай. І гэта з’яўляецца ўвасабленнем хрысціянскай сталасці, якая выяўляе сталасць малітвы не як маналогу, а як дыялогу з Богам. І няхай нашыя інтэнцыі і пастановы вельмі нерашучыя, няхай мы не верым у іх плённасць — малітва надасць ім сталасць і спаўняльнасць. Не трэба шматслоўнасці. Дастаткова словаў сотніка, за якім мы паўтараем падчас святой Камуніі: «Пане, я не варты, каб Ты ўвайшоў да мяне. Але скажы толькі слова, і будзе аздароўлена душа мая». Невядома, як змянілася жыццё ўдзельнікаў велікапосных рэкалекцый для людзей мастацтва ў Кракаве 1962 года пад уплывам тых праўдаў, якія яны пачулі пра сябе. Караль Вайтыла вярнуўся да гэтай тэмы толькі праз 37 гадоў як папа Ян Павел ІІ у лісце, скіраваным да людзей мастацтва.

 

Мастацтва і Евангелле

У гэтым лісце ўжо не цытаваўся Красіньскі, але засталася думка пра непарыўную сувязь Евангелля і мастацтва: «<...> Сапраўды, рэлігійная тэма — найбольш папулярная ў людзей мастацтва кожнай эпохі. Касцёл заўжды звяртаўся да іх творчых здольнасцяў, каб тлумачыць евангельскае пасланне і паказваць яго канкрэтнае дастасаванне ў жыцці хрысціянскай супольнасці. Гэтае супрацоўніцтва стала крыніцаю ўзаемнага духоўнага ўзбагачэння. Несумненна, дзякуючы гэтаму мы сталі лепш разумець чалавека, яго сапраўдную прыроду, яго сутнасць. Стала відавочнаю асаблівая сувязь паміж мастацтвам і хрысціянскім аб’яўленнем. Гэта не значыць, што чалавечы геній не знайшоў моцных імпульсаў у іншых рэлігійных сферах. Дастаткова ўзгадаць антычнае мастацтва, асабліва Грэцыі і Рыма, або квітнеючыя і дагэтуль старажытныя цывілізацыі Усходу. Аднак застаецца факт, што хрысціянства, дзякуючы праўдзе аб Уцелаўленні Божага слова, якая стаіць у яго цэнтры, адкрывае перад чалавекам мастацтва надзвычай багатую скарбніцу натхнення. Наколькі б бяднейшым было мастацтва, аддаліўшыся ад невычэрпнай крыніцы Евангелля!» Ліст Папы быў успрыняты як заахвочванне да дыялогу паміж Касцёлам і мастацтвам. Няшмат творчых людзей зразумела, што справа ў нечым большым, чым у прыязным жэсце ў адносінах да творцаў. Можна пераканацца ў гэтым, чытаючы кнігу «Ян Павел ІІ да людзей мастацтва. Людзі мастацтва да Яна Паўла ІІ». Большасць гаворыць пра свае асабістыя паразы і поспехі, не выходзячы за межы праблемаў эстэтыкі. Сярод тых, хто не ўвайшоў у гэты шэраг, акцёры Ежы Кішкіс і Тадэвуш Маляк. Кішкіс задае сучаснаму чалавеку мастацтва пытанні, падобныя да рахунку сумлення: «Ці ўсведамляеш ты сувязь паміж сваімі мастацкімі здольнасцямі, якія выўляюцца ў працоўнай майстэрні, і сваім жыццём, яго маральнасцю? Сваёю творчасцю ты сведчыш пра сябе самога, адкрываеш сябе, паказваеш сваю ўнутраную прыгажосць (або брыдоту!), адкрываеш (або закрываеш) шлях да праўды і дабра, шлях, які вядзе ўглыб таямніцы ўцелаўлёнага Бога і адначасова таямніцы чалавека, даеш надзею або пазбаўляеш яе, паказваючы толькі бессэнсоўнасць і бруд жыцця, брутальнасць і дэвіяцыю — маргінальнасць, якой надаецца статус асноўнага стылю жыцця. Ці спрабуеш ты ўбачыць сваю творчасць у катэгорыях абавязкаў, служэння і адказнасці? Або кіруешся толькі імкненнем да ўласнай славы, прагаю таннай папулярнасці і надзеяй на ўласную карысць, нават за кошт саступак супраць патрэбаў сумлення?» Гэтак жа кажа і Тадэвуш Маляк: «Мы бачым вакол шмат прыкладаў, якія дэмаралізуюць акт творчасці, нішчаць дабро. Дрэнны прыклад памяншае дабро ў чалавеку, абясцэньвае яго высілкі, чыніць і творцу і ўспрымальніка яго творчасці бездухоўным спажывальнікам танных забаваў».

 

Дэмаралізацыя мастацтва

За гэта адказныя не толькі людзі мастацтва, але і тыя, хто стварае прастору для мастацтва: кіраўнікі тэатраў, тэле- і радыёканалаў, прадзюсары эстрады. Але перадусім — спажыўцы мастацтва, якія ўсё больш зніжаюць свае патрабаванні. Гэта сведчыць пра новую сітуацыю, у якой мы апынуліся. Не толькі творчыя людзі нясуць адказнасць за дэмаралізацыю мастацтва. Мы назіраем за шырокай дзейнасцю кіраўнікоў, якія прапагандуюць так званую творчасць, абапертую на блюзнерства і нападкі на хрысціянства. Часта пад назваю «твора мастацтва» выстаўляюцца рэчы, якія абражаюць рэлігійныя пачуцці, часцей за ўсё — католікаў. Гэтаму спрыяе палітыка грантаў дзяржаўных і незалежных арганізацый, якая падтрымлівае псеўдасучасныя праекты, што б’юць у патрыятызм і рэлігійнасць, ставячыся да іх як да грамадскай паталогіі. Пад выглядам змагання з названымі «паталогіямі» на сцэне, у выставачных залах, кінатэатрах паказваюць нявартыя рэчы. З літаратурнага канону выдаляюцца творы пісьменнікаў, якія з’яўляюцца трывалым падмуркам літаратуры. Высокую культуру прымушаюць прапагандаваць сябе спосабамі, тыповымі для звычайных забавак і субкультураў. Усё гэта вядзе да знішчэння нацыянальнай супольнасці. Што робяць у гэткай сітуацыі людзі мастацтва? Адны адважваюцца скідаць з сябе навязаную ім ролю, бо маюць вядомасць і могуць сабе гэта дазволіць. Менш знакамітыя апраўдваюць сябе тым, што задача творцы ў служэнні, і граюць у спектаклях, рэкламаваных як «эксперыментальныя» і «авангардныя». Усяго гэтага існуе ўжо так шмат, што сапраўдным авангардам магла б стаць добра пастаўленая класіка. <...> Усе з’яўляюцца закладнікамі антыхрысціянскай скандальнай моды, якая замяняе велічнае мастацтва на просценькае кабарэ. Караль Вайтыла не траціў надзеі на навяртанне людзей мастацтва, ведаючы, што, нягледзячы на заняпад мастацтва, Евангелле заўжды мацнейшае. І гэтая думка павінна дазволіць нам з надзеяй глядзець у будучыню, дзе шляхі людзей мастацтва і Касцёла ізноў перасякуцца, каб разам сведчыць пра існаванне прыгажосці, бясцэннага дару, які чалавек атрымаў ад Бога.

Пераклад з польскай мовы
Юліі Шэдзько.

Паводле матэрыялаў сайта
http://www.przewodnik-katolicki.pl


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY