Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(68)/2014
Жыццё Касцёла

СВЯТЫЯ НАШАГА ЧАСУ
Духоўная спадчына
Постаці

АПОШНЯЯ СУСТРЭЧА
Літаратурная спадчына

ПЕСНІ ПАБОЖНЫЯ
У кантэксце Бібліі

КАМЕННЫЯ СТЭЛЫ
Sanctorum opera
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Паэзія
Духоўныя вершы

АГОНЬ НАТХНЕННЯ
Папытай у кнігарні

ФІЛАСОФІЯ ЖЫЦЦЯ

ПРАВІНЦЫЯ — ГЭТА ЛЁС...
Рымскія святыні
Нашы святыні
Мастацтва

ВЯРНУЦЬ ПАМЯЦЬ

УЗМЁНСКАЯ БАГАРОДЗІЦА
Фальклорная спадчына

«НАШ КАСЦЮШКА СЛАЎНЫ!»
На кніжнай паліцы
Па родным краі
Галерэя

Сяржук СЫС

«ЛЮБЛЮ НАШ КРАЙ, СТАРОНКУ ГЭТУ...»

Фота Аляксандра Лойкі.

Старадаўні парк па-над стромкім берагам Сожа — візітная картка Гомеля. Некалі гэты маляўнічы куток горада з палацам Румянцавых-Паскевічаў лічыўся адным з найпрыгажэйшых на абшарах савецкай імперыі. Збольшага парк не страціў свайго хараства і зараз, хаця ў апошнія часы і ён не пазбег прыкрых зменаў, слядоў сучаснай эрзацкультуры, якая спехам ствараецца для масавага спажывання. Тым не меней, праходзячы лёгкімі масточкамі над глыбокімі ярамі, паглыбляючыся ў шаты ўнікальных векавых дрэваў, знаходзіш урэшце заспакаенне. І ахінае цябе ўсведамленне няспешнасці Яго вялікасці часу. Шолах лістоты над галавою ды ледзь чутны плёскат ракі недзе ўнізе — сугучныя асабістаму настрою, таму на іх амаль не звяртаеш увагі. Мудрая цішыня забірае цябе ў абдымкі, і не адразу слых рэагуе на гукі мелодыі, якія нечакана выплывуць з абакружжа ліпаў і дубоў. Гэта гадзіннік на высокай прамакутнай вежы Паскевічавага палаца нагадвае: час усё ж імкліва рухаецца некуды, можа нават сплываючы на поўдзень разам з цёмнаю сожскаю вадою.

Над паркам плывуць мілосныя гукі песні «Люблю наш край, старонку гэту…». Пранікнёныя і шчырыя словы напісаны адзінаццацігадовай Косткай, вядомай беларускай паэткай Канстанцыяй Буйло, яшчэ ў 1910 годзе. Але і дагэтуль, цягам, лічы, стагоддзя, уражваюць і кранаюць сучасніка радкі яе верша чысцінёй юнацкіх пачуццяў, светлым каханнем да роднай старонкі. Асабіста маё знаёмства з песняй, — а найперш (у адрозненне ад досведу многіх іншых аматараў паэзіі) была мелодыя, — адбылося вельмі даўно. Здаецца, пасля чацвёртага класа маці выпраўляла мяне ў піянерскі лагер у Клёнкі (месца адпачынку пад Гомлем). Тады да Клёнак зручна было дабірацца рачным цеплаходам. Памятаю, як зачаравана сядзеў на верхняй палубе і шырока расплюснутымі вачыма ўглядаўся ў высокі бераг Сожа, пазіраў на волаты-дрэвы, між якіх праглядвалі шыкоўныя палацавыя будынкі, казачная каплічка, высокі фарсісты комін старадаўняга цукровага завода. Якраз тады на імпэтнай прамакутнай вежы і азваліся для мяне ўпершыню гомельскія куранты; далёка, нават за рачным заломам, паплылі распеўныя і крыху самотныя гукі мелодыі. На той час і здагадацца было няможна, што песня гэтая так і застанецца са мною на доўгія гады: спачатку падчас вучобы ў мясцовым універсітэце, затым пазней, калі працаваў і жыў у Гомелі. А жыццё у гэтым «прыморска-курортным» (на думку прыезджых) горадзе немагчыма, у прынцыпе, без сустрэч з паркам, сустрэч з любімай мелодыяй.

Цікава, што куранты былі ўсталяваныя на вежы падчас валодання палацам святлейшым князем Фёдарам Паскевічам-Эрыванскім у сярэдзіне IХ стагоддзя. Не захавалася звестак пра тое, ці гучала штогадзінна тады нейкая мелодыя, а вось амаль увесь савецкі час механізм гадзінніка выводзіў мелодыю «Люблю наш край, старонку гэту...».

Да таго ж, спачатку з цікаўнасці, а затым сведама, па ўнутранай патрэбе, позна ўвечары я ўключаў транзістарны прыёмнік «Акіян-214», бегунок якога, на кароткахвалевай шкале, амаль нязменна спачываў на 31-м або 41-м метры. На вядомых многім частотах радыё «Свабода» штодзень гучалі і працягваюць гучаць славутыя пазыўныя: «Люблю наш край, старонку гэту...». Тут, у радыёэфіры, найчасцей і адбываюцца нашыя спатканні сёння.

Дарэчы будзе прыгадаць адзін выпадак. Сустрэў неяк у Гомелі на праспекце знаёмага, асобу з калятворчага асяродку. На дзяжурнае пытанне пра справы, між іншым, той раптам прызнаўся, што намерваецца стварыць песню-гімн пра Гомель. «Музыка ўжо ёсць, штогадзінна гучыць на палацавай вежы, што ў парку, засталося напісаць толькі тэкст», — паведаміў ён. Давялося распавесці земляку пра верш Канстанцыі Буйло, які з часам зрабіўся вядомай песняй. Сам жа задумаўся і з прыкрасцю прызнаўся сабе: дальбог, аўтара музыкі я ж і сам не ведаю. Тады, памятаю, і адшукаліся ва ўспамінах Буйло пад назвай «Гісторыя аднаго верша» словы паэткі аб тым, што музыка гэтай песні народная. Тыя яе словы ўвесь час тыражавалі і паўтаралі многія энцыклапедычныя і бібліяграфічныя выданні. Толькі значна пазней высветлілася, што гэты Косткін дыямент у дыхтоўную аправу з нотаў змясціў вядомы беларускі кампазітар Мікола Равенскі. Гэты таленавіты музыка з’яўляецца, дарэчы, аўтарам му́зыкі і да верша Наталлі Арсенневай «Магутны Божа», і да Багдановічавых «Слуцкіх ткачых», «Пагоні», і да словаў многіх іншых беларускіх творцаў. Але ж ці магла ведаць свайго кампазітара паэтка, якую лёс яшчэ зусім маладзенькай закінуў у Маскву, у замужжа, а сам Равенскі вымушаны быў эміграваць у Германію, а затым у Бельгію, дзе неўзабаве і знайшоў спачын у тамтэйшым гарадку Лювене. Толькі праз 12 гадоў пасля стварэння Канстанцыяй Буйло гэтага хрэстаматыйнага твора песня была надрукаваная ў «Зборніку песняў з нотамі». А яшчэ ў гонар Міколы Равенскага ў Магілёве праводзіцца фестываль «Магутны Божа», аўтарытэтны ў Еўропе конкурс выканаўцаў класічнай і сучаснай прафесійнай хрысціянскай музыкі.

...Больш за стагоддзе вершу, які стаўся для беларусаў усяго свету ўвасабленнем свабоды, веры і кахання. І як хораша, што кожны дзень гучыць мелодыя гэтае чароўнае песні над Гомлем! Прабачце, гучала да нядаўнага часу. Два гады таму, падчас здымкаў дакументальнага фільма пра паэта Анатоля Сыса («Сыс пра Сыса»), разам са здымачнай групай беластоцкіх беларусаў мы апынуліся ў гомельскім парку. Я прапанаваў тады рэжысёру Міколу Ваўранюку пачакаць паўгадзінкі, каб паслухаць чароўную мелодыю Міколы Равенскага. Праз некаторы час зварухнуўся гадзіннік на палацавай вежы — і загучаў над Сожам… нейкі ўрачысты марш. Вось так, скарыстаўшыся вялікай рэканструкцыяй, мясцовыя чыноўнікі змянілі чароўную беларускую мелодыю на папуры з песняў часоў баявых паходаў фельдмаршала Івана Паскевіча. Але вось жа якое дзіўнае здарэнне напаткала адрэстаўраваны гадзіннік! Мінулым летам падчас вялікай навальніцы ў вежу трапіла маланка і дасканалае электроннае начынне не вытрывала: стрэлкі гадзінніка надоўга спыніліся.

Аднак засталася памяць, і зрэдчас, калі наведваю гомельскі парк, мне ўсё адно чуецца, як скрозь перашэпты дрэваў і шматгалосы спеў птушак гучыць мелодыя песні «Люблю наш край, старонку гэту…». Тады я прасякаюся верай, што несмяротны сімбіёз Канстанцыі Буйло і кампазітара, творчасць якога так доўга была забытай на Бацькаўшчыне, Міколы Равенскага, абавязкова некалі пацешыць слых беларусаў. Мы гэтага яшчэ вартыя!


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY