|
|
|
№
2(68)/2014
Жыццё Касцёла
Духоўная спадчына
Постаці
Літаратурная спадчына
У кантэксце Бібліі
Sanctorum opera
Пераклады
Паэзія
Духоўныя вершы
Папытай у кнігарні
Рымскія святыні
Нашы святыні
Мастацтва
Фальклорная спадчына
На кніжнай паліцы
Па родным краі
Галерэя
|
Ганна ШАЎЧЭНКА
«З ВЕРАЙ, НАДЗЕЯЙ, ЛЮБОЎЮ ТВАЁЮ»
Францішак Карпінскі як аўтар
«Паэт сэрца» — так называюць Францішка Карпінскага амаль усе аўтары літаратурна-крытычных публікацый, прысвечаных яго творчасці, напоўненай багатай эмацыйнасцю, наіўнай прастатой і сентыментальнай чуласцю. Гэтыя рысы рабілі Ф. Карпінскага, паэта і пісьменніка другой паловы XVIII – пачатку ХІХ ст., непадобным да яго папярэднікаў, якія ўжо пачалі стамляць чытачоў штучнымі класіцыстычнымі прыёмамі ў літаратуры, а таксама да яго наступнікаў — рамантыкаў, у творчасці якіх асветнікі бачылі толькі «спешчанасць, вытанчаныя падманлівыя пачуцці і пустыя мары»1. У той жа час лірычныя песні і вершы Ф. Карпінскага прыйшліся да душы сучаснікам дзякуючы сваёй натуральнасці і чысціні пачуццяў. Вытокі такога мастацкага стылю аўтара — у яго духоўнай пакоры і прастаце, сфармаваных яшчэ ў раннім дзяцінстве, у перапляценні складаных падзей яго жыццёвага і творчага лёсу. Ф. Карпінскі нарадзіўся 4 кастрычніка 1741 г. у в. Галаскоў (на захадзе Украіны). Бацькі Францішка, Андрэй і Разалія, выхоўвалі сваіх дзяцей у атмасферы строгасці і глыбокай пабожнасці. Як распавядаў Ф. Карпінскі ў сваіх «Успамінах», бацькі былі схільныя бачыць свет праз прызму «ўяўных цудаў», што, несумненна, паклала адбітак на фарміраванне мастацкага ўяўлення іх сына-паэта. «Бацька наш чуў, як святы Юзаф са свайго абраза, што вісеў у хаце, вымавіў слова “Цнота”, — распавядаў Ф. Карпінскі, — у вігілію Божага Нараджэння, пасля поўначы, ён бачыў Найсвяцейшую Панну на небе ў жоўтым раброне, бачыў прывід, паказваў нам шмат бадзягаў, апантаных д’яблам, расказваў шмат гісторый пра зачараваных людзей і ўраджаі...»2. Крытык пачатку ХІХ ст. Казімеж Брадзінскі робіць выснову, што гэтыя здарэнні так захапілі «дзіцячае сэрца Карпінскага, што з тае пары ён, схільны да задумлівасці, сумаваў па вышэйшым свеце і больш за ўсё займаўся рэлігійнымі творамі»3. Калі хлопчыку было восем гадоў, бацька адправіў яго на вучобу ў езуіцкі калегіум у Станіслававе (цяпер Івана-Франкоўск). Пасля заканчэння двухгадовага курса навучання Францішак паступіў на курс тэалогіі ў езуіцкі калегіум у Львове, які скончыў у 1762 годзе. Святаром Ф. Карпінскі так і не стаў, хоць арцыбіскуп Серакоўскі і езуіты схілялі яго да гэтага: «прырода, мацнейшая за красамоўныя перакананні, клікала ісці сваім шляхам»4. У 1769 г. паэт выехаў за мяжу, дзе правёў паўтара года (у асноўным у Вене), вывучаючы літаратуру. Менавіта тут, як піша крытык Пётр Хмялёўскі, Ф. Карпінскі зацікавіўся ідэямі і творамі Ж.-Ж. Русо, якія «найбольш прамовілі да яго сэрца»5.. У 1771 г. Ф. Карпінскі вярнуўся на Радзіму. У 1780 годзе ў Львове ён выдаў збор сваіх твораў пад назваю «Забавы вершам і прозаю», прысвяціўшы іх князю А. Чартарыйскаму, бо жадаў атрымаць ад яго падтрымку. У хуткім часе А. Чартарыйскі запрасіў Ф. Карпінскага ў Варшаву ў якасці свайго сакратара па палітычных інтарэсах. Прабыўшы ў сталіцы каля трох гадоў, паэт так і не змог прызвычаіцца да таго стылю жыцця, які навязвала яму варшаўскае грамадства. За гэты час ён на свае вочы ўбачыў сапсаванасць, якая панавала ў дамах знатных асобаў і, нібы заразная хвароба, пераходзіла ў сем’і простых людзей. «Распуснае жыццё караля сапсавала Варшаву, — успамінаў Ф. Карпінскі. — <...> Але нашмат горшыя былі магнаты краю, іх пыха была нашмат большая за іх саміх, і для таго, каб дагадзіць сабе, яны гатовыя былі зняважыць усе Божыя і чалавечыя законы; <...> Падданага селяніна яны раўнялі з быдлам; да мешчаніна адносіліся з крайняю пагардаю, урэшце, роўнага ім самім шляхціца прынізілі толькі за тое, што ён бедны. <...> Князі, у большасці сапсаваныя, псавалі і давераны ім народ»6.
Тым не менш, у Варшаве паэт асабіста пазнаёміўся з многімі славутымі літаратарамі (біскупам Адамам Нарушэвічам, Францішкам Князьніным, Юзафам Шыманоўскім і інш.), удзельнічаў у т. зв. «чацвярговых» абедах у караля — іншымі словамі, знаходзіўся ў самым цэнтры літаратурнага жыцця, па якім нават сумаваў, вярнуўшыся на вёску ў 1783 годзе. Таму праз год, пакінуўшы арандаваную зямлю, Ф. Карпінскі зноў накіраваўся ў Варшаву, дзе правёў яшчэ чатыры гады. Урэшце, «зарабіўшы сабе 50-гадовы прывілей на пасёлак Краснік у Пружанскім павеце Гродзенскай губерні, ён цалкам аддаўся гаспадаранню, мала бываючы ў таварыствах»7. З гэтага часу паэт амаль сорак гадоў, ажно да смерці, займаўся апрацоўкаю зямлі ў арандаваных вёсках Гродзеншчыны і Пружаншчыны, а затым у купленым фальварку Хораўшчына Ваўкавыскага павета8. Ф. Карпінскі заснаваў школку, дзе сам вучыў грамаце сялянскіх дзяцей, даваў сялянам чыншавыя землі, падтрымліваў іх у будоўлі і вядзенні гаспадаркі. Там жа паэт і памёр 16 верасня 1825 года. Пахаваны ён у в. Лыскава на Пружаншчыне. Творчая спадчына Ф. Карпінскага, якога называюць адным з пачынальнікаў сентыменталізму ў польскамоўнай літаратуры ХVIII ст., складаецца з мноства паэтычных, празаічных і драматургічных твораў, успамінаў і перакладаў. Беларускамоўнаму чытачу гэты аўтар найбольш вядомы дзякуючы некалькім творам у перакладзе К. Цвіркі (вершы «Да Юстыны. Вясновая туга», «Вяртанне з Варшавы на вёску»), М. Хаўстовіча (камедыя «Чынш», літаратурная палеміка з рамантыкамі «Падарожжа па зачараваным краі»), І. Багдановіч («Сяброўская песня пры келіху»). Аднак у Ф. Карпінскага ёсць таксама творы, якія многія беларускія католікі здаўна спяваюць на роднай мове і нават не задумваюцца пра тое, хто з’яўляецца іх аўтарам, бо дзякуючы сваёй папулярнасці яны сталі ўспрымацца як народныя. Гаворка ідзе пра «Песню ранішнюю» («Pieśń poranna», больш вядомая пад назваю «Kiedy ranne wstaja zorze»), «Песню вячэрнюю» («Pieśń wieczorna», або «Wszystkie nasze dzienne sprawy»), «Вечны родзіцца нам сёння» («Pieśń o Narodzeniu Pańskim», або «Bóg się rodzi, moc truchleje»). Літаратуразнаўца Ірына Багдановіч мяркуе, што перакладчыкам «Песні ранішняй» і «Песні вячэрняй» на беларускую мову мог быць Янка Купала9. Усе згаданыя вершы ўваходзяць у цыкл «Pieśni nabożne» («Песні пабожныя»), які Ф. Карпінскі выдаў асобнаю кнігаю ў 1792 г. у Супраслі (кніга выйшла ананімна). Гэты цыкл узнік у выніку жывой зацікаўленасці паэта народнаю культураю. Даследчыца Яланта Гажэляна піша, што «такім чынам узнік спеўнік-малітоўнік. Як і ў іншых кніжках для набажэнстваў, змест яго быў упарадкаваны згодна з літургічным годам, удзяленнем сакрамэнтаў і праўдамі веры»10. Разам з уласнымі песнямі Ф. Карпінскі ўключыў у кнігу некалькі псальмаў у сваім перакладзе на польскую мову. І калі арыгінальныя песні ўтвараюць тэматычны «касцяк» кнігі, то псальмы, перамяжоўваючыся з імі, своеасабліва дапаўняюць ідэйна-вобразную карціну паасобных песняў. Напрыклад, услед за песняй «Пра хрысціянскую цярплівасць» Ф. Карпінскі размясціў псальмы 87 («Пра цярплівасць у хваробе і смутку»), 90 («Пра давер да Бога») і 145 («Пра тое, што нельга ўскладваць на людзей дарэмнай надзеі»). Як бачым па назвах, праблематыка абраных для перакладу псальмаў служыць як мага больш поўнаму раскрыццю тэмы, якой прысвечана арыгінальная песня Ф. Карпінскага. Гэтым паэт адначасова падкрэслівае ўкаранёнасць свайго паэтычнага таленту і мастацкіх пошукаў у рэлігійнай традыцыі. Псальмы і песні ўтвараюць у кнізе адно непадзельнае цэлае, не ўспрымаюцца як чаргаванне твораў розных аўтараў, бо паэт нібы перахоплівае лютню Давіда і гарманічна ўліваецца сваімі песнямі ў вобразна-стылістычную аўру «Псалтыра». Таму становіцца зразумела, чаму «Песні пабожныя» Ф. Карпінскага выйшлі без указання аўтара: паэт не імкнуўся самасцвердзіцца праз іх як мастак, заслужыць «лаўры» песняра — перш за ўсё ён меў на мэце ўзбагаціць песенны рэпертуар касцёльных набажэнстваў, даць вернікам песні-малітвы, блізкія іх духоўнаму светаадчуванню і адначасова ўкаранёныя ў традыцыі. Нельга не пагадзіцца з аўтарам пасляслоўя, змешчанага ў факсімільным выданні «Песняў пабожных» Ф. Карпінскага, Анджэем Кшыштафам Гузакам: «Папулярныя і абавязковыя ў касцёлах васямнаццатага стагоддзя зборнічкі песняў — за невялікім выключэннем — прэзентавалі даволі пасрэдны разумовы і мастацкі ўзровень. Больш за тое, яны ўжо не адпавядалі новай эпосе глыбокіх пераўтварэнняў, эпосе, якая будавала новую культуру і грамадства Асветніцтва. Песні Карпінскага, ачышчаныя і ад заблытанай барочнай мовы, і ад грубаватага налёту фальклору, былі скіраваныя да ўсіх слаёў грамадства і павінны былі хутка здабыць вялікую папулярнасць»11. У цэнтры тэматыкі і праблематыкі «Песняў пабожных» — адносіны паміж Богам і чалавекам. Бог у паэзіі Ф. Карпінскага — не грозны Суддзя, які спасылае на грэшнікаў суровыя кары. Паэт шматразова паказвае Яго «чалавечнасць»: Хрыстус, пажадаўшы прыняць чалавечае аблічча, церпіць гэтак жа, як мы, пакутуе ад фізічнага і душэўнага болю, зносіць голад, нястачу, і, нават бачачы нашу грэшнасць і няўдзячнасць, сам прымае за нас смяротнае пакаранне. Таму ў пачуццях лірычнага героя няма роспачы з-за цяжкасцяў і выпрабаванняў, якія выпалі на яго долю, бо цярплівасцю ў пакутах чалавек заваёўвае неба. Лірычны герой не адчайваецца, бачачы сваю нікчэмнасць і грэшнасць, бо верыць у міласэрнасць Бога і ў шчодрыя ласкі, якія Бог спасылае тым, хто шчыра раскайваецца ва ўчыненым зле. Пры выразнай рэлігійнай скіраванасці песні Ф. Карпінскага вельмі пачуццёвыя: ён няспынна гаворыць і пра чалавечыя пачуцці, і пра пачуцці самога Бога, які шкадуе сваё стварэнне і ахвотна замяняе смутак радасцю, «жалобнае адзенне» — «святочным». Дзякуючы гэтай чуллівасці і прастаце песні Ф. Карпінскага сапраўды набылі немалую папулярнасць, пра што сведчаць нават сучасныя касцёльныя спеўнікі. Мэта паэта была дасягнутая, бо ён, «шанаваны сярод найзнакаміцейшых асобаў, узбадзёрваўся і цешыўся, чуючы, як моладзь спявала яго даўнія песні. У рэлігійным суцяшэнні ён адчуваў такую незвычайную слодыч, калі яго пабожныя чуллівыя спевы просты люд паўтараў у касцёлках і падчас працы на зямлі. Ён сам, ужо старэнькі, раніцаю і вечарам, з гітараю ў руках павярнуўшыся да касцёлка, спяваў слабым голасам на цяністым падворку свае псальмы і песні»12. З жаданнем папоўніць беларускамоўную скарбніцу паэзіі Ф. Карпінскага прапануем пераклад з польскай мовы трох яго твораў з цыкла «Песні пабожныя», якія калісьці гучалі з людскіх вуснаў і ў касцёле, і падчас цяжкае працы ў полі, і на «цяністым падворку» самога паэта. Ганна Шаўчэнка
Гл. таксама:
|
|
|
|