|
|
|
№
2(68)/2014
Жыццё Касцёла
Духоўная спадчына
Постаці
Літаратурная спадчына
У кантэксце Бібліі
Sanctorum opera
Пераклады
Паэзія
Духоўныя вершы
Папытай у кнігарні
Рымскія святыні
Нашы святыні
Мастацтва
Фальклорная спадчына
На кніжнай паліцы
Па родным краі
Галерэя
|
Яркая індывідуальнасць Густава Дарэ (1832–1883) — прыкметная з’ява ў французскім мастацтве ХХ стагоддзя. Яго папулярнасць як ілюстратара і рысавальшчыка была сапраўды ўніверсальнай. З ім сябравалі такія вытанчаныя эстэты, класікі гісторыі і тэорыі мастацтва, як Іпаліт Тэн, пісьменнікі Віктор Гюго, Аляксандр Дзюма, кампазітар Ферэнц Ліст. Дзеці захапляліся яго ілюстрацыямі да казак, а мільёны людзей у розных краінах чакалі новых кніжных ілюстрацый і рысункаў мастака ў перыядычных выданнях. Дарэ быў прадстаўніком наватарскіх тэндэнцый таксама ў жывапісе і скульптуры. У гісторыі мастацтва часта бывала так, што прыжыццёвая слава хутка згасала пры змене часу і густаў, і наступныя пакаленні знаходзілі сябе новых куміраў, але творы Густава Дарэ засталіся ў скарбонцы еўрапейскага мастацтва — кнігі з яго ілюстрацыямі штогод выходзяць ва ўсім свеце (згадаем, што Дарэ не атрымаў афіцыйнай мастацкай адукацыі). Будучы мастак нарадзіўся ў Страсбургу, у сям’і інжынера, будаўніка мастоў. Ужо з чатырох гадоў ён пачаў здзіўляць атачэнне бліскучым майстэрствам сваіх малюнкаў. Яго талент імкліва развіваўся. У дзесяцігадовым узросце Дарэ ўжо выканаў цыкл ілюстрацый да «Боскай камедыі» Дантэ. У той час сям’я жыла ў горадзе Бур, а ў 1847 г. юнак пасяліўся разам з маці ў Парыжы, дзе атрымаў выдатную адукацыю ў ліцэі Шарлемань. Дарэ апантана рысуе, вывучае калекцыю Луўра, старыя гравюры ў Нацыянальнай бібліятэцы. Пятнаццацігадовага самавука прымаюць у рэдакцыю папулярнага парыжскага часопіса, выдаюць яго першы манаграфічны альбом серыі літаграфій «Подзвігі Геркулеса». Праз некалькі гадоў мастак цалкам прысвячае сябе працы над ілюстрацыямі і цыкламі малюнкаў. Ён шмат падарожнічае, яго прымаюць венцаносныя асобы і сталічныя эліты, яго суправаджае папулярнасць публікі. Але ўсё жыццё Дарэ заставаўся апантаным работнікам — з самай раніцы ён ужо імкліва накідваў на аркушы свае малюнкі. Каб перавесці іх у друкаваную гравюру, мастак задзейнічаў майстэрню, у якой працавалі больш за 50 гравёраў. Зразумела, што не ўсё з многіх тысяч ягоных твораў раўнавартаснае, але многае стала сапраўднай класікай французскага мастацтва: гэта ілюстрацыі да «Гарганцюа і Пантагруэля» Рабле, «Боскай камедыі» Дантэ, «Дон Кіхота» Сервантэса, «Утрапёнага Арланда» Арыёста і, безумоўна, да Бібліі. Памёр мастак у Парыжы, у самым росквіце творчых сіл.
Серыя ілюстрацый з 241-й гравюры паводле малюнкаў Густава Дарэ выйшла ў свет у французскім выданні Бібліі ў 1865 годзе. У наступныя гады з’явіліся выданні Бібліі з ілюстрацыямі Дарэ на розных еўрапейскіх мовах і іўрыце. «Біблія Дарэ» стала кнігай самых розных хрысціянскіх канфесій, сапраўднай інтэрнацыянальнай з’явай хрысціянскага мастацтва. На працягу наступнага стагоддзя ў свеце часта публікаваліся перавыданні гэтага шэдэўра. Падобнай па значнасці і папулярнасці серыі біблійных ілюстрацый еўрапейскае мастацтва не зведала за ўсё ХІХ ст. і нават пазней. Не забывайма, што гэта быў час актыўнай «секулярызацыі» мастацтва. Прадстаўнікі наватарскіх плыняў не хацелі мець ніякай сувязі з рэлігійнымі, палітычнымі і сацыяльнымі ідэямі, а Дарэ-ілюстратар у сваіх творах прамаўляе як хрысціянскі прапаведнік, да якога прыслухаліся мільёны людзей розных узроўняў і розных нацыянальных грамадстваў. Ілюстрацыям Густава Дарэ да Бібліі ўласцівая зразумелая любому чалавеку апавядальнасць, сіла рэалізму, падпарадкаванасць літары Святога Пісання. Сапраўды, ілюстрацыі Дарэ (няхай сабе і ў новым гістарычным кантэксце) выконвалі і выконваюць функцыю «Бібліі для непісьменных» — як называлі серыі малюнкаў і гравюраў да Бібліі ў Сярэднявеччы. Той факт, што большасць сучаснікаў мастака ўмела чытаць, сутнасна нічога не мяняў — ілюстрацыі на поўную моц служылі справе пазнання біблійнай ісціны.
Ілюстрацыі да Дзеяў Святых Апосталаў належаць да фінальнай часткі серыі Дарэ. Чатыры з іх прысвечаны дзеям апостала Паўла. Першы аркуш апавядае пра перамогу Паўла ў Эфесе, калі дзякуючы апостальскім казанням і цудам многія людзі прынялі Хрыста. Мастак шмат увагі аддае архітэктурнаму наваколлю, якое не проста служыць дэкарацыяй драматычнай сцэны. На фоне кампазіцыі бачны велічны антычны храм класічных грэчаскіх формаў. Цэнтральная сцэна таксама разыгрываецца каля высокіх прыступак храма, але гэтая антычная пабудова з яе аркадаю мае выразныя рысы рымскай традыцыі. І вось пасярод гэтага абсалютнага панавання паганскага свету велічна ўзвышаецца постаць апостала Паўла. Яна чытаецца цёмным сілуэтам на фоне неба, па якім лятуць і рвуцца лёгкія воблакі. Толькі выява правай рукі Апостала ярка ўспыхвае на фоне ягонага плашча, узнятага ветрам. Рука апостала Паўла паказвае на вогнішча, з якога шугаюць полымя і дым. Эфескія чарадзейнікі вялікай грамадою набліжаюцца да вогнішча і кідаюць у агонь свае кнігі. У гэтай гравюры Апостал паўстае як імперсанальная сіла Хрыстовай праўды, якая перамагае духоўную эліту паганскага свету. Але пакуль што перамога была толькі лакальнаю. Наступная ілюстрацыя распавядае пра тое, як узбунтаваўся Ерузалем і натоўп у храме напаў на Апостала. Жаўнеры павялі яго ў крэпасць, ратуючы ад расправы. Па трактоўцы гэта найбольш тэатральная кампазіцыя. Яе цэнтральная частка выдзелена штучным святлом, жэсты персанажаў падкрэслена выразныя. Нават глядач з галёркі павінен убачыць і зразумець, што адбываецца на сцэне. У фігуры апостала Паўла ёсць сапраўдны пафас — гэта гнаны прапаведнік Хрыста. У яго фігуры (галава пакутліва схіленая на плячо, адна рука ўзнятая да неба, другая прыціснута да сэрца) ёсць боль і смутак, якія столькі разоў увасобіліся ў гераічных вобразах хрысціянскага мастацтва.
Трэцяя ілюстрацыя пра дзеі апостала Паўла дэманструе ўсё багацце графічнага стылю Густава Дарэ. Мастак распавядае пра плаванне карабля з Апосталам і іншымі вязнямі курсам на Італію. На працягу цяжкага падарожжа Павел падбадзёрваў спадарожнікаў. Апосталу з’яўляўся анёл Бога, які адкрыў яму будучыню. Павел прадказаў людзям, што карабель загіне, але ўсе яны выратуюцца. Так і здарылася, калі карабель сеў на мель і быў разбіты хвалямі. Воіны хацелі пазабіваць вязняў, але сотнік утрымаў іх, каб ратаваць Паўла. Чорны ламаны сілуэт карабля, які гіне ў хвалях, рэзка вырысоўваецца на фоне неба, дзе імклівыя хмары раптам разрываюцца і адкрываюць шлях чыстаму святлу. Да яго, да гэтага Божага знака, звяртаецца апостал Павел, узнімаючы правую руку і прыціскаючы левую да сэрца. Паўтараецца той жа патэтычны жэст (з папярэдняй ілюстрацыі), але ён напоўнены ўжо іншым сэнсам — Бог пачуў малітву і ратуе людзей. Фігура Апостала — як манумент хрысціянскага трыумфу сярод, здавалася б, усемагутнай знішчальнай стыхіі. Пакутліва выгінаецца ствол скалечанага дрэва на скале, паўтараючы бязладны сілуэт мачтаў карабля. Людзі ў адчаі хапаюцца за гэты ствол, за выступы скалы, караскаюцца на бераг, імкнуцца бліжэй да Апостала і ратуюцца яго малітвамі. Штрыхі то згушчаюцца ў пагрозлівую чарнату буры, то губляюць цяжар і рассыпаюцца ў нюансах шэрых тонаў. Мастак па-майстэрску перадае грубую матэрыю скалы і зменлівыя гармоніі марскіх хваляў. У гэтай гравюры ёсць патэтыка і дынамізм, уласцівы барока. Гэта адзін з класічных па вырашэнні твораў мастака. Апошняя кампазіцыя, прысвечаная апосталу Паўлу, ілюструе яго Першае Пасланне да Тэсаланікійцаў, а дакладней — словы Апостала аб тым, што Бог любіць кожнага чалавека, як бацька любіць сваіх дзяцей. Маўклівая аўдыторыя ўважліва ўслухоўваецца ў палымяную прамову Апостала. Павел стаіць пасярод вузкага дворыка, які замыкаюць высокія сцены з вузкімі вокнамі і эркерамі. Пякучае элінскае сонца залівае прастору і асляпляльна адбіваецца ад сценаў. Але ў левай частцы кампазіцыі вострым кутом апускаецца цёмна-шэры цень, які дынамізуе і падкрэслівае фігуру Апостала. Павел прапаведуе слова Божае і ўказвае на неба. Яго постаць зрысаваная мастаком з помнікаў антычным трыбунам — гэта вобраз носьбіта ісціны, які звязвае мінулае свету з новым светам. Першапланавыя фігуры вырашаныя Дарэ з уважлівасцю да дэталяў — гэта амаль завершаныя партрэты перакананых вучняў Апостала. А глыбей у прастору гэтая грунтоўнасць графічнай матэрыі змяняецца стыхіяй танюсенькіх штрыхоў-павуцінак, якія амаль раствараюцца ў сонечным ззянні. Такая графіка не мае патрэбы ў яркіх колерах — усё тут выказана да канца і паўнавартасна моваю лініі і тона. У гэтым і ёсць сапраўднае майстэрства мастака-графіка. Густаў Дарэ адмовіўся ад ілюстравання некаторых драматычных эпізодаў жыцця Апостала (напрыклад, такога папулярнага ў мастакоў розных эпохаў моманту падзення з каня ганіцеля хрысціянаў Саўла і ператварэння яго ў Хрыстовага апостала). Дарэ, мабыць, не хацеў ісці лёгкім шляхам ужо адпрацаванай трактоўкі вядомага сюжэта. Ён шукаў і знаходзіў у многіх сваіх аркушах тонкія псіхалагічныя вырашэнні, прымушаў гледача (і чытача Бібліі) задумвацца і разважаць. Наперадзе выданне «Бібліі Дарэ» на беларускай мове. Наша нацыянальная хрысціянская традыцыя з’яўляецца арганічнай часткаю еўрапейскай хрысціянскай культуры. Гэтая лакуна павінна быць запоўненая. Валеры Буйвал
|
|
|
|