Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(68)/2014
Жыццё Касцёла

СВЯТЫЯ НАШАГА ЧАСУ
Духоўная спадчына
Постаці

АПОШНЯЯ СУСТРЭЧА
Літаратурная спадчына

ПЕСНІ ПАБОЖНЫЯ
У кантэксце Бібліі

КАМЕННЫЯ СТЭЛЫ
Sanctorum opera
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Паэзія
Духоўныя вершы

АГОНЬ НАТХНЕННЯ
Папытай у кнігарні

ФІЛАСОФІЯ ЖЫЦЦЯ

ПРАВІНЦЫЯ — ГЭТА ЛЁС...
Рымскія святыні
Нашы святыні
Мастацтва

ВЯРНУЦЬ ПАМЯЦЬ

УЗМЁНСКАЯ БАГАРОДЗІЦА
Фальклорная спадчына

«НАШ КАСЦЮШКА СЛАЎНЫ!»
На кніжнай паліцы
Па родным краі
Галерэя

Марына ПАШУК

КАМЕННЫЯ СТЭЛЫ

Гезэр. Рад з дзесяці масіўных мацэбаў,
якія стаяць на ўзвышшы. Сярэдні бронзавы век.

Святое Пісанне здзіўляе нас незвычайным рэалізмам, бо на яго старонках змешчаны незлічоныя доказы цеснай сувязі з культурай жыхароў Канаана, з якой сустрэліся спачатку патрыярхі, а затым і габрэйскі народ, які пасля егіпецкай няволі ўвайшоў у Абяцаную зямлю. Гэта нагадвае пэўную інкультурацыю, у выніку якой монатэізм уваходзіў у кантэкст мясцовай язычніцкай культуры. Аднак уплыў апошняй быў настолькі вялікім, што аж да рашучай рэформы караля Ёсіі ў 622 г. да н. Хр., скіраванай на ачышчэнне культу сыноў Ізраэля, і нават пасля яе, пазбыцца гэтага ўплыву ізраэльскі народ так да канца і не змог.

Адным са сведчанняў такога ўплыву язычніцкай культуры на ізраэлітаў з’яўляюцца каменныя культавыя стэлы, якія археолагі часцей называюць мацэбамі1 (або інакш — менгірамі2). Сярод знойдзеных на тэрыторыі Палестыны шматлікіх прадметаў язычніцкага культу, якія сведчаць пра розныя праявы рэлігійнага жыцця, стэлы ў асноўным былі ватыўнымі дарамі. Адны з іх выконвалі культавую функцыю — былі сімваламі прысутнасці боства ў святым месцы, а таксама памяткамі тэафаніі3 і таму лічыліся культавымі стэламі; а другія, што ставіліся ў якасці надмагілля або на ўспамін як ватыўная стэла, лічыліся камемаратыўнымі.

 

Культавыя стэлы

Сіхем. Мацэба як сімвал
мужчынскага боства.
Сярэдні бронзавы век (іл. 1).

Сляды культавых стэлаў — мацэбаў4 — на тэрыторыі Палестыны сягаюць даўніх часоў. Яшчэ з эпохі керамічнага неаліту (5000–4300 да н. Хр.) у найсвяцейшым месцы святыні, адкрытай у Бігат Увда, было знойдзена мноства пастаўленых вертыкальна культавых камянёў. У Эн Гэдзі была адкрытая святыня з перыяду халкаліту, або энеаліту (4300–3300 да н. Хр.), у якой на ўзвышэнні насупраць уваходу ў нішы быў змешчаны вертыкальна пастаўлены адпаліраваны культавы камень. З эпохі ранняга бронзавага веку (3300–2300 да н. Хр.) археолагамі былі адкрытыя невялікія санктуарыі для бостваў, у якіх размяшчаўся алтар у выглядзе стэлы — мацэбы. Адзін з такіх санктуарыяў знаходзіўся ў Мегіда.

Канаанскія язычніцкія санктуарыі з пераходнага перыяду паміж раннім і сярэднім бронзавым векам (2300–2000 да н. Хр.) адрозніваліся ад амарыцкіх тым, што знаходзіліся пад адкрытым небам на натуральным або штучным узвышшы, на гэтак званых бама5 . На гэтых узвышшах6 вертыкальна ставіліся на зямлі або на п’едэстале каменныя слупы, або інакш мацэбы, якія былі выразным фалічным сімвалам, звязаным з мясцовым мужчынскім боствам Баалам, сынам Эля. Такога тыпу санктуарый знаходзіўся ў Сіхеме (гл. іл. 1). Увогуле санктуарыям пад адкрытым небам у эпоху бронзы былі ўласцівыя дзве формы прадметаў культу: вертыкальна пастаўлены камень — мацэба — і расшчэпленыя святыя пні дрэваў, якія ўвасаблялі жаночае боства і называліся ў Бібліі ашэрамі (Пп 16, 21; 7, 5; Зых 34, 13; Суд 6, 25; Міх 5, 13 і г.д.). Такія простыя язычніцкія санктуарыі былі вельмі папулярнымі на тэрыторыі Палестыны асабліва ў сярэднім бронзавым веку (2000–1550 да н. Хр.), а гэта ўжо час біблійных патрыярхаў.

Пазней такога тыпу санктуарыі пад адкрытым небам пачынаюць замяняць невялікія будаваныя канструкцыі святыняў, дзе цэнтрам становіцца ўжо дзядзінец з узвышшам (бама), на якім змяшчаліся мацэбы ці ашэры, або толькі адна мацэба. Пра гэта сведчаць сакральныя комплексы з ранняга і сярэдняга бронзавага веку ў Нахарыі і Мегіда і з позняга бронзавага веку (1550–1200 да н. Хр.) у Бэт Шэан, дзе была адкрыта мацэба, што нагадвала канаанскага бога Мікаля. З гэтага ж перыяду былі адкрытыя дзве мацэбы каля ўваходу ў святыню ў Сіхеме, а крыху меншыя — перад святыняй у Хацары. Магчыма, гэтыя мацэбы адлюстроўвалі боскіх істотаў, моц якіх была звязана з каменем і дзейнічала праз камень.

Першая ўзнесеная на бама ізраэльская мацэба, якая маніфеставала прысутнасць Бога Ягвэ і служыла для Яго ўшанавання, паходзіць са святыні ў Арадзе. Адметна тое, што ў эпоху жалеза, а менавіта ў часы з’яднанай манархіі (1000–925 да н. Хр.), ізраэльская святыня ў Арадзе існавала адначасова са святыняй Саламона ў Ерузалеме, з’яўляючыся яе альтэрнатывай. У найсвяцейшым месцы гэтай святыні можна ўбачыць два кадзільныя алтары і дзве мацэбы (гл. іл. 2). Падобныя ізраэльскія святыні існавалі ў Дане, Бэтэлі, Гільгале і Бээр Шэбе.

Мацэбы былі шырока распаўсюджаны таксама па-за межамі Палестыны. На працягу доўгага часу яны, як сімвал боства, выкарыстоўваліся ў месцах культу сярод арабскіх плямёнаў, пра што сведчаць культавыя камяні ў набатэйскіх святынях.

У Бібліі таксама згадваюцца мацэбы, што былі часткай культу канаанскіх багоў. Пад уплывам канаанскай рэлігіі, пра што ўжо згадвалася вышэй, такія стэлы ўзносіліся таксама ў ізраэльскіх санктуарыях. На старонках Святога Пісання мацэба, як культавая стэла, першы раз згадваецца ў Кнізе Быцця ў сувязі з патрыярхам Якубам. Па дарозе ў Харан з мэтаю знайсці там сабе жонку, Якубу, сыну Ісаака, у сне аб’яўляецца Бог і гарантуе яму сваю апеку ўсюды, куды б ён ні пайшоў. Каб нейкім чынам адзначыць гэтае месца тэафаніі, Якуб робіць наступнае:

Устаўшы рана, Якуб узяў камень, які падкладаў сабе пад галаву, і паставіў яго як стэлу7, і выліў зверху алей на яе. І назваў гэтае месца Бэтэль, раней жа яно называлася Луз (Быц 28, 18).

Арад. Ніша ізраэльскай святыні з кадзільнымі алтарамі і мацэбамі.
Жалезны век (іл. 2).

Мацэба, пастаўленая Якубам, інакш называецца яшчэ бэтылем, або батылем8 ад назвы Бэтэль, што азначае «дом Бога», якую гэты патрыярх даў месцу, дзе яму аб’явіўся Бог. Якуб адаптаваў язычніцкі звычай, які, магчыма, часта назіраў, тым больш што ў Бэтэлі адпачатку знаходзіўся канаанскі санктуарый пад адкрытым небам з узвышшам, на якім вертыкальна стаялі камяні — мацэбы, як сімвалы боскасці. Такім чынам мацэба Якуба сімвалізавала прысутнасць Бога ў месцы, якое стала для патрыярхі ў пэўным сэнсе санктуарыем, месцам пакланення:

Калі Бог будзе са мною і захавае мяне на гэтым шляху, якім я іду; калі Ён дасць мне хлеб для спажытку і адзенне, каб апрануцца; калі я паспяхова вярнуся да дому бацькі майго, тады Пан будзе для мяне Богам, а гэты камень, які я паставіў як стэлу, будзе домам Божым (Быц 28, 20–22).

 

І, як піша натхнёны аўтар Кнігі Быцця, сам Бог кажа пра гэты знак пакланення, калі звяртаецца да Якуба:

Я — Бог Бэтэля, дзе ты намасціў стэлу і дзе прынёс прысягу Мне. Цяпер устань, выйдзі з гэтай зямлі і вярніся ў зямлю твайго нараджэння (Быц 31, 13).

Мацэба магла выконваць таксама ролю сведкі Бога. Пра гэта кажа апавяданне пра Якуба і Лота, якія пасля многіх, так скажам непаразуменняў, вырашаюць заключыць дамову, а ў знак таго, што ніхто з іх не будзе больш мець дрэнных намераў адзін да аднаго, узносяць мацэбу як сімвал сведкі Бога і ахоўніцы дамовы:

Тады Якуб узяў камень і паставіў яго як стэлу (Быц 31, 45).

 

А Лабан сказаў:

Гэты курган і стэла будуць сведкамі, што ні я не перайду за гэты курган, ідучы да цябе, ні ты не пяройдзеш за гэты курган і за гэту стэлу дзеля ліхога (Быц 31, 52).

 

На зваротным шляху з Месапатаміі да Канаана патрыярху і яго сям’і ў Бэтэлі зноў аб’яўляецца Бог, які дае Якубу новае імя, на што Якуб зноў адказвае ўзвядзеннем мацэбы, якая становіцца алтаром, дзе патрыярх прыносіць ахвяру Богу:

Якуб жа паставіў стэлу на тым месцы, дзе з ім размаўляў Бог, стэлу каменную, і склаў на ёй ахвяру з вадкасці, выліваючы на яе алей (Быц 35, 14).

Гезэр. Рад з дзесяці масіўных мацэбаў, якія стаяць на ўзвышшы.
Сярэдні бронзавы век (іл. 3).

Нават Майсей пасля заключэння запавету на Сінаі паставіў падобныя каменныя стэлы:

І запісаў Майсей усе словы Пана. А ўстаўшы рана, пабудаваў ахвярнік пад гарою і паставіў дванаццаць стэл9 паводле дванаццаці плямёнаў Ізраэля (Зых 24, 4).

 

Аднак пазней прарокі, асабліва паўночнага валадарства — Ізраэля, пачнуць востра крытыкаваць культ узвышшаў і ўзнясенне мацэбаў як язычніцкі звычай:

Ізраэль быў адборнай вінаграднай лазой, прыносіў багата пладоў. Але чым больш прыносіў пладоў, тым больш ставіў алтароў; чым больш шчасціла яго зямлі, тым больш ён аздабляў стэлы10 (Ос 10, 1–2).

 

У Кнізе Другазаконня, якая ўзнікла ў асяроддзі левітаў у паўночным валадарстве пад уплывам вялікіх прарокаў, рашуча забараняецца ўзнясенне мацэбаў і ашэраў як праяўленне язычніцтва і парушэнне культу:

Не стаў ніякай драўлянай ашэры каля алтара Пана, твайго Бога, які пабудуеш. І не стаў таксама стэлы, якую ненавідзіць Пан, твой Бог (Дрг 16, 21–22).

 

Пра страшнае пакаранне, якое чакае ізраэльскі народ, калі ён не адвернецца ад язычніцкіх звычаяў, кажа прарок Осія:

Бо шмат дзён будуць жыць сыны Ізраэля без караля і без кіраўніка, без ахвяры і без стэлы, без эфоду і тэрафімаў. Потым сыны Ізраэля навернуцца і будуць шукаць волі Пана, свайго Бога (Ос 3, 4–5а).

 

Дзеля ўмацавання галоўнай ролі адзінай праўдзівай святыні ў Ерузалеме ізраэліты былі закліканыя да поўнага знішчэння ў сваім краі ўсялякіх праяваў язычніцкага культу:

Разваліце ахвярнікі іхнія, паразбівайце стэлы11 , спаліце ашэры, пасячыце статуі ідалаў, каб сцерці імёны іх з гэтых месцаў (Дрг 12, 3).

 

Таму падчас рэлігійнай рэформы 622 г. да н. Хр., пасля вяртання з бабілёнскай няволі, санктуарыі, у якіх знаходзіліся элементы язычніцтва, а менавіта ўзвышшы і мацэбы, бязлітасна знішчаліся як моцная абраза Бога. Само ж слова «мацэба», якое асацыіравалася з культам канаанскіх багоў, ператварылася ў зняважлівае і брыдкае, нявартае вымаўлення.

 

Камемаратыўныя стэлы

Хацар. Надмагільная стэла.
Позні бронзавы век (іл. 4).

Акрамя культавых функцый, мацэбы выконвалі яшчэ ролю надмагільных стэлаў. Палестынскія стэлы, якія ставіліся на ўспамін памерлых продкаў, сустракаюцца ўжо ў эпоху энеаліту. У пахавальнай пячоры з гэтага перыяду ў Бэнэ Бэраку знойдзены гарызантальна пастаўленыя камяні, якія па сваёй форме нагадваюць чалавека. Побач былі знойдзены скрыні з рэшткамі памерлых. Надмагільнымі стэламі лічацца таксама стэлы з Гезэр. На тэрыторыі Ізраэля можна і сёння ўбачыць у сучасным Тэль Гезэры12 рад з 10 масіўных камянёў з сярэдняга бронзавага веку (1750–1550 да н. Хр.), пастаўленых вертыкальна на ўзвышшы пад адкрытым небам (гл. іл. 3). Іх вышыня вагаецца ад 1,7 да 3,2 м. Мяркуецца, што рознай вышыні камяні ўвасабляюць розных людзей (хутчэй за ўсё, памерлых). Магчыма, гэтыя камяні адлюстроўвалі магутных валадароў, князёў Гезэра, уплыў якіх трываў нават пасля смерці. На стэлах у Гезэры няма ніякіх надпісаў, але адна са стэлаў, напэўна, была асабліва важнай, бо адшліфаваная пацалункамі і дотыкамі.

Здаралася, што мацэбы ўзносілі ў іншым месцы, не там, дзе было пахавана цела памерлага. Такога тыпу камемаратыўныя стэлы знойдзены ў Ашуры з перыяду ХV–VII стст. да н. Хр., дзе ў двух радах пастаўлена 28 камемаратыўных (памятных) стэлаў з імёнамі асірыйскіх каралёў і 100 стэлаў з імёнамі іх служачых.

Мацэбы, якія ставіліся ў якасці надмагільных стэлаў, таксама згадваюцца ў Бібліі. На магіле сваёй жонкі Рахэлі Якуб паставіў манавіта такі каменны слуп:

Якуб паставіў на яе магіле стэлу13. І стаіць гэтая стэла на магіле Рахэлі па сённяшні дзень (Быц 35, 20).

 

На адной з надмагільных стэлаў з позняга бронзавага веку ў Хацары (гл. іл. 4), на поўначы ад Галілейскага мора, высечаны рэльеф у выглядзе ўзнесеных угору рук у жэсце мальбы. Над імі бачны сімвал боства, які складаецца з трох элементаў: паўмесяца, сонечнага кола ўнутры паўмесяца і двух малых крылаў, якія звісаюць пасярэдзіне зверху. Магчыма, гэта выява бога месяца. Узнесеныя рукі азначаюць мальбу і падпарадкаванне чалавека боству. Змяшчэнне рэльефа ў выглядзе ўзнесеных рук на надмагільных стэлах было распаўсюджана таксама сярод ізраэльцянаў. Сведчаннем гэтага з’яўляецца, напрыклад, габрэйская назва надмагільнай стэлы Абсалома — Яд-Абсалом з Другой кнігі Самуэля:

Абсалом, калі яшчэ жыў, паставіў сабе стэлу14 ў каралеўскай даліне, бо казаў: «Я не маю сына, які б збярог памяць пра імя маё». І назваў ён стэлу сваім імем, і аж да гэтага дня называецца яна Яд-Абсалом15 (2 Сам 18, 18).

 

Распаўсюджванне язычніцкіх звычаяў было настолькі інтэнсіўным, што водгукі гэтых далёкіх культур адчуваюцца не толькі ў краінах Блізкага Усходу, але таксама ў Еўропе. Да гэтага часу там са старажытнасці захаваліся шматлікія сведчанні: бэтылі ў Сірыі, на Мальце, Сардзініі, у Італіі, менгіры ў Францыі, Вялікабрытаніі і на Брытанскіх выспах, а таксама славуты Стоўнхедж. У Еўразійскай частцы таксама захаваліся такія помнікі: скельскія менгіры ў Крыме, ахунаўскія менгіры на Урале. У некаторых сучасных культурах назіраецца нават адраджэнне гэтай язычніцкай традыцыі ў форме разнастайных рэлігійных плыняў, звязаных з культам камянёў. Таму нельга сказаць, што ўзнясенне каменя ў якасці культавай ці камемаратыўнай стэлы з’яўляецца да канца біблійнай традыцыяй. Хутчэй за ўсё, гэта і надалей застаецца сведчаннем натуралістычных пошукаў боства чалавекам у язычніцкіх культурах, якія не вызначаліся высокім узроўнем развіцця. Таму, напэўна, не варта спяшацца ўзносіць камяні ў знак чаго-небудзь. Найпрыгажэй-шым знакам, а таксама і сведчаннем хрысціянскай веры пры ўшанаванні месцаў, звязаных з тымі ці іншымі падзеямі, безумоўна, будзе сімвал нашай веры — крыж.


  1. Габр. מַצֵּבָה [maṣṣēḇāʰ; мн. л. maṣṣēḇot – вертыкальна пастаўлены камень, помнік, каменны слуп, стэла, статуя.
  2. Менгір (у перакладзе з ніжнебрэтонскага „доўгі камень”) — гэта мегаліт, доўгі кавалак скалы, пастаўлены вертыкальна. Менгіры паходзяць у асноўным з эпохаў неаліту і бронзавага веку. Іх вышыня вагаецца ад 4 да 20 м. Як і мацэбы, менгіры выконвалі культавую, камемаратыўную (мемарыяльную) і астранамічную функцыю, а таксама ставіліся для азначэння межаў. Як і мацэба, менгір мог стаяць асобна або ўтвараць рад менгіраў. Вялікая колькасць менгіраў сустракаецца на тэрыторыі Афрыкі, Еўропы і Азіі, але найбольш іх у Заходняй Еўропе, асабліва ў Вялікабрытаніі і на Брытанскіх выспах. Сустракаюцца менгіры таксама ў Італіі, Іспаніі, Францыі, Чэхіі, Украіне і Расіі.
  3. Аб’яўлення боства.
  4. Мацэбы залічваюцца да стэлаў, хоць апошнія зазвычай упрыгожваліся. Мацэбы могуць быць шліфаваныя або памаляваныя, аднак на іх не рабілі выяваў і надпісаў.
  5. Габр. בּ̞מ̞ה [bamāh; мн. л. bamôt] — узвышша, вяршыня, горны хрыбет.
  6. Культ узвышшаў, які практыкавалі таксама ізраэльцяне, моцна крытыкавалі прарокі.
  7. Габр. מַצֵּבָה [maṣṣēḇāʰ] у Сэптуагінце перададзена грэцкім словам στήλη. Па-рознаму перакладаюць яго беларускія перакладчыкі: кс. Ул. Чарняўскі — як стэльля (гл. «Кніга Роду»), рэдактары ягонага тэксту замяняюць стэльлю на слуп (гл. «Пяцікніжжа»), памятны знак (гл. «Біблія Старога і Новага Запавету»); у Я. Станкевіча гэта — стоўп, у В. Сёмухі — помнік.
  8. Бэтыль — гэта вертыкальна пастаўлены камень, праз пасрэдніцтва якога адбывалася пакланне боствам у культуры шумераў, бабілёнцаў, набатэяў і фенікійцаў, таму бэтыль называлі святым камнем, які быў прысвечаны боству або ўшаноўваўся як сімвал нейкага боства. Выраз мае семіцкае паходжанне (габр. bêṯ-ʾēl азначае «дом Бога»). Грэкі лічылі, што бэтыль (грэцк. βάτυλος) — гэта метэарыт, святы камень, які ўпаў з неба. Бэтылі маглі мець розныя формы: канічную, пірамідальную, цыліндрычную, прызматычную і інш. Паводле падання, у Каабе да станаўлення ісламу было 360 бэтыляў у выглядзе пастаўленых камянёў. Пакланяючыся багам, арабы абыходзілі вакол гэтых бэтыляў і дакраналіся да іх рукамі.
  9. Ж. Некрашэвіч-Кароткая і В. Сёмуха перакладаюць гэта як 12 камянёў, Я. Станкевіч — 12 стаўпоў.
  10. Габр. מַצְּבוֹת [maṣṣēḇôṯ].
  11. Габр. מַצֵּבֹתָם [maṣṣḗḇōṯām].
  12. Магчыма, гэта быў пахавальны санктуарый ці святыня.
  13. Габр. מַצֵּבָה. Я. Станкевіч у гэтым выпадку дадзенае слова перакладае як помнік. Такі ж пераклад падаюць Ж. Некрашэвіч-Кароткая і В. Сёмуха. У перакладзе Ул. Чарняўскага гэта стэльля, камень.
  14. Ж. Некрашэвіч-Кароткая замест слова помнік ужывае тут выраз «магільны камень».
  15. Габр. יָד אַבְשָׁל(וֹ)ם [yaḏ ʾaḇšālōm], што даслоўна перакладаецца як «Рука Абсалома». Аднак у біблійных перакладах гэты выраз замяняюць больш зразумелым — «помнік Абсалома».


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY